Частку Бабруйскай крэпасці прадаюць за адну базавую

Двухпавярховы склад з часткай абарончага вала Бабруйскай крэпасці выстаўлены на аўкцыён.

Пасля продажу двух складоў Бабруйскай крэпасці, пра што мы пісалі летам 2023 года, яшчэ адна частка абарончых збудаванняў гэтай крэпасці выстаўленая на таргі. Гэта цагляны двухпавярховы склад з фрагментам каменнага абарончага вала – заўважылі журналісты “Камерцыйнага кур’ера”.

Аб’ект выстаўлены на продаж на сайце “Інстытута нерухомасці і ацэнкі”, які выступае аператарам аўкцыёна. У дадзеных па гэтаму лоту можна пабачыць, што склад быў выстаўлены на продаж яшчэ ў красавіку, але дагэтуль лот застаецца актыўным. Кошт будынка – 40 рублёў, яго плошча складае 540 квадратных метраў і на ім абсалютна адсутнічаюць камунікацыі – няма ні электрычнасці, ні ацяплення, ні вадапроводу.

Акрамя адной базавай, па ўмовах таргоў, пакупнік абавязаны кампенсаваць гарадскому бюджэту выдаткі на вызначэнне рыначнага кошту аб’екта ў суме 828 рублёў 32 капейкі. Абавязковай умовай продажу з’яўляецца выкананне пакупніком рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’екце на працягу трох гадоў пасля заключэння дагавора куплі-продажу, прычым гэтыя працы павінны праводзіцца па ўзгадненні з Міністэрствам культуры, паколькі склад з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Фота: gostorg.by