Работы на Камасмольскай вуліцы, на месцы касцёла Ксаверыя груба парушылі заканадаўства – Акадэмія навук

Магілёўскі гісторык Яўген Балбераў атрымаў афіцыйны адказ з Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі наконт земляных прац у Магілёве. “Зафіксавана грубае парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў” – гаворыцца ў дакуменце.

Як паведамлялі mogilev.media, на месцы касцёла Ксаверыя ў цэнтры Магілёва камунальнікі праводзілі земляныя работы ў 20-х чыслах красавіка, прычым археолагі пры гэтым заўважаныя не былі. Таксама мы пісалі, што падчас рамонту дарожнага палатна на вуліцы Камсамольскай у Магілёве была выяўлена магчыма дарэвалюцыйная брукаванка, якая потым канчаткова знікла

З пытаннем пра законнасць падобных дзеянняў магілёўскі гісторык Яўген Балбераў звярнуўся ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі – пра што ён напісаў у сваім FacebookЗемляныя работы па вуліцы Камсамольскай, а таксама на падмурках былога езуіцкага касцёла Святога Францыска Ксаверыя ў г. Магілёве праводзіліся незаконна, без апавяшчэння і ўзгаднення з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі – адказалі Балбераву.

Профільны інстытут даведаўся пра правядзенне гэтых работ з публікацый у інтэрнэце. Быў неадкладна праведзены агляд, але на яго момант брук па Камсамольскай вуліцы ўжо не выяўлены, яго лёс не вядомы. Інстытутам зафіксавана грубае парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей. Земляныя работы, праведзеныя з выкарыстаннем цяжкай тэхнікай, знішчаюць верхнія напластаванні культурнага пласта Шклоўскага пасада. Дадзены ўчастак знаходзіцца на тэрыторыі матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Магілёва: будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт».

Фота: mogilev.media, Яўген Балбераў

У Бабруйскім раёне адкрылі помнік даярцы

На могілках вёскі Забалацце Бабруйскага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка на магіле Александрыны Сакун – даяркі фермы, якая за працоўныя дасягненні атрымала званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняла ўдзел кіраўніцтва раёна, аднавяскоўцы і сваякі Александрыны Сакун. Багаслужэнне над магілай Героя Сацыялістычнай Працы правёў настаяцель храма Святой Жываначальнай Тройцы іераманах Елісей – паведамляе бабруйская раённая газета “Трыбуна Працы”.  

Александрына Сакун нарадзілася ў 1932 годзе і застала ваеннае ліхалецце. Яна рана пасталела і ўжо ў 17 год пачала самастойную працоўную дзейнасць у мясцовым калгасе. Ужо праз некалькі год працы камсамолка Сакун была адной з лепшых у раёне па надоям. 

У час шостай пяцілеткі вясковая працаўніца сталася ўжо рэкардсменкай па надоям па ўсяму БССР. Урэшце за выбітныя поспехі, дасягнутыя ў справе развіцця сельскай гаспадаркі, Александрыне Рыгораўне Сакун у 1958 годзе было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Гэта быў зорны час простай калгасніцы з Бабруйшчыны. 

Пражыла Сакун доўгае жыццё, не стало яе на дзевяностым годзе жыцця ў лістападзе 2021 года.  

Фота “Трыбуна Працы”

Быхаўчанін скарміў сабаку тушы мёртвых баброў і атрымаў крыміналку

Знайшоў двух мёртвых баброў, і гэта абярнулася для жыхара Быхаўскага раёна крымінальнай адказнасцю.

Як высветліла следства, абвінавачаны ў пачатку лютага гэтага года, знаходзячыся ў пойме ракі Друць, паблізу вёскі Хамічы Быхаўскага раёна, знайшоў у лёдзе двух мёртвых баброў. Пры дапамозе сякеры мужчына дастаў целы жывёл, а пасля завёз іх дадому і разабраў, каб скарміць свайму сабаку – паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА.

Пракуратура палічыла, што мужчына нанёс навакольнаму асяроддзю шкоду, роўную 5180 рублёў (140 базавых велічынь). У судзе абвінавачаны прызнаў сваю віну цалкам. Аднак заўважыў, што не ведаў аб крымінальнай адказнасці за перамяшчэнне і разборку дзікай жывёлы.

Паводле правілаў паляванне транспарціроўка і разборка дзікіх жывёл, у тым ліку загінулых ці іх частак, без дакументаў, прадугледжаных заканадаўствам, забараняюцца. 

