Бабруйскі абсурд – мазаіку з Леніным знішчылі ў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі

Разам з будынкам былой футравай фабрыкі на Бахарава да свята 7 лістапада знеслі рэвалюцыйную мазаіку. Думкі бабруйчан з нагоды здарэння супрацьлеглыя. 

Мазаіка з чырвонай жанчынай – цэнтральнай фігурай твора, дзе фонам ішоў Ленін і рэвалюцыянеры – на будынку былой футравай фабрыкі адпавядала камуністычнай ідэалогіі, але ж і ўпрыгожвала індустрыяльны пейзаж Бабруйска. У 2000-х фабрыка збанкрутавала, а новыя гаспадары пачалі перабудову. Сімвалічна, што мазаіку з рэвалюцыйным сюжэтам і Леніным знішчылі ў «святочны» дзень 7 лістапада.


Бабруйская футравая фабрыка – прадпрыемства па вытворчасці футравых вырабаў была створана ў 1959 годзе. У канцы 1970-х гадоў на фабрыцы працавала  1800 чалавек. Выпускалася больш за 10 фасонаў мужчынскіх шапак з меха розных жывёл, да 12 фасонаў жаночых шапак, а таксама дзіцячыя шапкі, манто, паліто, каўняры. У 2015 годзе прадпрыемства было ліквідавана.


Тым часам меркаванні бабруйцаў з нагоды знішчэння мазаікі ў сацсетках падзяліліся.

Адны пішуць: «Не шкада», «Дзякуй Богу. Такая сабе творчасць», «Адным Леніным менш – толькі лепш. Мастацкай вартасці не бачу, а як помнік эпохі – іх дзяваць няма куды».

Некаторыя аматары даўніны прытрымліваюцца зусім іншых думак. Так, адзін з іх сумуе: 

–  Безумоўна, да мазаікі можна ставіцца выключна адмоўна, з улікам цалкам ідэалагічнай скіраванасці сюжэту. Аднак,… мазаічнае пано выканана на дастаткова добрым узроўні, верагодна мясцовымі мастакамі. Я заўважаю ў цалкам сацрэалістычным сюжэце яўныя цытаты з твораў мінулага, …наўпростую цытату з сакральнага жывапісу, а менавіта з сюжэту, які прынята называць Маці Божая Валадарка Нябёсаў, дзе галоўным пасылам ёсць паведамленне свету, што Марыя зацяжарыла беззаганна. І ў гэтым ёсць сведчанне надыходу новага часу, у якім з чалавекам будзе ўкладзены Новы запавет. Мастак гуляе са здабыткам культуры, пераносячы яго ў новыя (савецкія) умовы. А ва ўмовах тых часоў… адбывалася кшталтаванне майстроў новага погляду і шырыні творчых амбіцыяў, якія, прадзіраючыся скрозь ідэалагічныя штампы, пачыналі казаць уласным голасам, што нёс ужо на сабе адбіткі ранейшых беларускіх выяўленчых дасягненняў. 

Дыскусія з нагоды знішчэння мазаікі яшчэ раз нагадала, што каб узбагаціць сябе, варта ўсё ж больш разумна і ашчадна адносіцца да нашай спадчыны.

фота: 1387.by

Бабруйчанін незаконна перавозіў спірт на 115 000 рублёў

4 620 літраў спірта знайшлі ў грузавым аўтамабілі жыхара Бабруйска супрацоўнікі ДАІ – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Аўтамашына была затрымана паблізу вёскі Ясны Лес. Агульны кошт груза па меркаванні аператыўнікаў дасягае 115 000 рублёў. Цяпер праводзіцца праверка, дзеля высвятлення паходжання спіртаўтрымліваючай вадкасці. Па яе выніках 51-гадоваму жыхару Бабруйска пагражае штраф ад дзесяці да ста базавых велічынь.

У Бабруйску знайшлі наркалабараторыю

У сваім дачным доме 29-гадовы бабруйчанін абсталяваў памяшканне для вырошчвання канопляў – піша Тэлеграм-канал прэс-службы МУС.

