Дзень у гісторыі: 24 ліпеня. Нарадзіліся актор Генадзь Гарбук, сыграў ролю Петрака ў фільме «Знак бяды», паэт Анатоль Астрэйка, аўтар слоў песні «Ой бацька мой, Нёман», педагог Аляксандр Орса, ініцыятар адкрыцця беларускіх школ у Нью-Ёрку

3 1938 году 24 ліпеня адзначаецца Дзень нараджэння распушчальнай кавы.

Гэта дата не афіцыйная. Адзначаюць яе вытворцы і гурманы напою.

24 ліпеня 1938 вытворчасць распушчальнай кавы стала масавай. З канвеера швейцарскай кампаніі Nestle сышлі першыя ўпакоўкі новага напою.

Распушчальная кава была абавязковай у рацыёне амерыканскіх салдат падчас Другой сусветнай вайны.

Штодня ў свеце выпіваецца каля 2,4 мільярдаў кубкаў кавы, і больш за палову прыпадае на долю распушчальнай.

static.insales-cdn.com


1618 году ў Еўе (цяпер Віевіс, Літва) выдадзены першы «Буквар мовы славенскай…»

Першы ў свеце элементарны падручнік пад назвай «Буквар». Другі буквар надрукаваў магілёвец Спірыдон Собаль у 1631 годзе.

vkurier.by

1820 года нарадзіўся Люцыян Крашэўскі.

Мастак, фатограф. Прыродазнавец, краязнавец.

Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гродзеншчыне. Здымаў краявіды краю.

Ілюстраваў выданні сваіх братоў літаратараў і навукоўцаў Юзэфа Крашэўскага і Каятан Крашэўскага.

Дапамогаў удзельнікам паўстання 1863–1864, за што быў сасланы ў Кангур Пермскай губерні.


1896 года нарадзіўся Аляксандр Орса.

Педагог, грамадскі і культурны дзеяч.

Міністр асветы Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзін з заснавальнікаў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік першай парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, арганізатар першых беларускіх школ у Нью-Ёрку.


1911 года нарадзіўся Анатоль (Акім) Астрэйка.

Паэт, журналіст.

Працаваў у газетах розных гарадоў, у тым ліку ў Горках.

Аўтар тэкстаў многіх беларускіх песень: «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы», «Песня мінаеўцаў».


1921 года памёр Сцяпан Булат.

Палітычны дзеяч, журналіст.

Рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газеты «Белорусская деревня».

Адстойваў ідэю беларускай дзяржаўнасці, дамагаўся пашырэння БССР на ўсход, беларусізацыі краю, надання беларускай мове статуса дзяржаўнай.

На смерць Сцяпана Булата адгукнуліся вершамі Янка Купала, Міхась Чарот, Змітрок Бядуля.


1934 года нарадзіўся Генадзь Гарбук.

Актор тэатру і кіно. Народны артыст Беларусі.

Працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Сыграў больш за 50 роляў у тэатры і больш за 50 у кінастужках.

За ролю Петрака ў фільме Міхаіла Пташука «Знак бяды» паводле аднайменнага твора Васіля Быкава артыст атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю на Міжнародным фестывалі ў Заграбе.

Ён зняўся ў «Чорным замку Альшанскім», «Анастасіі Слуцкай».


1976 года нарадзіўся Іван Ціхан.

Атлет, кідальнік молата, трохразовы чэмпіён свету.

Сярэбраны прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі з 24 верасня 2020 года.

Падпісаў адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзейную ўладу пасля жорсткіх здушэння пратэстаў у 2020 годзе.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі і рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка: попыт на цукар вырас у 5 разоў

Паводле Галоўчанкі праз ажыятажны попыт узровень продажу прадукту вырас са стандартных 800 тон да 4 тысяч тон за дзень.

Цяпер, запэўнівае старшыня ўраду, продаж цукру знаходзіцца ў межах 3 тысяч тон і працягвае зніжацца.

Па словах урадоўцы, цукру да новага ўраджаю «больш чым дастаткова»: на складах знаходзіцца 98 тысяч тон і гэтага павінна хапіць і насельніцтву, і харчовай прамысловасці нават пры самым высокім узроўні продажаў, паведамляе выданне Myfin.

