«Звыш 7 тысяч вагонаў застаюцца ва Ўкраіне», начальнік Беларускай чыгункі

Паводле Ўладзіміра Марозава, рухомы састаў, які застаецца ва Ўкраіне, «мае не зразумелы статус». Урадовец цвердзіць, што ўкраінскі бок «на кантакт не выходзяць».

“У нас ёсць такая інфармацыя: яны (вагоны, ММ) праходзяць па крымінальнай справе, як бы яны перавозілі незразумела што, таму на іх, нібыта, накладзены арышт праваахоўнымі органамі Украіны. Мы разумеем, што гэта не так. І хутчэй за ўсё вагоны выкарыстоўваюцца для перавозкі. Вагоны могуць удзельнічаць у розных падзеях. Пакуль афіцыйна ні Міністэрства інфраструктуры Украіны, ні Украінская чыгунка на кантакт па гэтым пытанні з намі не выходзяць”, – даводзіцца бачанне сітуацыі начальнік Беларускай чыгункі тэлеканалу «СТВ».

Па словах Марозава, на 24 лютага ва Украіне засталося больш за 7 тысяч беларускіх вагонаў, як самой чыгункі, так і прадпрыемстваў.

Ён адзначае, што “вагоны былі і з прадуктамі нафтаперапрацоўкі, хімічнымі ўгнаеннямі, будаўнічымі і харчовымі грузамі – уся наменклатура, чым гандлявалі з Украінай на той момант”.

“Гэта сур’ёзная лічба. Гэта рэспубліканская дзяржаўная ўласнасць. Задача: вярнуць і ацаніць шкоду. 5 тысяч для Беларускай чыгункі – гэта амаль 900 мільёнаў рублёў. Гэтая інфармацыя абмяркоўвалася на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Гэтыя вагоны нам патрэбны. Яны нам для мадэлі патрэбны, для забеспячэння патрэбнасці ў перавозках. І мы такую праграму з улікам магутнасцяў нашых двух заводаў распрацавалі на пяцігоддзе”, – тлумачыць кіраўнік ведамства.

Днямі праблемы з наяўнасцю ў Беларускай чыгункі мінералавозаў прызнаў віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак. Ён казаў, што паколькі рухомы састаў застаўся ва Украіне, то неабходна абзавесціся новым.

Арыштаваныя ўкраінскімі ўладамі вагоны для перавозкі беларускіх калійных угнаенняў збіраецца замяніць тымі, што вырабіць Магілёўскі вагонабудаўнічы завод, пісаў Магілёў.media

Украінскі бок арышт беларускага чыгуначнага рухомага саставу тлумачыць парушэннямі мытнага заканадаўства.

Дрэва ўпала на машыны ў Магілёве з-за непагадзі

Пашкоджаны два аўтамабілі Volkswagen, адзін з іх значна.

Моцны вецер абрынуў старую вярбу на тры аўтамашыны, прыпаркаваныя ў двары дома нумар 48 па вуліцы Астроўскага. 

Пра здарэнне паведамілі ў папулярным магілёўскім Тэлеграм -канале

Дрэва моцна пашкодзіла Volkswagen Polo, выбіўшы яму задняе шкло. Таксама яно нязначна закранула яшчэ адзін Volkswagen – Passat b3. На ім засталася толькі памятаць на правым пярэднім крыле. 

Ужо раніцай вярба была прыбраная камунальнікамі.

Надвор’е. У Магілёве цягам дня дождж і дужыя парывы ветру

Тэмпература паветра да +12°C.

Паводле Белгідрамету, у Магілёве цягам дня хмарна. Дождж, часам дужы (верагоднасць ападкаў больш за 90%). Вецер заходні, 7-12 м/с з парывамі да 17-22 м/с.

Белгідрамет папярэджвае «аб неспрыяльных гідраметэаралагічных з’явах! (аранжавы ўзровень небяспекі)».

19 верасня на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с, у асобных раёнах па ўсходзе 21-24 м/с, па паўночным усходзе – моцныя дажджы.

У Мінску, прагназуюць сіноптыкі, узмацненне ветру парывамі да 15-20 м/с.

Дзень у гісторыі: 19 верасня. Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь. Акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў. Нарадзіўся мастак Ігар Цішын. Памёр актор Алесь Лабанок. Каранацыя Жыровіцкага абраза Маці Божай

1991 год. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў назву беларускай дзяржавы – Рэспубліка Беларусь і яе дзяржаўныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг ды герб «Пагоня».

