“Дажынкі-2025” у Крычаве: танцы Крутога, мясны хлеб і дзіўны арт-аб’ект

“Дажынкі-2025” у Крычаве мелі не толькі сумны афіцыёз, але і багатае закуліссе: ад кірмаша з падворкамі і музычнай сцэны да адкрыцця паліклінікі і прадуктовых шэрагаў ды з’яўлення новага арт-аб’екта.

Падзеі на асноўнай пляцоўцы

Асноўныя падзеі “Дажынак” адбываліся на вялікім пляцы каля крычаўскага Дома саветаў. Менавіта там знаходзіліся падворкі, якія прадстаўлялі розныя раёны Магілёўскай вобласці. Магілёўскі падворак адзначыўся тым, што арганізаваў танцы з главой адміністрацыі Лукашэнкі Дзміртыем Крутым, які з задавальненнем пусціўся ў пляс.

Дзмітрый КрутыДарэчы, менавіта Круты быў адным з асноўных выступоўцаў, калі ва ўрачыстай абстаноўцы адчынялі дзверы новай паліклінікі ў Крычаве, а вакол луналі чырвона-зялёныя сцягі і балонікі, якія вялікі калектыў установы аховы здароўяі трымаў у руках, ствараючы адчуванне неверагоднага свята.

“Гэта вялікая падзея не толькі для Магілёўскай вобласці ці Крычаўскага раёна, але і для ўсёй сістэмы аховы здароўя нашай краіны. Такія аб’екты мы адкрываем штогод, дзякуючы чаму не толькі крычаўляне, але і жыхары суседніх раёнаў змогуць атрымліваць тут кваліфікаваную медыцынскую дапамогу” – цытуе словы Крутога на адкрыцці паліклінікі выданне “Крычаўскае жыццё”.

У гандлёвых шэрагах з мясной прадукцыяй зноўку адзначыліся прадстаўнікі Магілёва. Супрацоўнікі Магілёўскага мясакамбіната зрабілі сапраўны экслюзіў – рэкордны 200-кілаграмовы мясны хлеб, які быў прыгатаваны спецыяльна для «Дажынак» – інфармуе тэлеграм-канал “Могилев – мой город”. 

На галоўнай сцэне прагучала шмат папулярнай музыкі, рознага гатунку псеўдафальклор, але адной з цэнтральных песен быў хіт гурта “Дразды” “Хата бацькоў”. Выкананы ён быў не самім гуртом, а мясцовым вакальна-інструментальным ансамблем. Нагадаем, што не так даўно “Дразды” зноўку атрымалі магчымасць выступаць, бо былі пад негалоснай забаронай, ды выканалі некалькі песен для “дажыначнай” аўдыторыі ў Ваўкавыску – заўважыла выданне Еўрарадыё.

“Дажыначная творчасць” у выглядзе арт-аб’екта

З нагоды правядзення абласнога фестываля-кірмаша «Дажынкі-2025» у Крычаве з’явіўся новы аб’ект пад назвай «Наша слаўная Магілёўшчына». Паўстаў ён па ініцыятыве Каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Магілёўскай вобласці і быў размешчаны па вуліцы Савецкай.

Крычаў Дажынкі

“Гэтая ўнікальная ўстаноўка стане сапраўдным цэнтрам прыцягнення для ўсіх, хто хоча захаваць на памяць яскравыя моманты” апісвае важнасць новай гарадской лакацыі  раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Калі ж прыглядзецца да гэтай малой архітэктурнай формы, то выглядае яна дзіўнавата. Новы арт-аб’ект нагадвае браму з лаўкай пасярод праходу. У ніжняй частцы брамы знаходзяцца выявы беларускай касмічнай турысткі Марыны Васілеўскай, якая атрымала званне героя Беларусі, і класіка айчыннай літаратуры Янкі Купалы. 

Каля Васілеўскай знаходзіцца надпіс “Беларусь – гэта мы!”, а каля Купалы “Беларусь – гэта мір!”. Выглядаюць гэтыя надпісы недарэчна, бо яны ніяк не звязваюцца з выяўленымі асобамі, і тым больш з надпісам зверху, які дэманструе, што гэтая пара рэпрэзентуе “Нашу слаўную Магілёўшчыну”. 

