Дзень у гісторыі. 25 лютага. Кольт усіх ураўняў. Першая беларуская вечарынка. Выкрыццё культу асобы. Выбарчы мітынг БНФ. Нарадзіліся піянер фатаграфіі Р. Міранскі, паэт А. Пісьмянкоў

1836 год. Сэмюэл Кольт атрымаў у ЗША першы патэнт на аўтаматычны рэвальвер.

Гэта быў 6-зарадны рэвальвер 45-га калібра, хуткастрэльнасць якога ў пяць разоў перавышала хуткастрэльнасць “папярэднікаў”. Праз 10 дзён Кольт адчыніў уласную вытворчасць.

Інавацыя Кольта заключалася ў тым, што ён “укараніў” у рэвальвер сістэму вярчэння барабана, які па чарзе падстаўляў пад баёк некалькі загадзя зараджаных патронаў.

“Аўраам Лінкальн даў людзям свабоду, а палкоўнік Кольт зраўнаваў іх шанцы”.

1875 год. Нарадзіўся Рыгор Міранскі.

Беларускі майстар мастацкай фатаграфіі, адзін з піянераў беларускай мастацкай фатаграфіі, першых фотарэпарцёраў Мінска, служачы пажарнай аховы. 

Яго творчасць – частка культурнай спадчыны Беларусі. «Ганаровы патомны грамадзянін Мінска» (1913).

Быў уладальнікам фотаатэлье ў цэнтры Мінска, Слуцку. Служыў у пажарнай ахове шэраговым, начальнікам атрада трубнікаў.

Экспанаваў фатаграфіі прафесійнай тэматыцы ў Пецярбургу, Зальцбургу.

У савецкі час працаваў намеснікам старшыні праўлення Мінскага добраахвотнага пажарнага таварыства.

Працаваў у жанрах партрэта, пейзажа, архітэктурнай фатаграфіі, фотарэпартажа.

Зрабіў шмат фотавыяў гарадской забудовы Мінска, выканаў серыю твораў з выявамі разбураных падчас польскай акупацыі будынкаў у беларускіх гарадах і мястэчках.

Яго фатаграфіі выкарыстоўваліся для вытворчасці паштовак, якія выходзілі серыямі з некалькіх дзясяткаў сюжэтаў.

Фатаграфічныя творы знаходзяцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, музеі Максіма Багдановіча ў Гродна, у прыватных зборах.

Памёр пасля 1926 года.

1879 год. Нарадзіўся Гасан Канапацкі.

Беларускі ваенны і нацыянальны дзеяч, палкоўнік, камандзір беларускіх ваенных часцей ў польскім войску (1919–1921).

Паходзіў з шляхецкага роду татарскага паходжання.

Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Пецярбургскую артылерыйскую школу. Служыў у Мінску, на Далёкім Усходзе, Калузе. Удзельнічаў ва ўсіх трох галоўных сухапутных бітвах руска-японскай вайны, у Першай сусветнай вайне, палкоўнік. За гераізм стаў уладальнікам ўсіх асноўных обер-афіцэрскіх ордэнаў таго часу.

У верасня 1919 года кіраваў вайсковым аддзелам Беларускай вайсковай камісіі. Браў актыўны ўдзел у беларускім руху, кіраваў рэдакцыяй часопіса «Беларускі радны».

У 1941–1943 гадах быў старшынёй бацькоўскага камітэта Віленскай беларускай гімназіі, пісаў фельетоны ў «Беларускі голас».

У чэрвені 1946 года разам з сям’ёй выехаў у польскі Быдгашч, дзе і памёр 11 мая 1953 года.

1909 год. Нарадзіўся Сяргей Дарожны.

Беларускі паэт, грамадскі і культурны дзеяч.

Выхоўваўся ў Мазырскім дзіцячым доме, бо застаўся без бацькі – аднаго з паплечнікаў Булак-Балаховіча.

Аўтар вершаў, кніг паэзіі. Член літаб’яднанняў «Маладняк»,  «Узвышша». Выключаўся з БДУ «за сокрытие социального происхождения» свайго бацькі, але пазней аднавіўся.

Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, часопісаў, на радыё, адкуль быў звольнены за «сістэматычнае працягванне ў сваіх літаратурных перадачах нацдэмаўскіх установак.., паклёп на палітыку партыі на вёсцы».

Арыштаваны ДПУ у жніўні 1936 года, асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі за быццам бы падрыхтоўку замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М. Гікалу. 

Загінуў 19 ліпеня 1943 года ў ГУЛАГу на будаўніцтве Камсамольска-на-Амуры.

Злева направа: В. Казлоўскі, М. Лужанін, С. Дарожны, Сімеіз, Крым, 1929

1910 год. Адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні. 

Праходзіла ў клубе чыгуначнікаў. Мела значны грамадскі рэзананс, садзейнічала развіццю беларускага прафесійнага і аматарскага тэатральнага мастацтва.

Арганізавана А. Бурбісам пры падтрымцы рэдакцыі газеты «Наша ніва». Удзельнічала каля 100 чалавек, прысутнічала каля 1 000 гледачоў. 

У праграме спектакль «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага (пастаноўка А. Бурбіса), харавыя творы «А хто там ідзе?» (музыка Л. Рагоўскага на словы Я. Купалы), «Чаму ж мне не пець» і іншыя беларускія народныя песні (дырыжор Л. Рагоўскі), народныя танцы пад кіраўніцтвам І. Буйніцкага, якія мелі каласальны поспех.