Бел-чырвона-белы сцяг – быў дзяржаўным  да 7 чэрвеня 1995 года.

У беларусаў даўняя традыцыя выкарыстання чырвонага і белага колераў у арнаменце. Іх спалучэнне і стала асноваю для бел-чырвона-белага сцягу.

«Пагоня» – спачатку была асабістым гербам Уладзіслава Ягайлы, пазней – роду Гедзімінавічаў. Атрымаў дзяржаўны статус у Вялікім Княстве Літоўскім пры Вітаўце.

«Пагоня» была дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-1919 гадах і Рэспублікі Беларусь да 7 чэрвеня 1995 года.

Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі замененыя на цяперашнія ў выніку рэферэндуму, праведзенага ў 1995 годзе з ініцыятывы Лукашэнкі.

14 мая 2007 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў гербу «Пагоня» статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

1551 год. Нарадзіўся Генрых III Валуа.

Герцаг Анжуйскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі, кароль Францыі (1575-1589).

Прабыў польскім каралём і вялікім князем менш за 4 месяцы: 24 лютага 1574 года быў каранаваны, а па смерці 30 мая французскага караля тайна выехаў з Кракава.

У Францыі Генрыха абралі каралём пад імем Генрыха III.

У Рэч Паспалітую ён не вярнуўся, але да канца жыцця карыстаўся тытулам караля польскага і вялікага князя літоўскага.

1730 год. Каранацыя Жыровіцкага абраза Маці Божай папскімі каронамі.

Шануецца праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны абраз.

Знаходзіцца ў Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры. Свята Жыровіцкай Божай Маці адзначаецца 7 мая.

Абраз з’явіўся ў Жыровіцах у 1470 году

1797 год. Нарадзіўся Януар Сухадольскі.

Жывапісец-баталіст.

Удзельнічаў у руска-іранскай вайне (1826-1828), быў пры штабе фельдмаршала Івана Паскевіча. На яго заказ напісаў цыкл карцін, прысвечаных кампаніі.

Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў.

Частка яго карцін захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка” ў Мінску, у Гомельскім краязнаўчым музеі.

1952 год. У Мінску пусцілі тралейбус.

Першая лінія звязала пасажырскі вакзал з Круглай плошчай.

Цяпер працягласць тралейбусных лініяў у сталіцы – каля 190 км, 62 маршруты, 4 тралейбусныя паркі, каля 1000 тралейбусаў.

Тралейбусамі перавозіцца блізу 27 % пасажыраў гораду.

1938 год. Памёр Браніслаў Туронак.

Грамадскі дзеяч у Заходняй Беларусі за часамі Міжваеннай Польшчы.

Доктар лекарскіх навук. Папулярызатар аховы здароўя. Аўтар брашуры «Гігіена ўзгадавання дзіцяці» (1929).

Працаваў у месячніку «Наш шлях», газеце «Крыніца», Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім сялянскім саюзе, Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры.

Зазнаў пераслед польскіх уладаў за грамадскую дзейнасць.

1958 год. Нарадзіўся Ігар Цішын.

Мастак, жыве і працуе ў Бельгіі.

Яго творам уласцівыя рысы адмовы ад традыцыйных формаў мастацтва, гратэск, алагізм.

Першым у постсавецкай беларускай культуры адкрыў новы патэнцыял партызанскай тэматыкі.

У іранічным вобразе партызана – ляснога жыхара-падпольшчыка, які хаваецца ўнутры любой сістэмы – новая беларуская культуралогія шукае шлях да нацыянальнай ідэнтычнасці.

2004 год. Памёр Рыгор (Гірша) Рэлес.

Яўрэйскі пісьменнік і паэт.

Пісаў на ідыш і беларускай і рускай мовах.

Працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў сярэдніх і вячэрніх школах, выкладаў ідыш.

Друкаваў свае творы ў газетах і часопісах.

Аўтар вершаў, аповесцяў, зборнікаў прозы.

Рыгор Рэлес 2.jpg

2005 год. Памёр Алесь Лабанок.

Заслужаны артыст Беларусі.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1969 году працаваў у Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа.

2020 год. У Мінску і іншых гарадах адбыліся жаночая пратэстная акцыя «Бліскучы марш», а таксама «Дзень сцяга, марш раёнаў».

