Кіраўніком банды рабаўнікоў фур аказаўся супрацоўнік міліцыі, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях?

“Наша ніва” апублікавала сенсацыйны матэрыял, што бандай рабаўнікоў фур, што арудавала ў тым ліку і на Магілёўшчыне, аказаўся супрацоўнік крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС.

Паводле інфармацыі выдання, супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС і ўдзельніка палітычных рэпрэсій капітана Міхаіла Згірскага затрымаў КДБ. Міліцыянера абвінавачваюць у кіраўніцтве бандай налётчыкаў з Оршы, пра затрыманне якой стала вядома нядаўна. Рабаўнікі займаліся абкраданнем фур, якія спыняліся на адпачынак на трасах у Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай абласцях. На “справу” выязджалі па начах, выкарыстоўвалі балаклавы і радыёстанцыі. Пакуль вадзіцель спаў у кабіне фуры, яны ўзломвалі замок грузавога адсека і запаўнялі свой мікрааўтобус таварам: ад тэхнікі да прадуктаў харчавання, акрамя таго, злівалі паліва з бакаў. Усяго гаворыцца пра шэсць такіх эпізодаў.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», схопленыя аршанскія ўдзельнікі банды пасля затрымання выдалі асобу іншага саўдзельніка, які і зрабіў схему магчымай – праз свой спецыфічны доступ да інфармацыі і веданне метадаў канспірацыі. Як выявілася, кіраўнік банды налётчыкаў – 27-гадовы капітан Докшыцкага крымінальнага вышуку Міхаіл Згірскі.

Выданне піша, што Згірскі не толькі даводзіў ўдзельнікам банды інфармацыю пра ход расследаванняў крымінальных спраў па здзейсненых эпізодах і прымаў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах.

Вядома, што пасля пратэстаў 2020 года Міхаіл Згірскі прымаў удзел у рэпрэсіях супраць беларускага народа. Крымінальная справа супраць яго знаходзіцца на асаблівым кантролі у кіраўнікоў МУС, Следчага камітэта, Генеральнай пракуратуры і КДБ. Іншыя супрацоўнікі крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС часова адхілены ад службы і правяраюцца на прадмет датычнасці да крыміналу.

Фота: “Наша ніва”, МУС

Выпускныя ў гэтым годзе – толькі ў школах

У выключных выпадках Міністэрства адукацыі Беларусі дазволіць правесці выпускны вечар у нейкай установе культуры, альбо ва ўстановах дадатковай адукацыі.

Ніякіх рэстаранаў і кавярняў, усе выпускныя сёлета дазволена праводзіць у Беларусі толькі ў школах. Каментарый кансультанта галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяны Асмалоўскай публікуе БелТА. 

– Праводзіць выпускныя трэба ў памяшканнях устаноў адукацыі – гэта, як правіла, школы. У выключных выпадках урачыстасці могуць праводзіцца ва ўстановах культуры або ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Магчыма арганізаваць свята і на адкрытай пляцоўцы, але гэта ўсё роўна павінна быць пляцоўка ўстановы адукацыі. Рэгулярна паступаюць пытанні і ад бацькоў, і ад выпускнікоў аб тым, ці можна праводзіць выпускныя вечарыны ў рэстаранах, кафэ, забаўляльных цэнтрах і іншых аб’ектах. Адназначна – не.

“Отработаны маршруты встречи рассвета” – таксама адзначыла чыноўнік.

Фота: sputnik.by

У Магілёве пройдзе забег па лесвіцы ў Падміколлі – у баявой вопратцы і ў апаратах па 18 кілаграмаў

Магілёўскі гарадскі аддзел МНС абвясціў турнір “Падмікольскі каскад” з забегам для ўсіх ахвотных у баявой вопратцы.

