Недалёкае замежжа. На сайце латвійскага прэзідэнта больш не будзе рускай мовы. У Літве абліваюць савецкія помнікі чырвонай фарбай

Так рэагуюць у гэтых краінах на вайну Расіі ва Украіне.

«Пытанне камунікацыі на рускай мове стала адчувальным».

Інфармацыя на сайце прэзідэнта Латвіі Эгіла Левітса будзе цяпер падавацца толькі на латышскай і англійскай мовах.

У Медыя-цэнтры Дзяржаўнай канцылярыі прэзідэнта тлумачаць, што пытанне камунікацыі дзяржаўнага кіравання на рускай мове ў сувязі з вайной Расіі ва Украіне стала вельмі адчувальным, таму было прынятае рашэнне прадастаўляць міжнароднай аўдыторыі інфармацыю толькі на англійскай мове.

g2.delphi.lv

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва Delfi, да раніцы 24 жніўня на сайце прэзідэнта рускамоўная версія была даступнай.

У Літве пачаўся інтэнсіўны перагляд і дэмантаж помнікаў савецкага часу. Іх сталі абліваць чырвонай фарбаю.

З пачаткам вайны Расіі ва Украіне ў многіх гарадах Літвы савецкія помнікі сталі абліваць чырвонай фарбай.

nedelia.lt

Апошні такі выпадак здарыўся ў мястэчку Цітувенай Кельмескага раёну. Паліцыя шукае зламыснікаў і пачата дасудовае расследаванне аб знішчэнні і псаванні маёмасці. Памер шкоды ўстанаўліваецца.

cdn.optipic.io

Калі выкрыюць парушальнікаў грамадскага парадку, то паводле Крымінальнага кодэксу, ім пагражае пакаранне ад грамадскіх працаў да пазбаўлення волі на два гады.

Па ўварванні Расіі ва Украіну ў Літве пачаўся інтэнсіўны перагляд і дэмантаж помнікаў савецкага часу, піша інфармацыйнае агенцтва Delfi. Паводле выдання гэта стала магчымым пасля лібералізацыі правілаў абыходжання з такімі помнікамі.

фота: yaplakal.com

Вайна ва Ўкраіне. 25 украінцаў загінула ад расійскага абстрэлу ў Днепрапятроўскай вобласьці

У пасёлку Чапліна з 25 загінулых – двое дзяцяй. Яшчэ 31 чалавек атрымаў раненні.

Пасёлак і чыгуначную станцыю Чапліна расіяне атакавалі 24 жніўня ўвечары. Ракеты пацэлілі ў дамы прыватнага сектару і вагоны.

images.unian.net

Апоўначы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў аб 22 загінулых, пяць з якіх згарэлі ў аўтамабілі. Таксама было адшуканае цела 11-гадовага хлопчыка, які знаходзіўся ў доме, куды трапіла расійская ракета. Раніцай стала вядома пра смерць 6-гадовага хлопчыка.

Блізу 10 гадзінаў паводле кіеўскага часу ратавальнікі завяршылі пошукавыя працы, піша інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

«У выніку абстрэлаў жылога сектара і чыгуначнай станцыі загінулі 25 чалавек, з іх двое – дзеці», – адзначае намеснік кіраўніка Офісу ўкраінскага прэзідэнта Кірыл Цімашэнка.

Па ягоных словах, у выніку расійскай атакі на Чапліна пацярпеў 31 чалавек.

images.unian.net

Украінскія спецслужбы і палітыкі неаднаразова папярэджвалі ўкраінцаў аб высокай пагрозе ракетных удараў расійскімі войскамі ў 31-ю гадавіну Незалежнасці Украіны. 24 жніўня па ўсёй тэрыторыі краіны раздаваліся паветраныя трывогі.

Расія апраўдвае абстрэл Чапліна тым, што там былі ўкраінскія вайскоўцы. Паводле тэлеграм-каналу «Минобороны России» у выніку ракетнай атакі «па воінскім эшалоне на чыгуначнай станцыі Чапліна ў Днепрапятроўскай вобласці знішчана звыш 200 вайскоўцаў рэзерву ВСУ і 10 адзінак ваеннай тэхнікі, якія напраўляліся ў зону баявых дзеянняў на Данбасе».

