Былы палівязень: не буду нагаворваць на супрацоўнікаў Магілёўскай турмы

Як 37-ы год ХХ стагоддзя акрэслівае беларускую пенітэнцыярную сістэму палітвязень Уладзімір Гарох. Разам з тым, сцвярджае, што супрацоўнікі Магілёўскай турмы ставіліся добра.

“Не скажу, каб надта здзекваліся. Асабліва ў Магілёўскай турме супрацоўнікі неяк адносіліся добра, з разуменнем. Не хочацца на іх нагаворваць” – сказаў Уладзімір Гарох Беларускаму Радыё “Рацыя”. 

Паводле яго, цяперашняя пенітэнцыярная сістэма ў Беларусі нагадвае 37-ы год ХХ стагоддзя. “Нават горш, таму што крывадушнасці надта шмат, але хочацца падкрэсліць, што не трэба ўсіх сабак вешаць на Лукашэнку. Ён мой вораг, але чалавек, і сапраўдны змагар павінен паважаць свайго праціўніка. І гэта будзе справядліва. Яго асяроддзе, на жаль, яго падводзіць” – кажа палітвязень, які 13 снежня 2025 года быў дэпартаваны ва Украіну, а затым пераехаў у Польшчу.

Гарох распавёў, што ён адсядзеў 5 гадоў і 4 месяцы і апошнія 2 гады сем месяцаў у турме. “А цяпер я ў гатэлі сяджу, то быццам я касманаўт, прыляцеў на зямлю з космаса, з якой другой планеты. І яшчэ мяне дужа ўразіла – гэта адносіны, як украінцаў тых, і палякаў, і тых маіх землякоў, якія тут пражываюць. Канешне, адносіны такія братэрскія, быццам мы адна сям’я. Такая салідарнасць. І я вельмі ўдзячны, як кажуць у народзе, удзячны лёсу. Канешне, тое, што адбылося, ворагу не пажадаеш, але дзякуй Богу за гэты вопыт, які паказаў, што ёсць людзі, нягледзячы на тое, што самі ў складаных абставінах, але не згубілі сваёй чалавечнасці, шчырасці душы не згубілі. І гэтыя выпрабаванні выяўляюць, што ў чалавека ёсць унутры. Чалавек не будзе разуумець, хто ён ёсць, пакуль не апынецца ў нейкіх абставінах, якія прымусяць адчуваць яго як у агні якім” – кажа Уладзімір Гарох.

Былы палітвязень – жыхар Навагрудку. Як сведчыць Праваабарончы цэнтр “Вясна”, ён быў затрыманы 18 жніўня 2020 г. па так званай “Карэліцкай справе” – аб нібыта планаваных беспарадках у Карэлічах і Навагрудку пасля прэзідэнцкіх выбараў. Уладзіміру Гароху было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса – “Падрыхтоўка да масавых беспарадкаў”.

Сутнасць абвінавачвання ў тым, што летам 2020 года нібыта ён наўмысна рыхтаваўся да масавых беспарадкаў у Навагрудку і некаторых іншых населеных пунктах і намагаўся прыцягнуць да іх вялікую колькасць людзей. Дзеля гэтага Уладзімір, згодна з абвінавачваннем, планаваў і праводзіў сустрэчы с людзьмі ў Навагрудку і Карэлічах. Згодна з афіцыйнай версіяй, Гарох падчас сустрэч казаў, што 10 жніўня 2020 года плануе падпальваць будынкі, супраціўляцца ўладам і блакаваць дарогі спілаванымі дрэвамі. Аднак ён не паспеў нічога зрабіць, бо 7 жніўня яго арыштавалі.

Таксама яго абвінавацілі ў публічнай абразе беларускага дыктатара. 

Спачатку Гарох утрымліваўся ў турме Гародні, а затым быў пераведзены ў СІЗА-6 Баранавічаў. Уладзіміра асудзілі на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля суда яго скіравалі ў Шклоўскую калонію. Там, як сведчыць “Вясна”, палітвязня сістэматычна збівалі, адміністрацыя калоніі адносілася да яго перадузята, неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ.

Фотаздымак: Беларускае Радыё “Рацыя”

Палітвязню з магілёўскай турмы, які шукаў зніклых, пакінулі ў сіле прысуд

Вярхоўны суд адмовіў у скарзе на абвінаваўчы вырак былому каардынатару пошукавага атрада «Анёл», палітвязню Максіму Федаровічу, які знаходзіцца ў магілёўскай турме.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, палітзняволенага Максіма Федаровіча абвінавачвалі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Яго затрымалі 9 траўня 2025 года. Мужчыну судзілі за дзевяць выпадкаў перадачы даных маніторынгаваму каналу “Беларускі гаюн”. Прысуд вынесены ў Менскім абласным судзе. Яму прызначылі тры гады пазбаўлення волі, а максама штраф – 500 базавых велічынь. Федаровіч спачатку ўтрымліваўся ў менскім СІЗА №1, з другой паловы кастрычніка пераведзены ў следчую турму №4 ў Магілёве.

