Бабруйск і Магілёў абмяняюцца спектаклямі ў рамках шматпакутнага фестываля нацыянальнай драматургіі

У Магілёўскай вобласці 11-16 лістапада нарэшце пройдзе VIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, час правядзення якога некалькі разоў пераносіўся. 

Гэтым разам 11 тэатраў з сямі гарадоў Беларусі пакажуць свае новыя пастаноўкі. У конкурсе ўдзельнічаюць тэатры з Брэста, Віцебска, Гомеля, Маладзечна, Бабруйска, Магілёва і Мінска.  

Спектаклі пройдуць на некалькі пляцоўках. У Бабруйску іх пакажуць на вялікай і малой сцэнах Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча і ў Палацы мастацтваў. Упершыню ў гісторыі фестывалю адзін са спектакляў будзе паказаны на сцэне драматычнага тэатра ў Магілёве. Запланаваны дзве конкурсныя праграмы: “Спектакль тэатра драмы” і “Эксперымент”. 


Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч беларускі паэт, драматург і тэатральны крытык. Нарадзіўся ў 1808 годзе ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета. Заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатра, першы класік новай беларускай літаратуры.


Адбор пастановак на фестываль праходзіў яшчэ ў 2021 годзе. Мясцовыя рэсурсы ўжо смакавалі падзею. Была выраблена нават афіша фестывалю з канкрэтнымі датамі. Але ў апошні момант яго перанеслі. Афіцыйнай прычынай была названа складаная эпідэміялагічная сітуацыя. 

Сёлета начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства культуры Ірына Дрыга пракаментавала леташні перанос крыху інакш: 

– Па розных прычынах, у тым ліку звязаных з эпідэміялагічнай сітуацыяй, зменамі складу труп некаторых нашых тэатраў, фестываль быў перанесены на 2022 год. Адабраныя ў 2021 годзе спектаклі захаваліся ў праграме. Да іх дадалі два новыя спектаклі: гэта пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача і Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя У.І. Дуніна-Марцінкевіча.  

Дазволім сабе нагадаць, што ў 2020-2021 гадах са многіх тэатральных калектываў краіны сышло па розных прычынах шмат вядомых артыстаў. 

Магілёўскі абласны драматычны тэатр 15 лістапада прывязе ў Бабруйск спектакль рэжысёра-пастаноўшчыка Таццяны Пацай “Прымакі” паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы. Гэта “сцэнічная шутка ў адной дзеі”, у аснове якой – народны анекдот. Прэм’ера адбылася 10 чэрвеня 2022 года напярэдадні 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры. 

А ў Магілёве ў гэты ж дзень на вялікай сцэне адбудзецца паказ спектакля “Песя і Янка” тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска. Пастаўлены ён

паводле аднайменнай п’есы Аркадзя Шульмана і Яна Карпінскага. Рэжысёр-пастаноўшчык Таццяна Дарагабед. Гэта гісторыя пра вайну і каханне маладой яўрэйскай дзяўчыны Песі і цыгана Янка, якія цудам выратаваліся ад фашыстаў.

Жыхары вобласці маюць магчымасць стаць удзельнікамі VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча.

Фотаздымкі ўзяты з адкрытых крыніц і носяць ілюстрацыйны характар