Удзельніцы былі апранутыя ў адзенне з бліскаўкамі.

«Дзень сцяга, марш раёнаў», прымеркаваная да надання Вярхоўным Саветам бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сімвалаў незалежнай Беларусі.

Было схоплена сілавікамі блізу 400 чалавек.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Навіны пабрацімаў. На Мікалаеўшчыне Расія параніла дваіх пенсіянераў і разбурыла жылыя дамы

У Ачакаве расійскія войскі абстралялі тры жылыя дамы. 73-гадовы мужчына і 59-гадовая жанчына атрымалі раненні.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Мікалаеў расійскія войскі атакавалі 18 верасня ноччу. Разбурэнні зазналі гарадская больніца і гаражны кааператыў. Абышлося без пацярпелых.

niknews.mk.ua

Ачакаў абстрэльваўся 18 верасня двойчы. Першы раз гэта адбылося ноччу.

«У выніку цяжкія раненні атрымалі два чалавекі. Пашкоджаныя жылыя дамы. У некаторых раёнах гораду няма доступу да сеткі Інтэрнэт», – паведаміў у тэлеграм-канале кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім.

Выданне «Миколаївськие новини» удакладняе, што раненні атрымалі 73-гадовы мужчына і 59-гадовая жанчына.

niknews.mk.ua

У дзень ракеты трапіла па адкрытых тэрыторыях Ачакава і абышлося без пацярпелых.

У Мікалаеўскай вобласці з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі загінулі 436 грамадзянскіх асоб, у тым ліку 11 дзяцей.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Вольга Манкевіч

Затрыманая.

Паводле праваабаронцаў, Манкевіч жыве за мяжою і перыядычна наведвае Беларусь. Яе схапілі на вакзале Баранавічаў яшчэ 22 жніўня, калі яна ў чарговы раз прыехала ў адведкі радзімы.

На відэа, паказанае дзяржаўнымі каналамі, Манкевіч кажа, што ў жніўні 2020 года палічыла выбары сфальсіфікаванымі. Рабіла каментары ў сацыяльных сетках і выкладвала публікацыі на сваёй старонцы. За гэта яе і затрымалі.

Са словаў Манкевіч, ёй выстаўленае абвінавачванне ў «абразе Лукашэнкі».

Эма Сцепулёнак

Змененая мера стрымання на хатні арышт.

Праваабаронцы паведамляюць, што Сцепулёнак застаецца палітзняволенай, бо абвінавачванне з яе не знятае.

68-гадовую былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эму Сцепулёнак затрымалі 29 верасня 2021 года за каментар у сацыяльных сетках па «справе Зельцара». Яе вінавацяць у «абразе прадстаўніка ўлады» і «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці розніцы».

Юлія Мудрэўская

19 верасня пачынаецца суд.

Паводле праваабаронцаў, галоўную рэдактарку парталу ABW.by вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 2020 года. Яе схапілі тры месяцы таму.

Працэс мае адбыцца ў судзе Фрунзенскага раёну Мінска пад старшынствам суддзі Алены Бушавай.

«Уласцівая еўрапейцам абавязковасць не заўсёды ўласцівая нашым усходнім партнёрам», кіраўнік бабруйскага прадпрыемства пра адносіны з новымі пакупнікамі, якімі яно разжылося ва ўмовах санкцыяў

Амаль 90 працэнтаў прадукцыі бабруйскага прадпрыемства «ФанДОК» трапіла пад еўрапейскія санкцыі – фанера, мэблевы шчыт, піламатэрыялы. Да вайны ва Ўкране «ФанДОК» прадаваў сваю прадукцыю ў тры дзясяткі краінаў.

У інтэрв’ю выданню KOMKUR.info генеральны дырэктар «ФанДОКа» Андрэй Парцянкоў кажа, што «даводзіцца перабудоўваць працу з улікам сітуацыі».

Паводле яго, цяпер 50 працэнтаў экспартных паставак накіроўваецца ў Азербайджан і Іран.

«Але, праўда, тут не без нюансаў, шмат чаму даводзіцца вучыцца нанова», – заўважае ён.

«Уласцівая еўрапейцам абавязковасць не заўсёды ўласцівая нашым усходнім партнёрам, – тлумачыць кіраўнік бабруйскага прадпрыемства. – Але і да гэтага паступова прызвычайваемся. Галоўнае, што кліенцкая база ўвесь час павялічваецца. Цяпер вырашаецца пытанне аб адгрузцы фанеры па моры ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Гэта абʼёмы, непараўнальныя з тымі, што пастаўляюцца па чыгунцы. Разавая пастаўка можа даходзіць да 5000 кубаметраў».