фота: unian.net

Навіны пабрацімаў. Дзень незалежнасці Ўкраіны больш за 300 жыхароў Мікалаева адзначаюць у шпіталях. Не абышлося без расійскіх атак

У лякарні людзі трапілі праз раненні, атрыманыя пад абстрэламі расійскіх войск. 7 чалавек, з іх двое дзяцей, трапілі ў шпіталь за апошні дзень.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


У мясцовых шпіталях на 24 жніўня перабывала 315 грамадзян. Яшчэ 77 пацярпелых атрымаюць медычную дапамогу амбулаторна.

Прамінулы дзень не абышоўся без абстрэлаў Мікалаеўскай вобласці. Былі атакаваныя паселішчы ў чатырох раёнах. Ракеты пацэлілі ў жылыя будынкі. У выніку раненні атрымалі 7 чалавек. З іх двое дзяцей, паведаміла старшыня абласнога савету Ганна Замазеева.

У Мікалаеўскай вобласці за апошні дзень расіяне нанеслі ўдары па 33 грамадзянскіх аб’ектах.

З пачатку расійскага поўнамаштабнага ўварвання ў Мікалаеўскай вобласці пашкоджана часткова або поўнасцю 9852 інфраструктурныя аб’екты. Найбольшых стратаў зазнаў жылы фонд, сістэма адукацыі, аховы здароўя ды ўстановы культуры, пішуць «Николаевские новости».

У Мікалаеўскай вобласці 12 найбуйнейшых прадпрыемстваў з-за ўварвання ва Украіну расійскіх войскаў спынілі працу, кажа кіраўнік Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім.

«Што тычыцца бізнесу, бізнес-актыўнасці і абаротных сродкаў, то ўсё вельмі дрэнна: не працуе вельмі шмат прадпрыемстваў, прынамсі, 12 найбуйнейшых, яны не працуюць», – цытуе яго выданне «Корабелов. инфо».


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Дзень у гісторыі: 24 жніўня. Дзень незалежнасці Украіны. Нарадзіліся: Янка Чарапук, Янка Раманоўскі, Ядвіга Грыгаровіч, Вячаслаў Яноўскі. Масавы рэлігійны гвалт у «Барталамееўскую ноч»

1991 год. Дзень незалежнасці Ўкраіны і 182-гі дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць яе.

Вярхоўная Рада Савецкай Украіны прыняла Акт аб сваёй незалежнасці.

24 лютага 2022 году Ўкрану атакавала Расія. Пачалася поўнамаштабная агрэсіі, якая трывае дагэтуль.

Ад расійскіх абстрэлаў загінула больш за 5 тысяч цывільнага насельніцтва. Блізу 10 мільёнаў украінцаў сталі бежанцамі. Разбураныя гарады і інфраструктура. Зафіксаваныя злачынствы расійскіх салдат супраць мірнага насельніцтва.

Сёлета не будзе парада ўкраінскай арміі. У цэнтры Кіева пакажуць «расійскую ваенную тэхніку», якую ўкраінскія вайскоўцы адбілі ў расіян за час вайны.

1572 год. Масавы рэлігійны гвалт гугенотаў у Францыі, учынены каталікамі (Барталамееўская ноч).

Загінула ад 5 да 30 тысячаў чалавек.

1896 год. Нарадзіўся Янка Чарапук (Янка Змагар).

Грамадска-палітычны дзеяч, дыпламат.

Стваральнік пецярбургскай культурна-асветнай арганізацыі «Вольныя беларусы». Член Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

3 1922 года актыўны дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША. Адзін з арганізатараў Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады.

1928 год. Нарадзіўся Янка Раманоўскі.

Мастак.

Аўтар партрэтаў вядомых беларускіх пісьменнікаў.

Першы беларускі мастак, які асвоіў новую тэхніку – афорт, і першы, хто стаў пісаць партрэты бацькоў, блізкіх сваякоў, сяброў Янкі Купалы, яго мастацкай спадчыны, купалаўскіх мясцін.

Рэдагаваў часопіс «Маладосць».

1946 год. Ядвіга Грыгаровіч.

Вучоны-педагог, дзяржаўны дзеяч. Доктар педагагічных навук, прафесар.

Ганаровы прафесар Сілезскага ўніверсітэту.

Працавала ў НДІ педагогікі, рэктарам Беларускага ўніверсітэту культуры.

Даследчыца праблем эстэтычнага выхавання моладзі, прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў да сацыякультурнай дзейнасці.

1957 год. Нарадзіўся Вячаслаў Яноўскі.

Баксёр. Ганаровы грамадзянін Віцебску.

Алімпійскі чэмпіён 1988 году.

За прафесійную кар’еру ў боксе мае 30 перамог, 1 нічыю і 1 паразу.

