Бабруйскі маршрутчык пратараніў BMW на пешаходным пераходзе, чатырох чалавек шпіталізавалі

ДТЗ з удзелам запоўненай людзьмі маршруткі адбылося на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Бабруйску надвячоркам 18 траўня. 

28-гадовы кіроўца маршруткі не паспеў адрэагаваць на дзеянні 26-гадовага вадзіцеля BMW – той рэзка затармазіў на светлафоры. Сутыкненне двух транспартных сродкаў трапіла на камеры відэаназірання. Ад удару маршруткі BMW адкінула на некалькі метраў на пешаходны пераход, на якім, на шчасце, нікога не аказалася. Чатырох чалавек, што знаходзіліся ў аўтамабілях, даставілі ў лякарню – паведамляе “Камерцыйны кур’ер”.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”. 

 

 

Закладчыкам у Магілёве далі па 10, 11 гадоў узмоцненага рэжыму

Жыхары Пінска і Светлагорска былі затрыманыя ў Магілёве і асуджаныя Кастрычніцкім раённым судом. 

38-гадовы пінчанін і яго 22-гадовая сяброўка спачатку працавалі закладчыкамі ў родным горадзе, а ў пачатку восені 2023 года куратар накіраваў іх у Магілёў. Тут да пары далучыўся 38-гадовы жыхар Светлагорска. Троіца партыямі закупала асабліва небяспечнае псіхаактыўнае рэчыва 4-СМС, расфасоўвала яго і рабіла закладкі ў Магілёве і навакольных раёнах. 

У кастрычніку 2023 года закладчыкаў затрымалі пры дапамозе “ўважлівых грамадзян”. Ніхто з затрыманых сваю віну на судзе не прызнаў. Кастрычніцкі раённы суд асудзіў дзяўчыну да 10 гадоў узмоцненага рэжыму, а мужчын да 11-ці, са спагнаннем штрафу па 100 базавых велічынь з кожнага і сумы дахода ад незаконнай дзейнасці ў 9,3 тысячы рублёў – паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Фота ілюстрацыйнае

Альтэрнатыўная ноч музеяў – завітайце ў магілёўскія дворыкі (шмат фота)

18 траўня адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. Прымеркавана да гэтай даты, музеі ўсяго свету праводзяць адну з самых яркіх акцый у каляндарным годзе – “Ноч музеяў”. Сёлета свае праграмы падрыхтавалі ўсе музеі Магілёўшчыны, а поўны спіс мерапрыемстваў у абласным цэнтры можна знайсці тут.

Mogilev.media традыцыйна прапануе сваю альтэрнатыўную “Ноч музеяў”, калі можна самастойна прагуляцца па начным горадзе і дакрануцца да яго багатай гістарычнай спадчыны. Мы ўжо запрашалі нашых чытачоў адчуць водар даўніны ў малавядомым закутку гістарычнага цэнтра, у завулках вакол вуліцы Дзяржынскага, а таксама на старажытных могілках. Сёлета мы прапануем прагуляцца па самым сэрцы гістарычнага Магілёва – унутраных дворыках велічных гарадскіх пабудоў, што прытуліліся збоч папулярных маршрутаў для пешых прагулак. 

Пачаць можна з дворыка за ратушай. Тут на сцяне дома цэху кушняроў радуе вока роспіс Рыгора Шараева з выявай самай старажытнай магілёўскай гравюры. 

Далей – пакуль яшчэ не самы атмасферны, але ўнікальны за кошт захаванай уязной брамы дворык дома Каніскага. 

Ну, а сапраўдная атмасфера пачынаецца каля касцёла. Аркі, цесныя праходы паміж дамамі, каменныя калодзежы са старэнькімі драўлянымі лесвіцамі, каванымі балконамі і тым самым духам некранутай старыны.

Наўрадці вы тут яшчэ не бывалі, але безумоўна не забудзьцеся завітаць у самы знакаміты і, напэўна, улюбёны “чырвоны дворык” за “Беларусбанкам” на рагу Першамайскай і Пажарнага.

Абавязкова зазірніце ў дворык “Дома польскага”. Неабазнаных падарожнікаў тут чакае невялікі сюрпрыз – на заднім фасадзе будынка захаваліся чатыры кірылічныя літары “ГО ДУ”. На фотаздымку з архіва Аляксея Вінэра, зробленым у 1939 годзе, можна пабачыць верхнюю частку гэтага надпісу, на франтоне, які не захаваўся – 1794, што азначае год узвядзення будынка.