Па словах Андрэя Парцянкова, «Фандок» спрабуе замацавацца на расійскім рынку. На яго збіраецца пастаўляць прадукцыю аналагічнай той, якую вырабляла «IKEA», якая сышла з Расіі і Беларусі.

«Што да Кітая, то гэта другі пасля Расіі сусветны вытворца фанеры, і калі ісці туды, то толькі з мэбляй ці піламатэрыяламі. Вядуцца перамовы з Індыяй», – даводзіць ён.

«З улікам роскіду коштаў на кантэйнеры кошт дастаўкі ад завадскіх варот да порта Дурбан у ПАР (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, ММ) можа варʼявацца да 10 да 30 тысяч еўра”, – ілюструе Парцянкоў сытуацыю.

“Таму, – працягвае ён, –  даводзіцца шукаць прыймальныя варыянты сярод перавозчыкаў, што таксама патрабуе намаганняў».

Паводле яго, з еўрапейскіх пакупнікоў прадукцыі «ФанДОка» засталіся кампаніі ў Германіі.

«Раней у нас там быў адзін стратэгічны партнёр, цяпер – тры. Мэбля – адзіны наш прадукт, які не трапіў пад санкцыі. Таму сам лёс прымушае нас паглыбляць перапрацоўку», – адзначае кіраўнік бабруйскага прадпрыемства.

Да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну «ФанДОК» прадаваў прадукцыю ў звыш 30 краін.

Недалёкае замежжа. У Латвіі настаўнікі пагрозаю правядзення забастоўкі дамагліся падвышэння заробкаў і паляпшэння ўмоваў працы

Урад пайшоў на кампраміс з настаўніцкім прафсаюзам, каб пазбегнуць забастоўкі. У ёй збіраліся ўдзельнічаць больш за 23 тысячы настаўнікаў.

Кабінет міністраў і Латвійскі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі дамовіліся аб кампрамісе па паляпшэнні ўмоваў працы педагогаў, таму запланаваная на 19 верасня забастоўка не адбудзецца, піша Press.

pbs.twimg.com

Міністэрства адукацыі і навукі прапанавала прафсаюзу альтэрнатыўнае вырашэнне пытання аб заробках настаўнікаў – дадатковае фінансаванне ў памеры 56,5 млн еўра з дзяржбюджэту, якое прапаноўвалася і раней, а таксама яшчэ 12 млн еўра са сродкаў самакіраванняў.

Латвійскі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі пасля бясплённых перамоваў аб павышэнні заробкаў педагогам яшчэ ў чэрвені прыгразіў, што закліча школьных настаўнікаў з верасня пачаць бестэрміновую забастоўку. Уладу прафсаюз папярэдзіў, што з-за недахопу педагогаў у новым навучальным годзе настаўнікі будуць перагружаныя, і гэта можа кепска адбіцца і на якасці адукацыі, і на даступнасці кадраў.

12 верасня прафсаюз педагогаў афіцыйна падаў заяўку на правядзенне забастоўкі і аб’явіў, што ў ёй гатовы прыняць удзел 23,4 тысячы настаўнікаў. Толькі пасля гэтага міністр адукацыі абвясціла, што настаўнікам будзе прапанавана падняць памер найменшай стаўкі з 900 да 1200 еўра – за 40-гадзінную стаўку.

фота: bb.lv

Прыгожае відэа з краявідамі Магілёва. Падзівімся на мясцовых львоў

Скульптураў са львамі ў Магілёве становіцца ўсё больш. Іх вобразы часам здзіўляюць. Гараджане пра мясцовых львоў гавораць рознае: нехта захапляецца, нехта ганіць. Разам з тым, яны ўжо неад’емная частка магілёўскіх краявідаў. Урэшце, калі сканчаюцца аргументы наконт справядлівасці «прысабечвання» Магілёвам львоў ёсць твор Янкі Купалы – «Магіла льва».

 

Невялікі ролік ад Магілёў.media дазваляе разглядзець скульптуры чатырох львоў на дняпроўскім мосце. Вядома ж, разам з імі пабачым і гарадское наваколле.

