Дзень у гісторыі. 3 кастрычніка. Самая вялікая шына на “Белшыне”

1458 год. Нарадзіўся Святы Казімір.

Каралевіч польскі і вялікі княжыч літоўскі. 

Каталіцкі святы, патрон Вільні, апякун земляў Вялікага Княства Літоўскага, патрон Гродзенскага біскупства.

Сын Казіміра Ягелончыка. 

Кіраўнік справамі ў Польшчы (1481-1483), займаўся дабрачыннасцю.

Памёр у 1484 годзе ў Вільні.

Кананізаваны ў 1522 годзе. У яго гонар быў асвячоны першы каталіцкі храм у Магілёве – Касцёл святога Казіміра (Фарны).

У гонар святога праводзіцца асобная служба 4 сакавіка. У Вільні ў гэты дзень адбываецца святочны кірмаш – “Казюкас”.

Касцёл Казіміра

1652 год. Памёр Крыштаф Хадкевіч. 

Дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага: вялікі харунжы  (1611-1623), вялікі канюшы (1623-1633), кашталян троцкі і віленскі, ваявода віленскі (1642-1652).

Быў старостам бабруйскім. 

Удзельнік войнаў з Турцыяй, Швецыяй, Расіяй. 

Крыштоф Хадкевіч

1786 год. У Магілёве і Полацку адкрыліся расійскія “галоўныя” (губернскія) народныя вучылішчы з чатырохгадовым тэрмінам навучання. 

Яшчэ сем “малых” вучылішчаў з 2-гадовым тэрмінам навучання з’явіліся ў павятовых цэнтрах. 

Гэтыя ўстановы былі адкрыты ў ліку першых  25 народных вучылішчаў у Расійскай імперыі па распараджэнню Кацярыны ІІ і з падачы серба Янковіч дэ Мірыево. 

Навучанне ў іх было значна слабейшым, чым ва ўстановах Эдукацыйнай камісіі (1773) Рэчы Паспалітай і езуіцкіх.

Галоўнае вучылішча ў Магілёве 15 верасня 1809 года было пераўтворана ў мужчынскую гімназію. 

Сярод знакамітых выпускнікоў установы можна ўзгадаць навукоўцаў, падарожнікаў К. Грум-Гржымайлу, М.Урончанку, С. Каваліка,  Дз. Дубягу, краязнаўца К.Гартынскага, прэзідэнта сената Гавайскіх астравоў М. Судзілоўскага, энцыклапедыстаў братоў Гранат, О. Шмідта, камандуючага Сербскай арміі М. Чарняева і іншых.

Указ Кацярыны

1897 год. У в. Казелле Краснапольскага раёна нарадзіўся Міхась Дуброўскі. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Супрацоўнік Інбелкульта, Усесаюзнага радыёкамітэту.

Выкладчык Брэсцкага, Гродзенскага педінстытутаў, Літаратурнага інстытута ў Маскве.

Перакладчык на беларускую мову паэмы О. Уайльда «Балада Рэдынгскай турмы».

Дуброўскі

1915 год. Мікалай II прывёз у Магілёўскую стаўку сына Аляксея. 

3 кастрычніка расійскі імператар Мікалай ІІ прыбыў у Стаўку з цэсарэвічам Аляксеем, праз дзень яны прымалі марш канвойных сотняў на Губернатарскай плошчы Могілёва.

Мікалай ІІ і цэсарэвіч Аляксей

1941 год. Масавае забойства вязняў магілёўскага гета. 

3 кастрычніка акупанты расстралялі 2208 яўрэяў на Машэкаўскіх (Яўрэйскіх) могілках. Гэта была другая фаза ліквідацыі гета (першая – 2 кастрычніка). Сёння на гэтым месцы – мемарыяльнае пахаванне «Магіла ахвяр фашызму».

Помнік на Машэкаўскіх могілках

1946 год. У вёсцы Міхайлавічы Горацкага раёна нарадзіўся медык Леанід Цітоў 

Вучоны ў галіне медыцынскай мікрабіялогіі і імуналогіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, замежны член Расійскай акадэміі медыцынскіх навук, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002).

Леанід Цітоў

2017 год. На “Белшыне” выпусцілі самую вялікую шыну ў сваёй гісторыі – грузападымальнасцю больш за 100 т. 

Новая шына з пасадачным дыяметрам 63 цалі, вышынёй больш за 4 м і вагой 5,7 т. Яна прызначана для кар’ерных самазвалаў, якія эксплуатуюцца ў горнаруднай прамысловасці пры тэмпературы навакольнага асяроддзя ад мінус 55. Малюнак пратэктара кар’ернага тыпу дазваляе забяспечыць максімальны кантакт з дарогай і раўнамернае размеркаванне кантактных ціскаў, зніжэнне цеплаўтварэння і зносу пратэктара.

Шына