Максім быў каардынатарам пошукавага атраду “Анёл”. Раней ён працаваў тэхнолагам на “Мінск-Крышталі”, але цалкам змяніў жыццё пасля таго, як у 2017 годзе далучыўся да руху пасля маштабных пошукаў Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы. Вядома, што ў палітвязня ёсць малое дзіця.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Чарговы палітзняволены з Гомельшчыны знайшоўся ў магілёўскай турме

Актывіста з Нароўлі Міколу Віткоўскага, месцазнаходжанне якога доўгі час не маглі высветліць праваабаронцы, трымаюць у СІЗА турмы №4 у Магілёве.

Цяпер стала вядома, піша “Гомельская вясна”, што Віткоўскага яшчэ ў верасні затрымалі супрацоўнікі КДБ. Улады яму інкрымінуюць абвінавачанне паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса «здрада дзяржаве».

Мікалай Віткоўскі – вядомы рэгіянальны актывіст і сябар партыі «Народная грамада». Раней сілавікі неаднаразова затрымлівалі яго па адміністрацыйных справах. Што менавіта стала падставай для адкрыцця супраць яго крымінальнай справы аб “здрадзе дзяржаве”, пакуль невядома. Не тлумачыцца таксама, чаму яго перавезлі менавіта ў магілёўскую турму, а не ў гомельскі СІЗА №3 або мінскі следчы ізалятар КДБ.

13 лістапада праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што ў той жа магілёўскай турме №4 утрымліваюць і грамадскага актывіста з Калінкавічаў Аляксандра Елісеева. Яго таксама абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а яшчэ ў абразе беларускага дыктатара. Паводле наяўных звестак, абодва рэгіянальныя актывісты маглі трапіць пад пераслед у межах адной справы. І Віткоўскі, і Елісееў зніклі ў сваіх гарадах у верасні 2025 года.

Фотаздымак: “Гомельская вясна”

Палітзняволены філосаф Мацкевіч: Шклоўская калонія была найбольшай пакутай

Філосаф Уладзімір Мацкевіч большую частку свайго зняволення правёў у калоніі ў Шклове і турме ў Магілёве, дзе спазнаў катаванні і здзекі.

Гісторыя катаванняў у калоніі

Праз 14 месяцаў пасля затрымання з палітычных прычын у жніўні 2021 года філосафа Уладзіміра Мацкевіча перавялі з мінскага СІЗА спачатку ў Магілёў, а потым у шклоўскую калонію №17. Ён прызнаецца Праваабарончаму цэнтру “Вясна”: больш за ўсё хацеў выбрацца з камеры і «пабачыць неба», але не ўяўляў, што чакае яго ў лагеры.

Першае «парушэнне» Мацкевіч атрымаў праз дзесяць хвілін пасля прыезду за тое, што не павітаўся з начальнікам. Далей былі чарговыя правакатыўныя парушэнні і першыя суткі ў ШІЗА. У атрад філосаф трапіў ужо пасля ізалятара. Гэта быў так званы «казліны атрад», дзе сядзяць вязні, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Ім загадалі не кантактаваць з Мацкевічам. Гаварыць яму дазвалялася толькі з заўгасам і вязнем-забойцам, які адбываў апошнія гады свайго тэрміну.

Адміністрацыя шукала любыя падставы для пакарання: за «няправільнае павітанне», «няпоўную запіскі пра рэчы» або за тое, што зняволены не так сеў. У выніку філосаф атрымаў каля 30 спагнанняў. За кожнае яму прызначалі ШІЗА або ПКТ, пазбаўлялі перадач і спатканняў.

Самым цяжкім стала катаванне холадам у ШІЗА: у камеры была толькі адна гарачая труба, прыціснуцца да якой немагчыма. «Я адціскаўся і прысядаў, каб не замерзнуць. Не ведаю, колькі скінуў вагі – паўтара месяца там былі пеклам» – кажа Мацкевіч.

Пасля чарговых парушэнняў яго выклікалі да начальніка. Калі палітвязень прапанаваў перавесці яго на турэмны рэжым, кіраўнік калоніі намякнуў і на магчымасць узбудзіць новую справу па арт. 411, што азначае павелічэнне тэрміна зняволення. У Мацкевіча ў той час абвастрылася грыжа, але меддапамога была мінімальнай: аперацыю не планавалі, бялізну не давалі, дазволілі толькі бандаж.