Магілёў.media працягвае прагулкі па вядомых мясцінах гораду. Мы стараемся паказаць у сваіх відэазамалёўках хараство магілёўскіх краявідаў. Яны дапамагаюць адпачыць ад будзённасці, акунуцца ў свет гісторыі роднага гораду і, магчыма, угледзець будучыню.

Дзень у гісторыі: 18 верасня. Станіслаў Шушкевіч стаў старшынём Вярхоўнага Савету. Нарадзіўся шахматыст, падпісант ліста з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі выбары 2020 году Андрэй Жыгалка. Памёр рэстаўратар музычных інструментаў Уладзімір Пузыня. Створана ЦРУ.

1771 год. Нарадзіўся Алаіз Лянкевіч.

Святар, педагог. Выкладаў у Мсціслаўскім і Магілёўскім езуіцкіх калегіумах.

Працаваў друкаром і прэфектам у Полацкай друкарні.

1803 год. Нарадзіўся Леан Людвік Сапега.

Палітык і грамадскі дзеяч.

Патомны член аўстрыйскай Палаты Паноў, першы маршалак Галіцкага Сейма.

Быў адным з кіраўнікоў паўстання 1830-1831 гадоў.

1947 год. У ЗША створана Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне (ЦРУ, Central Intelligence Agency).

Агенцтва Федэральнага ўраду. Галоўная функцыя ЦРУ – збор і аналіз інфармацыі аб дзейнасці замежных урадаў, арганізацыяў і грамадзян.

ЦРУ – асноўны орган знешняй разведкі ЗША.

1975 год. Нарадзіўся Канстанцін Лукашык.

Спартсмен.

Заслужаны майстар спорту па кулявой стральбе.

Чэмпіён свету сярод юніёраў, Алімпійскіх гульняў 1992 году.

1985 год. Нарадзіўся Андрэй Жыгалка.

Шахматыст, гросмайстар.

У 1999-2005 гадах прадстаўляў Беларусь на чэмпіянатах свету і чэмпіянатах Еўропы сярод моладзі ў розных узроставых групах. Двойчы ўваходзіў у нацыянальную юнацкую зборную на Алімпійскіх гульнях, удзельнічаў у класічных алімпійскіх турнірах.

Падпісант адкрытага ліста прадстаўнікоў спартыўнай галіны з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі прэзідэнцкія выбары 2020 году.

1991 год. Станіслаў Шушкевіч абраны старшынём Вярхоўнага Савету ХІІ склікання.

На наступны дзень па яго абранні парламент надаў бела-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сімвалаў і прыняў новую назву краіны – Рэспубліка Беларусь.

Шушкевіч – адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскага пагаднення, якое юрыдычна замацавала распад СССР.

Быў прыхільнікам нейтралітэту Беларусі і вываду з тэрыторыі краіны ядзернай зброі, і ў гэтым меў падтрымку Вярхоўнага Савету. Беларусь стала першай краінай, якая добраахвотна і без усялякіх умоваў адмовілася ад ядзернай зброі.

У 1994 годзе на выбарах балатаваўся на пасаду Прэзідэнта Беларусі, але саступіў у першым туры. У 1995 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13 склікання. У 1998 годзе аднавіў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду. Кіраваў гэтай партыяй да лістапада 2018 году пасля чаго застаўся яе ганаровым старшынёй.

Памёр 3 мая 2022 году.

1992 год. Памёр Ян Скрыган.

Пісьменнік, паэт, навеліст, нарысіст, публіцыст і крытык.

Член літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Літаратурна-мастацкая камуна».

Рэпрэсаваны савецкімі карнымі органамі ў 1936 і 1949 гадах. Пакаранне адбываў у Сібіры.

Працаваў рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, у часопісе «Полымя», у «Беларускай савецкай энцыклапедыі».

Адзін з першапраходцаў беларускага нарыса як новага літаратурнага жанру.

Аўтар вершаў, апавяданняў, аповесцяў, зборнікаў нарысаў, успамінаў, партрэтаў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы

Пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў.

2012 год. Памёр Уладзімір Пузыня.

Музыка, майстар-рэстаўратар нацыянальных музычных інструментаў, педагог.

Стваральнік музею беларускіх музычных старажытных інструментаў «Беларуская хатка».

Вырабляў беларускія народныя музычныя інструменты.

Іграў на беларускіх музычных інструментах у канцэртных праграмах, фэстах народнай творчасці.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў