Вайна ва Ўкраіне. Расія здольная прыцягнуць яшчэ да 350 тысяч вайскоўцаў, лічыць украінская выведка

Паводле яе, кадравы голад ва ўзброеных сілах краіны-агрэсара праявіўся пасля шматлікіх чалавечых страт, якія яна зазнала яшчэ ў першыя дні вайны. 

Разам з тым, Расія не адмовілася ад намераў захапіць Данбас і яна хоча выйсці на адміністрацыйную мяжу Данецкай вобласці да 15 верасня.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі лічыць, што «Расія мае вялікі кантынгент у Сірыі, разгалінаваную сетку ваенных баз у Арменіі і Таджыкістане, а таксама ў Нагорным Карабаху ды ў Казахстане, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

«Такім чынам, калі скласці гэта ў адзінае, то атрымліваецца 300-350 тысяч, якія Расія можа выкарыстаць у вайне супраць Украіны» – мяркуе Скібіцкі.

ichef.bbci.co.uk

Ён настойвае, што кадравы голад ва ўзброеных сілах «краіны-тэрарыста» яскрава праявіўся пасля шматлікіх людскіх страт, якія «акупанты панеслі яшчэ з першых дзён вайны».

Па яго словах, у сакавіку-красавіку расійскім кіраўніцтвам было прынята рашэнне выкарыстоўваць у баявых дзеяннях толькі вайскоўцаў, якія падпісалі з узброенымі сіламі Расіі адпаведныя кантракты. Калі істотна павялічылася колькасць загінулых і параненых вайскоўцаў, то стала менш ахвотных заключыць кантракт для праходжання ваеннай службы.

«УНІАН» нагадвае, што расіяне не адмовіліся ад намераў захапіць Данбас і цяпер яны хочуць выйсці на адміністрацыйную мяжу Данецкай вобласці да 15 верасня.

На ўсходзе Украіны ўзброеныя сілы Расіі засяродзілі асноўныя намаганні ў наступальных дзеяннях на Бахмуцкім і Аўдзееўскім напрамках. На Краматорскім і Новапаўлаўскім напрамках яны спрабуюць палепшыць тактычнае становішча. Таксама яны вядуць баі, каб не страціць лагістычныя маршруты ў Харкаўскай вобласці.

img.pravda.com

У сувязі з вялікімі стратамі, у прыватнасці, рэгулярным знішчэннем лагістычных шляхоў, Расія перакідвае праз пантоны ў Херсонскую вобласць дадатковую тэхніку і асабовы склад.

З’явілася інфармацыя, што расіяне перагрупоўваюцца і перакідваюць дадатковыя войскі на Данбас і ў Запарожскую вобласць – для аднаўлення наступу.

Навіны пабрацімаў. Найбуйнейшае прадпрыемства Даўгаўпілсу, якое пацярпела праз вайну ва Ўкраіне, ратуецца ад банкруцтва

Адной з галоўнай прычынаў праблем на Даўгаўпілскім лакаматыварамонтным заводзе адміністрацыя лічыць «геапалітычны крызіс», выкліканы вайной ва Ўкране.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


Паводле кіраўніцтва, Даўгаўпілскі лакаматыварамонтны завод згубіў праз вайну «долю рынку ва Ўкраіне і Расіі». Украінскі партнёр, якому былі зробленыя лакаматывы, не можа расплаціцца праз накладзены Нацбанкам Украіны мараторый на валютныя аперацыю за мяжу.

Адміністрацыя вымушана была звольніць 200 працаўнікоў. Урад краіны, адзначае кіраўніцтва прадпрыемства, устрымліваецца дапамагаць яму. Без дзяржаўнай падтрымкі ў верасні вытворчасць могуць закансерваваць.

pic2.la.lv

Завод разлічвае атрымаць заказ на выраб 24 трамвайных вагоны для Даўгаўпілсу за 7,4 мільёны еўра. Ён другі раз аказаўся адзіным удзельнікам конкурсу на выкананне заказу.

Першы раз гарадская дума не даручыла яму рабіць вагоны, бо ўгледзела парушэнні патрабаванняў конкурсу. Іншых ахвотнікаў узяць заказ не было.

Самакіраванне заявіла, што не можа рызыкаваць, давяраючы мясцоваму заводу выраб трамваяў, паколькі гаворка «ідзе пра вельмі буйную суму і вельмі сур’ёзныя патрабаванні еўрапраекту, пры невыкананні якіх горад можа наогул страціць еўрапейскае фінансаванне, чаго дапусціць ніяк нельга» – піша выданне «Наша газета».

pic2.la.lv

Сродкі на новыя вагоны выдзелены ў рамках рэалізацыі еўрапраекту па развіцці трамвайнай інфраструктуры і забеспячэнні Даўгаўпілсу грамадскім транспартам.