У 1998-2000 гадах быў прэзідэнтам Федэрацыі бокса Беларусі.

Яго імя прысвоена віцебскім баксёрскаму клубу і залі бокса.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.


 

У Расіі заявілі, што выкрытыя забойцы дачкі філосафа і палітолага Аляксандра Дугіна

Як сцвярджае Федэральная служба бяспекі, забойства Дар’і Дугінай учынілі спецслужбы Ўкраіны.

Паводле расійскіх спэцслужбістаў, устаноўленая выканаўца забойства – гэта грамадзянка Ўкраіны Наталля Воўк.

У ФСБ лічаць, што Воўк разам з 12-гадовай дачкой прыехала ў Расію 23 ліпеня і здымала кватэру ў доме, дзе жыла Дугіна, каб збіраць інфармацыю пра яе, піша інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости», спасылаючыся на цэнтр грамадскіх сувязяў ФСБ.

Па ўчыненні злачынства Воўк разам з дачкой выехала праз Пскоўскую вобласць у Эстонію, гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Дар’я Дугіна загінула ўвечары 20 жніўня, пісаў Магілёў.media.

Яна знаходзілася за рулём аўтамабіля, які быў, паводле сьледства, узарваны з дапамогай дыстанцыйнага прыстасавання ў Падмаскоўі. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкулу «Забойства, здзейсненае агульна небяспечным спосабам».

21 жніўня Ўкраіна заявіла, што не мае дачынення да падрыву машыны Дугінай.

У эфіры нацыянальнага тэлемарафону дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта краіны Міхаіл Падаляк заявіў, што «Украіна, безумоўна, да гэтага не мае дачынення, таму што мы не крымінальная дзяржава, якой зʼяўляецца Расійская Федэрацыя, і тым больш не тэрарыстычная дзяржава».

На думку Падаляка, забойства Дугінай сведчыць аб барацьбе за ўладу і ўплыў розных груповак унутры Расіі, і расійскія ўлады будуць выкарыстоўваць яго, каб павелічыць «ідэалагічны інфармацыйны ціск» на расійскае грамадства для павышэння градуса нянавісці да Украіны і радыкалізацыі ўнутранага палітычнага дыскурсу.


Дар’я Дугіна нарадзілася ў 1992 годзе. Скончыла філасофскі факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту і працавала палітычным аглядальнікам Міжнароднага еўразійскага руху. У ліпені 2022 года была ўключана ў санкцыйныя спісы Вялікай Брытаніі.

Яе бацьку, Аляксандра Дугіна, лічаць ідэолагам так званага «рускага свету», рашызму. Ён заснавальнік і лідар «Міжнароднага еўразійскага руху». Аўтар «рашысцкай» геапалітычнай кнігі «Асновы геапалітыкі: геапалітычная будучыня Расеі». З 2014 году ўнесены ў санкцыйны спіс Еўрасаюзу, а з 2015 года і ў санкцыйны спіс ЗША і Канады. Ён таксама у спісе асобаў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Украіны. Фігурант базы цэнтру « Міратворца».

фота: bukinfo.com.ua

Хакейную зборную Беларусі ў кампаніі з расіянамі не пусцілі на чэмпіянат свету

У лютым гэтыя дзве каманды былі адхілены ад міжнародных турніраў да верасня з-за вайны ва Украіне.

Зборныя Расіі і Беларусі прапусцяць наступны сезон ва ўсіх турнірах Міжнароднай федэрацыі хакею на лёдзе, піша  выданьне Tribuna.com, спасылаюся на словы журналіста Крыса Пітэрса.

Паводле яго, Расія і Беларусь як і раней не будуць дапушчаны да спаборніцтваў. Рашэнне па іх абнаўляецца ад сезона да сезону.

 

Вайна ва Ўкраіне. 5-гадовая жыхарка Крывога Рогу сабрала для патрэб украінскага войска больш за 950 долараў

Марыя Макеева пад музычнае суправаджэнне свайго старэйшага брата 9 гадзін 54 хвіліны выконвала ўкраінскія песні ў цэнтры Львова, куды дзяўчынка пераехала падчас вайны. На сабраныя грошы вайскоўцам набылі цеплавізійны прыцэл.

Нацыянальны рэестр рэкордаў Украіны прызнаў 5-гадовую жыхарку з Крывога Рога наймалодшай валанцёркай, якая сваім выступам сабрала для Ўзброеных сіл Украіны 35 тыс. 492 грыўнаў (958,685 долараў ЗША, ММ).