І. Буйніцкі з дачкой Вандай у час выступлення на вечарынцы

1935 год. Нарадзіўся Генадзь Лыч.  

Вучоны ў галіне эканомікі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі беларускі вучоны ў галіне эканомікі, публіцыст. Акадэмік акадэміі навук, доктар эканамічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў у сістэме Мінлясгаса БССР, Мінвадгаса СССР, першым намеснікам дырэктара БелНДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі Дзяржаграпрома БССР, дырэктарам Інстытута эканомікі Акадэміі навук, акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, у Інстытуце сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі.

Аўтар больш за 360 навуковых прац, у тым ліку 17 манаграфій.

Прымаў удзел у правядзенні фундаментальных эканамічных даследаванняў па сацыяльна-эканамічных праблемах забеспячэння экалагічнай бяспекі жыццядзейнасці грамадства, у тым ліку мінімізацыі негатыўных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

З 2009 г. займаўся даследаваннем праблем аграрнай эканомікі.

1947 год. Нарадзіўся Яўген Шатохін.

Беларускі мастак, педагог, грамадскі дзеяч. Ганаровы грамадзянін французскага горада Альбер. Уваходзіў у мастацкую суполку «Пагоня», член сейма БНФ «Адраджэнне».

Заснавальнік і дырэктар (1988-1997) дзіцячай школы выяўленчага мастацтва ў г. Пінску. Звольнены па палітычных матывах.

Аўтар шматлікіх акварэляў, малюнкаў, афортаў, літаграфій, у тым ліку «Сцяжынкі Язэпа Драздовіча», «Неба і зямля Фердынанда Рушчыца», «Маўклівыя сведкі. Прысьвячаецца 80 угодкам Слуцкага Збройнага Чыну», «Парыжскія масты», «Peronne – ville sur Somme», «Chemin de mémoire», «Землякі Васіля Быкава», «Цішыня ў Бычках», «Прыпяцкія сюжеты. Прысвячаецца У. Караткевічу», «Па слядах Напалеона Орды».

Узнагароджаны 6 медалямі і прызамі Францыі, медалём Беларускага Саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»,

Яго працы захоўваюцца ў музеях Мінска, Пінска, Брэста, Полацка, Нью-Ёрка, Кіева, Берліна, французскіх Санары-сюр-Мэр, Пероне, у Фондзе Міністэрства культуры Расіі, у прыватных зборах многіх еўрапейскіх краін, Паўднёвай Афрыкі, Егіпту, ЗША, Расіі.

Памёр 22 студзеня 2012 года ў Пінску.

У маі 2018 года Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Садружнасць Палесся» прапанавала ўладам Пінска і мясцоваму Савету дэпутатаў надаць імя Яўгена Шатохіна гарадской мастацкай школе. Ініцыятыва не атрымала падтрымку чыноўнікаў.

1953 год. Нарадзіўся Васіль Касцючэнка.

Беларускі мастак-жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Валагодскай карціннай галерэі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

Персанальныя выставы праходзілі ў шведскай Galleri Kretsen, у Вільнюсе, Гродна, Маскве, Мінску.

дырэктар Музею сучаснага мастацтва Н. Шаранговіч, В. Касцючэнка, Р. Несцераў

1956 год. Савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў выступіў з сенсацыйным дакладам “Аб кульце асобы і яго наступствах”. 

Чатырохгадзінны выступ адбыўся на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС, аб’яўленая праграма якога была ўжо вычарпана.

У пачатку сакавіка даклад быў разасланы ў партыйныя арганізацыі ў выглядзе брашуры з грыфам “не для друку”: меркавалася, што з яго зместам азнаёмяцца толькі камуністы. Аднак ужо 16 сакавіка змест “сакрэтнага” дакладу пераказала “Нью-Ёрк Таймс”, а 4 чэрвеня яго поўны тэкст апублікаваў дзярждэпартамент ЗША – праўда, СССР не прызнаў сапраўднасць гэтага тэксту.

У СССР даклад Хрушчова быў упершыню адкрыта надрукаваны толькі праз 33 гады пасля таго, як ён прагучаў са з’ездаўскай трыбуны, у 1989 годзе, а ў эйфарычную эпоху гарбачоўскай галоснасці яго апублікаваў часопіс “Известия ЦК КПСС”.

1957 год. У в. Іванаўка Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Алесь Пісьмянкоў.

Беларускі паэт, эсэіст.

Працаваў у касцюковіцкай раённай газеце «Сцяг камунізму», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Вожык», сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР.

Аўтар вершаў, шэрагу кніг паэзіі, кніг для дзяцей, сатырычных твораў, нарысаў, эсэ, перакладаў. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку.

Па словах прафесара А. Бельскага, А. Пісьмянкоў з’яўляецца „паэтам лірыка-рамантычнага светаўспрымання“, які вызначаўся надзіва гарманічным спалучэннем адкрытай пачуццёвасці і спакойнага глыбокага роздуму».

Галоўны герой паэта – беларус, які мае трывалую культурна-гістарычную памяць, які адчувае сябе на зямлі продкаў паўнакроўна і надзейна, які ганарыцца прыналежнасцю да зямлі Беларусі.

