У Клімавічах таксама скупалі цукар. Чыноўнікі запэўніваюць, што яго назапашана дастаткова

Жыхары райцэнтру, як і многія ў Беларусі, сталі закупляць цукар у запас. Іх сталі дакараць, што яны паддаліся чуткам аб дэфіцыце і падаражэнні прадукту. Каб супакоіць насельніцтва паведамілі пра назапашаныя тоны цукру.

Начальнік аддзелу эканомікі райвыканкаму Галіна Зубарава кажа, што цукар адносіцца да сацыяльна значных тавараў і цана на яго рэгулюецца дзяржавай. Урадам вызначаныя гранічныя максімальныя надбаўкі.

Паводле чыноўніцы ў крамы РАЙПО «ужо паступіла 14 тон цукру», а «у гандлёвыя аб’екты сістэмы Еўрагандаль – 3 тоны». Таксама ёсць ён і ў крамах сеткі «Нівагандаль», у гандлёвых абʼектах малога бізнесу, піша клімавіцкая раёнка «Родная ніва».

Паводле яе павялічаны попыт на цукар назіраўся і ў сярэдзіне мінулага года. Гэта было звязана з пладова-ягаднымі нарыхтоўкамі, якія робіць насельніцтва на зіму. Тады цукар адсутнічаў у некаторых крамах пару дзён. А потым сітуацыя стабілізавалася.