Галоўчанка адзначае, што летась было атрымана 530 тысяч тон цукру, з іх 370 тысяч тон былі выдзелены для ўнутранага рынку, а ўрад пайшоў на стварэнне дадатковага «стабілізацыйнага запасу» на выпадак падобных цяперашняй панік.

Ад мінулага тыдня ў Беларусі назіраецца актыўная скупка цукру насельніцтвам, а ў некаторых крамах ён нават на нейкі час знікаў з паліц.

«За два дні раскупілі 12 тон цукру». У раёнах Магілёўшчыны чыноўнікі спрабуюць суняць ажыятаж

З’явіўся новы аргумент, якім тлумачаць, адкуль ажыятаж – жыхары Балтыі сталі раскупляць цукар. Тым часам, чыноўнікі запэўніваюць, што цукру на складах дастаткова. 

Глуск

У Глуску «тое, што робіцца ў крамах Глускага райспажыўтаварыства» яго кіраўніцтва лічаць панікай.

«З кожнага праса кажуць, што цукру хапае і кошт не мяняецца, але людзі не слухаюць. За раз па дзесяць упаковак бяруць, лаюцца з прадаўцамі і з намі. Мы завозім цукар паводле плану. У аўторак, 19 ліпеня, прывезлі 12 тон цукру, развезлі іх па магазінах. Да канца дня ўсё раскупілі. Наступны завоз па графіку ў нас у пятніцу. Ну, калі такая справа – будзем прасіць завод загрузіцца па-за графікам яшчэ і ў панядзелак», – апавядае супрацоўніца «Райспажыўтаварыства» Алена Мандзік.

Мясцовая раёнка «Радзіма» адзначае, што «цукар змятаюць з паліц».

«Адны чакаюць росту коштаў, іншыя паглядзелі, што пакупнікі з Прыбалтыкі і Польшчы, якім Прэзідэнт Лукашэнка дазволіў ездзіць у Беларусь без візы, закупляюцца нашымі прадуктамі па поўнай праграме, трэція паддаліся ўсеагульнай паніцы», – піша газета Глускага райвыканкаму.

Клімавічы

Падобная сітуацыя, як у Глуску, у Клімавічах. Тамтэйшыя чыноўнікі запэўніваюць, што цукру назапашана дастаткова. 

Тых, хто закупляе прадукт у запас дакараць, што яны паддаліся чуткам аб дэфіцыце і падаражэнні прадукту.

Начальнік аддзелу эканомікі райвыканкаму Галіна Зубарава даводзіла, што цукар адносіцца да сацыяльна значных тавараў і цана на яго рэгулюецца дзяржавай. Урадам вызначаныя гранічныя максімальныя надбаўкі.

Паводле чыноўніцы ў крамы РАЙПО «ужо паступіла 14 тон цукру», а «у гандлёвыя аб’екты сістэмы Еўрагандаль – 3 тоны». Таксама ёсць ён і ў крамах сеткі «Нівагандаль», у гандлёвых абʼектах малога бізнесу.

Дзень у гісторыі. Сфармаваны трэці Ўрад БНР. У Савецкім Саюзе ўвялі для калгаснікаў працадні, якімі замянілі заробкі. Старшынём ураду стаў Міхаіл Чыгір, які выступіў супраць рэферэндуму 1996 году

22 ліпеня 1944 года заснаваны Міжнародны валютны фонд.

Мэта – садзейнічанне міжнароднаму супрацоўніцтву ў грашова-крэдытнай сферы, стабілізацыі валютных курсаў, прадстаўленні фінансавых сродкаў партнёрам.

Фінансавыя сродкі МВФ фармуюцца галоўным чынам за кошт падпіскі яго членаў – 190 дзяржаў свету.

За 30 гадоў членства (з 1992), Беларусь ад МВФ атрымала падтрымку на 3,8 млрд долараў ЗША.


22 ліпеня 1918 году сфармаваны Трэці Урад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Іванам Серадой.

Першым Урадам БНР стаў Народны сакратарыят на чале з Язепам Варонкам. Народны сакратарыят быў утвораны 20 лютага 1918 году.