Па меркаваннях крытыка В. Русілкі “…для А. Пісьмянкова паэзія была не прафесіяй, а спосабам жыцця, мыслення, абсалютна арганічнай формай самавыражэння і самарэалізацыі”.

Неаднаразова выступаў з вершамі на розных пляцоўкаў у Магілёве.

Памёр 23 красавіка 2004 года ў Мінску на працоўным месцы ад сардэчнага прыступу.

1959 год. Памёр Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог. 

Аўтар эскіза сучаснага бел–чырвона–белага сцяга.

У 1912 годзе далучыўся да беларускага руху, іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Я. Купалы. Калі вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце быў актывістам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта.

Працаваў у Белнацкаме, у Віленскай беларускай радзе, старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай вайсковай камісіі, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі.

Эміграваў у Літоўскую рэспубліку (Каўнас), дзе працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, інжынерам-будаўніком. Адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства, выдавец часопісаў «Беларускі сцяг», «Крывіч», «Беларускі асяродак». 

Апрацаваў разам з В. Ластоўскім, Т. Іваноўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.

Быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі (1940–1941). Быў вызвалены з турмы пасля захопу немцамі Коўна.

У жніўні 1943 года арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонкай за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцлагер. Праз заступніцтва сяброў вызвалены праз 4 месяцы.

У 1944–1946 гадах – дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта, загадчык кафедры гісторыі архітэктуры. Аўтар дзясяткаў будынкаў у Каўнасе, Панявежысе, Клайпедзе, Шаўляі.

Апрыштоўваўся савецкімі ўладамі і знаходзіўся пад следствам (1946–1947, 1952). У 1952 годзе асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст. Датэрмінова вызвалены ў 1955 годзе.

1960 год. Пайшла з жыцця Уладзіслава Луцэвіч (Станкевіч).

Беларуская літаратуразнаўца, стваральніца музэю Я.Купалы, жонка Янкі Купалы (з 1916 года). Заслужаны дзеяч культуры.

Скончыла Віленскую гімназію, педагагічныя курсы ў Варшаве. Працавала выхавацелькай дзіцячага прытулку ў Вільні. Разам з Алаізай Пашкевіч стварыла некалькі нелегальных беларускіх школ.

За рэвалюцыйную дзейнасць двойчы прыцягвалася да суда. Прапагандавала беларускую літаратуру, друкавала вершы ў «Нашай ніве».

3а савецкім часам працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацелькай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё.

Стваральніца і дырэктар (1944–1960) Літаратурнага музея Янкі Купалы.

Складальніца зборнікаў матэрыялаў пра жыццё і творчасць Янкі Купалы «Янка Купала», «Любімы паэт беларускага народа», «Янка Купала ў беларускім мастацтве», «Бібліяграфія твораў Янкі Купалы». 

Аўтарка артыкулаў і ўспамінаў пра Янку Купалу, успамінаў пра Зм. Бядулю, Цётку. Сабрала і апрацавала «Народныя дзіцячыя песенькі», склала «Дашкольны спеўнік», «Зборнік вершаў для дашкольных устаноў» і «Для маленькіх», апрацоўвала народныя казкі.

1990 год. На плошчы Леніна ў Мінску адбыўся выбарчы мітынг Беларускага Народнага Фронта. 

У ім бралі ўдзел да 100 000 чалавек. Мітынг закончыўся паходам да будынка рэспубліканскага тэлебачання, кіраўніцтва якога па патрабаванні мітынгоўцаў прадаставіла прамы эфір лідарам Фронту. 

Аднак апарат КПБ(б) кантраляваў выбарчыя камісіі і афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі. Камуністычная партыя, адміністрацыйныя структуры вялі кампанію, скіраваную супраць кандыдатаў, якіх падтрымліваў БНФ. Кандыдаты ад Беларускага дэмакратычнага блока вылучаліся ў 150 акругах з 310, з іх сталі дэпутатамі 60 чалавек.

Дзень у гісторыі. 19 снежня. Мікола зімовы. Першая згадка пра казакаў. Нарадзіліся Леанід Брэжнеў, Валянціна Лемцюгова. Чацвёртыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі

Міжнародны дзень дапамогі бедным (International Day to Assist the Poor, з 1995 года). 

Устаноўлены ААН. Амаль кожны чацвёрты жыхар Зямлі цягне жабрацкае існаванне. У сувязі з гэтым ААН прынята некалькі праграм, якія ставяць за мэту выкараненне галечы.

Першыя праграмы па ліквідацыі галечы пачалі дзейнічаць у пачатку 2000 года, аднак пакуль колькасць тых, хто жыве за рысай беднасці, не змяншаецца.

ААН разглядае беднасць як “стан працяглай вымушанай адсутнасці неабходных рэсурсаў для забеспячэння здавальняючага ладу жыцця”. Беднасць азначае не толькі недахоп грошай, але і адсутнасць годнай працы, зручнага жылля, доступу да добрай адукацыі і аховы здароўя. Праблема беднасці актуальная і для Беларусі – самай беднай краіны Еўропы, разам з Малдовай і Украінай, у якой ідзе вайна, але гэта не прызнаецца тут на афіцыйным узроўні.

Памагаты сіратам і бедным – Святы Мікалай.