У гарадской думе тлумачаць, што з-за высокіх цэн на металы і санкцыі першы конкурс прайшоў безвынікова, бо камерсанты не маглі выканаць выстаўленыя патрабаванні. Давялося абвяшчаць другі, адзіным удзельнікам якога стаў зноў Даўгаўпілскі лакаматыварамонтны завод.

Цяпер закупачная камісія ацэньвае прапанову заводу, даводзяць у самакіраванні, і як толькі рашэнне будзе прынятае, то пра гэта адразу паведамяць гараджанам. Згодна з правіламі, пастаўка новых трамваяў мае быць завершана да 31 снежня 2023 года.

Раней з просьбай дапамагчы заводу ўрад Латвіі заклікалі міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў і ўладальнікі заводу «Азоўсталь». У афіцыйным лісце латвійскаму кабінету міністраў яны пісалі, што гэтае прадпрыемства мае стратэгічную важнасць у аднаўленні пашкоджанай вайной украінскай чыгуначнай інфраструктуры і абсталявання. Гэтаму паспрыяе «шматгадовы досвед заводу, унікальная спецыфіка працы і здольнасць забяспечыць поўны спектр паслуг».


Даўгаўпілс горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.

Першы дзень місіі МАГАТЭ ва Ўкраіне. Сабрана «дастаткова важнай інфармацыі»

Кіраўнік Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі Рафаэль Гросі заявіў, што місія за некалькі гадзінаў працы на Запарожскай атамнай электрастанцыі, акупаванай расійскімі войскамі, сабрала дастаткова важнай інфармацыі. Ён, аднак, не стаў удакладняць дэталяў.

Раней Гросі заклікаў украінскі і расійскі бакі дазволіць місіі МАГАТЭ трапіць на станцыю, каб пазбегнуць ядзернай аварыі. Прадухіленне яе і ёсць мэтаю місіі.

novoeizdanie.com

Па словах Гросі, місія застанецца на Запарожскай АЭС у Энергодары да 3 верасня, а затым будзе вырашацца пытанне пастаяннай прысутнасці сваіх назіральнікаў у раёне станцыі, паведамляе інтэрнэт-выданне «Українська правда».

Гросі паведаміў журналістам, што місіі за некалькі гадзін працы на АЭС удалося сабраць дастаткова важнай інфармацыі, не ўдакладніўшы дэталей.

img.pravda.com

Місія Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі пасля абеду 1 верасня прыбыла на Запарожскую АЭС у акупаваным Расіяй Энергодары, нягледзячы на паведамленне аб інтэнсіўным абстрэле гораду.

Да гэтага на атамнай электрастанцыі з-за расійскіх абстрэлаў аўтаматычна адключыўся яе працуючы 5-ы блок.

Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла, што дзеянні расійскага войска ставяць пад пагрозу візіт місіі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі, якая накіроўваецца на акупаваную станцыю.

cdn.iz.ru

Запарожская АЭС – найбуйнейшая электрастанцыя ў Еўропе. У сакавіку 2022 года яе акупавалі расійскія войскі.

29 ліпеня 2022 года кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што місія МАГАТЭ павінна праходзіць не толькі пад кантролем ААН, але і Украіны, бо яна «адзіны легітымны ўладальнік АЭС”.

У пачатку жніўня паведамлялася, што расійская артылерыя абстрэльвае ўкраінскія войскі, прыкрываючыся Запарожскай АЭС. 

Паводле мясцовага персаналу, сітуацыя на электрастанцыі наблізілася да крытычнай. Заяўлялася пра выкраданні людзей і забойстве супрацоўніка АЭС расійскімі салдатамі.

cdn.iz.ru

3 жніўня кіраўнік МАГАТЭ заявіў, што Запарожская АЭС «цалкам выйшла з-пад кантролю». Ён адзначыў, што яго агенцтва не ведае, ці забяспечана АЭС усім неабходным для сваёй працы з прычыны парушэння баявымі дзеяннямі ланцужкоў паставак. Ён заклікаў абодва бакі прапусціць місію МАГАТЭ на станцыю, каб пазбегнуць ядзернай аварыі.

