Недалёкае замежжа. У Латвіі настаўнікі пагрозаю правядзення забастоўкі дамагліся падвышэння заробкаў і паляпшэння ўмоваў працы

Урад пайшоў на кампраміс з настаўніцкім прафсаюзам, каб пазбегнуць забастоўкі. У ёй збіраліся ўдзельнічаць больш за 23 тысячы настаўнікаў.

Кабінет міністраў і Латвійскі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі дамовіліся аб кампрамісе па паляпшэнні ўмоваў працы педагогаў, таму запланаваная на 19 верасня забастоўка не адбудзецца, піша Press.

pbs.twimg.com

Міністэрства адукацыі і навукі прапанавала прафсаюзу альтэрнатыўнае вырашэнне пытання аб заробках настаўнікаў – дадатковае фінансаванне ў памеры 56,5 млн еўра з дзяржбюджэту, якое прапаноўвалася і раней, а таксама яшчэ 12 млн еўра са сродкаў самакіраванняў.

Латвійскі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі пасля бясплённых перамоваў аб павышэнні заробкаў педагогам яшчэ ў чэрвені прыгразіў, што закліча школьных настаўнікаў з верасня пачаць бестэрміновую забастоўку. Уладу прафсаюз папярэдзіў, што з-за недахопу педагогаў у новым навучальным годзе настаўнікі будуць перагружаныя, і гэта можа кепска адбіцца і на якасці адукацыі, і на даступнасці кадраў.

12 верасня прафсаюз педагогаў афіцыйна падаў заяўку на правядзенне забастоўкі і аб’явіў, што ў ёй гатовы прыняць удзел 23,4 тысячы настаўнікаў. Толькі пасля гэтага міністр адукацыі абвясціла, што настаўнікам будзе прапанавана падняць памер найменшай стаўкі з 900 да 1200 еўра – за 40-гадзінную стаўку.

фота: bb.lv