Мікола зімовы (праваслаўны каляндар)

«Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Да Міколы няма зімы ніколі». Праўда, надвор’е не заўсёды слухалася ўлюбёнага народам святога, таму казалі яшчэ і так: «Ніводнаму Міколу ня вер ніколі».

На Беларусі Мікола самы любімы і народны святы: Мікалай Цудатворац, Мікалай Угоднік, Свяціцель Мікалай.  

Мікалай шанаваўся як хуткі памагаты маракам, падарожнікам, купцам, несправядліва асуджаным і дзецям. На Захадзе Святы Мікалай  трансфармаваўся ў Санта-Клаўса.

Дзень святога Мікалая – свята, якое з нецярпеннем чакаюць дзеці, бо ў ноч з 18 на 19 снежня яны абавязкова знойдуць пад падушкай салодкія падарункі, доўгачаканую цацку, адзенне, гульню, білет на забаўляльнае мерапрыемства, кнігу.

Здаўна лічылася, што пасля 19 снежня пачынаюцца моцныя маразы. У гэты дзень абавязкова трэба запальць свечку на добры ўраджай у наступным годзе, памаліцца аб здароўі дзяцей, дапамозе ў дарозе і падарожжы, дабрабыце, дапамозе сіротам і бедным, вылячэнні ад хвароб.

Гаспадыні пяклі пірагі, накрывалі святочныя сталы і запрашалі суседзяў у госці, каб разам адзначаць свята.

Галоўнае ў Дзень Мікалая неабходна быць у добрым здароўі і добрым настроі, ні ў якім разе не лаяцца, а толькі цешыцца і дзякаваць святому за тое, што адбываецца ў вашым жыцці.

1492 год. У лісце літоўскага князя Аляксандра крымскаму хану Менглі Гірэю ўпершыню змяшчаецца пісьмовая згадка аб казаках.

Казакоў як асобны субэтнас вылучаў Леў Гумілёў. У склад казакоў у бытнасць іх саслоўем уваходзілі і групы беларусаў, паўднёвых славян, грэкаў, асецін, татараў, мардвы-эрзя, башкір, калмыкаў, бурат і іншых народаў – у Расійскай імперыі ўсе прадстаўнікі сярэднявечных воінскіх саслоўяў залічваліся ў казакі. У выпадку з беларусамі гэта былі служылых сяляне – панцырныя баяры і інш.

Упершыню слова «казак» у значэнні «вартаўнік» сустракаецца ў перакладным слоўніку куманскай (старакыпчацкай) мовы ў 1303 годзе.

Казак: 1) цюркскае, «вольны качэўнік, вольны чалавек, валацуга», той жа этымалогіі, што і этнонім казах. 2) мангольскае: “ко/ка” – “браня” і “зах” – “рубеж”. Ва Ўсходняй Еўропе да канца XVIII стагоддзя мелі назву таксама чаркасы.

Рускі ўрад часта выкарыстоўваў казакоў для сваіх мэт супраць ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Напрыклад, у 1654 годзе рускія даручылі магілёўскаму шляхціцу К. Паклонскаму стварыць беларускі казацкі полк у Радамскім замку з беларускай шляхты, гараджан і сялян Магілёўскага, Мсціслаўскага і Чавускага паветаў (каля 6 000 чалавек). Палкоўнік Паклонскі па ўзяцці Магілёва абрабаваў яго, зншчыў амаль усё габрэйскае насельніцтва. Па легендзе, удалося выратавацца толькі адной пары, ад якой і працягнулася яўрэйскае насельніцтва горада. А самы першы ў гісторыі габрэйскі пагром у Магілёве зладзілі казакі С. Налівайкі ў 1595 годзе.

1906 год. Нарадзіўся Леанід Брэжнеў. 

Кіраўнік СССР (1964-1982), Генеральны Сакратар КПСС (1966-1982) і Старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР (1960-1964, 1977-1982).

Чатырохразовы Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Парада Перамогі. Маршал Савецкага Саюза.

Меў 117 савецкіх і замежных узнагарод, у тым ліку вышэйшага ваеннага ордэна “Перамога” (за подпісам Старшыні Вярхоўнага Савета М. Гарбачова).

Пасля сканчэння Курскага земляўпарадкавальна-меліяратыўнага тэхнікума (1927), працаваў у Коханаўскім раёне Аршанскай акругі (зараз – в. Багданаўка Талачынскага раёна).

Памёр 10 лістапада 1982 года.

1906 год. У Клімавічах нарадзіўся Мікалай Клаўс. 

Беларускі  дырыжор, кампазітар і піяніст.

Падчас вучобы ў музычным тіэхнікуме займаўся ледзь не па 24 гадзіны ў суткі. Як піяніст-канцартмайстар быў запрошаны ў беларускую оперную студыю, працаваў са спеваком, зоркай Вялікага імператарскага тэатра А. Баначычам, з заснавальнікам опернага тэатра І. Гітгарцам, зрабіў запісы на грампласцінкі з цымбалістам І. Жыновічам.

У 1939-1941 гадах з’яўляўся галоўным дырыжорам сімфанічнага аркестра Усебеларускага радыёкамітэта. Пад яго кіраўніцтвам ставіліся і агучваліся ў жывым эфіры буйнейшыя музыкальна-сцэнічныя творы.

Еўрапейскай знакамітасцю яго зрабіла аўтарства музыкі да першай дзіцячай оперы па казцы Г. Андэрсена «Салавей». 

