На пешаходным пераходзе ў Бабруйску збілі двух дзяцей

5-гадовага хлопчыка і 6-гадовую дзяўчынку збіў кіроўца аўтамабіля Volkswagen на скрыжаванні вуліц Гагарына і Ульянаўскай у Бабруйску – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Дзеці пераходзілі дарогу разам са сваёй маці па пешаходным пераходзе, на якім працаваў светлафор у рэжыме жоўтага міргання. Зараз пацярпелыя дастаўленыя ў лякарню.

Фота: УУС

Belarus ID – прадстаўлена платформа для галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду

Павел Лібер распавёў пра мабільны дадатак Belarus ID, распрацаваны для выбараў у Каардынацыйную раду – дадзеныя выбаршчыкаў скрасці будзе немагчыма, для галасавання спатрэбіцца пашпарт.

Вядомы беларускі ІТ-бізнэсмен Павел Лібер, каманда якога стварыла платформу “Голас” падчас выбараў у 2020 годзе, даў вялікае інтэрв’ю парталу “Люстэрка”, у якім падрабязна апісаў асаблівасці новага мабільнага дадатку для выбараў у Каардынацыйную раду і таксама – чаму яму можна будзе давяраць. 

Мабільны дадатак Belarus ID будзе даступны для спампоўвання ў Арр Store і Google Play Market пачынаючы з 20 траўня. Такая позняя дата запуска платформы тлумачыцца правіламі бяспекі. 

Мы яго не выкладаем зараз для ўсіх, каб не даць занадта вялікі калідор для беларускай дзяржавы, якая можа пачаць выпускаць падробленыя копіі, падобныя да арыгіналу, ці закідваць крамы дадаткаў скаргамі – пракаментаваў Павел Лібер.

Сама праграма будзе працаваць наступным чынам. Спампаваўшы дадатак чалавек падчас галасавання павінен будзе ідэнтыфікаваць сваю асобу з пашпартам у руках. Гэта павінен быць менавіта беларускі пашпарт і ніякі іншы дакумент – тлумачыць распрацоўшчык – але ён можа быць пратэрмінаваным.

Павел Лібер: Калі мы кажам, што хочам правесці паўнавартасныя выбары так, каб усе астатнія былі ўпэўненыя ў іх надзейнасці, то нам даводзіцца выкарыстоўваць механізмы, якія сапраўды блізкія да сапраўдных выбараў. На любых сапраўдных выбарах сёння выкарыстоўваюцца пашпарты. З пункту гледжання бяспекі, гэта асобнае вельмі вялікае пытанне, якому мы прысвяцілі дастаткова шмат часу.

Дадатак Belarus ID пацвердзіць асобу выбаршчыка толькі калі працэдура ідэнтыфікацыі будзе праходзіць у рэальным часе – загадзя запампаваныя фота альбо відэа не спрацуюць. За гэта адказвае сістэма эстонскай кампаніі Veriff, з якой у каманды Паўла Лібера заключана партнёрскае пагадненне, і якая спецыялізуецца на верыфікацыі дакументаў. “Кампаніі Veriff давяраюць банкі, яны выкарыстоўваюць яе тэхналогіі для таго, каб выдаваць людзям грошы. Адпаведна, мы можам давяраць ім верыфікацыю выбаршчыкаў” – патлумачыў Павел Лібер.

Пасля ідэнтыфікацыі дадзеныя карыстальніка застануцца толькі на ягоным тэлефоне і будуць захэшыраваныя. Хэш – гэта ўнікальны лічбавы адбітак, які можна прывязаць да любога файла. У выпадку з Belarus ID, у хэш патрапяць звесткі пра імя і пашпартныя дадзеныя выбаршчыка, але ўзяць гэтыя дадзеныя з хэша староннія арганізацыі не змогуць.

У нашым выпадку ў сістэме не будуць захоўвацца персанальныя дадзеныя. Мы выкарыстоўваем дастаткова цікавую тэхніку, яна называецца blind signatures. Пасля праходжання верыфікацыі ў сябе ў тэлефоне чалавек перадае ў сістэму толькі хэш ад сваіх дадзеных, самі ж яны застаюцца ў яго на прыладзе. Прычым гэты хэш будзе яшчэ раз дадаткова зашыфраваны для таго, каб максімальна разарваць сувязь паміж дадзенымі і тым, каму яны належаць. Яе нельга будзе аднавіць нават у выпадку ўцечкі з блокчэйна. 

