На Магілёўшчыне чатыры чалавекі атруціліся метанолам з пачатку года

З пачатку 2023 года ў Магілёўскім рэгіёне зафіксавана чатыры выпадкі смерці ад няякаснага алкаголя. 

– Апошні сёлета выпадак стаў рэкордным па канцэнтрацыі спірту – расказаў “Магілёўскім ведамасцям” дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт-хімік Аляксандр Іваноў – Ён здарыўся з 62-гадовым мужчынам, якога знайшлі мёртвым у кватэры ў Магілёве. Пры правядзенні экспертызы ў крыві нябожчыка выяўлены метанол, які ў пяць разоў перавышаў смяротную канцэнтрацыю – 5%. Па прыкладных падліках мужчына выпіў ад 0,5 да 1 л алкаголю на метанолавым спірце.

Як правіла, метанолзмяшчальныя вадкасці, якія ўжываюць людзі – гэта аўтамабільныя шклоамывальнікі кантрафактнага паходжання, набытыя з рук або фальсіфікаваныя спіртныя напоі.

Крыніцы mogilev.media паведамляюць, што сярод ахвяр атручэння метанолам у бягучым годзе – два супрацоўнікі праваахоўных органаў, што атруціліся ў Палыкавічах.

Фота ілюстрацыйнае

Магілёўскія турысты разбіліся пад Віцебскам – што вядома

Вечарам 22 чэрвеня на трасе М-8 вадзіцель турыстычнага аўтобуса Neoplan сутыкнуўся з красоверам Nissan, ад удару аўтобус з’ехаў у правы па ходзе руху кювет і перакуліўся. У салоне знаходзіліся 50 чалавек разам з кіроўцам – практычна ўсе з Магілёва і Магілёўскага рэгіёна.

Па медыцынскую дапамогу пасля аварыі звярнуліся 17 чалавек, у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі Віцебска дастаўлены 4 чалавекі, з іх адзін дзіцёнак 16 гадоў. У Віцебскую абласную бальніцу дастаўлены 7 чалавек, з іх адзін дзіцёнак 12 гадоў. Пазней у прэс-службе МУС паведамілі, што ў лякарні працягвае знаходзіцца толькі адна жанчына – жыхарка Гомеля 1978 года нараджэння.

Аўтобус з 49 турыстамі ехаў з Магілёва ў Санкт-Пецярбург. Ён належыць гомельскай фірме, кіроўца таксама жыхар Гомеля.

Фота з адкрытых крыніц

Горача, воблачна, дажджліва – прагноз надвор’я на канец тыдня

На ўікенд у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы вышэй за +20°С, ноччу каля +17°С, днём +25° +28°С.

Будзе пераважаць воблачнае з ападкамі надвор’е. Працягласць дня паменшыцца на 1 хвіліну да 17 гадзін 8 хвілін 25 чэрвеня. У нядзелю сонца ўзыйдзе ў 4:28, зойдзе ў 21:36.

23 чэрвеня, пятніца – надвор’е абяцае быць воблачным. Днём тэмпература падрасце да +27°С і пераважна без ападкаў. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага-захаду, поўначы, у другой палове дня – з паўднёвага захаду, хуткасць вятроў 2-4 м/с. Растучы Месяц. Магнітнае поле няўстойлівае.

У суботу, 24 чэрвеня, пераважна воблачна. Уноч да +17°, уранні і ўвечары да +22°С, днём слупкок тэрмометра падымецца да +26°С, месцамі і ў асобных раёнах да +28°С. Надвор’е пратрымаецца ў першай палове ў асноўным без ападкаў, у другой палове, асабліва пад вечар, магчымы дажджы . На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўднёвага захаду і паўночнага усходу, хуткасць вятроў 1-4 м/с, пры парывах да 6-8 м/с. Растучы Месяц. Магнітнае поле спакойнае.

У нядзелю, 25 чэрвеня, прагназуецца пераважна даждлівае надвор’е, у другой палове магчымы навальніцы, уноч і раніцай да +17°С, удзень паветра прагрэецца да +26°С, у асобных раёнах да +28°С. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць заходнія і паўночна-заходнія вятры хуткасцю 2-4 м/с. Месяц расце.

Ранак панядзелка 26 чэрвеня пачнецца з воблачнага надвор’я, з ранішнімі тэмпературамі да +14°С, з паўночна-заходнімі вятрамі хуткасцю да 2 м/с. У другой палове дня вялікая верагоднаць дажджоў, тэмпература да +26°С.

Фота: mogilev.media

Кампанія падлеткаў бегала па закінутых быхаўскіх казармах, адзін хлопчык праваліўся праз падлогу

Дзесяцігадовы школьнік атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, пераломы рук і іншыя пашкоджанні – паведамляюць Судовыя экспертызы.

У Быхаве ў сярэдзіне чэрвеня кампанія падлеткаў зайшла ў стары двухпавярховы будынак былой казармы, у адной з частак якіх вядуцца рамонтныя работы. Тут 10-гадовы хлопчык па драўлянай лесвіцы падняўся на другі паверх і стаў там бегаць. У нейкі момант пад ім правалілася драўляная падлога і школьнік ўпаў на першы паверх.

Са шматлікімі цялеснымі пашкоджаннямі, у тым ліку з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, пераломамі абедзвюх кісцяў рук і іншымі траўмамі хлопчык шпіталізаваны ў раённую бальніцу, зараз знаходзіцца на лячэнні ў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы.