Падчас обшуку было знойдзена абсталяванне для вентыляцыі і асвятлення, рэгулятар кіслотнасці глебы, угнаенні, сістэма паліву. Канфіскаваны кусты канабісу, гашыш і марыхуана агульнай вагой больш за 100 г.

Фігурант затрыманы, следчымі, яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Бабруйск і Магілёў абмяняюцца спектаклямі ў рамках шматпакутнага фестываля нацыянальнай драматургіі

У Магілёўскай вобласці 11-16 лістапада нарэшце пройдзе VIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, час правядзення якога некалькі разоў пераносіўся. 

Гэтым разам 11 тэатраў з сямі гарадоў Беларусі пакажуць свае новыя пастаноўкі. У конкурсе ўдзельнічаюць тэатры з Брэста, Віцебска, Гомеля, Маладзечна, Бабруйска, Магілёва і Мінска.  

Спектаклі пройдуць на некалькі пляцоўках. У Бабруйску іх пакажуць на вялікай і малой сцэнах Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча і ў Палацы мастацтваў. Упершыню ў гісторыі фестывалю адзін са спектакляў будзе паказаны на сцэне драматычнага тэатра ў Магілёве. Запланаваны дзве конкурсныя праграмы: “Спектакль тэатра драмы” і “Эксперымент”. 


Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч беларускі паэт, драматург і тэатральны крытык. Нарадзіўся ў 1808 годзе ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, першы класік новай беларускай літаратуры.


Адбор пастановак на фестываль праходзіў яшчэ ў 2021 годзе. Мясцовыя рэсурсы ўжо смакавалі падзею. Была выраблена нават афіша фестывалю з канкрэтнымі датамі. Але ў апошні момант яго перанеслі. Афіцыйнай прычынай была названа складаная эпідэміялагічная сітуацыя. 

Сёлета начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства культуры Ірына Дрыга пракаментавала леташні перанос крыху інакш: 

– Па розных прычынах, у тым ліку звязаных з эпідэміялагічнай сітуацыяй, зменамі складу труп некаторых нашых тэатраў, фестываль быў перанесены на 2022 год. Адабраныя ў 2021 годзе спектаклі захаваліся ў праграме. Да іх дадалі два новыя спектаклі: гэта пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача і Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя У.І. Дуніна-Марцінкевіча.  

Дазволім сабе нагадаць, што ў 2020-2021 гадах са многіх тэатральных калектываў краіны сышло па розных прычынах шмат вядомых артыстаў. 

Магілёўскі абласны драматычны тэатр 15 лістапада прывязе ў Бабруйск спектакль рэжысёра-пастаноўшчыка Таццяны Пацай “Прымакі” паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы. Гэта “сцэнічная шутка ў адной дзеі”, у аснове якой – народны анекдот. Прэм’ера адбылася 10 чэрвеня 2022 года напярэдадні 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры. 

А ў Магілёве ў гэты ж дзень на вялікай сцэне адбудзецца паказ спектакля “Песя і Янка” тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска. Пастаўлены ён

паводле аднайменнай п’есы Аркадзя Шульмана і Яна Карпінскага. Рэжысёр-пастаноўшчык Таццяна Дарагабед. Гэта гісторыя пра вайну і каханне маладой яўрэйскай дзяўчыны Песі і цыгана Янка, якія цудам выратаваліся ад фашыстаў.

Жыхары вобласці маюць магчымасць стаць удзельнікамі VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча.

Фотаздымкі ўзяты з адкрытых крыніц і носяць ілюстрацыйны характар

“Арт-крошачная” выстава з Глуска здзіўляе сваёй яркасцю, вобразнасцю, незвычайнасцю бабруйчан

З Глуску ў Бабруйск прыбыла выстава юных мастакоў аб’яднання “Арт-кроха” і выстаўляецца ў Бабруйскім мастацкім музеі.