З-за неабходнасці ўдзелу Украіны Гросі лічыў арганізацыю місіі складанай задачай, бо нягледзячы на ​​дазвол Расіі станцыя застаецца ў зоне баявых дзеянняў.

Вайна ва Ўкраіне. «Працягваем знішчаць рэзервы праціўніка» – міністэрства абароны Ўкраіны пра наступленне на поўдні

Пра контрнаступленне ўкраінскіх узброеных сілаў у Херсонкай вобласці стала вядома 29 жніўня. Тады паведамлялася, што прасоўванне вайскоўцаў суправаджаецца разбурэннем лагістыкі расіян на акупаваных тэрыторыях. Падрабязнасці не агучваліся. Расія ж заявіла, што контрнаступленне спыненае.

1 верасня Міністэрства ўзброеных сіл Украіны паведаміла пра ход ваенных дзеянняў на поўдні. Паводле ведамства ўкраінскія вайскоўцы вядуць пазіцыйныя баі з расіянамі і замацаваліся на тэрыторыях.

Кіраўніца Аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтру Сіл абароны Поўдня Украіны Наталля Гумянюк адзначае, што Узброеныя сілы працягваюць знішчаць рэзервы і камандныя пункты расіян.

«Працягваем знішчаць рэзервы праціўніка, працягваем трымаць пад кантролем транспартныя шляхі, па якіх яны спрабуюць падцягнуць рэзервы. Працягваем знішчаць іх камандныя пункты і месцы канцэнтрацыі асабовага складу і тэхнікі, усё, што звязана са скарачэннем сіл і магчымасцяў праціўніка», – даводзіць Гуменюк, якую цытуе інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Ведамства раней паведамляла, што ва Узброеных сілах з іроніяй адрэагавалі на заяву Расіі аб тым, што «контрнаступленне з трэскам правалілася». У міністэрстве адзначалася, што «маральна-псіхалагічны стан войск праціўніка на правым беразе Херсоншчыны вельмі хісткі».

З пачаткам контрнаступлення стаў больш інтэнсіўным абстрэл расійскімі войскамі ўкраінскіх гарадоў. Яго зазналі Запарожжа, Адэса, Мікалаеў, Харкаў, памежныя з Расіяй раёны Харкаўскай вобласці. Дзясяткі чалавек былі забітыя і параненыя. Разбураныя інфраструктура і жылыя дамы.

“Беларусь удзельніца злачынства” – міністр замежных справаў Украіны пра адказнасць беларусаў за вайну

Міністр замежных справаў Украіны Дзмітрый Кулеба выступіў за распаўсюджванне візавых санкцый Еўрапейскага Саюзу на грамадзян не толькі Расіі, але і Беларусі.

“Беларусь з’яўляецца саўдзельніцай у злачынстве агрэсіі, учыненай Расійскай Федэрацыяй” – цытуе Дзмітрыя Кулебу інфармацыйная агенцтва «УНІАН».

Міністр раскрытыкаваў пазіцыю Францыі і Нямеччыны, якія выступаюць супраць поўнага візавага бана для расіян.

“Калі я прачытаў сумесную заяву Францыі і Германіі (напярэдадні дыскусіі ў ЕС) аб тым, што трэба захаваць магчымасці ўезду для расіян у ЕС, таму што гэта вялізнае «трансфарматыўнае дзеянне і ўплыў на расійскае грамадства», то ў мяне ўзнікае лагічнае пытанне: пагадненне аб спрошчаным афармленні віз паміж Расіяй і ЕС дзейнічае з 2007 года” – кажа ён.

Дмітрый Кулеба падкрэслівае: пакуль працавала спрошчаная форма выдачы віз, гэта не дапамагло навучыць расіян паважаць іншыя краіны і іншыя народы і не змяніла іх адносін да Еўропы.

Ён нагадвае: Расея пачала вайну супраць Грузіі ў 2008 годзе, пачала вайну супраць Украіны ў 2014 годзе, здзейсніла шэраг забойстваў апанентаў рэжыму Пуціна (у тым ліку на тэрыторыі краін ЕС), а таксама працягвала энэргетычны шантаж Еўропы.

“У мяне пытанне: а ці моцна працуе ваша «трансфарматыўная сіла»? Можа, вы паглядзіце рэальнасці ў вочы і прызнаеце, што ёсць пэўныя ілюзіі, якіх трэба пазбавіцца?”, – кажа ён.

Кулеба таксама адзначыў, што поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну пазбавіла ўжо еўрапейскіх лідараў ад некаторых ілюзіяў.