У вайну не здолеў эвакуіравацца з Мінска і працаваў дырыжорам сімфанічнага аркестра гарадскога тэатра, паставіў оперы «Вяселле Фігара», «Кармэн», «Севільскі цырульнік», «Цыганскі барон». Ратаваў яўрэяў з гета, прыкрываў аркестрантаў, якія былі звязаны з падполлем.

У 1948 годзе быў арыштаваны, прыгавораны  да расстрэлу, які заменены на 25 год лагераў. У лагеры сачыняў музыку, аднавіў па памяці шматлікія творы, партытуру оперы Лысенкі «Наталка-полтавка» і сіламі зняволеных у 1950 годзе паставіў яе.

Пасля вызвалення працаваў у Рэспубліцы Комі галоўным дырыжорам тэатра, потым 30 год працаваў канцэртмайстрам ў калужскай філармоніі. Пад канец жыцця канчаткова аслеп.

Памёр ў 2001 годзе.

1934 год. Нарадзіўся Аляксей Мікуліч. 

Беларускі антраполаг. Доктар біялагічных навук

Скончыў Мінскі медыцынскі інстытут. Працаваў у Міністэрстве сацыяльнага забеспячэння БССР, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі.

Вывучаў заканамернасць зменлівасці генетыка-антрапалагічных і адаптыўных тыпаў, генадэмаграфічных працэсаў сярод насельніцтва Беларусі і сумежных тэрыторый.

Адзін з аўтараў прац «Нарысы па антрапалогіі Беларусі», «Антрапалогія Беларускага Палесся», «Біялагічнае і сацыяльнае у фарміраванні антрапалагічных асаблівасцяў», «Спадчынныя і сацыяльна-гігіенічныя фактары даўгалецця».

Аўтар працы “Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу” (2005).

Памёр 12 студзеня 2021 года.

1935 год. Нарадзілася Валянціна Лемцюгова. 

Беларуская мовазнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар. Выхоўвалася на Чавушчыне.

Працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі, членам Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі,  анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Узначальвала анамастычную школу ў Беларусі.

Абаронца беларускай тапанімікі, адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, згодна з якім спачатку назва даецца на беларускай мове, а таксама традыцыйную беларускую лацінку, супраць якой (транслітэрацыя) стаў выступаць адзін магілёўскі чыноўнік у снежні гэтага года.

Аўтар манаграфіі «Беларуская айканімія», у якой даследавала працэс узнікненьня і эвалюцыйнага развіцьця беларускіх назваў населеных пунктаў (4 тысячы айконімаў), «Усходнеславянская айканімія апэлятыўнага паходжання». Пад яе кіраўніцтвам, удзеле створаны «Спіс населеных месцаў Расейскай імпэрыі» (44 тамы), «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», нарматыўны даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах па абласцях і іншыя.

Памерла 3 сакавіка 2018 года.

1989 год. Памёр Кірыл Мазураў. 

Беларускі савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Першы сакратар ЦК КПБ (1956-1965), Першы намеснік Старшыні Савета Міністраў СССР (1965-1978). Герой сацыялістычнай працы.

Стваральнік камсамольскага падполля на тэрыторыі Беларусі падчас вайны, удзельнік партызанскуга руху.

Пасля вайны ўзначальваў ЦК ЛКСМБ, працаваў першым сакратаром Мінскага гаркама, абкама партыі.

Пасля смерці Сталіна быў старшынёй Савета міністраў БССР (1953-1956).

З імем Мазурава звязаны шматлікія поспехі беларускага народу ў развіцці эканомікі, навукі і культуры, рэабілітацыя рэпрэсаваных. Стаў праваабаронцай незаслужана абгавораных падпольшчыкаў. Былі пабудаваны Наваполацкія нафтаперапрацоўчы завод і хімкамбінат «Палімір». Намагаўся аднавіць беларусізацыю.

У гонар Мазурава усталяваны мемарыяльныя шыльды ў Мінску (К. Маркса, 36), названы вуліцы ў Мінску і Гомеле.

Фота: Мурал у Гомеле

2008 год. Памерла Ніна Мацяш. 

Беларуская паэтэса і перакладчыца

Працавала выкладчыцай нямецкай мовы ў Белаазёрску.

Аўтар вершаў, паэм, зборнікаў паэзіі і казак, п’ес для тэатра лялек «Прыгоды трох парасят» (пастаўлена ў 1976), «Крок у бессмяротнасць» (пастаўлена ў 1977), тэлесцэнараў пра творчасць В. Бялыніцкага-Бірулі, Р. Кента.

Перакладала з нямецкай, польскай, французскай.

Лаўрэат Літаратурных прэмій імя А. Куляшова, імя У. Калесніка, прэміі Усебеларускага фестывалю моладзі

2010 год. Чацвёртыя Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Жорсткі разгон акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый. 

На  выбары былі высунуты 19 кандыдатаў, удзельнічала 10, у тым ліку Р. Кастусёў, У. Няклаеў, А. Саннікаў, М. Статкевіч – найбольшая колькасць кандыдатаў за ўсю гісторыю беларускіх выбараў.

Пасля агалошання папярэдніх вынікаў (паводле афіцыйных крыніц перамог А. Лукашэнка з 83% галасоў, паводле расійскага Агенцтва эфектыўных камунікацый «Inside» за Лукашэнку прагаласавалі 37,8%) прыхільнікі апазіцыйных кандыдатаў сабраліся на мітынг на плошчы Незалежнасці. 

