Каля 1,5 тысячы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і каля 8,5 тысяч грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны – пераважна былыя вязні канцлагераў – жывуць сёння ў Беларусі, паведаміла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны М. Арцёменка.
З кожным годам меншаюць рады ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Самым “маладым” удзельнікам вайны зараз 96 гадоў.
Па ўсёй краіне ў гарадах, гарадскіх пасёлках, аграгарадках 9 Мая пройдуць масавыя урачыстасці. Напярэдадні свята ў школы, вучылішчы запрашалі выступіць ветэранаў вайны. Толькі выступаць ужо і няма каму, і ўдзел у сустрэчах бяруць ветэраны працы, але не вайны.
Па ўсёй краіне гэтымі днямі праходзяць ушаноўванні ветэранаў, ім выплачваецца матэрыяльная дапамога, ладзяцца святочныя мітынгі, ускладанне кветак.
Да 4 мая праводзіліся выплаты матэрыяльнай дапамогі. Па 850 рублёў з бюджэту атрымалі асобы, якія пацярпелі ад наступстваў вайны і па 2 000 удзельнікі і інваліды вайны. Дапамогу атрымалі 10 000 чалавек на агульную суму 9,5 мільёнаў рублёў.
Прагназуецца, што 80-годдзе Перамогі у 2025 годзе сустрэнуць адзінкавыя ветэраны апошняй вайны.
У 2012 годзе у Беларусі жыла 30,5 тысяч ветэранаў, у 2017 годзе – 10,7 тысяч, у 2023 – 1,5 тысячы.
Фота з адкрытых крыніц