Спаборніцтвы пройдуць 31 траўня ў 9.00. У забегу прымуць удзел некалькі груп спартсменаў. Першыя дзве групы складуць супрацоўнікі МНС, мужчыны. У трэцяй групе змогуць спаборнічаць усе жыхары Магілёва старэйшыя за 18 гадоў, таксама мужчыны. Жанчыны – як супрацоўніцы МНС, так і грамадзянскія асобы, змогуць прыняць удзел у чацвёртым забегу.

Спартсмены будуць спаборнічаць у хуткасным пад’ёме на лесвіцу Падмікольскага парка. Усе ўдзельнікі-мужчыны пойдуць на забег у баявой вопратцы ратавальніка і ў апаратах на сціснутым паветры, вага якога 18 кілаграмаў. Жанчыны будуць бегаць без апаратаў, але ў баявой вопратцы. Перад пачаткам спаборніцтваў усе спартсмены пройдуць медыцынскае асведчанне.

Фота: mogilev.media

Тысячы чалавечых костак знайшлі на тэрыторыі магілёўскай горбальніцы

Камітэт судовых экспертыз апублікаваў інфармацыю пра абследаванне некалькіх тысяч чалавечых костак у катлаване падчас будаўніцтва новых карпусоў гарадской бальніцы ў Магілёве. 

Пры закапванні катлавана на скрыжаванні вуліцы Карпінскага і завулка Медыцынскага (побач з гарадской бальніцай) рабочыя знайшлі ў ім касцяныя астанкі, гаворыцца ў паведамленні. У рамках судовай медыка-крыміналістычнай экспертызы касцяных парэшткаў было даследавана больш за 3 600 аб’ектаў гэта рэбры, чарапы, трубчастыя косці, пазванкі, ніжнія сківіцы і інш. У Камітэце судовых экспертыз адзначаюць, што яны з’яўляюцца чалавечымі і належылі 124 розным людзям. Характар змянення гэтых касцяных астанкаў указвае на тое, што даўнасць пахавання складае звыш 70 гадоў. На некаторых парэштках судовымі экспертамі былі выяўлены сляды, якія могуць сведчыць аб перанесенай хірургічнай аперацыі (ампутацыі канечнасці).

Фота: Камітэт судовых экспертыз

У Расіі спрагназавалі рост коштаў на тавары першай неабходнасці на 30%

Эканамічны аналітык папярэдзіў, што больш за ўсё пацерпяць бедныя слаі грамадства.

Генеральны дырэктар інфармацыйна-аналітычнага агенцтва Infoline, што даследуе рынак тавараў і паслуг, Іван Фядзякоў у інтэрв’ю рэсурсу ura.ru спрагназаваў рост коштаў на самыя папулярныя і танныя тавары ў Расіі. У бліжэйшы час гэты рост можа скласці 10-30% і вышэй.

– У тавары першай цаны ў меншай ступені закладваюцца маржынальныя складнікі вытворцаў, якімі можна часткова дэмпфаваць (дэмпфіраванне – штучнае падаўленне хістанняў – mogilev.media) павышэнне сабекошту. Даводзіцца трансляваць цалкам рост затрат у цану канчатковага прадукту. Такім чынам, усе сыравінныя тавары, гэта значыць тыя тавары першай цаны, якія складаюць асноўны кошык бедных хатніх гаспадарак, у першую чаргу даражэюць да 30% і вышэй. – сказаў Іван Федзякоў.

Ён назваў асноўныя прадукты харчавання, якія можна ўключыць у спіс тавараў першай неабходнасці: хлеб, малако, яйкі, мяса, свежая садавіна і гародніна, макароны і крупы, кансервы, соль і цукар.

Аналітык патлумачыў, з чым звязаны высокі інфляцыйны ціск. “Гэта наступствы паслаблення рубля, якое ў мінулым годзе склала амаль 30%, востры дэфіцыт на рынку працы, які назіраецца ў шырокім спектры галін эканомікі. Таксама гэта следства высачэзных працэнтных ставак. Нагадаю, што Цэнтральны банк з пачатку 2024 года трымае 16%. Усе гэта закладваецца ў кошт тавараў і, зразумела, аказвае вельмі сур’ёзны ўплыў на рост цэн” – зазначыў эксперт.