У выніку мужчыну прызначана пакаранне ў выглядзе аднаго года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Фота ілюстрацыйнае

На “Белшыне” затрымалі галоўнага метролага?

Беларускія СМІ паведамляюць пра яшчэ адно гучнае затрыманне на бабруйскай “Белшыне”. Нібыта быў арыштаваны галоўны метролаг прадпрыемства. Верагодна, гаворка ідзе пра Ігара Маршына (на фота – справа).

Крыніцы аднаго з беларускіх выданняў паведамляюць, што адбылося затрыманне падчас дачы хабару. Нібыта прычынай затрымання стала прыватная фірма, якая “рамантавала прыборы ў абыход “Белшыны””. Што гэта за прыватная фірма і каму яна належыць, невядома.

На самім прадпрыемстве журналістам так пракаментавалі сітуацыю:

– Вы з ім не звяжацеся, яго пакуль не будзе. – сказалі на “Белшыне” – Калі ён з’явіцца, цяжка сказаць. Я нават не адкажу вам на гэтае пытанне зараз.

На пытанне, што здарылася з галоўным метролагам, прама не адказалі, адзначыўшы, што “там пытанне сур’ёзнае”.

Фота: газета “Шыннік”

Смерці на вадаёмах — тапельцы на рэках і загадкавая гібель у Магілёве

Паводле інфармацыі абласнога асвода, за апошні час у Магілёўскай вобласці зафіксаваны чатыры выпадкі гібелі людзей на вадаёмах.

У Бабруйску на Бярэзіне быў знойдзены малады мужчына 1994 года нараджэння, які сышоў з дому яшчэ ў студзені гэтага года. У Магілёве на Дняпры было знойдзена цела мужчыны 1942 года нараджэння, а ў Глускім раёне ў сажалцы ўтапіўся мужчына 1963 года. 

Аднак самы загадкавы інцыдэнт адбыўся ў Магілёве, дзе першага траўня ў закапанай у зямлю двухсотлітровай бочцы была знойдзена жанчына 1959 года нараджэння. паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.  

Адзначым, што ўсе тапельцы былі знойдзены ў адзенні. На дадзены момант абставіны гібелі людзей высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае

Сёння натарыўсы даюць бясплатныя кансультацыі

Рэспубліканская дабрачынная акцыя прысвечана 78-годдзю Перамогі. У ёй паўдзельнічаюць усе натарыяльныя канторы і натарыяльныя бюро Краіныі.

Жыхары і госці краіны, якія звернуцца да натарыуса на працягу працоўнага дня, атрымаюць кансультацыю па пытаннях, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Пытанні, па якіх можна пракансультавацца – афармленне спадчынных правоў, складанне завяшчанняў, шлюбных дагавораў, адчужэнне нерухомасці, здзяйсненне выканаўчых надпісаў і інш.

Адзначаецца, што задаць пытанні натарыусу можна як асабіста звярнуўшыся да натарыуса, так і па тэлефонах натарыяльных кантор і натарыяльных бюро, а таксама з дапамогай месэнджараў.

Фота ілюстрацыйнае

Паўтары тысячы ветэранаў вайны засталося ў Беларусі. Самым маладым – 96 гадоў.

Каля 1,5 тысячы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і каля 8,5 тысяч грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны – пераважна былыя вязні канцлагераў – жывуць сёння ў Беларусі, паведаміла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны М. Арцёменка.

З кожным годам меншаюць рады ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Самым “маладым” удзельнікам вайны зараз 96 гадоў.

Па ўсёй краіне ў гарадах, гарадскіх пасёлках, аграгарадках 9 Мая пройдуць масавыя урачыстасці. Напярэдадні свята ў школы, вучылішчы запрашалі выступіць ветэранаў вайны. Толькі выступаць ужо і няма каму, і ўдзел у сустрэчах бяруць ветэраны працы, але не вайны.

Па ўсёй краіне гэтымі днямі праходзяць ушаноўванні ветэранаў, ім выплачваецца матэрыяльная дапамога, ладзяцца святочныя мітынгі, ускладанне кветак. 

Да 4 мая праводзіліся выплаты матэрыяльнай дапамогі. Па 850 рублёў з бюджэту атрымалі  асобы, якія пацярпелі ад наступстваў вайны і па 2 000 удзельнікі і інваліды вайны. Дапамогу атрымалі 10 000 чалавек на агульную суму 9,5 мільёнаў рублёў.

Прагназуецца, што 80-годдзе Перамогі у 2025 годзе сустрэнуць адзінкавыя ветэраны апошняй вайны.

