Вайна ва Ўкраіне. Апублікаваныя фота з разбурэннямі ад расійскіх абстрэлаў Харкава

Горад расійскія войскі атакуюць амаль штодня. Не абышлося без абстрэлаў і 29 жніўня. Па Харкаву стралялі касетнымі снарадамі.

«З шасці раніцы пад абстрэлам Кіеўскі раён Харкава. Білі «касетнікамі» па прыватным сектары. Інфармацыі аб ахвярах або пацярпелых на дадзены момант няма», – паведаміў у тэлеграм-канале мэр Ігар Церахаў.

Напярэдадні пад абстрэл трапіў цэнтр Харкава. Дзве ракеты выбухнулі ля будынку абласной ваеннай адміністрацыі. У выніку разбураны трохпавярховы дом побач.

«Пашкоджаныя прыпаркаваныя недалёка аўтамабілі. На месцы выбуху ўтварылася вялікая варонка. На шчасце, ніхто не пацярпеў», напісаў у тэлеграм-канале кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Паводле яго, на месцы абстрэлу працуюць камунальныя службы і праваахоўнікі. Знойдзеныя дэталі расійскай ракеты ЗРК С300.

фота: t.me/synegubov