Паводле яго слоў, у большай ступені ад росту інфляцыі пацерпяць бедныя слаі насельніцтва.

Павышэнне коштаў у Расійскай Федэрацыі вельмі часта прыводзіць да імгненных наступстваў і ў Беларусі – з паліц знікаюць, альбо сур’ёзна растуць у коштах хадавыя тавары.

Фота: mogilev.media

У Мяжысетках пад Магілёвам адкрытым полымем гарэў BMW X5 – відэа

Пажар аўтамабіля ў аграгарадку Мяжысеткі Магілёўскага раёна трапіў на камеры ратавальнікаў. Аўтамабіль BMW X5 загарэўся, калі гаспадар знаходзіўся на вуліцы. Агнём знішчыла салон і маторны адсек. Паводле папярэдняй версіі, прычынай узгарання стала кароткае замыканне, паведамляе прэс-служба МНС.

Фота, відэа: МНС

У магілёўскім “Светлафоры” выявілі пратэрмінаванага мяса на 420 кілаграмаў

У магазіне «Светлафор» Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці сумесна з санітарна-эпідэміялагічнай службай канфіскаваў з абароту больш за 420 кг харчовых тавараў.

У краме былі выяўлены 380 кілаграмаў свініны на костцы і 8,5 кг замарожаных галубцоў без маркіроўкі – адсутнічалі ўсялякія звесткі пра вытворцу, дату вырабу, тэрмін прыдатнасці, умовы захоўвання і г.д. Таксама былі знойдзеныя 13,9 кг варанай вяндліны са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Акрамя таго, былі выяўлены парушэнні тэмпературнага рэжыму захоўвання марожанай рыбы. У дачыненні да суб’екта гандлю распачаты адміністрацыйны працэс.

Фота mogilev.media, ілюстрацыйнае

Былую Арку Дружбы народаў у Кіеве прапанавалі ператварыць у сімвал ЛГБТ

Кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Антон Драбовіч заявіў, што Арку Свабоды ў Кіеве не трэба дэмантаваць – дастаткова пераасэнсаваць гэтую кампазіцыю, напрыклад, пераўвасобіўшы яе ў сімвал ЛГБТ або ў «сімвал вясёлкі над вадой». Раней гэтая арка называлася Аркай дружбы народаў і была выключаная са спісу помнікаў. 

На думку кіраўніка інстытута, які з’яўляецца дзяржаўным органам выканаўчай улады і ажыццяўляе мерапрыемствы па рэалізацыі працэсу дэкамунізацыі і дэкаланізацыі, магчымыя некалькі варыянтаў развіцця падзей. Калі будзе перавызначэнне яе сэнсу, прэтэнзій да існавання аркі не будзе. Іншы варыянт – нічога не мяняць і тады прыйдзецца правесці прымусовы дэмантаж аркі.

На думку кіраўніка УІНП, варыянт з вясёлкай – ледзь не лепшы, бо вакол аркі ўзнікае іншы сэнс і іншы кантэкст. Аднак можа быць іншы спосаб надаць аб’екту сімвалічнасць, напрыклад, праз іншы прадмет адпачынку ці манументальнага мастацтва.

Арка Дружбы народаў у Кіеве была пабудаваная ў 1981 годзе як сімвал расійска-украінскага сяброўства і ў гонар пераходу Запарожскага казацтва ў расійскае падданства ў 1654 годзе. У межах працэса дэкамунізацыі і на фое расійскай агрэсіі, у 2022 годзе яе пераназвалі ў Арку Свабоды ўкраінскага народу.

У 2024 годзе экспертная камісія Украінскага інстытута націянальнай памяці прыйшлі да высновы, што арка належыць да сімволікі расійскай імперскай палітыкі і патрабуецца яе поўны дэмантаж.