У 2012 годзе у Беларусі жыла 30,5 тысяч ветэранаў, у 2017 годзе – 10,7 тысяч, у 2023 –  1,5 тысячы. 

Фота з адкрытых крыніц

У аграгарадок на Кругляншчыне правялі газ і адсвяткавалі гэта з помпай

Аграгарадок Цяцерына ў Круглянскім раёне падключылі да прыроднага газу. На ўрачыстую цырымонію запуска сістэмы прыехалі міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка. Цырымонію правялі з помпай – запальвалі сімвалічны факел, правялі канцэрт.

Цяцерына стала 150-м населеным пунктам на Магілёўшчыне з 230-ці, што атрымаў газ. Працягласць новага газаправода склала 13 кіламетраў, работы над ім занялі чатыры месяцы. У аграгарадку да газу мяркуецца падключыць 165 дамоў – піша газета “Сельскае жыццё”.

Фота: “Сельскае жыццё”

Паеў, выпіў, паспаў у чужым доме – у Магілёве затрымалі гастралёра

Жыхарка Магілёва знайшла свой дачны домік у горадзе са слядамі ўзлома. Выявіла гэта не адразу, бо нячаста бывае на лецішчы, аднак праваахоўнікі ўсё ж знайшлі злачынцу. Выявілася, што ў чужы дачны дом пралез 47-гадовы, раней судзімы жыхар Салігорска.

Мужчына прыехаў у Магілёў і бадзяўся па прыватным сектары. Прабраўшыся ў дом 57-гадовай жыхаркі абласнога цэнтра, пераапрануўся ў вопратку, кую знайшоў у доме. Потым паеў, выпіў спіртнога, якое знайшоў у хаце, пакурыў і заснуў. Раніцай пакінуў дом, забраўшы з дома некаторыя рэчы – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Заведзена крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Начныя замаразкі да -2°С – прагноз надвор’я на доўгія выхадныя.

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць паніжэнне сярэднесутачных тэмператур, з ваганнямі ноччу ад -2°С да +2°С, днём – ад +7°С да +14°С. 

Так што спякоты да +26 +28°С, як ў 2018 годзе, халадоў да -3°С, як у 1999 годзе не чакаецца.

Будзе пераважаць пераменна воблачнае з праясненнямі, месцамі з ападкамі надвор’е. Працягласць дня вырасце да 15 гадзін 36 хвілін 9 мая. На Дзень Перамогі сонца ўзыйдзе а 5:36, зойдзе а 20:45.

Сінаптычны прагноз надвор’я на “доўгія” выходныя наступны.

Перадвыходны дзень, 5 мая, пятніца

Надвор’е абяцае быць ясным ноччу, воблачным на працягу дня, з дажджамі. Уноч да +1 +2°С, раніцой і ўвечар да +4 +5°С, днём тэмпература падрасце незначна – да +7°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, поўначы, хуткасць вятроў 3-6 м/с. Поўня. Магнітнае поле спакойнае.

Субота, 6 мая 

Уноч замаразкі да -2°С, яснае неба, раніцой і ўвечары да +2 +4°С, днём малавоблачна і з тэмпературай да +8°С. Без ападкаў. У начны і ранішні час у асобных раёнах чакаюцца слабыя туман і галалёдзіца. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, поўначы, хуткасць вятроў 3-6 м/с. Поўня. Магнітнае поле няўстойлівае.

Нядзеля, 7 мая

Ноччу замаразкі да  -1 -2°С, раніцай да +4°С, удзень паветра прагрэецца да +9°С, увечары тэрмометры пакажуць +5°С. У начны і ранішні час у асобных раёнах чакаюцца слабыя туман і галалёдзіца. Малавоблачна, без ападкаў. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўночныя вятры хуткасцю 1-3 м/с, месцамі да 9 м/с. Поўня. Магнітнае поле няўстойлівае.

Панядзелак, 8 мая

Ранак панядзелка 8 мая пачнецца з воблачнага з праясненнямі надвор’я, без ападкаў, з паўднёва ўсходнімі вятрамі хуткасцю да 1-3 м/с, тэмпературай каля 0°С. Днём паветра прагрэецца да +11 +14°С.

На Дзень Перамогі, 9 Мая, аўторак

Ноччу і ўранні будзе яснае надвор’е з тэмпературай каля +2°С, удзень прагназуецца воблачнасць, тэмпературы каля +13°С. На працягу сутак вызначаць надвор’е будуць паўднёвыя вятры хуткасцю 1-3 м/с. Убываючы месяц.

фота: mogilev.media