Для гарантый бяспекі платформа праходзіць незалежны аўдыт, які праводзіць небеларуская кампанія. “У нас няма ніякага цэнтральнага рэестра дадзеных. – тлумачыць Паел Лібер – Не будзе нейкай базы, якую можна скрасці. Нельга падкупіць кагосьці ці пагражаць камусьці, каб ён яе скраў. Мы разумеем, што КДБ сёння можа пранікаць куды заўгодна і як заўгодна. Таму карыстальнік скануе свае дадзеныя, яны застаюцца ў яго ў дадатку і нікуды не адпраўляюцца. За некалькі дзён да выбараў дадатак будзе выкладзены ў агульны доступ у выглядзе адкрытага кода. Кожны зможа прыйсці, пераправерыць, азнаёміцца з усімі вынікамі, з аўдытам і кодам, правесці сваю незалежную адзнаку. Мы робім гэта спецыяльна, каб выключыць чалавечы фактар, таму што мы разумеем, што да гэтага часу знаходзімся ва ўмовах супрацьдзеяння з боку беларускай дзяржавы.”

Цалкам інтэрв’ю можна знайсці тут.

Фота: belsat.eu

Бабруйскі пенсіянер патануў у гаражнай яме

Яма для агляду аўтамабіля ў гаражы бабруйскага пенсінера па 4-тым Чарапічным завулку ў Бабруйску мае глыбіню ў 1 метр і на 80 сантыметраў яна была запоўненая вадой – паведамляе прэс-служба МНС. Позна вечарам 14 мая тут, у яміне недабудаванага гаража, было знойдзена цела мясцовага жыхара 1953 года нараджэння, што патануў. Прычыны яго гібелі высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае

Прэпарат для зніжэння вагі стаў прарывам у медыцыне – ён зніжае рызыку інсультаў на 20%

Семаглутыд – прэпарат для зніжэння вагі і барацьбы з дыябетам – дэманструе выдатныя вынікі па паляпшэнні сардэчна-сасудзістай сістэмы, заяўляюць даследчыкі. 

Семаглутыд уваходзіць у склад такіх лекаў, як Wegovy і Ozempic. Гэта ін’екцыі, якія прызначаюцца для зніжэння вагі – штотыднёвы прыём гэтых прэпаратаў паказвае фенаменальныя вынікі і гэта ўжо выклікала фурор у сучаснай фармакалогіі. Першапачаткова семаглутыд быў дазволены ў 2017 годзе ў якасці прэпарата для лячэння пацыентаў з цукровым дыябетам 2-га тыпу. З часам лекары заўважылі, што адным з “пабочных эфектаў” прэпарата, з’яўляецца памяншэнне апетыту і зніжэнне вагі ў пацыентаў, пагэтаму яго сталі прызначаць людзям, якія пакутуюць на атлусценне.

Даследаванні, праведзеныя ва Універсітэцкім каледжы ў Лондане паказалі на яшчэ адзін нечаканы пабочны эфект ад прыёму гэтых прэпаратаў. Як выявілася падчас выпрабаванняў, семаглутыд спрыяе сардэчна-сасудзістай сістэме, незалежна ад пачатковай вагі пацыента, альбо колькасці вагі, якую ён страціў падчас тэрапіі.

У даследаванні прынялі ўдзел 17 604 чалавек з 41 краіны ва ўзросце 45 гадоў і старэй, з індэксам масы цела больш за 27. Таксама ўдзельнікі эксперымента раней перанеслі такія сардэчна-сасудзістыя хваробы, як сардэчны прыступ ці іншыя. Ім прызначалі штотыднёвую дозу семаглутыду ў 2,5 мг або плацэба ў сярэднім на працягу 40 месяцаў. З 8803 пацыентаў у групе семаглутыду ў 569 (6,5%) назіраліся першасныя сардэчна-сасудзістыя захворванні, такія як сардэчны прыступ, у той час як з 8801 пацыента ў групе плацеба колькасць хворых склала 701 чалавек (8%).

