Расіян, прагных да модных брэндаў, паболее. Для іх арганізуюць рэгулярныя туры і правядуць інструктаж, як шукаць недаступныя на радзіме тавары

Па ўварванні ва Ўкраіну Расіі з яе рынку сышло багата заходніх кампаніяў, якія прадавалі свае брэндаваныя тавары. У Беларусі яны ў свабодным продажы і сюды кінуліся на закупы расіяне.

Расійскія турфірмы фіксуюць рост заявак на паездкі ў Беларусь і павышаны попыт на туры выхаднога дня, у якія выпраўляецца моладзь. Гэтую катэгорыю пакупнікоў мясцовыя кампаніі пачалі запрашаць у арганізаваныя паездкі ў нашу краіну па модныя брэнды.

Пакуль прапрацаваны шоп-тур у Мінск мае толькі адзін расійскі тураператар, які прапануе рэгулярныя рэйсы ў сталіцу Беларусі. Заезды з Масквы ён плануе пачаць з 25 жніўня і рабіць іх шточацвер, а з закупаў будзе вывозіць кліентаў у нядзелі, піша рэсурс Myfin.

Расіянаў у Беларусі падрыхтуюць да «палявання» на брэнды, а побыт зробяць камфортным. Жыць будуць у чатырохзоркавым гатэлі з магчымасцю замаўлення экскурсію па Мінску. Яны пройдуць «інструктаж» па пошуку ў горадзе брэндаваных тавараў ад кампаніяў NIKE, ZARA і падобных ім.

Паводле Myfin, без уліку кошту пералёту, шоп-тур з Масквы ў Мінск на дваіх абыдзецца ў 33,5 тыс. расійскіх рублёў (больш за 1,4 тыс. беларускіх рублёў), а з уключанай у цану дарогай – больш за 57,8 тыс. расійскіх рублёў (2,45 тыс. беларускіх рублёў) на дваіх.

Расійцы ўгледзелі ў Беларусі закрыты для іх свет модных брэндаў і кінуліся ў шоп-туры

Расіяне едуць у Беларусь на закупы рэчаў модных брэндаў, якія сышлі з расійскага рынку.

Тамтэйшыя турфірмы фіксуюць рост заявак на паездкі ў Беларусь і павышаны попыт на туры выхаднога дня і шопінг-туры, у якія выпраўляецца моладзь.

Мясцовыя турфірмы фіксуюць павелічэнне такіх выправаў на ўзроўні 10-15 працэнтаў. Пры гэтым некаторыя аператары заяўляюць аб больш чым 60-працэнтным росце продажаў пуцёвак у беларускім напрамку, піша рэсурс Myfin, спасылаючыся на звесткі асацыяцыі тураператараў Расіі.

Паводле выдання, па сыходзе з Расіі многіх міжнародных брэндаў пачала праяўляцца тэндэнцыя павелічэння выправаў у шоп-туры выхаднога дня ўладальнікаў плацежных карт сістэмы «Мір». У шэрагу беларускіх крамаў можна карыстацца сістэмай мабільных плацяжоў MirPay.

У Беларусь едзе ўсё больш расійскіх падарожнікаў ва ўзроставым дыяпазоне ад 25 да 45 гадоў і з высокай плацежаздольнасцю. Попытам карыстаюцца ў пажылых расіянаў беларускія санаторыі.