Заснавальнікам і мастацкім кіраўніком, а таксама ідэйным натхняльнікам творчага аб’яднання ўжо амаль 5 гадоў з’яўляецца Алена Пятрова. Яна працуе настаўнікам выяўленчага мастацтва ў гімназіі Глуска, дзе і кіруе “АРТ-Крохай”. 

За гэты час каля ста хлопчыкаў і дзяўчынак розных узростаў далучыліся да мастацтва і стварылі вялікую колькасць адметных работ. Перамогі ў розных конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, выступленні на тэлебачанні, артыкулы ў газетах і часопісах і выставы – дасягненні аб’яднання. 

Дзіцячыя малюнкі заўжды вызначаюцца яркасцю фарбаў, бо сятчатка вачэй дзіця ўспрымае такім свет. У дарослых яркасць бачання зніжаецца ў два разы за кожныя сем-дзесяць гадоў. У дзяцей іншае, чым у дарослых, і светаўспрыманне. А калі дадаць недасканалую наіўную тэхніку малявання, то такія выставы заўжды цікавыя і аптымістычныя для людзей любога ўзросту. 

Не дзіва, што творы юных глускіх мастакоў не першы раз прадстаўляюцца публіцы. Летась у Глускім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі выстаўляліся “Шэдэўры арт-крошак або арт-крошачныя шэдэўры”. Цяпер прыйшла чарга бабруйчан знаёміцца з яркімі дзіцячымі малюнкамі. 

фота: Газета “Радзіма”

Бабруйскія алкаголікі, не забудзьцеся закупіцца сёння!

У Бабруйску заўтра дзень не будуць прадаваць алкаголь з 00.00 да 24.00. Чаму абраны менавіта гэты дзень дакладна невядома. 

На тэрыторыі горада пройдзе прафілактычная антыалкагольная акцыя «Дзень цвярозасці», паведамляе Бабруйскі гарвыканкам. Не будуць прадавацца алкагольныя напоі, але выключэнне зрабілі для рознічнага гандлю спіртным у разліў у аб’ектах грамадскага харчавання. Таксама абмежаванні не распаўсюджваюцца на рэалізацыю алкагольных напояў раздробнымі гандлёвымі аб’ектамі для правядзення рытуальных абрадаў.

Пра падобныя акцыі ў розных раёнах вобласці ўжо паведамлялі Магілёў.media. Традыцыйна антыалкагольную акцыю «Дзень цвярозасці» чыноўнікі тлумачаць неабходнасцю правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцця, прафілактыку пʼянства і алкагалізму ды барацьбу з імі.

Чаму абрана менавіта пятніца 11 лістапада дакладна невядома. Гэтым разам гарадам і раёнам краіны ў рамках агульнанацыянальнай акцыі «Дзень цвярозасці» далі свабоду выбару, вось яны яшчэ напачатку года выбралі тыя даты, якія ім падаліся лагічнымі.

План акцыі ў Бабруйску быў зацверджаны яшчэ ўзімку 21 студзеня 2022 г. , і сёлета ў Бабруйску былі абвешчаны чатыры дні цвярозасці – 11 лютага, 13 траўня, 12 жніўня і 11 лістапада.

Ці варта закупляць сёння алкагольныя напоі на заўтра, кожны бабруйчанін вырашыць самастойна. Але памятаць пра неабходнасць разумнага абмежавання іх выкарыстання трэба заўжды. 

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц

Жанчына распрадала сядзібу сваякоў пад Бабруйскам – і дом па частках, і тэхніку, і нават плот

Гаспадары дома рэдка прыяжджалі на радзіму з Расіі, а махлярка высылала ім старыя фотаздымкі каб пераканаць, што ўсё ў парадку.

45-гадовая жыхарка Бабруйскага раёна знайшла ключы ад дачнага доміка сваіх родных у сядзібе маці, калі тая памерла ў 2020 годзе. Раней асуджаная за махлярства і прысваенне чужой уласнасці, жанчына стала пастаянна наведвацца на прысядзібны ўчастак сваякоў – паведамілі прадстаўнікі Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці агенцтву БелТА.