Таксама было выяўлена, што ўдзельнікі, якія прымалі лекі Wegovy і Ozempic, мелі на 20% меншую рызыку сардэчнага прыступу, інсульту або смерці з-за сардэчна-сасудзістых захворванняў – паведамляе The Guardian. Даследчыкі заявілі, што семаглутыд можа стаць новым прарывам у медыцыне пасля статынаў – прэпаратаў, прызначаных для паніжэння ўзроўню халестырыну.

Іншае даследаванне, заснаванае на тым жа клінічным выпрабаванні, паказала, што ўдзельнікі, якім прызначалі семаглутыд, страцілі ў сярэднім 10,2% масы цэла і 7,7 см ад таліі за чатырохгадовы перыяд, у той час як група плацеба страціла 1,5% масы цэла і 1,3 сантыметры ад памеру таліі. 

Адначасова навукоўцы заявілі, што іншы лекавы сродак – Retatrutide – дэманструе яшчэ лепшыя вынікі ў зніжэнні масы цела чалавека. Выпрабаванне 338 удзельнікаў, якія жывуць з атлусценнем, паказала, што ўдзельнікі страцілі 24% сваёй масы цела за 48-тыднёвы перыяд. Даследчыкі кажуць, што Retatrutide больш эфектыўны для пахудання, чым Ozempic або Wegovy, якія дзейнічаюць толькі на падаўленне апетыту.

Прафесар Навід Сатар з Універсітэта Глазга, які працаваў над выпрабаваннямі іншых метадаў лячэння пахудання, заявіў: 

– Пяць ці 10 гадоў таму мы ніколі не маглі ўявіць лекі, якія выклікалі б такую ​​страту вагі. Эксперымент сведчыць аб тым, што Retatrutide яшчэ не дасягнуў плато, таму, верагодна, будзе назірацца большая страта вагі. Калі мы будзем даваць гэты прэпарат яшчэ даўжэй, я думаю, што ён можа дасягнуць амаль 30% ад масы цела чалавека.

Фота: Фота: Joel Saget/AFP/Getty Images

18 000 куранятак скраў з Шклоўскай птушкафабрыкі супрацоўнік прадпрыемства

39-гадовы інжынер птушкафабрыкі ў Шклове на працягу некалькіх месяцаў выкрадаў з інкубатарнай сутачных куранятак-бройлераў і прадаваў іх фермеру ў Гомельскую вобласць. Усяго за гэты час супрацоўніку прадпрыемства ўдалося вывезці з птушкафабрыкі каля 18 000 птушанят. Як можна пабачыць на відэа, прадстаўленым прэс-службай МУС, інжынер бітком набіваў кураняткамі яшчыкі і так перавозіў іх на сваім транспарце. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа за крадзёж у буйным памеры.

Фота: МУС, скрыншот

Частку Бабруйскай крэпасці прадаюць за адну базавую

Двухпавярховы склад з часткай абарончага вала Бабруйскай крэпасці выстаўлены на аўкцыён.

Пасля продажу двух складоў Бабруйскай крэпасці, пра што мы пісалі летам 2023 года, яшчэ адна частка абарончых збудаванняў гэтай крэпасці выстаўленая на таргі. Гэта цагляны двухпавярховы склад з фрагментам каменнага абарончага вала – заўважылі журналісты “Камерцыйнага кур’ера”.

Аб’ект выстаўлены на продаж на сайце “Інстытута нерухомасці і ацэнкі”, які выступае аператарам аўкцыёна. У дадзеных па гэтаму лоту можна пабачыць, што склад быў выстаўлены на продаж яшчэ ў красавіку, але дагэтуль лот застаецца актыўным. Кошт будынка – 40 рублёў, яго плошча складае 540 квадратных метраў і на ім абсалютна адсутнічаюць камунікацыі – няма ні электрычнасці, ні ацяплення, ні вадапроводу.