Фота: Судовыя экспертызы

У Горках хлопец распальваў мангал і загарэўся

У Горках на вуліцы Будаўнікоў малады чалавек у двары прыватнага дома распальваў мангал. Дзень хіліўся да вечара, і, каб справа пайшла хутчэй ён плёснуў вадкасць-распальвальнік. Але пары вадкасці патрапілі на вопратку і тканіна хутка ўспыхнула – паведамляе міністрэства па надзвычайных справах. З апёкамі юнака шпіталізавалі ў раённую бальніцу.

Фота ілюстрацыйнае

Паявіліся лясныя ягады, маладая бульба – паглядзелі, што па чым

На магілёўскім Мінскім рынку можна сустрэць зусім крыху чарніцаў – іх прадавала сёння толькі адна жанчына. За поўлітровую шкляначку – восем рублёў.

Суніцы каштуюць у два разы танней, чатыры рублі за паўлітра.

Ёсць і маладая бульба, пакуль даволі дробная. Прадаюць усяго два гандляры і тут таксама чатыры рублі, але ўжо за кілаграм.

Фота: mogilev.media

У Мсціслаўскім раёне канфіскавалі 12 тон груш на 100 000 рублёў

Мытнікі спынілі спробу незаконнага перамяшчэння 12 тон груш на беларуска-расійскім участку мяжы ў Магілёўскай вобласці.

У грузавым аўтамабілі, які спынілі мытнікі ў Мсціслаўскім раёне, перамяшчалі грушы пад прыкрыццём блокаў з бетону. Менавіта апошні тавар быў пазначаны ў прадстаўленых дакументах. Пры правядзенні для агляду за бетоннымі блокамі выяўлена больш за 12 тон груш на суму амаль 100 тысяч беларускіх рублёў. Ніякіх дакументаў на садавіну ў вадзіцеля не аказалася. 

Распачаты адміністрацыйны працэс ў адпаведнасці з якім індывідуальнаму прадпрымальніку, які перамяшчаў грушы, пагражае штраф у памеры да 50 працэнтаў ад кошту тавару, а вадзіцелю, які перавозіў яблыкі – да 30 базавых велічынь – паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Фота ілюстрацыйнае

На Магілёўшчыне пайшлі адмены забароны на наведванне лясоў – мапа

Толькі сем раёнаў Магілёўскай вобласці ўсё яшчэ трапляюць пад забарону на наведванне лясоў. Гэта самыя заходнія раёны рэгіёна – Асіповіцкі, Бабруйскі, Глускі, Кіраўскі і Клічаўскі, а таксама Горацкі і Дрыбінскі.

На астатняй тэрыторыі Магілёўскага рэгіёна забароны знятыя цалкам, альбо ўведзены толькі абмежаванні на масавыя мерапрыемствы і распальванне кастроў. Інтэрактыўную мапу забарон на наведванне лясоў можна пабачыць тут.

Фота ілюстрацыйнае

У Чавусах гарэў цэх “Бабулінай крынкі”, загінуў галоўны інжынер

Днём 21 чэрвеня у будынку цэха па перапрацоўцы і захоўванні сухога малака на тэрыторыі Чавускага філіяла «Бабулінай крынкі» адбыўся пажар. На момант прыезду ратавальнікаў увесь будынак быў ахоплены дымам, полымя пашкодзіла дах і абсталяванне.

З памяшкання цэха ратавальнікі вынеслі ў непрытомным стане работніка прадпрыемства 1961 года нараджэння – галоўнага інжынера прадпрыемства. Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі была канстатавана яго смерць – паведамляе прэс-служба МНС.

Папярэдне ўстаноўлена, што ў цэху прадпрыемства сіламі іншай арганізацыі ажыццяўляўся дэмантаж труб. З-за пажару ў цэху, дзе знаходзіцца каля 450 т сухой малочнай сумесі, часткова абрынуўся дах.

Фота: МНС

Прыступкі рассыпаюцца на вачах – у Крычаве ўжо нікога не здзіўляе выгляд гандлёвага цэнтра

Праблема з прыступкамі гандлёвага аб’екта у Камсамольскім мікрараёне, з’яўляецца ўжо не першы раз. Іх жудасны выгляд не здзіўляе крычаўлянаў, бо ў такім стане яны ўжо не першы месяц.

Друхпавярховы будынак з вялікай колькасцю крамаў – “Міла”, “Дабраном”, пункт выдачы “Вайлдберыз” і іншыя – размешчаны ў цэнтры горада і карыстаецца сярод крычаўлянаў вялікай папулярнасцю. Магчыма, менавіта з-за гэтага ганак будынка так хутка прыходзіць у непрыдатнасць.

Летась прыступкі ўжо рамантаваліся адпаведнымі службамі, але доўга прыгажосць не пратрымалася. Праз год прыступкі зноў апынуліся ў жудасным стане, а выпраўляць іх стан ніхто не спяшаецца – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Праблема тут заключаецца не толькі ў эстэтычным выглядзе цэнтра горада, але і ў бяспецы насельніцтва. У вячэрні час гэты гандлёвы цэнтр наведвае нямалая колькасць людзей, пагэтаму варта чакаць бяды, калі не выправіць будаўнічы недахоп своечасова і якасна.

Фота: “Крычаўскае жыццё”.