Падчас візітаў жанчына паступова распрадавала маёмасць сваіх родных, выкладаючы паведамленні пра продаж на папулярнай інтэрнэт-пляцоўцы. 

– Інструменты, газонакасілку, трымер, бетонамяшалку і мэблю яна рэалізавала праз віртуальную гандлёвую пляцоўку, затым пайшлі ў ход будаўнічыя матэрыялы, з якіх быў пабудаваны прысядзібны домік, і заборная агароджа – расказала агенцтву БелТА афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Таццяна Старасотнікава.

З уласнікамі сядзібы звязаліся прадстаўнікі сельскага савета, калі на ўчастку ўтварылася пустка, якая праз дэмантаж агароджы і збудавання стала небяспечнай для жыхароў населенага пункта. Супрацоўнікі сельсавета прадманстравалі рэальны стан дачнага ўчастка на фотаздымках гаспадарам, якія даўно не прыяжджалі ў Беларусь з Расіі.

45-гадовая жанчына, што падазраецца ў махлярстве, спрабавала пераканаць сваякоў, што з іх уласнасцю нічога не здарылася. Дзеля гэтага яна высылала ім старыя фотаздымкі сядзібы, якія зрабіла да продажу маёмасці. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “Крадзёж.

фота з адкрытых крыніц

“Бабруйскі дуб-волат” пад пагрозай знішчэння

У Бабруйску працягваецца дыскусія пра будучыню дуба-волата. Толькі статус помніка ратуе 300-гадовае дрэва. 

У 2003 годзе Бабруйскі гарадскі выканаўчы камітэт аб’явіў батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння “Бабруйскі дуб-волат”. А сёлета эксперты прапануюць пазбавіць дуб статуса батанічнага помніка, бо ён знаходзіцца ў аварыйна-небяспечным стане. Тлумачыцца гэта небяспекай для маёмасці і чалавечых жыццяў. Дуб-волат у Бабруйску расце ў цэнтры горада, побач з тратуарам і праезнай часткай, паміж будынкам УУС і крамай керамікі. 


Дыяметр ствала “Бабруйскага дуба-волата” роўны 1,4 м. У вышыню дрэва дасягае 28 метраў. Крона гарадскога старажыла распасціраецца на 17,1 м (прыкладна на 6 паверхаў) у напрамку з поўначы на поўдзень, на 24,2 м — з усходу на захад (8 паверхаў). Дуб захаваўся ў горадзе з часоў Рэчы Паспалітай. Мясцоваму старажылу больш за 300 гадоў.


У гэтым годзе Бабруйск наведалі эксперты навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах у рамках інвентарызацыі помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння ўнікальных прыродных аб’ектаў у Магілёўскай вобласці. У сярэдзіне вегетацыйнага перыяду, калі жыццёвыя паказчыкі расліны найбольш вызначальныя, быў абследаваны і Дуб-волат. Выніковы акт канстатуе праблемны стан дрэва і рэкамендуе разгледзець пытанне аб спыненні функцыянавання яго як помніка прыроды. 

Чаму вякавое дрэва, якое вытрымала шматлікія войны, аблогі і пажары ў Бабруйску, пачало гінуць?

Святлана Цярэшчанка, кандыдат біялагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік цэнтра з сумам канстатуе

“Пашкоджанні Дуба-волата ў Бабруйску звязаныя з натуральным разбурэннем. Дрэва страціла галіну першага парадку з часткай ствала. У месцы разгалінавання шкілетных галін з’явіліся дуплы, а трутавыя грыбы на ствале дрэва сведчаць аб наяўнасці ствалавой гнілі… Калі ламаюцца шкілетныя галіны, дрэвы губляюць устойлівасць. У Дуба-волата ў Бабруйску зламаная адна з буйных шкілетных галін, а другая мае нахіл каля 30 градусаў. Моцны вецер можа яе зламаць.”

На жыццяздольнасць раслін уплывае комплекс фактараў:  месца вырастання, наяўнасць ці адсутнасць шкоднікаў, хвароб, глебава-гідралагічныя, кліматычныя і іншыя ўмовы.