Пасля нападаў і збівання мітынгоўцаў міліцыяй, большасць удзельнікаў пакінула плошчу. Каля 5 тысяч з іх засталіся, разам з Саннікавым і Рымашэўскім. Апоўначы і яны былі разагнаны сілавікамі. 

Былі затрыманы Кастусёў, Міхалевіч, Някляеў, Рымашэўскі, Саннікаў, Статкевіч, Вус і іншыя – усяго 639 асоб. 

Былі асуджаныя кандыдаты ў прэзідэнты У. Някляеў, А. Саннікаў, М. Статкевіч, Дз. Вус, В. Рымашэўскі да пазбаўлення волі на розныя тэрміны ад 2 да 6 гадоў.

Фота: Мінск, 19 снежня 2010

Навіны Клайпеды. Тарыфы на цяпло амаль як у Беларусі, “рускія” партыі сыходзяць з палітыкі

Кошты на ацяпленне у Клайпедзе і прыгарадзе Гарджай ў снежні застануцца лістападаўскія – заявілі ў АТ «Клайпедас энергія». Праўда, у параўнанні са снежнем 2021 года тарыфы выраслі больш чым на 50%.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

У снежні спажыўцам давядзецца плаціць у сярэднім 8,87 эўрацэнтаў/кВтч. У лістападзе паслуга абыходзілася ў 8,59 цэнта/кВтч. У Беларусі – каля 9 цэнтаў.

Прадпрыемства “Грэн Клайпеда” 60% выпрацоўваемага цяпла будзе пастаўляць у размеркавальныя сеткі для спажывання па 3,86 эўрацэнтаў/кВт, астатнюю частку – па 5,77 эўрацэнтаў/кВтч. Справа ў тым, што нядаўна ўступіла ў сілу новаўвядзенне, якое дазваляе незалежным вытворцам прапаноўваць некалькі тарыфаў.

«Клайпедас медыена» прапануе цяплаэнергію па 5,7 эўрацэнтаў/кВтч, «Клайпедас балдай» –  па 5,99 эўрацэнтаў/кВтч, «Праманес энергія» па 6,09 і 6,13 эўрацэнтаў / кВтч.

Самы дарагі вытворца – біяпаліўнае прадпрыемства “Клайпедас энергія” – 6,15 эўрацэнтаў / кВтч. 

“Рускі альянс” больш не будзе ўдзельнічаць у выбарах і не будзе вылучаць сваіх кандыдатаў на выбарах мэра і Гарадской рады ў Клайпедзе ў сакавіку 2023 года. Пра гэта заявіла кіраўніца партыі Тамара Лаханкіна.

На пытанне, ці не ставіцца такім чынам “крыж” над “труною” партыі, адказала: “Адназначна, так!”.

Паводле яе слоў, калі 20 гадоў таму партыя стваралася, быў “іншы настрой”. «Цяпер мы адчуваем сябе крыху стомленымі, нам няма чаго прапанаваць моладзі».

Тамара Лаханкіна

Т. Лаханкіна расказала, што ў іх ніколі не было моцнага фінансавага тылу, але яны прадстаўлялі сваіх выбаршчыкаў у Гарадской радзе і радаваліся дасягнутымі мэтамі.

Па дадзеных выдання “Атвіра Клайпеда”, на рашэнне не ўдзельнічаць у муніцыпальных выбарах таксама таксама паўплывала і расійская агрэсія ва Украіне: на думку членаў партыі, у кантэксце гэтай вайны назва са словам “рускі” на выбарах можа выклікаць дадатковае напружанне. А гэтага, як яны сцвярджаюць, у нашым грамадстве зусім не трэба.

У 2021 годзе ў «Рускім альянсе» складалася 2016 чальцоў.

Акрамя гэтай партыі, больш радыкальныя рускамоўныя Клайпеды аб’яднаны вакол грамадскага выбарчага камітэта “Цітоў і справядлівасць”. В. Цітоў дапамагае Альгірдасу Палецкісу, які прызнаны судом у 2021 годзе вінаватым у шпіянажы на карысць Расіі, ствараць новую партыю. Таксама існуе грамадскі рух «Узыход Справядлівасці», які аб’ядноўвае левых радыкалаў.

Яшчэ адна арганізацыя “Рускамоўная Клайпеда – Rusakalbė Klaipėda” яшчэ вясной гэтага года заявіла, што з’яўляецца грамадскай і палітыкай не займаецца.

Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

Пераможца на выбарах у ЗША пакуль невядомы, а прайграўшы ёсць – гэта Трамп

Традыцыйнага абвалу партыі, якая перамагла на прэзідэнцкіх выбарах, на першых парламенцкіх пасля – не адбылося, піша Guardian.

Трамперы дрэнна ішлі ў штатах, якія вагаюцца, а Байдэн перакуліў гістарычную тэндэнцыю і пазбег цяжкіх паражэнняў падчас свайго першага тэрміну – лічыць аналітык Джонатан Фрыдланд. А прайграў … Дональд Трамп. Асоба пераможцаў прамежкавых выбараў у Амерыцы была невядомая раніцай пасля вечара напярэдадні – нават у абедзенны час у сераду тэлевядучыя не маглі сказаць сваёй аўдыторыі, дэмакраты ці рэспубліканцы будуць кантраляваць Палату прадстаўнікоў або Сенат. Але не было такой двухсэнсоўнасці адносна лёсу чалавека, які працягвае навісаць над палітыкай ЗША, нават праз два гады пасля яго выдалення з Белага дома. Трамп атрымаў па зубах.