Але як гэтыя асобы звязаныя з Магілёўшчынай і, у прыватнасці, з Крычавам? Янка Купала з Падняпроўскім рэгіёнам звязаны непасрэдна, бо напісаў знакамітую паэму “Магільва льва”, у аснову якой пакладзена легенда пра занаванне Магілёва. Дарэчы, здымкі фільма па гэтай паэме Купалы “Беларусфільмам” адбываліся ў значнай ступені ў Крычаве. У сваю чаргу, касмічная турыстка Васілеўская ніяк не звязана з Магілёўшчынай, а тым больш з Крычавам.

Фота: krichevlive.by

Дзень у гісторыі: 5 кастрычніка. Боўская блакада. Нарадзіўся Аляксандр Ліцін

1897 год. Нарадзіўся Ігнацы Галавінскі

Рымска-каталіцкі дзеяч, арцыбіскуп магілёўскі. Тэолаг, пісьменнік і перакладчык. Нарадзіўся ў Оўручы на Жытоміршчыне. Арцыбіскупам магілёўскім стаў у 1851 годзе і быў ім да сваёй смерці ў 1855.

арцыбіскуп Галавінскі

1943 год. Боўская (Боўкінская) блакада партызан.

Пачаўся шматдзённы бой (5-18 кастрычніка) партызан смаленскага палка “Трынаццаць” і Быхаўскіх партызан каля в. Боўкі Быхаўскага раёна – “Боўская блакада”.

4 000-ны партызанскі атрад быў блакаваны некалькімі палкамі немцаў. Больш за палову партызан загінулі, але каля 1 400 змаглі прарвацца праз блакаду. Сярод удзельнікаў прарыву быў Пётр Лярскі – знакаміты магілёўскі географ. 

Боўская блакада

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Ліцін. 

Магілёўскі фотамастак, фотажурналіст, краязнавец. 

Аўтар і суаўтар многіх кніг па гісторыі магілёўскага габрэйства, фотасправы. 

Стваральнік творчай групы «Студыя 3 plus» (1990). 

Удзельнік больш за 100 фотасалонаў і фотавыстаў ў розных краінах свету. 

Лічыць, што «свой горад і павінен быць цэнтрам свету».

Аляксандр Ліцін

1996 год. У Магілёве адкрыты культурны цэнтр “Дом польскі”.

Размяшчаецца ў гістарычным будынку 1794 года пабудовы.

Дом польскі Магілёў

Дзень у гісторыі. 4 кастрычніка. Магдэбургскае права для Бялынічаў. Загінуў Машэраў

1582 год. Жыхары Вялікага княства Літоўскага перайшлі на Грыгарыянскі каляндар. 

Яны, як і насельнікі еўрапейскіх краін, ляглі спаць у чацвер 4 кастрычніка, а прачнуліся на наступны дзень – у пятніцу 15 кастрычніка. 

Лік дзён быў перадзвінуты на 10 дзён наперад. 

Рэформу календара правеў папа Рыгор XIII.

Ён замяніў старую сістэму лічэння паводле юліянскага календара на новую і ліквідаваў назапашанную розніцу ў 10 дзён. 

Пры далучэнні зямель Вялікага княства да Расійскай імперыі ў 1772-1795 гадах, насельніцтва зноў вярнулася да традыцыі юліянскага календара. 

Новае летазлічэнне ў Савецкай Расіі з’явілася толькі ў лютым 1918 года, 14 лютага.

Папа Рыгор

1634 год. Бялынічы атрымалі грамату на магдэбургскае права.

Горад упершыню згадваецца з сярэдзіны XVI ст. як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З пачатку XVII ст. – уласнасць Сапегаў. У 1624 годзе Лаў Сапега заснаваў тут манастыр кармелітаў — адзін з найбагацейшых у ВКЛ. У манастыры знаходзіўся Бялыніцкі абраз Божай Маці, шанаваны хрысціянамі розных канфесій. Праз шматлікія працэсіі і паломніцтва да яе Бялынічы зваліся Беларускай Чанстаховай.

Бялынічы кармеліты

1854 год. У вёсцы Мужычок (зараз в. Азёрная, Хоцімскі раён) нарадзіўся Ерафей Касценіч

Вядомы хірург-афтальмолаг. Кіраваў Пецярбургскай вочнай лячэбніцай, менавіта ён вярнуў зрок Дзмітрыю Мендзялееву.

Мужычок

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Валовіч, галоўны архітэктар Магілёўскай вобласці. 

Аўтар гасцініцы «Турыст» (разам з Г .Бараховым), будынку «Белбізнесбанка» (разам з І. Іванчыкавай), будынку БІП на пл.Арджанікідзэ.