“Каранёвая сістэма дуба ў Бабруйску схільная да антрапагеннага прэса: у ёй адбываюцца парушэнні працэсаў цыркуляцыі вады і паветра, дрэва не атрымлівае дастатковай колькасці пажыўных рэчываў. Акрамя таго, на дуб аказваюць уздзеянне выкіды ад аўтамабільнага транспарту і прамысловых прадпрыемстваў” – тлумачыць Цярэшчанка.

Ахоўныя мерапрыемствы

У акце абследавання помніка прыроды эксперты высока ацанілі прыродаахоўную дзейнасць мясцовых арганізацый. КУП “ДЭП г. Бабруйска” у 2015 годзе сцягнула дрэва стальным абручом, які замацаваў расколіну ў драўніне ад канчатковага разлому. Супрацоўнікі прадпрыемства праводзяць мерапрыемствы з мэтай падаўжэння веку гарадскога волата: выдаляюць сухія галіны, дэзынфікуюць і пламбуюць расколіны антысептычнымі сродкамі. Але дрэва знаходзіцца ў аварыйным стане. 

Абмеркаванне на экспертным узроўні працягваецца. А грамадскія актывісты і эколагі турбуюцца, бо пазбаўленне статусу помніка амаль немінуча прывядзе да ліквідацыі аднаго з самых старых сведкаў мінуўшчыны Бабруйска. 

Фота: zviazda.by

Вот такой хлебушек продается в Бобруйске – фотофакт

Магазин «Копеечка», который на Ульяновской, 21 шлёт бобруйчанам флюиды любви – пишет Телеграм-канал “Бобруйск онлайн”. И в качестве бонуса – фото из того же магазина с товаром, который валяется на полу.

 

Беларускія землі – прытулак для стараабраднікаў

У лістападзе адбыліся дзве падзеі, якія тычацца гісторыі стараабраднікаў Беларусі.  30 лістапада 1978 года заснаваны, а 1 лістапада 1987 пачаў працаваць Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярова. Гэта адзіны ў краіне музей стараабраднікаў.

Стараабраднікі ў Беларусі – гэта этнакультурная група, якая пачала фарміравацца з XVII стагоддзя. Стараабрадцы жывуць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Найбольш значныя іх цэнтры – Ветка Гомельскай вобласці, Браслаў і Відзы Браслаўскага раёна, Капусціна Кіраўскага раёна.

Стараабраднікі (стараверы) ў сярэдзіне XVII стагодзя, у праўленне царэўны Соф’і, уцякалі з Маскоўскай дзяржавы пасля раскола Рускай праваслаўнай царквы. Супраць тых, хто прытрымліваўся традыцый у веры, улада праводзіла палітыку рэпрэсій, якая падахвочвала да эміграцыі.

Значная частка тых, хто не прыняў царкоўную рэформу, адразу ж накіравалася ў Рэч Паспалітую. Стараабраднікі заснавалі на беларускіх землях два буйныя цэнтры – вакол Браслава і Відз (Падзвінне) і вакол Веткі (Палессе).

Спецыяльная камісія ўраду Рэчы Паспалітай на чале з А. Пацеем была накіравана ў 1690 годзе ў Ветку для азнаямлення са слабодамі (іх хутка узнікла 14 пад агульнай назвай Ветка) старавераў. Камісія прыйшла да высновы, што мігранты не ствараюць пагрозы для дзяржавы. Каталіцкая царква разглядала стараабраднікаў, як групу адыходзячых ад праваслаўя. Таму кароль Рэчы Паспалітай Ян III Сабескі ў 1691 годзе дазволіў праціўнікам рэлігійнай рэформы праваслаўнай царквы свабодна жыць у дзяржаве.