“Калегі пазбавіліся многіх ілюзіяў адносна Расіі і цвяроза глядзяць на гэтую краіну і палітыку, але гэта апошняя гісторыя аб тым, што «Пуцін – дрэнны, а людзі – добрыя», гэта таксама ілюзія” – падсумоўвае міністр замежных справаў Украіны.

фота: currenttime.tv

У Расіі шукаюць на зонах «добраахвотнікаў» забіваць украінцаў. Нямала зэкаў пагаджаецца

Зняволеным абяцаюць у выпадку іх гібелі цела даставіць родным. Ад саміх жа асуджаных, якія пагодзяцца ваяваць ва Ўкраіне, патрабуецца не гвалтаваць жанчын, не ўжываць наркотыкі і не збягаць, бо дэзерціраў будуць расстрэльваць.

Набірае «добраахвотнікаў» на вайну прыватная вайсковая арганізацыя «Вагнер». Пра тое, як адбываецца вербаванне, расказаў рэсурсу «Важные истории» сваяк асуджанага з папраўчай установы, што ў Іванаўскай вобласці.

Па ягоных словах, 150 чалавек з гэтай калоніі збіраюцца вывезці 1 верасня ў Растоў-на-Доне, дзе з імі правядуць «двухтыднёвую падрыхтоўку».

Вербаваць зняволеных у калонію прыяжджаў асабіста кіраўнік «Вагнера» Яўген Прыгожын, расказвае суразмоўнік «Важных историй».

«Прыгожын ім казаў, як крута быць у яго групе “салдат фартуны”. Казаў, што асуджаныя будуць забіваць ворага і ім за гэта нічога не будзе. Кляўся, што ў выпадку гібелі цела забітага вернуць родным – нібыта для яго гэта прынцыповы момант, а сваякам заплацяць 5 мільёнаў рублёў» – апавядае сваяк асуджанага.

Паводле яго, у Прыгожына, былі тры патрабаванні да “добраахвотнікаў”: не гвалтаваць жанчын, не ўжываць наркотыкі і не збягаць, бо дэзерціраў будуць расстрэльваць.

Пасля сустрэчы «добраахвотнікаў» павялі на «гутарку», у іх пыталіся памер галавы, памер абутку, рост і вагу. Яны пісалі прашэнне аб памілаванні. Ніякіх кантрактаў асуджаныя не падпісвалі: паперы ім абяцалі даць на подпіс ужо «на месцы».

Суразмоўца «Важных историй» сцвярджае: зняволеныя паміж сабою абмяркоўваюць, што з іншых калоніяў Іванаўскай вобласці таксама рыхтуюць групы асуджаных на адпраўку ва Украіну. Далучыцца да «Вагнера» захацелі з двух мясцовых зон 500 чалавек.

фота: focus.ua

Навіны пабрацімаў. У Мікалаеве расійскі абстрэл забіў 2 і параніў 24 чалавекі. Фота з разбурэннямі (абноўлена)

Мікалаеў расійскія войскі 29 жніўня атакавалі днём. Колькасць пацярпелых пакуль трываюць аварыйна-пашуковыя працы павялічваецца. Спачатку паведамлялася пра 5 параненых, затым пра 11-ць. На 19 гадзіну па кіеўскім часе параненых стала 24.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Выданне «Новини N» апублікавала першыя фотаздымкі з разбурэннямі  пасля сённяшняга абстрэлу.

Абноўленыя звесткі пра пацярпелых паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім у тэлеграм-канале.

«24 параненыя, 2 загінулых», – сцісла напісаў ён.

За дзьве гадзіны да ягонага допісу мэр гораду Аляксандр Сянкевіч паведаміў, што вядома пра 11 параненых і 2 забітых мірных жыхароў.

Паводле яго ракеты пацэлілі ў жылыя кварталы і навучальныя школы. У сетках распаўсюджваецца відэа з трапленнем снарада ў адзін з мікалаеўскіх мастоў.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Вайна ва Ўкраіне. Апублікаваныя фота з разбурэннямі ад расійскіх абстрэлаў Харкава

Горад расійскія войскі атакуюць амаль штодня. Не абышлося без абстрэлаў і 29 жніўня. Па Харкаву стралялі касетнымі снарадамі.

«З шасці раніцы пад абстрэлам Кіеўскі раён Харкава. Білі «касетнікамі» па прыватным сектары. Інфармацыі аб ахвярах або пацярпелых на дадзены момант няма», – паведаміў у тэлеграм-канале мэр Ігар Церахаў.