Праўду кажучы, былы прэзідэнт хацеў, каб гэтыя выбары былі прысвечаны толькі яму. Яго мітынгі, намінальна арганізаваныя для павышэння падтрымкі кандыдатаў-рэспубліканцаў, у якім бы штаце ён ні быў, замест гэтага былі моцна засяроджаны на ім самім. Напрыклад, на мерапрыемстве пад адкрытым небам у Латробе, штат Пенсільванія, у суботу ўвечары, ён толькі мімалётна казаў пра людзей, якія балаціруюцца на пасаду губернатара ці сенатара, прысвяціўшы большую частку сваёй двухгадзіннай прамовы паўторнаму аспрэчванню мінулага – настойваючы, насуперак усім доказам, што ў яго скралі выбары 2020 года – або намякаючы на ​​слаўную будучыню, распавядаючы пра свае перспектывы зноў заняць пасаду прэзідэнта ў 2024 годзе.

Калі ён праецыраваў дыяграмы на гіганцкія экраны, графіка не тлумачыла, чаму дэмакраты заслугоўваюць страты большасці ў Кангрэсе, і тым больш не прапаноўвала палітычныя меры супраць таго, як рэспубліканцы будуць змагацца з інфляцыяй ці злачыннасцю. Не, яны прадэманстравалі серыю апытанняў грамадскай думкі, кожнае з якіх пацвярджала, што Трамп застаецца фаварытам вернікаў-рэспубліканцаў, апярэджваючы любога патэнцыйнага суперніка.

Як аказалася, фірмовы нарцысізм экс-прэзідэнта быў не такім ужо і шырокім. У пэўным сэнсе прамежкавыя выбары 2022 года сапраўды былі прысвечаны яму – толькі не так, як ён спадзяваўся.

Трамп, як і многія іншыя, меркаваў, што ў аўторак па Амерыцы пракаціцца чырвоная хваля (чырвоны – колер рэспубліканскай партыі, а сіні – дэмакратычнай – заўв. перакл.), якая вымятае дэмакратаў з абедзвюх палат Кангрэса, разбураючы блакітныя цытадэлі ў самых нечаканых месцах: у апошнія выходныя ў самых высокіх раёнах была дастатковая паніка Дэмакратычнай партыі, што і Джо Байдэн, і Хілары Клінтан былі накіраваныя ў Нью-Ёрк, адзін з самых блакітных штатаў у саюзе, каб падтрымаць губернатара, які раптоўна лічыўся ў напружанай гонцы. (Насамрэч, яна лёгка выйграла.)

Трамп быў гатовы ўзяць на сябе заслугі за бліскучую перамогу і атрымаць асалоду ад яе плёну. Ён з нецярпеннем чакаў рашучага захопу Палаты прадстаўнікоў рэспубліканцамі, у выніку якога расследаванне спробы паўстання 6 студзеня 2021 года пад кіраўніцтвам дэмакратаў будзе спынена, а яго месца зоймуць шматлікія расследаванні спраў сям’і Байдэнаў. Як сказаў мне на гэтым тыдні адзін дасведчаны дэмакрат: “Ён будзе чакаць, што Палата будзе працаваць як яго юрыдычная фірма”.

Але нават калі яго партыя атрымае канчатковую перамогу ў Кангрэсе, рэспубліканскага цунамі не было. «Безумоўна, гэта не рэспубліканская хваля, гэта дакладна», – прызнаў сенатар і нястомны падхалім Трампа Ліндсі Грэм.

Гэта нечаканасць, і не толькі таму, што яна перавярнула агульнапрынятае меркаванне Вашынгтона. Цяжкае паражэнне ў сярэднетэрміновай перспектыве для партыі дзеючага прэзідэнта, які быў на першым тэрміне, разглядаецца як норма, эфект маятніка, які практычна кіруецца законамі прыроды. Барак Абама страціў 63 месцы ў Палаце прадстаўнікоў у 2010 годзе, гэтак жа як Біл Клінтан страціў 52 месцы ў 1994 годзе. Сам Трамп страціў 40 месцаў у 2018 годзе. Тым не менш страты дэмакратаў на гэты раз будуць значна меншымі, нават у перыяд вялікіх эканамічных цяжкасцей і нізкіх рэйтынгаў прэзідэнта-дэмакрата. Як Байдэн змог супрацьстаяць гэтай гістарычнай тэндэнцыі? Адказ часткова палягае ў асобе Трампа.

Былы прэзідэнт удзельнічаў у шматлікіх конкурсах, падтрымліваючы кандыдатаў на этапе праймерыз, калі партыі выбіраюць сваіх сцяганосцаў. Пячатка адабрэння Трампа аказалася вырашальнай у некалькіх выпадках, але проста паглядзіце, як паказалі сябе фаварыты Трампа. Праўда, мемуарыст і венчурны капіталіст Дж. Д. Вэнс выйграў у цяпер цвёрда чырвоным Агаё, але ў штатах, якія вагаюцца, “трамперы” паказалі сябе дрэнна. Адмоўнік выбараў, які прысутнічаў падчас беспарадкаў на Капіталійскім пагорку 6 студзеня, быў пераможаны ў барацьбе за пасаду губернатара Пенсільваніі, у той час як тэледоктар Мехмет Оз, яшчэ адзін абраны Трампам, пацярпеў паразу ў гонцы ў Сенат ад дэмакрата Джона Фетэрмана – нават калі апошні сутыкнуўся з настойлівымі пытанняямі што да яго здольнасці служыць пасля цяжкага інсульту летам.