Сённяшні горад Ветка – цэнтр раёна Гомельскай вобласці. Заснаваны стараабраднікамі ці то ў 1685, ці то ў 1667 годзе на землях мазырскага старосты Карла Халецкага (каля Веткі – іх маёнтак Хальч). Вядома, што ў Ветцы бываў Емяльян Пугачоў – пазней кіраўнік сялянскага паўстання. У 1764 годзе ён удзельнічаў у карнай экспедыцыі расійскіх войскаў на Веткаўшчыну, каб прымусіць старавераў вярнуцца на радзіму.

Гэта быў не першы падобны выпадак. Маскоўская дзяржава варожа аднеслася да ідэі ўзнікнення пасяленняў стараабраднікаў на тэрыторыі Беларусі.Упершыню расійскія войскі перайшлі дзяржаўную мяжу і ўварваліся на тэрыторыю іншай дзяржавы яшчэ ў 1735 годзе. Былі спустошаны веткаўскія слабоды, большасць насельніцтва, па розных крыніцах ад 14 да 40 тысяч стараабраднікаў была выселена ў Расійскую імперыю. 

Поўнасцю была вынішчана Ветка, якая мела амаль 40 000 насельнікаў (для параўнання, у Гомелі жыло 5 000). Трагічныя падзеі паўтарыліся ў 1764 годзе, «другая выганка», калі была выселена 20 000, галоўным чынам, у Сібір. Тыя, хто выратаваўся ад гвалтоўнай дэпартацыі, рассялілася па ўсім Мінскім ваяводстве, патрапілі на тэрыторыю сённяшніх Бабрусйкага, Кіраўскага і некаторых іншых раёнаў.

Колькасць стараабраднікаў на Беларусі да 1914 года дасягнула 100 000  чалавек. Стараабраднікі мелі драўляныя храмы. Толькі ў Відзах, дзе існавалі каталіцкая, праваслаўная, стараверская, мусульманская, юдзейская і пратэстанцкая абшчыны, быў пабудаваны першы стараабадніцкі мураваны храм Успення Прасвятой Багародзіцы. Ён быў узведзены ў 1907-1910 гадах па праекце ўраджэнца Мсціслаўшчыны Лявона Вітана-Дубейкаўскага.

царква ў Відзах

Зараз на тэрыторыі Магілёўскай вобласці вядомы 7 стараабрадніцкіх абшчын: у Магілёве (1), Бабруйску (3), Бабруйскім (2, у тым ліку ў в. Багушоўка), Кіраўскім (в. Капусціна, маецца царква) раёнах.

У XVIII стагоддзі сфарміравалася асобная рэлігійная традыцыя стараабраднікаў, вылучалася веткаўская школа кніжнай графікі і арнаменту. Для яе характэрны спалучэнне “старадрукаванага” стылю са стылем “маскоўскага барока”, шырокае выкарыстанне расліннага арнаменту. У застаўках і буквіцах выкарыстоўваліся выявы жывёл, птушак і насякомых. Кнігі мелі багатую каляровую гаму.

Набыла вядомасць веткаўская школа іканапісу («веткаўскі абраз»), для якой характэрна спалучэнне старажытных традыцый з новымі элементамі ў тэхніцы. Асаблівую ўвагу даследчыкаў прыцягвае іканаграфія Міколы Агіднага. Спалучэнне канонаў візантыйскай і рускай праваслаўных цэркваў з тэхнікай маскоўскіх, наўгародскіх, украінскіх і беларускіх майстроў тлумачыцца тым, што Ветка мела статус рэлігійнага цэнтра стараверства, да якога імкнуліся ўсе выдатныя майстры.

Склалася самабытная школа веткаўскай разьбы.

Адзіны на тэрыторыі краіны музей, дзе можна азнаёміцца з унікальнымі помнікамі веткаўскай разьбы, кніжнай графікі і арнаменту, «веткаўскімі абразамі» – Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый. Музей носіць імя выхадца са стараабрадніцкага асяродку, ураджэнца і жыхара Веткі, гарачага прыхільніка і прапагандыста мясцовай культуры, збіральніка прадметаў даўніны, заснавальніка музея Фёдара Рыгоравіча Шклярова (1925-1988).