Дзень у гісторыі. 5 чэрвеня. Дзень Еўфрасінні Полацкай. Нарадзіліся мастакі Ю. Пэн, В. Занковіч, вучоны В. Еўмянькоў. Расстраляны ксёндз Р. Зямацкі.

Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя (World Environment Day, з 1972 года).

Канчатковая мэта Дня –  прыцягнуць насельніцтва свету да вырашэння экалагічных праблем, даць зразумець, якія праблемы існуюць і якія ёсць шляхі іх вырашэння.

У  Беларусі асабліваахоўваемыя прыродныя тэрыторыі займаюць 9% агульнай плошчы краіны. У краіне 4 Нацыянальныя паркі, 1 біясферны запаведнік, больш за 230 заказнікаў, каля 850 помнікаў прыроды.

У праваслаўных і грэка-каталікоў Дзень ушанавання апякункі Беларусі – святой Еўфрасінні Полацкай (1104-1173).

Полацкая князёўна і ігумення, першая ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе паломніца. У сваё паломніцтва ў 1167 (1173?) годзе ішла па Дняпру, праходзіла месца, дзе зараз стаіць Магілёў. 

У 1187 годзе яе мошчы былі перанесены з Ерусаліму ў Кіева-Пячорскую лаўру. У 1910 годзе пры вяртанні машчэй з Кіева ў Полацк, рака з парэшткамі святой стаяла тры дні ў Іосіфаўскім саборы Магілёва. 

Перанос машчэй Еўфрасінні Полацкай ў Полацк. 1910 год.

1854 год. Нарадзіўся Юдаль Пэн (1854-1937).

Беларускі, рускі, яўрэйскі мастак-жывапісец, педагог, дзеяч “яўрэйскага рэнесансу” ў беларускім мастацтве пачатку XX ст.

Уладальнік першай у Расіі прыватнай Школы малявання і жывапісу (1897-1918). Вучнямі Пэна былі сусветна вядомыя мастакі, у тым ліку Восіп Цадкін,  Леў Лейтман, Марк Шагал, Саламон Юдовін. Разам з Шагалам стварыў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча.

У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1937 года мастак быў забіты ў сваёй віцебскай хаце. Паводле некаторых версій, да забойства мог быць датычны НКУС.

У гонар мастака ў Віцебску ўсталявана мемарыяльная дошка. 

1863 год. Расійскімі карнікамі расстраляны ў Вільні Раймунд Зямацкі (1810-1863).

Ксёндз расстраляны толькі за тое, што зачытаў у Ваверскім касцёле (цяпер Лідскі раён) маніфест паўстання.

Яго старэйшы брат Юзэф загінуў у час паўстання 1830-1831 гадоў.

Па вызвольным паўстанні, у час якога атрымаў цяжкія раненні, паступіў у Віленскую семінарыю. Служыў вікарыем у касцёле Святога Рафала ў Вільні, пробашчам у Ваверцы.

У ноч з 4 на 5 лютага 1863 года атрымаў копію Маніфэста Літоўскага паўстанцкага ўраду з загадам зачытаць яго ў нядзелю перад парафіянамі. Падтрымаў паўстанне і зачытаў Маніфест, за што быў схоплены рускімі карінікамі, змешчаны ў віленскую турму.

Смяротны вырак атрымаў ад расійскага суда разам са святарамі С. Ішорам і А. Фалькоўскім, якія таксама зачытвалі Маніфест.

Пасля расстрэла таемна пахаваны на Трохкрыжовай гары.

Расстрэл ксяндза Р. Зямацкага.

1870 год. Нарадзіўся Зыгмунт Лазінскі  (1870-1932).

Беларускі каталіцкі рэлігійны дзеяч, біскуп мінскі (1918-1925) і пінскі (1925-1932).

Святар з 1895 года. Быў пробашчам кафедральнага сабора ў Мінску,  прафесарам Магілёўскай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, кіраўніком адноўленай Мінскай архідыяцэзіі (1917-1920), першым біскупам навастворанай Пінскай дыяцэзіі (1925-1932).

У 1909-1911 гадах суправаджаў магілёўскага біскупа Яна Цепляка ў наведванні парафій Расійскай імперыі.

Спрыяў усталяванню беларускай мовы ў касцёле. Арганізатар беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску (пазней пераведзена ў Навагрудак, затым – у Пінск).

У 1920 годзе арыштаваны камуністычнымі ўладамі, 11 месяцаў правёў у маскоўскай «Бутырцы», пасля быў вымушаны з’ехаць у Заходнюю Беларусь.

1937 год. Нарадзіўся Валянцін Занковіч.

Беларускі архітэктар і скульптар, лаўрэат прэмій Ленінскай і ЛКСМБ. Стрыечны брат грамадскага дзеяча беларускай дыяспары ў ЗША Анатоля Занковіча.

Скончыў Беларускі політэхнічны, Беларускі тэатральна-мастацкі інстытуты. Працаваў у праектным інстытуце «Мінскпраект».

Вядомы па працах: мемарыяльныя комплексы “Кацюша” ў Оршы,  Хатынь (Ленінская прэмія), “Брэсцкая крэпасць-герой», “Беларусь партызанская” у Мінску і іншых. У Магілёве знаходзіцца яго праца “Ручнікі” на фантане каля Палаца культуры вобласці.

1942 год. Нарадзіўся Вячаслаў  Рагойша.

Беларускі філолаг, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Член вучонай рады Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны, старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы, арганізатар міжнароднай навуковой канферэнцыі “Ракаўскія чытанні” (з 1996).

Першым дасканала даследваў рукапісы Янкі Купалы, даследчык паэтыкі Максіма Танка.

Аўтар звыш 800 навуковых публікацый і даследаванняў па гiсторыi i тэорыi беларускай лiтаратуры, беларуска-славянскiх лiтаратурных узаемасувязяў, па вершазнаўстве, праблемах тэорыi i практыкi мастацкага перакладу, паэтыцы лiтаратурнага твора, з якiх амаль 300 – асноўныя навуковыя працы, у тым лiку 16 манаграфiй.

1948 год. Заснавана Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ).

Гэта адбылося на з’ездзе дзеячоў царквы ў Заходняй Германіі.

Мае прыходы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Беларусі. Богаслужэнні вядуцца на беларускай мове.

БАПЦ займаецца і культурна-асветніцкай, выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нацыянальную духоўную спадчыну.

У традыцыі БАПЦ выводзіць сваё паходжанне ад Наваградскай мітраполіі, створанай у 1330 годзе Канстанцінопальскім патрыярхам па просьбе вялікага князя Гедзіміна.

Кафедральны Сабор Святога Кірылы Тураўскага, Нью-Ёрк

1951 год. Нарадзіўся Уладзімір Шанцаў.

Магілёўскі грамадска-палітычны дзеяч, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут, Усесаюзны завочны фінансава-эканамічны інстытут.

Працаваў на Магілёўскім «Хімвалакно», у дзяржаўнай падатковай інспекцыі,  дырэктарам ТАА “Катэм”, філіяла ААТ «Белэканінвест», прадстаўніцтва ЗАСТ «Кентаўр», у Магілёўскім гарвыканкаме,  індывідуальным прадпрымальнікам. Выбіраўся дэпутатам Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.

1965 год. Заснавана Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Ёрку.

Займаецца культурна-асветнай дзейнасцю сярод беларускіх эмігрантаў у ЗША.

Сярод найбольш актыўных членаў, акрамя старшыні Кастуся Мерляка, былі Васіль Шчэцька, Пётр Мільяновіч, Васіль Захаркевіч, Васіль Юрцэвіч, Ян Казлякоўскі, Пётр Зыбайла і  іншыя.

1977 год. У Магілёве нарадзіўся Віталь Еўмянькоў (1977-2022).

Беларускі літаратуразнаўца, пісьменнік, журналіст.

Скончыў МДУ імя А. Куляшова, у якім працаваў з 1999 да 2021 года. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Абараніў дысертацыю па тэме «Адам Міцкевіч і духоўна-эстэтычныя пошукі ў літаратуры Беларусі XIX ст.».

Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры, асабліва часу Рэчы Паспалітай.

Выкладаў журналістыку. Рэдагаваў сайт City.mogilev.by і гарадскі партал Mycity.by (2009-2012).

Напісаў мастацкія апавяданні, аповесць «Пялёсткі белай ружы», гістарычныя паэмы «Хоцімская вайна», «Філаматы». Друкаваўся ў магілёўскім гадавіку «Брама» і часопісе «Маладосць». Перакладаў з польскай мовы.

Вясной 2021 звольнены з універсітэта па палітычных матывах разам з іншымі прафесарамі.

Памёр на сваё ўлюбенае свята 25 снежня 2022 года.

2012 год. У Смалявіцкім раёне створаны Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень».

Займае плошчу ў 113 квадратных кіламетраў. «Жамчужына Эканамічнага пояса Шаўковага Шляху», «Смарагд эканамічнага росту Беларусі», «Беларускі Ганконг». Канцэпцыя парка – стварэнне новага экагорада, у якім спалучаецца вытворчая, жылая, адміністратыўная інфраструктура з экалагічнай накіраванасцю.