Урад БНР – вышэйшы выканаўча-распарадчы орган Беларускай Народнай Рэспублікі.

Раду БНР – найстарэйшы урад у выгнанні, які дагэтуль функцыянуе згодна са статутам.

Паводле Устаўной граматы, Радзе БНР належала права прымаць законы, зацвярджаць урад. Пасля эміграцыі мэты дзейнасці і функцыі Рады БНР былі перафармуляваныя і скіраваныя найперш на прадстаўніцтва беларускага народу на міжнароднай арэне, абароне права на суверэнітэт беларускай нацыі да моманту фармавання дэмакратычна абранай улады ў Беларусі.

Іван Серада ў адрозненні ад іншых кіраўнікоў БНР не пакінуў Беларусі. У 1930 ён быў арыштаваны паводле абвінавачання ва ўдзеле ў «Саюзе вызвалення Беларусі» і сасланы ў Яраслаўль на 5 гадоў. У 1941 годзе яму вынеслі паўторны прысуд –10 гадоў пазбаўлення волі. Ён памёр у 1943 годзе ў нявысветленых абставінах.


22 ліпеня 1930 года ў СССР уведзена сістэма працадзён для калгаснікаў.

Прыдуманая ўладай мера ацэнкі і форма ўліку колькасці і якасці працы ў калгасах у перыяд з 1930 па 1966 год. Фактычна працадні замянілі заробак чальцам калгасаў. Быў уведзены абавязковы мінімум працаздольнасці ў год для працаздольнага калгасніка. Іх не выкананне прадугледжвала штрафныя санкцыі. Працадні меліся адпрацоўваць і дзеці.

Калгаснікам сталі налічваць пенсіі толькі ў 1964 годзе. Большасць сельскіх пенсіянераў у 1970-1980-я гады мелі мізэрныя выплаты, што было следствам сістэмы працадзён.

 


22 ліпеня 1994 года першым Прэм’ер-міністрам прэзідэнцкай і другім у незалежнай Беларусі стаў Міхаіл Чыгір.

У 1995 году прадстаўляў Беларусь на сусветным эканамічным форуме ў Давосе. Застаўся на пасадзе да лістапада 1996 году.

У лістападзе 1996 году гучна сышоў у адстаўку на знак пратэсту супраць абвешчанага рэферэндуму.

На альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах 1999 году вылучыўся кандыдатам. Гэтым выклікаў рэпрэсіі з боку ўладаў супраць сябе і членаў сям’і.

30 сакавіка 1999 году быў арыштаваны паводле абвінавачвання ў «злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі», перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, нядбайнасці. 

Пасля васьмі месяцаў зняволення яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

19 мая 2000 яму прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.


22 ліпеня 1919 года нарадзіўся Міхаіл Булахаў.

Мовазнаўца.

Даследчык праблем сучаснай беларускай мовы, мовы старажытных беларускіх помнікаў, аўтар прац «Прыметнік у беларускай мове», «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы», «Усходнеславянскія мовазнаўцы».

Выхаванец Магілёўскага педагагічнага інстытуту. 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Украінская Вінніца пасля расійскай атакі. Медыкі змагаюцца за жыццё пацярпелага 7-гадовага хлопчыка (увага, жудасныя фота)

Ягоная маці загінула падчас абстрэлу цэнтру гораду, а сам ён з апёкамі 45 працэнтаў цела быў шпіталізаваны. Яго адправілі на лячэнне ў нямецкі Дрэздэн.

«Хлопчык знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. Каля 45 працэнтаў цела дзіцяці пакрылі знешнія апёкі, яшчэ 35 працэнтаў – унутраныя. Яны настолькі глыбокія, што месцамі нават дасягаюць касцей. Абгарэў твар, верхнія і ніжнія канцавіны, дыхальныя шляхі. Да таго ж у Ромы закрыты пералом левай рукі і некалькі абломкаў ад снарада ў чэрапе«, – паведаміў старшыня Вінніцкай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Барзоў у сваім тэлеграм-канале.

images.unian.net

Паводле яго, хлопчык разам з маці прыехаў са Львова ў Вінніцу. Яны хацелі наведаць бабулю з дзядулем і заадно ў клініцы атрымаць кансультацыю. Бацька дзіцяці застаўся ў Львове. 14 ліпеня каля 11:00 сувязь з сынам і жонкай знікла.