Фота з адкрытых крыніц

Незвычайнае ДТЗ у Бабруйску – відэа

Гарадскія паблікі размясцілі відэа з наступствамі незвычайнага дарожна-транспартнага здарэння ў Бабруйску сёння, 20 траўня. “Як такое можа быць наогул?” – здзіўляюцца чытачы.

 

Гібель іранскага прэзідэнта можа прывесці да беспарадкаў, ці адкрые эру тэакратычнай дынастыі – аналітык

Іранскі палітычны аглядальнік Шахрам Холдзі заяўляе на старонках Iran International, што вестка аб крушэнні верталёта і гібелі прэзідэнта Ібрагіма Раісі выклікала спекуляцыі наконт пытання пераемнасці прэзідэнта і яго наступстваў для Ісламскай Рэспублікі.

Згодна з Канстытуцыяй Ірана, прэзідэнт тэхнічна займае «другую па магутнасці» пасаду пасля Вярхоўнага лідэра, якім зараз з’яўляецца Алі Хаменеі. За апошнія дзесяцігоддзі вярхоўны лідэр Хаменеі дамогся таго, што яго занадта магутная пасада паступова зацямніла пасаду прэзідэнта і скараціла яе да пасады галоўнага адміністратара дзяржавы – адзначае аналітык. Ібрагіма Раісі ад яго папярэднікаў адрознівала тое, што ён увасабляў сабой ідэальнага «выканаўчага слугу» Вярхоўнага лідэра. 

Раісі быў абраны на прэзідэнцкую пасаду ў 2021 годзе пры падтрымца Алі Хаменеі і разглядаўся як магчымы спадчыннік пасады Вярхоўнага лідара. Адначасова ў іранскім палітычным полі з’явіліся галасы, што насамрэч спадчыннікам Алі Хаменеі можа стаць яго сын Маджтаба. 

У такім рэжыме, як іранскі, легітымнасць вярхоўнага лідара ў значнай ступені залежыць ад улады вайскоўцаў і апарату бяспекі і разведкі, а таксама ад кіруючай ідэалагічнай эліты. Зараз Маджтаба карыстаецца павагай у асяродках іранскіх сілавікоў і можа разлічваць на іх падтрымку ў сваім шляху на палітычную вяршыню.

Што робіць цяперашнюю сітуацыю найбольш жахлівай – піша Шахрам Холдзі – дык гэта тое, што калі раптам зараз сам Вярхоўны лідар Алі Хаменеі памрэ да абрання новага прэзідэнта, краіна патэнцыйна можа пагрузіцца ў агульнанацыянальныя беспарадкі. Калі арыенцірам стане паўстанне «Жанчына, жыццё, свабода» 2022-2023 гадоў, то ўлічваючы працяглую занядбаную эканамічную сітуацыю ў Іране, якая падштурхнула больш за шэсцьдзесят працэнтаў іранцаў да галечы, рэжым ужо змагаецца з эндэмічным крызісам легітымнасці. Такім чынам, менавіта смерць Хаменеі патэнцыйна можа выклікаць шматгранны крызіс.

Увогуле, галоўная дырэктыва і катэгарычны імператыў, якімі кіруецца ўся палітычная эліта Ісламскай Рэспублікі зараз, гучыць як «выжыванне рэжыму». Пры сцэнары, калі рэжым адначасова пазбаўлены як вярхоўнага лідэра, так і прэзідэнта, Асамблея экспертаў можа хутка абраць Маджтабу Хаменеі, які карыстаецца бясспрэчнай лаяльнасцю вышэйшага кіраўніцтва Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі, а таксама органаў бяспекі і разведкі. Калі так, то кіраўніцтва  Маджтабы Хаменеі адкрые эру тэакратычнай дынастыі ў Ісламскай Рэспубліцы па мадэлі раннесярэднявечнай дынастычнай спадчыннасці шыіцкіх імаматаў.

На фота: Пустое крэсла прэзідэнта Ібрагіма Раісі ў кабінеце міністраў Ірана пасля пацверджання яго смерці ў выніку крушэння верталёта. Фота: rferl.org