Напярэдадні пад абстрэл трапіў цэнтр Харкава. Дзве ракеты выбухнулі ля будынку абласной ваеннай адміністрацыі. У выніку разбураны трохпавярховы дом побач.

«Пашкоджаныя прыпаркаваныя недалёка аўтамабілі. На месцы выбуху ўтварылася вялікая варонка. На шчасце, ніхто не пацярпеў», напісаў у тэлеграм-канале кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Паводле яго, на месцы абстрэлу працуюць камунальныя службы і праваахоўнікі. Знойдзеныя дэталі расійскай ракеты ЗРК С300.

фота: t.me/synegubov

Вайна ва Ўкраіне. Абстраляныя Запарожжа і памежныя вёскі Сумскай вобласці

Памежныя паселішчы Сумскай вобласці зазнаюць атакі штодня. Рэгіён мяжуе з трыма расійскімі абласцямі. Адтуль і абстрэльваюць Украіну.

Цягам 12 гадзінаў мінулага дня па тутэйшых мясцінах расійскія войскі выпусцілі больш за 200 мін і снарадаў. Два чалавекі атрымалі раненні. У адной з вёсак цалкам знішчана інфраструктура.

Паводле старшыні абласной ваеннай адміністрацыі Дзмітрыя Жывіцкага расіяне стралялі па пасёлках дзясятка раёнаў.

images.unian.net

Ён кажа, што ў выніку абстрэлу Новаслабадской грамады параненыя два чалавекі з адной сям’і. Міна пацэліла ў іхны дом. У сяле пашкоджаныя прыватныя дамы і гаспадарчыя пабудовы, параненая свойская жывёла, піша інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Па словах Жывіцкага, у вёску, дзе знішчана ўся мясцовая інфраструктура, прыляцела блізу паўсотні мінаў. Адбыліся пажары ў будынках вучэльні, школы ды дзіцячага садка. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.

static.ukrinform.com

Уначы 28 жніўня расіяне стралялі па Запарожжу. Былі атакаваны два раёны і цэнтр. Ракеты пацэлілі ў жылыя будынкі і інфраструктурныя аб’екты. Двое чалавек параненыя.

Паводле сакратара Запарожскага гарадскога савету Аляксандра Старуха, па горадзе было выпушчана 16 ракет, паведамляе «УНІАН».

Абстраляны быў і гарадскі цэнтр Харкава. Там абышлося без ахвяр.

 

Навіны пабрацімаў. Расіяне працягваюць руйнаваць Мікалаеўскую вобласць – ёсць пацярпелыя

За прамінулы дзень у Мікалаеўскай вобласці ад расійскіх абстрэлаў загінуў мужчына і параненая жанчына.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


26 жніўня, расіяне атакавалі рэактыўнымі снарадамі сістэмы залпавага агню «Смерч» прылеглыя да Мікалаева пасёлкі. Там загінуў 50-гадовы мужчына. Разбураныя жылыя дамы. Гаспадыня аднаго з іх цудам уратавала жыццё, але атрымала раненні.

fakty.ua

У ноч з 26 на 27 жніўня быў атакаваны Мікалаеўскі раён рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню «Ураган» і «Град». Пашкоджаны будынак сельскай школы. Абышлося без ахвяраў. Па абласным цэнтры таксама стралялі, але снарады выбухнулі на адкрытай мясцовасці.

n-region.org

У шпіталях Мікалаева перабываюць 270 грамадзян, якія пацярпелі ад расійскіх атак на Мікалаеўшчыну. Яшчэ 96 пацярпелым лечацца амбулаторна, піша старшыня абласнога савету Ганна Замазеева.

Па стане на 27 жніўня, з пачатку расійскага ўварвання ў Мікалаеўскай вобласці часткова або цалкам пашкоджаныя 10 тысяч грамадзянскіх аб’ектаў.

З іх 6466 жылых дамоў, 67 медычных і 331 навучальная ўстановы.

Акрамя таго, знішчана 149 устаноў культуры, 117 абʼектаў прамысловых прадпрыемстваў, 1550 абʼектаў жыццезабеспячэння і 1320 іншых абʼектаў неваеннага прызначэння, паведамляе выданне «NV».

n-region.org

Паводле аператыўнага камандавання «Поўдзень» «абстаноўка ў аперацыйнай зоне на паўднёвабукскім напрамку застаецца стабільна напружанай, але кантралюецца сіламі абароны. Расіяне вядуць баявыя дзеянні на займанай мяжы абароны без змянення складу і палажэння падраздзяленняў», піша выданне «Новости N».


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».