У Магілёве на пажары выратавалі чалавека

Як паведамляе прэс-служба МНС, пажар здарыўся вечарам 4 красавіка ў кватэры на чацвёртым паверсе пяціпавярховага жылога дома па Пушкінскім праспекце. Работнікамі МНС выратаваны гаспадар 1979 года нараджэння, непрацуючы, які з атручэннем прадуктамі гарэння быў шпіталізаваны. Прычына пажару высвятляецца.

Фота ілюстрацыйнае

Новы магілёўскі тралейбусны маршрут з’явіцца ў маі

Новы тралейбусны маршрут адкрыюць у Магілёве ўжо ў маі, паведамляе SB.BY. 

У густанаселеныя раёны “Спадарожнік” і “Казіміраўка” будуць хадзіць новыя тралейбусы МАЗ з аўтаномным ходам. 

Такія тралейбусы пусцяць па новым маршруце ад завулка Ватуціна праз Першамайскую і праспект Міру на мікрараён Казіміраўка. 

Частка маршруту будзе праходзіць па існуючай кантактнай сетцы тралейбусаў ад прыпыначнага пункта “Завулак Ватуціна” да прыпынка “Праспект Міру”, рух аўтаномным ходам будзе ажыццяўляцца ад “Праспекта Міру” да “Вуліцы Чырвоназорнай” і назад.

Інтэрвал руху плануецца ў межах 8-10 хвілін.

На новым маршруце будуць працаваць пяць нядаўна набытых тралейбусаў з аўтаномным ходам. Чакаецца паступленне яшчэ аднаго такога тралейбуса.

Фота Тelegram-канала «Магілёўаблаўтатранс»

Дзве машыны гарэлі ў Магілёве

Вечарам 3 красавіка адразу два ўзгаранні аўтамабіляў здарыліся ў абласным цэнтры. На вуліцы Якубоўскага загарэўся “Opel Meriva” 2004 года выпуска, які належыць магілёўцу 1995 года нараджэння (на фота). На вуліцы Дарвіна загарэўся “Renault Logan” 2019 года выпуска, які належыць 61-гадовай жыхарцы горада. Паводле папярэдніх дадзеных, пажары адбыліся з-за парушэнняў правіл эксплуатацыі электрасетак і абсталявання – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Пад Магілёвам конь ударыў капытом двухгадовага хлопчыка, ён у рэанімацыі

Як паведамляе Следчы камітэт Беларусі, вечарам 3 красавіка маці двухгадовага хлопчыка звярнулася ў абласную дзіцячую бальніцу. З траўмай галавы дзіцёнак быў шріталізаваны, і цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Як высветлілася, ён гуляў без нагляду на вуліцы ў прыватнай гаспадарца ў Магілёўскім раёне. Там жа на двары быў прывязаны да слупа конь – побач з домам хлопчыка. Па словах маці, конь ударыў хлопчыка. Цяпер следчы камітэт праводзіць праверку.

Фота ілюстрацыйнае.

Вясновы Фестываль новага італьянскага кіно пакажа магілёўскі кінатэатр “Радзіма”

З 6 па 19 красавіка магілёўскі кінатэатр “Радзіма” падрыхтаваў для гараджан і гасцей абласнога цэнтра вясновы Фестываль новага італьянскага кіно – паведамляе mogilevkino.

Кінатэатр “Радзіма” прапануе да прагляду чатыры фільмы: «Кароль смеху» (рэжысёра Марыё Мартонэ), «Мая другая палоўка» (рэж. Марка Мартані), «Каханне без памяці» (рэж. Франчэска Марына), «Лакдаўн па-італьянску» (рэж. Энрыка Ванцына). У іх кіпяць уласцівыя італьянскаму характару страсці, выбухаюць феерверкі гумару, а мудрагелістыя павароты ў адносінах герояў прыводзяць да непрадказальнай развязкі, нікога не пакінуць абыякавым – заяўляюць арганізатары.

Магілёвец месяц прыкідваўся п’яным пакупніком, а сам цішком цягаў прадукты з крамы

Жыхар Магілёва, раней неаднаразова судзімы, на працягу месяца вадзіў за нос работнікаў прадуктовай крамы ў абласным цэнтры. На касе ён прыкідваўся перад прадаўцамі выпівохай, што прыйшоў за дагонам, а сам незаўважна перакладваў тавары з пакупніцкага кошыка ў свой пакет у ячэйцы камеры захоўвання. За месяц ён у сукупнасці абакраў магазін на 2 000 рублёў. Тавары з крамы ён перапрадаваў іншым асобам – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота ілюстрацыйнае.