Валовіч архітэктар

1957 год. На калязямную арбіту выведзены першы ў свеце штучны спадарожнік Зямлі.

Спадарожнік запушчаны ракетай-носьбітам з казахстанскага касмадрома Байканур. Ён лётаў 92 дні і здзейсніўшы 1440 абаротаў вакол Зямлі (каля 60 мільёнаў км). ЗША свой спадарожнік запусцілі 1 лютага 1958 года. 

На будынку Магілёўскага педінстытута па Ленінскай, 35, пад кіраўніцтвам географа С. Маісеева ў канцы 1957 года быў адкрыты першы ў Беларусі назіральны пункт за штучнымі спадарожнікамі.

Спадарожнік Зямлі

1980 год. Перад самым прызначэннем на пасаду Старшыні Савета міністраў СССР у аўтакатастрофе загінуў Пётр Машэраў. 

Беларускі палітычны дзеяч.

Першы сакратар ЦК КПБ (1965-1980), Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай працы. 

Пры ім былі пабудаваны ў Магілёве многія буйныя прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку  “Хімвалакно”, “Ліфтмаш”, камбінат сілікатных вырабаў. Інтэнсіўна вялося жыллёвае будаўніцтва ў мікрараёнах “Мір”, “Юбілейны”, “Задняпроўе”, уступіў у строй тэлерэтранслятар, быў пушчаны тралейбус. 

У Магілёве адсутнічаюць назвы ў яго гонар.

Машэраў гібель

У Чэрыкаве распачаўся рамонт будынка касцёла XIX стагоддзя

Мясцовыя ўлады прымусілі прадстаўнікоў каталіцкай парафіі да рамонту касцёла нягледзячы на адсутнасць службаў у сакральным будынку

Стан старога будынка каталіцкага касцёла па вуліцы Ленінскай ужо даўно прыцягваў увагу прадстаўнікоў раённай улады і разнастайных ведамстваў.

“За апошнія некалькі гадоў гэты гістарычны будынак пачаў выглядаць прыгнятальна: трэшчыны і вялікія сколы тынку на фасадзе, сарваная ўраганам металачарапіца і маладыя бярозкі, што выраслі на даху, – усё гэта ніяк не надавала яму прывабнасці, а наводзіла смутак і тугу” – паведамляе cherikovnews.by.

Да 2015 года ў ім знаходзіўся раённы Дом культуры, але ў 2019-м будынак зноўку перайшоў у распараджэнне каталіцкай царквы. У жніўні 2019 года тут адбылася першая каталіцкая імша, а ў кіраўніцтва парафіі былі планы адрэстаўраваць касцёл і рэгулярна праводзіць у ім службы. 

Аднак, уся каталіцкая абшчына Чэрыкава налічвала толькі 20 чалавек. Праз некаторы час дзве сям’і прыхажан змянілі месца жыхарства і чэрыкаўскі прыход налічваў толькі 12 католікаў. Малалікасць каталіцкай абшчыны раёна спарадзіла тое, што каля 2–3 гадоў у касцёле Чэрыкава наогул не праводзіліся службы. Больш за тое, летам 2025 года нават не ўдалося перарэгістраваць каталіцкую абшчыну Чэрыкава з-за яе малой колькасці. 

Тым не менш, раённая ўлада Чэрыкава ўрэшце прымусіла касцёл заняцца рамонтам будынку XIX стагоддзя, прызначыўшы адказным за рамонтныя работы ксяндза з Касцюковічаў Андрэя Далянскага. Выглядае гэта дзіўнавата, бо службы заўсёды тут праводзіў Павал Адамовіч, які таксама служыць у Мсціславе і Крычаве. 

Ужо цяпер зразумела, што касцёл у Чэрыкаве дзейнічаць хутчэй за ўсё не будзе, а сакральны будынак, верагодна, апынецца зноўку ў падпарадкаванні горада. Аднак, горад прымушае прадстаўнікоў каталіцкай парафіі адрамантаваць касцёл перад магчымай афіцыйнай перадачай. 

Плануецца, што працаўнікі прыватнай будаўнічай фірмы з Мінска, якія аказваюць парафіі спонсарскую дапамогу, зробяць рамонт даху: пакладуць новы металапрофіль і ўмацуюць пакрыццё. Акрамя таго, будзе зроблена ўпарадкаванне прылеглай да касцёла тэрыторыі: скосіцца трава і вырубіцца кустоўе, а таксама будзе прыбрана будаўнічае смецце пасля рамонту.