У 2022 годзе ў парку зарэгістраваны 85 рэзідэнтаў з КНР, Аўстрыі, Германіі, ЗША, Расіі, Ізраіля, Літвы, Швейцарыі, Беларусі.

«Куток былога» – новы музейны аб’ект у глыбінцы Касцюковіцкага раёна

У Муравільскай сярэдняй школе Касцюковіцкага раёна адкрыўся музейны пакой «Куток былога», паведамляе golk.by. 

Сама школка невялічкая – усяго 65 вучняў. Пад адным з ею дахам прытуліўся і дзіцячы садок з 16 выхаванцамі.

У аграгарадку Муравілле 249 двароў і 556 жыхароў (амаль траціна насельніцтва сельскага савета, другі па велічыні населены пункт апасля аграгарадка Шарэйкі). У пасяленне падведзены прыродны газ, працуюць пошта, аддзяленне банка, АТС, урачэбная амбулаторыя, цэнтр культуры, дом сацыяльных паслуг, бібліятэка, міні-маркет “Родны кут”. Цяпер яшчэ адным элементам культурнай інфраструктуры стаў«Куток былога».

Калісьці ў школе быў пакой з экспанатамі, а не музей. А зараз дзякуючы намаганням кіраўніка па ваенна-патрыятычнаму выхаванню Мікалаю Данілаву тут з’явіўся краязнаўчы куток з разнастайнымі экспанатамі – фатаздымкі, грашовыя купюры, манеты, сельскагаспадарчы інструмент, прадметы побыту, якія выраблены мясцовымі майстрамі ў мінулых стагоддзях, адзенне і абутак, тэхніка… 

Сабраныя экспанаты адлюстроўваюць мясцоваю даўніну і сялянскі побыт, савецкую эпоху, гады Вялікай Айчыннай вайны, жыццё акцябратаў, піянераў.  

Ёсць надзея, што зборы будуць паступова папаўняцца новымі рарытэтамі.

Амаль цэлы год пайшоў у М. Данілава на ўладкаванне музейнага пакоя, і на «здабычу» экспанатаў. Да гэтай працы былі прыцягнуты і педагогі, і самі вучні: вялася пошукавая дзейнасць, ствараліся стэнды, раздрукоўваліся фотаздымкі выдатных землякоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, юных партызан. 

На адкрыцці музея выступіла намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Манушэнка: 

– Мне спадабалася, што педагогі і вучні гэтай школы неабыякавыя да гісторыі. Не сумняваюся, гэта абавязкова станоўча адаб’ецца на далейшым выхаванні і адукацыі дзяцей, яны атрымаюць карысны досвед падчас знаёмства з гісторыяй сваёй радзімы. Музей мае патэнцыял. Тут можна ладзіць урокі па гісторыі Беларусі, вывучаць на мясцовым матэрыяле гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, роднага краю.

Наш каментар. Адкрыццё  краязнаўчага пакойчыка «Куток былога» – выдатная падзея. Маем пажаданне, каб тут была  адлюстравана таксама і гісторыя пасялення з наваколіцамі дарэвалюцыйнага часу, каб з’явіліся матэрыялы пра паданні ўзнікнення назваў рэк, балот, лясоў і пасяленняў, пра старажытныя паселішчы, падзямеллі, мясцовыя таржкі, мануфактуры, храмы, пра герояў-паўстанцаў, выбітных адраджэнцаў беларушчыны.

Наша даведка. Назву сённяшняга аграгарадка Муравілле Пралетарскага сельсавета мала хто ўзгадае ў краіне, Магілёўскай вобласці, нешмат пра яе гісторыю ведае і большасць жыхароў Касцюковіцкага раёна. А тым часам пасяленне ўзнікла больш за 500 гадоў назад, вядома па летапісных звестках з ХVІ стагоддзя як вёска Мар’янвілле, Мар’янвіль, Лістапады, але насельніцтва тут з’явілася на 1000 гадоў раней, аб чым сведчаць старажытныя курганы. 

У 1786 годзе тут пабудавана драўляная царква Раства Багародзіцы (Св. Дзевы Марыі – Мар’яны). Тут захаваліся рэшткі падземных хадоў былога манастыра. Да 1930-х гадоў вёска была вядома пілігрымкамі, якія  ладзіліся да Абраза Святой Марыі з немаўляткам. У ХVІІІ-ХІХ стагоддзях на мясцовай мануфактуры вырабляліся цудоўныя керамічныя вазы, у ХІХ стагоддзі праводзіўся штогадовы таржок. Тут нарадзіўся А. Галавінскі, дзеяч беларускага адраджэння, прадстаўнік Рады БНР на Украіне, супрацоўнік Вышэйшага Савета народнай гаспадаркі БССР.

Фота: газета “Голас Касцюкоўшчыны”