Акрамя адной базавай, па ўмовах таргоў, пакупнік абавязаны кампенсаваць гарадскому бюджэту выдаткі на вызначэнне рыначнага кошту аб’екта ў суме 828 рублёў 32 капейкі. Абавязковай умовай продажу з’яўляецца выкананне пакупніком рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’екце на працягу трох гадоў пасля заключэння дагавора куплі-продажу, прычым гэтыя працы павінны праводзіцца па ўзгадненні з Міністэрствам культуры, паколькі склад з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Фота: gostorg.by

Дзевяцігадовы хлопчык атрымаў апёкі 10% цела – ўспыхнула бутэлька з бензінам

Падчас спальвання смецця жыхаром вёскі Лубнішча Магілёўскага раёна пацярпеў яго сын 2015 года нараджэння. Як паведамляе прэс-служба МНС, выбухнула двухлітровая бутэлька з бензінам, якая ляжала каля кастра. У выніку хлопчык атрымаў апёкі 10% цела і быў шпіталізаваны.

Фота ілюстрацыйнае

Магілёвец атрымаў два гады калоніі за слова “лукож.пый”

Магілёўскі прадпрымальнік Павел Макаранка атрымаў два гады зняволення па артыкуле за абразу Лукашэнкі – паведамляе Тэлеграм-канал MAYDAY.TEAM. Як даведаліся mogilev.media, прычынай для ўзбуджэння крымінальнай справы стаў адзін каментар магілёўца ў мэсенджары, у якім Павел Макаранка выказаўся за “Беларусь без лукож..пого”. Мужчыну затрымалі ў снежні 2023 года. Суд над ім адбыўся 7 сакавіка. 

Нягледзячы на тое, што мужчына сваёй віны не прызнаў, суддзя Юлія Арэхоўская прызнала яго вінаватым і прыгаварыла да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Павал Макаранка абскардзіў прысуд у Магілёўскім абласным судзе. 7 траўня 2024 года адбылося паседжанне, на якім судовая калегія па крымінальных справах прыняла рашэнне пакінуць прысуд у сіле.

Фота: sputnik.by

Дзесяць магілёўскіх аўтобусаў памяняюць расклад і маршрут на Радуніцу

Дзеля падвозу людзей да могілак дзесяць аўтобусных маршрутаў Магілёва памяняюць свой расклад і схему праезду 14 траўня. Гэта аўтобусы №37, 34, 32к, 20, 21, 13, 12, 9, 3к і 51. Падрабязнасці новай раскладкі, якая будзе дзейнічаць толькі адзін дзень – на Радуніцу – публікуе вось тут Магілёўскі аўтапарк №1. 

Фота: “Магілёў Live”. 

Пад Бабруйскам шукаюць метэарыт

Калі бабруйскі метэарыт будзе знойдзены, ён стане шостым на тэрыторыі Беларусі.

Падзенне нябеснага цела было зафіксаванае супрацоўнікамі Мінскага планетарыя 1 траўня 2024 года. “1 мая 2024 года ў 03:32:16 па мясцовым часе пяць камер Беларускай метэорнай сеткі зафіксавалі яркі агністы шар ярчэй за поўны Месяц (-17M) на паўднёвы ўсход ад Мінска, які перамяшчаўся па небе каля 8 секунд і меў ярка-зялёны колер.” – паведамлялася ў Тэлеграм-канале планетарыя.

Зараз Мінскі планетарый арганізаваў экспедыцыю па пошуках метэарыта. Разлікі навукоўцаў паказваюць, што хутчэй за ўсё ён упаў недалёка ад вёскі Токары Бабруйскага раёна. Калі пошукі акажуцца плённымі, знойдзены метэарыт стане шотым, выяўленым на тэрыторыі Беларусі. 

Экспецыдыя планетарыя доўжыцца з 9 мая і разлічаная яшчэ на два дні. Пакуль што вынік яе невядомы, але навукоўцы дапускаюць, што метэарыт можа быць не знойдзены. Так, на вышукі метэарыта, які выпаў 8 студзеня 2024 года каля вёсак Гацец і Раванічы Чэрвеньскага раёна было арганізавана чатыры экспедыцыі пры ўдзеле астраномаў-аматараў, аднак выніку яны не прынеслі – той метэарыт так і не быў знойдзены, піша bobr.by.

Фота: bobr.by