Фото: cherikovnews.by

Дзень у гісторыі. 3 кастрычніка. Самая вялікая шына на “Белшыне”

1458 год. Нарадзіўся Святы Казімір.

Каралевіч польскі і вялікі княжыч літоўскі. 

Каталіцкі святы, патрон Вільні, апякун земляў Вялікага Княства Літоўскага, патрон Гродзенскага біскупства.

Сын Казіміра Ягелончыка. 

Кіраўнік справамі ў Польшчы (1481-1483), займаўся дабрачыннасцю.

Памёр у 1484 годзе ў Вільні.

Кананізаваны ў 1522 годзе. У яго гонар быў асвячоны першы каталіцкі храм у Магілёве – Касцёл святога Казіміра (Фарны).

У гонар святога праводзіцца асобная служба 4 сакавіка. У Вільні ў гэты дзень адбываецца святочны кірмаш – “Казюкас”.

Касцёл Казіміра

1652 год. Памёр Крыштаф Хадкевіч. 

Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага: вялікі харунжы  (1611-1623), вялікі канюшы (1623-1633), кашталян троцкі і віленскі, ваявода віленскі (1642-1652).

Быў старостам бабруйскім. 

Удзельнік войнаў з Турцыяй, Швецыяй, Расіяй. 

Крыштоф Хадкевіч

1786 год. У Магілёве і Полацку адкрыліся расійскія “галоўныя” (губернскія) народныя вучылішчы з чатырохгадовым тэрмінам навучання. 

Яшчэ сем “малых” вучылішчаў з 2-гадовым тэрмінам навучання з’явіліся ў павятовых цэнтрах. 

Гэтыя ўстановы былі адкрыты ў ліку першых  25 народных вучылішчаў у Расійскай імперыі па распараджэнню Кацярыны ІІ і з падачы серба Янковіч дэ Мірыево. 

Навучанне ў іх было значна слабейшым, чым ва ўстановах Эдукацыйнай камісіі (1773) Рэчы Паспалітай і езуіцкіх.

Галоўнае вучылішча ў Магілёве 15 верасня 1809 года было пераўтворана ў мужчынскую гімназію. 

Сярод знакамітых выпускнікоў установы можна ўзгадаць навукоўцаў, падарожнікаў К. Грум-Гржымайлу, М.Урончанку, С. Каваліка,  Дз. Дубягу, краязнаўца К.Гартынскага, прэзідэнта сената Гавайскіх астравоў М. Судзілоўскага, энцыклапедыстаў братоў Гранат, О. Шмідта, камандуючага Сербскай арміі М. Чарняева і іншых.

Указ Кацярыны

1897 год. У в. Казелле Краснапольскага раёна нарадзіўся Міхась Дуброўскі. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Супрацоўнік Інбелкульта, Усесаюзнага радыёкамітэту.

Выкладчык Брэсцкага, Гродзенскага педінстытутаў, Літаратурнага інстытута ў Маскве.

Перакладчык на беларускую мову паэмы О. Уайльда «Балада Рэдынгскай турмы».

Дуброўскі

1915 год. Мікалай II прывёз у Магілёўскую стаўку сына Аляксея. 

3 кастрычніка расійскі імператар Мікалай ІІ прыбыў у Стаўку з цэсарэвічам Аляксеем, праз дзень яны прымалі марш канвойных сотняў на Губернатарскай плошчы Могілёва.

Мікалай ІІ і цэсарэвіч Аляксей

1941 год. Масавае забойства вязняў магілёўскага гета. 

3 кастрычніка акупанты расстралялі 2208 яўрэяў на Машэкаўскіх (Яўрэйскіх) могілках. Гэта была другая фаза ліквідацыі гета (першая – 2 кастрычніка). Сёння на гэтым месцы – мемарыяльнае пахаванне «Магіла ахвяр фашызму».

Помнік на Машэкаўскіх могілках

1946 год. У вёсцы Міхайлавічы Горацкага раёна нарадзіўся медык Леанід Цітоў 

Вучоны ў галіне медыцынскай мікрабіялогіі і імуналогіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, замежны член Расійскай акадэміі медыцынскіх навук, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002).

Леанід Цітоў

2017 год. На “Белшыне” выпусцілі самую вялікую шыну ў сваёй гісторыі – грузападымальнасцю больш за 100 т. 