Па словах кіраўніцы Нацыянальнага рэестра рэкордаў Ланы Ветравай «выступленне маленькай рэкардсменкі доўжылася 9 гадзін 54 хвіліны».

Ветрава адзначае, што спачатку дзеці марылі сабраць сродкі на бронекамізэльку, але, як высветлілі бацькі, на перадавой вельмі патрэбныя былі цеплавізійныя прыцэлы.

«Таму з дапамогай валанцёрскага фонду, які да дзіцячых сродкаў яшчэ даклаў пэўную суму, быў набыты цеплавізар INFIRAY СL35 M і перададзены нашым байцам на перадавую», – цытуе Ветраву інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

 

Хто яшчэ з дзяцей дапамог украінскаму войску

У Чарнігаве 8-гадовы Сяргей Мароз сабраў 64 тысячы грыўнаў (больш за 1 700 долараў ЗША, ММ) на рамонт трафейнага танка.

Ён ладзіў дабрачынныя канцэрты разам з бацькам.

Сабраныя грошы перададзеныя ў дабрачынны фонд украінскага валанцёра і тэлевядоўцы Сяргея Прытулы.

10-гадовая чэмпіёнка свету па шашках Вераніка Яжова сабрала 21 тысячу грыўнаў (700 долараў, ММ).

Грошы яна таксама перадала фонду Сяргея Прытулы.

7-гадовая Сафія Чарненка з Мікалаева сабрала для Узброеных сіл Украіны больш за тысячу долараў. 

Ейныя карціны прадаюцца на адной з інтэрнэт-платформаў у Казахстане, а таксама праз суполку «Цмок міру» ў ЗША. Грошы адразу пералічваюцца ў крыптавалюту Узброеных сіл Украіны.

Навіны пабрацімаў. Урад Латвіі вінаваціць самакіраванне Даўгаўпілсу ў сабатажы, бо яно адмаўляецца дэмантаваць савецкія мемарыялы

Пад дэмантаж падпадаюць мемарыялы, якія, згодна з латвійскім заканадаўствам, услаўляюць акупацыйную ўладу СССР ці нацысцкую Нямеччыну, а таксама таталітарызм, гвалт, ваенную агрэсію ды ідэалогію або атрымоўваюць знакі савецкай улады ці нацызму.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


У краіне такіх помнікаў налічылі 69. У Латгаліі 22 і два з іх знаходзяцца ў найбуйнейшым горадзе рэгіёну Даўгаўпілсе. Яго самакіраванне адмаўляецца выконваць патрабаванне ўраду, бо лічыць, што Закон, які прадпісвае знос помнікаў, прыняты з парушэннем канстытуцыі. Акрамя таго, на такія працы мясцовая ўлада не мае сродкаў.

Кіраўнік думы Андрэй Элксніньш настойвае: яго калегам не зразумелыя крытэры выбару помнікаў, якія трэба зносіць.

«На наш погляд, – заяўляе ён – у Даўгаўпілсе няма помнікаў, якія ўслаўляюць савецкі рэжым, а ёсць помнікі і мемарыяльныя аб’екты ў гонар загінулых у Другой сусветнай вайне салдат, якія вызвалілі свет ад нацызму».

Кіраўнік Міністэрства аховы асяроддзя і рэгіянальнага развіцця ўраду Артурс Томс Плешс лічыць дзеянні Даўгаўпілскага самакіравання падобнымі да сабатажу латвійскага закона, што на ягоную думку, «у цяперашніх геапалітычных умовах зʼяўляецца асабліва трывожнай сітуацыяй».

Ён настойвае: гарадская дума не павінна марудзіць з выкананнем закону і цягам тыдня прадставіць міністэрству план дзеянняў па зносе помнікаў.

«Міністэрства без ваганняў прыме меры для выканання ўстаноўленых законам нормаў», падкрэслівае ўрадовец.


Даўгаўпілс горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


фота: la.lv

Расіян, прагных да модных брэндаў, паболее. Для іх арганізуюць рэгулярныя туры і правядуць інструктаж, як шукаць недаступныя на радзіме тавары

Па ўварванні ва Ўкраіну Расіі з яе рынку сышло багата заходніх кампаніяў, якія прадавалі свае брэндаваныя тавары. У Беларусі яны ў свабодным продажы і сюды кінуліся на закупы расіяне.