Магілёўскі “Днепр” стартаваў у Першай лізе з перамогі

2 сакавіка для магілёўскай каманды прайшоў першы паядынак у другім дывізіёне Чэмпіяната Беларусі па футболе. На сваім полі “Днепр” прымаў каманду з Оршы. Форвард гаспадароў Юрый Клачкоў аформіў свой першы хет-трык у кар’еры, гульня завяршылася з лікам 3:1 на карысць “Дняпра”.

Фота: Прэс-служба футбольнага клуба “Днепр”

Рэкі падняліся па ўсёй Магілёўшчыне – шмат фота

Працягваем сачыць, як разліваюцца рэкі і ручаіны на Магілёўшчыне з-за адлігі.

Вось так выглядае цяпер даліна з відам на Дняпро каля вёскі Новы Быхаў.

Пад’ём вады ў пойме Бярэзіны з відам на ФанДОК у Бабруйску.

Бярэзіна з Цітаўскага (Рагачоўскага) моста у Бабруйску, ад рачнога порта.

Ручаі ператварыліся ў шырокія рэкі. Траса Бабруйск-Гомель, каля вёскі Цялуша Бабруйскага раёна.

Рака Ала.

Рака Добасна, на мяжы Кіраўскага і Рагачоўскага раёнаў.

Больш за ўсё здзівіла Друць у нізоўях. Вада падтапляе прыватны сектар Рагачова.

Дняпро у Быхаве, від ад лясніцтва.

Фота: mogilev.media

У Магілёве прайшла начная спецаперацыя і ўжо праз дзесяць хвілін паймалі п’янага кіроўцу

Начное спецыяльнае мерапрыемства “Павуціна” супрацоўнікі абласнога ДАІ правялі ў Магілёве ў ноч на 2 красавіка. І ўжо праз 10 хвілін пасля яго пачатку ў горадзе быў выяўлены п’яны вадзіцель. Мужчына на Peugeot на асведчанні паказаў 1,47 праміле алкаголя. Цяпер яму пагражае штраф да 7 400 рублёў і пяць гадоў без правоў. Машына 28-гадовага кіроўцы адпраўлена на штрафную стаянку да выплаты штрафа  – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота ілюстрацыйнае.

Цяпла не чакайце – снег, дажджы. Надвор’е на наступны тыдзень.

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным пахмурнае, прахалоднае з дажджамі і снегам надвор’е. Да сканчэння Песаха (5-13 красавіка), да каталіцкага Вялікадня (9 красавіка) цяпла не прагназуецца.

У першы рабочы тыдзень красавіка цяплыні не будзе. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце яшчэ на 17 хвілін і дасягне 13 гадзін 25 хвілін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 6:18, зойдзе ў 19:43.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 3 красавіка. У ноч з нядзелі на панядзелак -1 0°С, месцамі да -3°С, раніцай каля 0°С. У дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +2°С, месцамі да +4°С. На працягу сутак будзе пахмурна, снег з дажджом, дождж. Вятры паўночнага напрамку хуткасцю да 5 м/с, пры парывах да 10-13 м/с. Месцамі на дарогах галаледзіца.

У аўторак, 4 красавіка, надвор’е абяцае быць пахмурным, дождж са снегам, месцамі снег. Будуць панаваць паўночна-заходнія вятры хуткасцю 3-6 м/с, пры парывах да 9  м/с. Месцамі на дарогах галаледзіца. Уноч ад -2 да -4°С, днём тэмпература +2  +4°С. Да ночы слупок тэрмометра усталюецца на рысцы бліжэй да 0°С.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 5 красавіка, прагназуецца воблачнае надвор’е, месцамі з праясненнямі, месцамі  з дажджом, мокрым снегам. Уранні каля 0°С, удзень да +4°С. Месцамі на дарогах галаледзіца. На працягу сутак прагназуецца прыток халодных паветраных мас з поўначы, хуткасць вятроў да 4 м/с.

У чацвер, 6 красавіка, сіноптыкі прагназуюць пахмурнае надвор’е з дажджом. Вецер памяняе свой напрамак на паўднёва-заходні. Хуткасць ветра да 4 м/с. Ноччу ад +1 да +3°С, на працягу дня тэмпература паветра складзе +3 +4°С. Поўня на небе.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 7 красавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным пахмурнае з дажджамі, месцамі дажджамі са снегам, надвор’е з панаваннем паўднёва-заходніх вятроў хуткасцю 3-5 м/с. Уноч ад 0 да +2 °С, раніцай да +2°С, днём да +7°С, месцамі да +8 °С, увечары каля +5°С. Поўня на небе.