Мабыць, самым паказальным эфектам Трампа стала Джорджыя. Два чыноўнікі-рэспубліканцы, якія сталі агульнанацыянальна вядомымі, калі супрацьстаялі ціску Трампа, каб адмяніць падлік прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе ў іх штаце, былі камфортна пераабраны. Але Гершэль Уокер, выбраны Трампам для ўдзелу ў сенаце ў Джорджыі, быў на фотафінішы за гэтае важнае крэсла. А пераможца будзе вырашацца другім турам у наступным месяцы. Тым часам “трампер” у Нью-Гэмпшыры быў жорстка пераможаны, а іншы, Кары Лэйк, здавалася, адставаў у спаборніцтве, якое павінна было быць чыста выйгрышным у Арызоне.

Калі надышла серада раніцы, здавалася, вымалёўваецца заканамернасць. Нават журналісты Fox News цытавалі рэспубліканскія крыніцы, якія казалі ім: «Калі гэта было незразумела раней, гэта павінна быць цяпер. У нас праблема Трампа».

Справа была не толькі ў таленте Трампа выбіраць кандыдатаў-дафаў у штатах, дзе рэспубліканцы павінны былі выйграць (і ім трэба будзе перамагчы зноў у 2024 годзе). Гэта была трансфармацыя, якую ён зрабіў у самой Рэспубліканскай партыі. Большасць кандыдатаў ад Рэспубліканскай партыі паставілі пад сумнеў або наўпрост адмаўлялі легітымнасць выбараў 2020 года. Гэта дазволіла дэмакратам, пачынаючы з самога Байдэна, сцвярджаць, што, якія б крыўды ні былі ў выбаршчыкаў, звязаных з кіраваннем эканомікай партыі, яны павінны былі прагаласаваць за дэмакратаў, каб выратаваць дэмакратыю.

Дрэнныя лічбы апытанняў прымусілі некаторых задумацца, ці не было гэта памылковым паведамленнем, улічваючы заклапочанасць выбаршчыкаў ростам коштаў, але, здаецца, гэта прынесла дывідэнды. Разам з рэпрадуктыўнымі правамі, парушанымі летнім рашэннем Вярхоўнага суда аб спыненні канстытуцыйнай абароны абортаў, пагроза дэмакратыі выклікала сінюю яўку, здавалася б, ператварыўшы чырвоную хвалю ў чырвоную рабізну. Віна ці заслуга ў гэтым цалкам ускладаецца на Трампа, які зрабіў адмову ў выбарах рэспубліканскім веравызнаннем.

Усё гэта ўплывае на перспектывы Трампа на 2024 год, не ў апошнюю чаргу таму, што яго самы відавочны канкурэнт за намінацыю ад рэспубліканцаў, губернатар Фларыды Рон ДэСантыс, правёў такую ​​добрую ноч. ДэСантыс быў пераабраны ў сваім штаце, набраўшы вялікія лічбы ў гістарычна дэмакратычных акругах. На тым суботнім мітынгу ў Пенсільваніі Трамп здзекаваўся з губернатара, называючы яго «Ронам Дэсанктымёнісам» (не адна з яго лепшых варожых мянушак). Кантраст паміж гэтымі двума палітыкамі больш не ліслівы для Трампа, і пра гэта цвёрда выказаўся адзін высокапастаўлены рэспубліканец: «Адзіны хлопец, на якога [Трамп] напаў перад днём выбараў, быў ДэСантыс – відавочны пераможца. Між тым, усе яго хлопцы гадзяць у ложак». У Агаё, што дзіўна, Дж. Д. Вэнс нават не згадаў былога прэзідэнта ў сваёй пераможнай прамове.

Халодная, цвёрдая логіка дыктуе, што рэспубліканцы павінны адысці ад Трампа, чалавека, які цяпер тры разы запар прайграў – у 2018, 2020 і 2022 гадах (чатыры, калі ўключыць два другія туры сената Джорджыі ў студзені 2021 года). Але гэта будзе не проста. З аднаго боку, абаронцы Трампа могуць сцвярджаць, што ім лепш, калі яго імя ёсць у бюлетэнях для галасавання, чым калі яго няма – і гэта праўда, што рэспубліканцы атрымалі месцы ў Кангрэсе ў 2016 і 2020 гадах. Але ў пэўным сэнсе гэта падкрэслівае праблему. Таму што ў год, калі сам Трамп не з’яўляецца кандыдатам, напрыклад, у 2022, яго адсутнасць аслабляе жаданне адданых прыхільнікаў Трампа выйсці на выбары, у той час як яго навіслая прысутнасць на сцэне адштурхоўвае хісткіх выбаршчыкаў, якія вырашаюць выбары. Іншымі словамі, праблема рэспубліканцаў не толькі ў Трампе. Праблема – тое, што яны сталі партыяй Трампа.

Фота ўзята з адкрытых крыніц