Суд па замене рэжыму адбыўся хутка, і Мацкевіча вярнулі ў турму №4 у Магілёве. «Турма стала палёгкай» – прызнаецца ён. Там ён сустрэў іншых палітвязняў, у тым ліку Аляксея Храловіча, які раскрыў КДБ-шныя матэрыялы па справе Рамана Бандарэнкі.

У Магілёве філосаф дамогся пастаноўкі ў чаргу на аперацыю. Пасля абследавання яго двойчы вазілі ў Рэспубліканскую бальніцу зняволеных у Калодзічы. «Лекары там прафесійныя, абсталяванне добрае, але этапы ў кайданках – прыніжальныя» – адзначае Мацкевіч.

Галоўны ўдар: страта сшыткаў

Найбольш балючай падзеяй зняволення філосаф называе не холад і не ШІЗА, а тое, што ў яго забралі ўсе сшыткі з чатырохгадовай працай. Спачатку ў студзені 2023-га зніклі пяць сшыткаў. Відаць, іх забрала спецслужба. Потым, падчас этапавання, у яго адабралі ўсё: лісты, фотаздымкі, нататкі.

«Гэта была мая праца, мая апора. Я страціў тое, што не змагу аднавіць. Гэта найгоршае, што са мной адбылося ў зняволенні» – кажа ён.

Прымусовы шлях у выгнанне

У верасні 2025 года Мацкевіча раптоўна вывелі з камеры і далі загад збірацца на вызваленне. Разам з іншымі палітвязнямі яго з закрытым тварам адвезлі ў СІЗА КДБ, дзе ўсе чакалі допытаў. Але замест гэтага іх прымусова перадалі літоўскім дыпламатам.

«Я не хацеў з’язджаць, бо не люблю эміграцыю і ведаю, што нічога добрага ад палітычнай эміграцыі не бывае. Я хацеў застацца ў Мінску, але не пайшоў па шляху Статкевіча, бо вярнуцца ў турму для мяне было непрымальна» – кажа філосаф, які цяпер знаходзіцца ў Літве.

Фотаздымак: ПЦ “Вясна”

У магілёўскую турму змясцілі грамадскага актывіста з Калінкавічаў

У следчым ізалятары магілёўскай турмы №4 знаходзіцца грамадскі актывіст з Калінкавічаў Аляксандр Елісееў.

Аб тым, што актывіст знаходзіцца ў магілёўскай турме, гомельскім праваабаронцам паведамілі крыніцы ў гэтай пенітэнцыярнай установе. Паводле папярэдніх звестак, яму інкрымінуюць «здраду дзяржаве» і «абразу Лукашэнкі».

Што менавіта сілавікі палічылі «злачыннымі дзеяннямі» Елісеева, пакуль невядома. Не раскрываецца і дата яго затрымання, як і прычыны, чаму яго даставілі не ў гомельскі СІЗА №3, а адразу ў Магілёў.

Аляксандр Елісееў – грамадскі актывіст з Калінкавічаў, былы сябр ліквідаванай уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Шмат гадоў ён займаўся незалежным назіраннем за выбарамі розных узроўняў і неаднаразова фіксаваў парушэнні выбарчых працэдур. На падставе гэтага ён заяўляў, што рашэнні нелегітымнай улады не абавязковыя да выканання, і рэгулярна адмаўляўся сплочваць штрафы па палітычна матываваных адміністрацыйных справах.

У 2020 годзе і пазней яго неаднаразова затрымлівалі, прызначалі працяглыя адміністрацыйныя арышты. Падчас аднаго з такіх арыштаў, у лютым 2022 года, за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну, ён трымаў галадоўку. Тады расійскія вайсковыя падраздзяленні стаялі каля Калінкавічаў і Мазыра. Каб ізаляваць актывіста, яго абвінавацілі ў «дробным хуліганстве».

Апошняя яго публікацыя ў Facebook датаваная 24 красавіка. Пры гэтым у верасні яго яшчэ бачылі ў Калінкавічах. Елісееў – спецыяліст у галіне авіяцыйнай прамысловасці. Ён вучыўся ў Кіеўскім міжнародным універсітэце грамадзянскай авіяцыі (цяпер – Кіеўскі авіяцыйны інстытут), працаваў на авіябудаўнічых прадпрыемствах Украіны, потым – як праграміст у Беларусі. Аднак, пасля таго, як ён актыўна далучыўся да палітычнага жыцця, знайсці годную працу на радзіме ён ужо не мог.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

Былы палітвязень: калонія ў Шклове адрозніваецца сваім садызмам

Адзін з дэпартаваных у Літву былых палітвязеняў Віталь Бандарук, распавёў пра катаванні і здзекі, якія ён перажыў у папраўчай калоніі №17 у Шклове, і параўнаў яе з магілёўскай турмой.