Новая шына з пасадачным дыяметрам 63 цалі, вышынёй больш за 4 м і вагой 5,7 т. Яна прызначана для кар’ерных самазвалаў, якія эксплуатуюцца ў горнаруднай прамысловасці пры тэмпературы навакольнага асяроддзя ад мінус 55. Малюнак пратэктара кар’ернага тыпу дазваляе забяспечыць максімальны кантакт з дарогай і раўнамернае размеркаванне кантактных ціскаў, зніжэнне цеплаўтварэння і зносу пратэктара.

Шына

Быхаўчанін супрацоўнічае з тэатрам у Беластоку

Курсы па сцэнарным майстэрстве ў эмігранцкім тэатры Беластока чытае ўраджэнец Магілёўшчыны.

У эмігранцкім тэатры “Pryehali”, заснаваным у Беластоку гродзенскімі акцёрамі, курсы па напісанні сцэнарыяў чытае быхаўчанін Сяргей Антонаў.

Беласток – тэатральны горад. Там працуюць больш за пяць тэатраў і тэатральных студый. Гродзенскія акцёры, што апынуліся ў вымушанай эміграцыі, заснавалі ў горадзе свой тэатр. 

Кіруе ім рэжысёр і акцёр Аляксандр Енджэеўскі, які да эміграцыі працаваў у Тэатры лялек Гродна і вёў святочныя мерапрыемствы на буйных прадпрыемствах горада.

Для жыхароў Беластока тэатр “Pryehali” паставіў некалькі спектакляў па казках беларускіх і польскіх пісьменнікаў. Гралі ў іх юныя акторы тэатральнай студыі Енджэеўскага – дзеці беларускіх эмігрантаў.

А нядаўна да тэатра далучыўся пісьменнік Сяргей Антонаў. Ён расказвае там пра свой вопыт напісання сцэнараў.

Сяргей – быхаўчанін. Ён сааўтар сагі Дзмітрыя Глухоўскага “Вселенная Метро 2033”.

Антонаў удзельнічаў у напісанні сцэнарыя да новай, чацвёртай камп’ютарнай гульні Metro. Ён таксама пісаў сцэнарыі сваіх містычных трылераў для студыі “ФабулаНова”.

“Ніколі не быў аматарам тэатра, але пабываўшы на спектаклях Енджэеўскага, стаў прыхільнікам творчасці рэжысёра” – кажа Сяргей Антонаў.

Фота: HrodnaLife.

2 кастрычніка: дзень у гісторыі. Першы масавы расстрэл яўрэяў у Магілёве

1941 год. У акупаваным Магілёве фашысты зрабілі першы масавы расстрэл яўрэяў.

2 кастрычніка пачаліся затрыманні і расстрэлы (у тым ліку на тэрыторыі гета). Расстрэльвалі мужчын, жанчын, дзяцей. Усяго было забіта 2 273 чалавекі. Гэты эпізод лічыцца пачаткам ліквідацыі гета ў Магілёве.
У сучаснай Беларусі гэты і іншыя акты Халакоста ў гады Другой Сусветнай вайны стануць называць “генацыдам беларускага народа”.

1948 год. У Бабруйску нарадзіўся Сямён Дамарад.

Беларускі мастак-манументаліст.
Працуе ў станковым жывапісе і галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.
Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім мастацкім музеі імя Паўла Масленікава, Літаратурным музеі Максіма Багдановіча і іншых установах культуры.
Персанальныя выставы ладзіліся ў розных гарадах Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Расіі.

Сямён Дамарад

1952 год. Пайшоў з жыцця Уладзімір Агіевіч.

Беларускі літаратуразнаўца, паэт, перакладчык.
Выхаванец Магілёўскага педінстытута (1937).
Аўтар вершаў, даследчык творчасці Я. Купалы і Я. Коласа, пасляваеннай беларускай паэзіі, кніг для чытання для школ рабочай і сельскай моладзі.

Магілёў універсітэт

Дзень у гісторыі: 1 кастрычніка. Дзень нараджэння дзеяча ВКЛ Яна Храпавіцкага. Дзень Магіслава

1612 год. Нарадзіўся Ян Антоні Храпавіцкі.

Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віцебскі. Адміністратар Магілёўскай эканоміі.

Удзельнік 24 соймаў, маршалак соймаў 1665 і 1668 гадоў, член Скарбовага Трыбунала.

Адзін з падпісантаў Андросаўскага перамір’я (1667).

Пакінуў дзённік за 1658–1685 гады — каштоўную гістарычную крыніцу пра палітычнае жыццё Рэчы Паспалітай, соймы, штодзённае жыццё заможнай шляхты, звычаі і норавы.