Фотаздымак з архіва Аляксея Вінэра, 1939 год

Дворыкі за Пажарным, паміж Ленінскай і Першамайскай – той асаблівы раёнчык, без якога немагчыма ўявіць сапраўдны Магілёў – зацішны і нефасадны, крыху расцярушаны ад перажытых стагоддзяў, і такі разняволены.

Фота: mogilev.media і з адкрытых крыніц

У Магілёве гарэў інтэрнат “Зеніта”, спрацаваў апавяшчальнік

17 траўня ў Магілёве адбыўся пажар у адным з пакояў інтэрната на вуліцы Кедравай. Там размешчаныя інтэрнаты прадпрыемства “Зеніт”. Загарэўся пакой у блоку на першым паверсе. Падчас пажару спрацаваў галасавы апавяшчальнік, дзякуючы чаму 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, былі эвакуяваныя з інтэрната яшчэ да прыезду пажарных – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны пажару высвятляюцца.

Фота з адкрытых крыніц

Пад Бабруйскам зноў будуць шукаць метэарыт – самы яркі за гісторыю назіранняў

Першая экспедыцыя супрацоўнікаў Мінскага планетарыя завяршылася няўдала. Навукоўцы прайшлі 45 кіламетраў, пошукі працягваліся пяць дзён, але метэарыт так і не знайшлі.

Цяпер жа запланаваная новая экспедыцыя, да якой супрацоўнікі Мінскага планетарыя запрашаюць далучыцца валанцёраў. Наступны выезд на мясцовасць адбудзецца 26 траўня, даследаванні будуць праходзіць па лініі вёсак Вярбкі, Раксалянка, Ізюмава, Пад’ясенка і Токары. Астраномы мяркуюць, што падчас палёту ў атмесферы Зямлі метэарыт раскалоўся на некалькі кавалкаў, і каля ўсіх пералічаных вёсак існуе верагоднасць знайсці яго частку. Самы вялікі фрагмент, па падліках навукоўцаў, мог выпасці ў раёне вёскі Токары – каля 4-5 кілаграмаў.

Метэарыт, які быў зафіксаваны супрацоўнікамі планетарыя 1 траўня 2024 года аказаўся самым яркім за гісторыю шасцігадовых назіранняў падобнага кшталту. Зялёная ўспышка працягвалася восем секунд. 

Астраномы просяць жыхароў Бабруйскага раёна дапамагчы ў пошуках метэарыта. Хутчэй за ўсё гэта будзе незвычайны камень – піша bobr.by. Метэарыт можа мець чорную абвугленную корку з расколінамі і сколамі, чорную аплаўленую матавую паверхню або карычневы іржава-буры колер. Ён павінен прыцягваць магніт і мець шчыльную структуру.

Калі атрымаецца знайсці метэарыт, то ўнікальная знаходка можа стаць шостым вядомым беларускім метэарытам. Супрацоўнікі планетарыя спадзяюцца ў далейшым яго даследаваць і экспанаваць у фае мінскага планетарыя ў навуковых і адукацыйных мэтах. Дарэчы, касмічнаму каменю прысвойваецца назва найбліжэйшага населенага пункта ад месца першых знаходак.

Фота: bobr.by

Смяротны сінтэз – жыхарка Магілёва памерла ад атручэння незамярзайкай

Канцэнтрацыя этыленгліколю ў арганізме аказалася ў два разы вышэйшай за смяротную дозу. 

Пра гібель 50-гадовай жыхаркі Магілёва паведамляе прэс-служба Камітэта судовых экспертыз. Жанчына адчула сябе дрэнна на вуліцы, хуткая даставіла яе ў лякарню, дзе быў пастаўлены дыягназ вострага атручэння невядомым рэчывам. Нягледзячы на медыцынскую дапамогу, назаўтра жанчына памёрла. Як высветлілі эксперты, атрутным рэчывам з’яўляўся этыленгліколь, які ўваходзіць у склад незамярзаек, тармазных вадкасцяў і антыфрызаў. Канцэнтрацыя этыленгліколю ў арганізме жыхаркі Магілёва склала 4 грамы на літр, што ў два разы вышэй за смяротную дозу. Акрамя таго, у крыві быў знойдзены таксама этылавы спірт у канцэнтрацыі менш за 1 праміле.

Спецыялісты судовых экспертыз адзначаюць, што дыяпазон доз этыленгліколю, якія выклікаюць цяжкія атручванні чалавека, досыць шырокі, у большасці выпадкаў смяротнымі дозамі з’яўляліся 100-150 мілілітраў. Чыннікам высокай таксічнасці этыленгліколя з’яўляецца так званы смяротны сінтэз, калі ў выніку ўздзеяння арганізма на рэчыва ўтворыцца больш таксічны прадукт, чым зыходны.