«Ластаўка», расцяжка і холад

«ПК-17 адрозніваецца сваім садызмам» – распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” Віталь Бандарук. Паводле яго, адміністрацыя калоніі актыўна выкарыстоўвала жорсткае абыходжанне, у тым ліку катаванні холадам у ШІЗА.

Былы зняволены ўзгадвае, што калі яго вадзілі “ластаўкай” яму вывіхнулі руку: вязняў прымушалі ісці ў нахіле з рукамі ў кайданках уверх, і любы рэзкі рух мог прывесці да падзення тварам у зямлю. Асабліва вылучаўся супрацоўнік Прохараў, якога Бандарук называе садыстам.

«Ён ламаў рукі людзям, рэзка падымаў за кайданкі, і чалавек падаў на падлогу. Не раз я чуў крыкі ад іншых вязняў пад маімі дзвярыма», – кажа палітвязень.

У ШІЗА і ПКТ Віталь правёў восем месяцаў. Камеры там нагадвалі халадзільную камеру: падлога выкладзеная пліткай, якая нібыта астуджалася праз спецыяльныя трубкі. «Ногі літаральна прымярзалі да падлогі», – адзначае ён.

Халодныя камеры разбуралі здароўе. Бандарук кажа, што найбольш пакутавалі ногі і суставы: калені ацякалі, узнікалі праблемы з мачавіком, вязні пастаянна бегалі ў прыбіральню ад холаду.

«Спіш на жалезных нарах, якія таксама прамярзаюць. Гэта невыносна. Усе, хто праходзіў праз ШІЗА, потым хадзілі кульгаючы», – узгадвае ён.

Галадоўка і ціск адміністрацыі

На палітвязняў рэгулярна складалі рапарты з надуманых прычын, што адкрывала шлях да новых крымінальных спраў. Пасля аднаго з такіх рапартаў Віталь абвясціў галадоўку.

«Пяць дзён я трымаўся толькі на вадзе. Калі ты вельмі злы, нават есці не хочацца. Потым ужо прыйшла слабасць» – кажа былы палітвязень.

За гэты час адміністрацыя склала на яго 27 рапартаў, аднак пасля гэтага на працягу амаль трох месяцаў Бандарука не чапалі.

Вымагальніцтва і «фонды атрада»

Асобную ўвагу Бандарук звяртае на вымагальніцтва грошай. З яго патрабавалі пералічваць сродкі ў «фонд атрада», але ён адмовіўся. Паводле Бандарука, калі чалавек не плаціць, то яго пераводзяць у турму, а калі плаціць, то “жывеш у шакаладзе: даюць дадатковае тэлефанаванне, ходзіш на ўсе спатканні”.

“Яны перавышаюць свае службовыя паўнамоцтвы, калі ўжываюць сілу, і вымагальніцтва практыкуюць. Сведчанняў у мяне вельмі шмат. Я ведаю людзей, якія тысячамі долараў выплачвалі, каб гэтыя баракі будавалі. Гэтая сістэма працуе ад моманту, як толькі трапляеш у каранцін”, – сведчыць былы палітзняволены.

Калі турма лягчэй за калонію

З-за жорсткіх умоў Бандарук сам папрасіў перавесці яго на турэмны рэжым. Ён адзначае, што ў Магілёве кантраст адчуваўся адразу.

«У ПК-17 нават у душ выводзяць чатыры чалавекі з сабакам. А ў Магілёве канваір адзін вядзе двух зняволеных. І супрацоўнікі не абражаюць палітвязняў», – расказвае Віталь.

Ён дадаў, што ў магілёўскай турме харчаванне было значна лепшае, чым у шклоўскай калоніі. Калі ў ПК-17 ён схуднеў з 125 да 65 кілаграмаў, то пасля пераводу ў Магілёў за год зноў набраў вагу.

Віталь Бандарук падкрэслівае, што шклоўская калонія №17 вылучаецца асаблівай жорсткасцю і сістэмным садызмам. Катаванні холадам, вымагальніцтва грошай, прыніжэнне і здзекі сталі там нормай. У параўнанні з ёй нават магілёўская турма выглядала больш чалавечнаю.

Фотаздымак: Праваабарочнчы цэнтр “Вясна”