Храпавіцкі

1943 год. Дзень вызвалення Краснаполля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Горад быў вызвалены ў выніку начной атакі.

Брацкая магіла

2014 год. Дзень Магіслава

1 кастрычніка 2014 года механічны трубач магілёўскай Ратушы атрымаў імя Магіслаў. Імя, прапанаванае адным са стваральнікаў механічнага музыканта, вядомым магілёўскім скульптарам Андрэем Вараб’ёвым, прагаласавала большасць гараджан, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве “Дзень гарніста”. Усяго гараджанамі на конкурс было прапанавана сто варыянтаў імёнаў, але ў галасаванні прынялі ўдзел толькі пяць імёнаў-фіналістаў, а рэальна на перамогу прэтэндавалі два: Леў і Магіслаў. Дарэчы, імя Леў прапанаваў аўтар ідэі праекта па стварэнні на балконе гарадской Ратушы механічнага трубача, наглядчык гарадскіх гадзіннікаў Генадзь Галоўчык.

Генадзь Галоўчык з Магіславам
Генадзь Галоўчык працуе над Магіславам

 

Дзень у гісторыі: 30 верасня. Нарадзіўся Ота Шміт, вызваленне Крычава

1891 год. У Магілёве нарадзіўся Ота Юліевіч Шміт. 

Савецкі матэматык, географ, геафізік, астраном. Апошні вучоны-энцыклапедыст. Меў латышскае паходжанне.

Даследчык Поўначы, галоўны рэдактар першай Вялікай савецкай энцыклапедыі. 

Першы ў Магілёўскай вобласці Герой Савецкага Саюза.

Распрацаваў касмаганічную гіпотэзу ўтварэння целаў Сонечнай сістэмы ў выніку кандэнсацыі каласонечнага газава-пылавага воблака.

Яго імем названы першы савецкі навуковы ледакол, вуліцы, плошчы у 1200 населенных пунктах былога СССР. 

У Магілёве ёсць праспект імя славутага ўраджэнца. 

У 1956 годзе былі прапановы па перайменаванню Магілёва ў Шміт-на-Дняпры.

Ота Шміт

1943 год. Вызваленне Крычава

30 верасня 1943 год. Горад Крычаў быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

вызваленне крычава

Дзень у гісторыі. 29 верасня. Зацверджаны Статут ВКЛ

Каталіцкае свята ў гонар Святых Архангелаў Міхала, Гаўрыіла і Рафаіла – Міхайлаў дзень. 

Міхал Арханёл з’яўляецца апекуном Мінска-Магілёўскай царкоўнай правінцыі, таму дзень мае сімвалічную вагу для рэгіёна.

Архангел Міхаіл

1529 год. Зацверджаны Статут Вялікага Княства Літоўскага.

Першы збор законаў феадальнага права на нашых землях, помнік старабеларускай юрыдычнай думкі і пісьменнасці.

Складаўся з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў. 

Выданне Статута вывела ВКЛ на адно з першых месцаў у свеце па развіццю права і прававой культуры.

Адзіны ў Беларусі арыгінальны экзэмпляр Статута ВКЛ у трэцяй рэдакцыі захоўваецца ў Магілёве ў музеі гісторыі горада.

Статут ВКЛ Магілёў

1891 год. У в. Бацэвічы сённяшняга Клічаўскага раёна нарадзіўся Аркадзь Смоліч. 

Адзін з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі. 

Вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, геаграфіі. Пачынальнік беларускай геаграфічнай навукі, аўтар першага акадэмічнага падручніка «Географія Беларусі».

Першы беларускі прафесар геаграфіі.

Член Прэзідыума Беларускай акадэміі навук. 

Суарганізатар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, тэарэтык беларускай сацыял-дэмакратыі.

Старшыня Таварыства беларускай школы, Цэнтральнага Бюро краязнаўства, загадчык планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР, намеснік старшыні Інбелкульта.

Расстраляны ў 1938 годзе.

Аркадзь Смоліч

1946 год. У в. Пятровічы Бабруйскага раёна нарадзіўся Іван Гайшун. 

Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі.

Аўтар больш за 250 навуковых прац па дыферэнцыяльных ураўнаннях, тапалагічнай дынаміцы і ўстойлівасці абстрактных дынамічных сістэм. 

Распрацаваў тэорыю мнагамерных дыферэнцыяльных ураўнанняў, многапараметрычных дыферэнцыяльна-рознасцевых і дыскрэтных сістэм./

Іван Гайшун