На днях па выніках ДНК-экспертызы было ўстаноўлена, што маці хлопчыка загінула ў выніку ракетнага абстрэлу.

images.unian.net

«Рому бацька адшукаў у Вінніцкай абласной больніцы, і толькі тры дні таму па выніках ДНК-экспертызы даведаўся аб смерці 29-гадовай жонкі Галіны«, – паведамляе Барзоў.

Вінніцу расійскія войскі атакавалі 14 ліпеня крылатымі ракетамі »Калібр«, запусціўшы іх з акваторыі Чорнага мора. Яны патрапілі ў цэнтр гораду, дзе было шмат людзей.

У выніку загінулі 26 чалавек, з іх 3 дзеці. Па медычную дапамогу звярнуліся больш за 200 чалавек, з якіх 68 былі шпіталізаваны.

Днямі ў Вінніцы пахавалі 4-гадовую Лізу Дзмітрыеву, якая таксама трапіла пад расійскі напад. Яе маці выжыла і ў цяжкім стане перабывае ў шпіталі.

Дзень у гісторыі. Утвораная Цэнтральная рада беларускіх арганізацыяў. Першае «Міністэрства адукацыі» у Еўропе. У Магілёве бальшавікі адкрылі ўніверсітэт для палітрукоў. Беларусы зафіксавалі найніжэйшую тэмпературу ў свеце

21 ліпеня 365 года ў Александрыі Егіпецкай адбыўся землятрус.

Стыхія забрала 50 тысяч жыццяў і моцна пашкодзіла адзін з сямі цудаў свету Фароскі маяк. Яго канчаткова знішчыў іншы землятрус у 1375 годзе.

Маяк узвялі ў III стагоддзі да нашай эры на востраве Фарос. На мармуровай вежы ў 180 метраў бесперапынна падтрымліваўся агонь. У памяць аб збудаванні маем тэрмін фара (аўтамабільная).


21 ліпеня 1773 года Сойм Рэчы Паспалітай утварыў Адукацыйную камісію (Камісія народнай асветы).

Першая ў Еўропе ўстанова па кіраўніцтву народнай асветай.

Камісія ажыццявіла рэформу школ і ўніверсітэтаў у духу ідэяў Асветніцтва. Яна падначальвалася Ягелонскаму ўніверсітэту у Кракаве і Галоўнай школа Вялікага княства Літоўскага (Віленскі ўніверсітэт).

Сярэднюю ступень адукацыі складалі акруговыя і падакруговыя школы. Шматлікія беларускія школы карысталіся праграмамі Камісіі ледзь не да сярэдзіны ХІХ стагоддзя.


21 ліпеня 1781 года нарадзіўся Антоні Марціноўскі.

Публіцыст, педагог, выдавец.

Заснавальнік Віленскай друкарні, у якой выдаў 400 кніг па сельскай гаспадарцы, гісторыі, прыродазнаўству, этнаграфіі. За свой кошт выдаў «Літоўскую гісторыю» Тэадора Нарбута.

 


21 ліпеня 1917 года пачаўся З’езд беларускіх арганізацый i партыяў.

Утварыў Цэнтральную Раду беларускіх арганізацый – каардынацыйны орган беларускіх нацыянальных партый і грамадскіх арганізацый.

Цэнтральную Раду беларускіх арганізацый імкнулася аб’яднаць усе нацыянальна-дэмакратычныя сілы ў Беларусі і за яе межамі.

Кіраўніком Рады быў географ Аркадзь Смоліч. Выдавала газету «Вольная Беларусь». Спыніла існаванне ў кастрычніку 1917 году.


21 ліпеня 1920 года ў Магілёве зʼявіўся ўніверсітэт.

Праіснаваў да 15 лютага 1921 году пры палітаддзеле 16 арміі бальшавікоў.

У ім рыхтавалі камісараў (палітрукоў і палітработнікаў).

Сярод выпускнікоў быў ураджэнец Магілёва, беларускі і ізраільскі мастак Марк Жытніцкі (1903-1993).