Расійскія турфірмы фіксуюць рост заявак на паездкі ў Беларусь і павышаны попыт на туры выхаднога дня, у якія выпраўляецца моладзь. Гэтую катэгорыю пакупнікоў мясцовыя кампаніі пачалі запрашаць у арганізаваныя паездкі ў нашу краіну па модныя брэнды.

Пакуль прапрацаваны шоп-тур у Мінск мае толькі адзін расійскі тураператар, які прапануе рэгулярныя рэйсы ў сталіцу Беларусі. Заезды з Масквы ён плануе пачаць з 25 жніўня і рабіць іх шточацвер, а з закупаў будзе вывозіць кліентаў у нядзелі, піша рэсурс Myfin.

Расіянаў у Беларусі падрыхтуюць да «палявання» на брэнды, а побыт зробяць камфортным. Жыць будуць у чатырохзоркавым гатэлі з магчымасцю замаўлення экскурсію па Мінску. Яны пройдуць «інструктаж» па пошуку ў горадзе брэндаваных тавараў ад кампаніяў NIKE, ZARA і падобных ім.

Паводле Myfin, без уліку кошту пералёту, шоп-тур з Масквы ў Мінск на дваіх абыдзецца ў 33,5 тыс. расійскіх рублёў (больш за 1,4 тыс. беларускіх рублёў), а з уключанай у цану дарогай – больш за 57,8 тыс. расійскіх рублёў (2,45 тыс. беларускіх рублёў) на дваіх.

Вайна ва Ўкраіне. Расія атакавала Харкаў, шмат загінулых і параненых (абноўлена)

У выніку абстрэлаў Харкава вечарам 17 жніўня і раніцай 18 жніўня ў больніцы гораду шпіталізавана 25 дарослых, з іх адзін у рэанімацыі. Загінула больш за 10 чалавек. Пад вечар колькасць забітых павялічалася да 17, а параненых да 42.

Паводле Абласной ваеннай адміністрацыі, піша выданне «Об’ектив», у больніцах знаходзяцца 4 дзіцяці: дзяўчынка 13 гадоў і хлопчык 12 гадоў, траўмаваныя ў выніку абстрэлу ў Слабадскім раёне Харкава (хлопчык – у цяжкім стане); дзяўчынка 12 гадоў, траўмаваная ў Салтаўскім раёне; яшчэ 1 дзяўчынка 12 гадоў, што пацярпела ў Краснаградзе.

Цягам дня ратавальнікі разбіралі зруйнаваныя дамы. У завалах адшукалі целы яшчэ 7 загінулых. Такім чынам, колькасць загінулых павялічыся да 17 чалавек. Сярод іх хлопчык 2009 года нараджэння. Параненых стала 42 чалавекі.

17 жніўня познім вечарам расійская крылатая ракета «Калібр» пацэліла ў інтэрнат, дзе пражывалі людзі з парушэннямі слыху. Загінулі 7 і атрымалі раненні 20 чалавек.

У інтэрнаце жыло больш за 30 чалавек, у тым ліку пенсіянеры і дзеці. У некалькіх пад’ездах мелі пакоі людзі з парушэннямі слыху.

На досвітку абстрэл Харкава працягнуўся. У выніку загінула яшчэ 3 чалавекі і 15 аказаліся параненымі.

Паводле старшыні Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алега Сінягубава, расіяне сталі страляць па абласному цэнтру блізу 4 гадзінаў раніцы. Ракеты цэлілі ў адно з камунальных прадпрыемстваў, але трапілі ў жылы дом. 

«Загінулі 3 чалавекі, атрымалі раненні блізу 15. Там даволі значныя разбурэнні, і цяпер на месцы працуюць падраздзяленні ратавальнікаў, экстранай медычнай дапамогі, і мы прагназуем па гэтым абʼекце павелічэнне колькасці ахвяр» – каментуе сітуацыю Алег Сінягубаў, якога цытуе https://www.unian.net/ інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Ён кажа, што два ракетныя ўдары зазнала культурная інфраструктура Харкава. Паводле папярэдніх звестак, ахвяр там няма.

Сінягубаў адзначае, што за апошнія содні зафіксавана каля 8 ракетных пускаў па Харкаве і вобласці.

Паводле яго ў райцэнтры Краснаград у выніку абстрэлу загінула сямʼя, у тым ліку 12-гадовае дзіця.

Расія прызнала абстрэл Харкаўскай вобласці. Заяўляецца, што «высокадакладнай зброяй наземнага базавання знішчаны пункт часовай дыслакацыі замежных наймітаў у Харкаве. Знішчана больш за 90 баевікоў».

Фота з рэсурсу: objectiv.tv