Фота: Камітэт судовых экспертыз

На Магілёўшчыне шукаюць родных Паўла Усава

Касцюковіцкая раённая газета абвясціла пошук родных старшага лейтэнанта Паўла Андрэевіча Усава, што нарадзіўся ў вёсцы Зелянковічы Саматэвіцкага сельсавета ў 1918 альбо ў 1919 годзе. Лётчык Павел Усаў быў збіты падчас Другой Сусветнай вайны ў небе над Махачкалой. Яго блізкіх просяць звярнуцца ў рэдакцыю газеты па гэтых кантактах. 

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве пабудуюць падземны пераход на Пушкінскай. Схема руху транспарту будзе мудрагелістая

На ўсё лета і пачатак восені закрываецца Пушкінскі праспект у Магілёве – насупраць гандлёвага цэнтра “Арбат” пабудуюць новы падземны пераход.

Даўно неабходны падземны пераход будзе пракладвацца на перасячэнні вуліц Пушкінскай і Астроўскага. Працы пачнуцца 29 траўня і разлічаныя да канца верасня. На ўвесь час правядзення работ гэтае перагружанае скрыжаванне цалкам закрываецца для руху транспарту, таму аўтамабілістам прыйдзецца шукаць альтэрнатыўныя шляхі праезду. Асноўню нагрузку на сябе прымуць праспект Шмідта і бульвар Непакораных, таму на гэтых вуліцах і дробных завулках уздоўж Пушкінскай варта чакаць сур’ёзных пробак.

Грамадскі транспарт будзе хадзіць па новым раскладзе. Цалкам яго можна знайсці тут, а асноўныя змены такія. На час будаўнічых работ цалкам адмяняюцца тралейбусныя маршруты №3 і №4. Замест іх будзе хадзіць №10д, які з Любужа будзе ехаць праз Габраўскую, Шмідта і Чалюскінцаў да Арджанікідзэ. У зваротным кірунку №10д будзе з плошчы Арджанікідзэ ехаць чамусьці на Зялёны луг, а потым вяртацца ў бок Любужа праз Чалюскінцаў, Шмідта і Габраўскую.

Аўтобус №8 у цэнтр будзе ехаць праз бульвар Непакораных і Гагарына, а назад праз Гагарына і Шмідта, зусім як у даўнія часы. Астатнія, менш рэгулярныя аўтобусныя маршруты таксама пойдуць праз Непакораных і Шмідта, што дабавіць напружанасці на гэтых ціхіх вуліцах. Ну, а нумар 26 наогул памяняе траекторыю і будзе курсіраваць паміж Чыгуначным вакзалам і Малой Бароўкай праз Юбілейны – па праспекце Міра і вуліцы Каралёва.

Фота ілюстрацыйнае

У Асіповічах тры дні будзе мутная вада

З 21 па 24 траўня на вуліцах Камуністычнай, Вакзальнай, Інтэрнацыянальнай, Першамайскай, Ленінскай і завулку Мічурына ў Асіповічах мясцовая дыстанцыя грамадзянскіх збудаванняў Беларускай чыгункі будзе праводзіць прамыванне і дэзінфекцыю магістральнай сеткі вадаправода. Чакаецца, што ў гэтыя дні вадаправодная вада ў горадзе можа мець падвышаную мутнасць, каляровасць і пах хлору, магчымы нізкі яе напор – паведамляе “Асіповіцкі край”.

Фота: “Асіповіцкі край”

Жыхароў Клімавіч затрымалі за абыходжанне з афіцыйным сцягам чатыры гады таму

Тэлеграм-канал магілёўскіх сілавікоў апублікаваў відэа з удзелам жыхара Клімавіч Кірыла Вазмілава. На камеру хлопец гаворыць, што ў 2020 годзе да яго дадому знаёмы прынёс чырвона-зялёны сцяг. Потым затрыманы ў кампаніі іншых хлопцаў «таптаўся» па ім і «штурхаў нагамі», а сам сцяг спалілі ў двары дома.

Пакуль невядома, што інкрымінуецца затрыманаму. Верагодна, відэа, якое стала прычынай затрымання, узята з гаджэтаў кагосьці з удзельнікаў кампаніі, што забаўляліся з афіцыйным сцягам чатыры гады таму. Сыходзячы з таго, што ў публікацыі сілавікі кажуць пра затрыманых у множным ліку, іх можа быць двое альбо некалькі чалавек.

Фота з сацыяльных сетак