21 ліпеня 1891 года нарадзіўся Сымон Кандыбовіч.

Дзяржаўны дзеяч, гісторык.

Працаваў старшынём валаснога выканкаму ў Бабруйскім павеце, дэлегатам Чацвёртага Усебеларускага з’езду саветаў.

Рэпрэсаваны савецкімі органамі ўнутраных спраў. У 1940 годзе быў арыштаваны.

3 лета 1944 у Германіі. Адзін з кіраўнікоў Беларускай народнай самапомачы, член Беларускай цэнтральнай рады, Беларускага нацыянальнага камітэта. Працаваў у беларускім аддзеле радыёстанцыі «Свабода».

Ад 1956 года быў рэферэнтам Сакратарыята Рады БНР у пытаннях народнай гаспадаркі.


21 ліпеня 1906 года нарадзіўся Барыс Кабішчар.

Дзеяч цыркавога мастацтва. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР.

Зрабіў значны ўклад у развіццё цыркавога мастацтва Беларусі.

21 ліпеня 1983 года беларускімі палярнікамі на антарктычнай станцыі «Усход» зарэгістравана самая нізкая на планеце тэмпература – мінус 89,2˚С.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

На Магілёўшчыне аднаму з заказнікаў змянілі рэжым аховы і яго статус таксама

У Быхаўскім раёне мясцовы рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Старыца» стаў проста рэспубліканскім заказнікам. Пераўтварэнне статусу тлумачыцца зменамі межаў, рэжымам аховы і выкарыстаннем.

probelarus.by

Заказнік быў заснаваны 27 лютага 1997 году. Яго плошча – 2033 гектары. Ранейшы статус прадугледжваў ахову спецыфічных поймавых ландшафтаў у даліне Дняпра. У ім прадстаўленыя стромкія і пакатыя схілы, фрагменты тэрас, эолавых пагоркаў. На ягонай тэрыторыі знаходзяцца 27 азёр серпападобнай формы і возера Старыца.

Тут растуць чырвона кніжны вадзяны арэх. З птушак варакушка, а з жамяры жужалі ды пераліўніца.


Магілёўскай вобласці бракуе асабліва ахованых прыродных мясцін.


Паводле прыродазнаўцаў у рэгіёне няма ніводнага нацыянальнага парка, ці запаведніка рэспубліканскага ўзроўню.

У 1990-я гады планавалі стварыць Свіслацка-Бярэзінскі нацыянальны парка, але замест яго на тэрыторыі Кіраўскага, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў зрабілі заказнік рэспубліканскага значэння.

На Магілёўшчыне толькі 5 заказнікаў і 14 помнікаў рэспубліканскага значэння.

Калі ў краіне ахоўваныя тэрыторыі складаюць 9,1%, з лідарамі Брэсцкай і Гродзенскай абласцямі, то Магілёўская займае апошняе месца з доляй удвая меншай за сярэднерэспубліканскі паказчык.

Пад Магілёвам перакуліўся быў вайсковы грузавік «Урал»

Здарэнне адбылося у Магілёўскім раёне ля вёскі  Масток. 

Як паведамляюць у сацыяльных сетках пантонны «Урал» з’ехаў у кювет і “лёг” на бок.

Афіцыйных камэнтароў пра дарожна-транспартнае здарэньне на гэты момант няма. Яно адбылося ўвечары 19 ліпеня.

Цукровая паніка дабралася да Магілёва

У невялікіх і буйных крамах гораду цукар знік, разбіраюць нават рафінад.

Не паспеў Магілёў.media паведаміць  пра тое, што нягледзячы на нервознасць пакупнікоў, цукру ў магілёўскіх крамах хапае, як паліцы пачалі імкліва пусцець.

Запасы тавару карэспандэнты Магілёў.media адшукалі толькі ў цэнтры гораду – на Цэнтральным (Мінскім) рынку, у «Грошыку» каля «кітайскай сцяны».

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі абвяргае чуткі пра магчымае павышэнне цаны на цукар. Паведамляецца таксама, што яго складскіх запасаў у краіне дастаткова, каб задаволіць попыт.