Дзяўчынка, якая нованароджанай захварэла каранавірусам, нанава вучыцца есці

Нованароджаная дзяўчынка з Магілёва на працягу першых дзён жыцця мела сымптомы хваробы, якую медыкі не маглі дыягнаставаць. Станоўчы тэст на каранавірус агаломшыў – мала хто чакаў, што немаўлятка можа захварэць на яго.

Цяпер ёй дзесяць месяцаў. Яна праходзіць далейшае лекаванне ў хатніх умовах, і паступова адужвае. Невялічкімі порцыямі ежу можа спажываць самастойна. 

Пра хваробу і адужанне дзяўчынкі, пісаў раней Магілёў.media.

Як дазналася выданне з крыніц у медыцынскіх структурах, цяжкасці з лекаваннем дзяўчынкі найперш заключаліся ў тым, што было вельмі цяжка падключыць маленькую хворую да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх з-за мізэрных памераў яе дыхальных шляхоў. У той жа час абследаванне паказала 30-працэнтнае паражэнне лёгкіх. 

Яшчэ адной складанасцю для медыкаў стала кармленне дзяўчынкі. Падключаная да апарата з кіслародам, яна не магла карміцца натуральным чынам, пагэтаму медыкі выкарыстоўвалі зонд. Гэта ў сваю чаргу прывяло да таго, што нованароджаная магла не засвоіць глытальны рэфлекс. 

Магілёўскія медыкі звярнуліся па дапамогу да мінскіх калег, і дзяўчынка была перавезеная ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі. Там яна атрымала кваліфікаванае лячэнне, і ўжо ў снежні 2021 года яе ўдалося вылекаваць ад каранавіруса. 

Мінскія медыкі ўлічылі пагрозу для будучага паўнавартаснага жыцця немаўляткі, чаго не ўлічылі магілёўскія – для фарміравання глытальнага рэфлекса, падчас рэабілітацыі ёй спалучалі кармленне праз зонд з натуральным кармленнем. Пакрысе, у дзяўчынкі стаў паяўляцца адпаведны рэфлекс.

Затрымка ў магілёўскай лякарні, як выявілася, магла прывесці да таго, што рэфлекс так і не быў бы засвоены арганізмам. Іншых наступстваў хвароба не пакінула – неўралагічна і фізічна яна па сваім стане здароўя не выклікае хваляванняў у медыкаў.     

На Магілёўшчыне ў Кадзінскім сельсавеце абмяркоўвалі п’яны дэбош – жанчына біла мужыка, той яе сына, а сын яго. Пракурор папрасіў іх больш так не рабіць

Жыхароў Кадзінскага сельсавету, якія былі заўважаныя ў хатніх п’янках з рукапрыкладствам, прыцягнулі да пасяджэння мясцовага Савету па ахове грамадскага парадку

Брыгада нрававучыцеляў у складзе пракурора Магілёўскага раёну, дэпутата, намесніка райвыканкаму, ідэолагаў, педагогаў, праваахоўнікаў і іншых чыноўнікаў выносіла на публічнае абмеркаванне іх асабістае жыццё і паводзіны ў сямейным коле, апавядае паведамляе  «Прыдняпроўская ніва».

Сярод прыкладаў недастойных паводзін быў агучаны анекдатычны выпадак, які адбыўся ў сям’і мясцовай жыхаркі Л. П’яная жанчына, гаспадыня дому, нанесла пабоі свайму раней судзімаму сужыцелю. За што той вырашыў адпомсціць, пабіўшы яе сына, з якім пара пражывае разам. Сын жа, «не праявіўшы разважлівасці», уцягнуўся ў бойку з мужчынам, якую спыніць змагла толькі міліцыя, выкліканая самой грамадзянкай Л.

Пракурор Магілёўскага раёна Яўген Непша асабіста правёў тлумачальную размову з сямейнымі скандалістамі, папярэдзіўшы іх, што падобныя папойкі могуць скончыцца трагедыяй і парэкамендаваў больш не дапускаць канфліктных сітуацый.

Кіраўніком магілёўскага прадпрыемства «Магатэкст» прызначылі былога чыноўніка з гарвыканкаму (абноўлена)

Куды падзеўся шматгадовы генеральны дырэктар гэтага прадпрыемства Віктар Маціевіч не паведамляецца. Ягонае імя нават не згадваецца ў паведамленні аб змене кіраўніцтва.

bel.biz

Маціевіча, які ўсё сваё працоўнае жыццё адрабіў на «Магатэксце» замяніў былы першы намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Аляксандр Пацёмкін, які, як вынікае з ягонай біяграфіі найдаўжэй працаваў чыноўнікам – 8 гадоў. У прамысловасці на розных кіроўных пасадах ён доўга не затрымліваўся.

«На наглядальнай радзе старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна прадставіла працоўнаму калектыву кіраўніка – Аляксандра Пацёмкіна», – піша «Веснік Магілёва».

Віктар Маціевіч пасаду Генеральнага дырэктара «Магатэксу», аднаго з лідараў беларускай тэкстыльнай прамысловасці, займаў ад 2002 году. З яго імем звязваюць поспехі прадпрыемства. Уся ягоная працоўная кар’ера звязаная з «Магатэксам», ці як ён называўся за савецкім часам і ў першыя гады незалежнай Беларусі – Камбінатам шаўковых тканін. На яго Маціевіч прыйшоў у 1984 годзе.

Сёлета ў траўні рэсурс Office life  пісаў, што акцыянэрнае таварыства “Магатэкс” другі год запар спрацавала ў мінус. Па выніках 2021 года чыстыя страты перавысілі 6 мільёнаў рублёў. Годам раней было прыкладна мінус 15 мільёнаў.

 

vestnikmogileva.by

Аляксандрам Пацёмкін да працы ў бюракратычным апараце паспеў папрацаваць на заводзе Ліфтавага машынабудавання, два гады быў генеральным дырэктарам заводу «Тэхнапрыбор», пабываў намеснікам дырэктара «Магілёўтрансмаш», нават год кіраваў ім і, нарэшце год рабіў камерцыйным дырэктарам акцыянернага таварыства «Юла Гранд».

«Патрабуецца мабілізацыя ўсіх сіл». Працаўнікоў магілёўскіх прадпрыемстваў рэкрутуюць на жніво

Адпаведнае распараджэнне ўжо атрымалі кіраўнікі прадпрыемстваў, кажа кіраўнік магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімір Цумараў. Ягоныя калегі з аблвыканкаму адзначаюць, што сёлетняе жніво пройдзе інакш, чым у мінулыя гады. Чыноўнікі ў агучванні планаў на ўборачную ўжываюць вайсковую тэрміналогію.

«Патрабуецца мабілізацыя ўсіх сіл, – заяўляе ён. – Для магілёўцаў дапамога сялу – практыка не новая. Штогод у перыяд уборачнай кампаніі адпраўляем неабходную тэхніку, задзейнічаем працоўныя рэсурсы. Адпаведнае распараджэнне ўжо атрымалі кіраўнікі прадпрыемстваў Магілёва».

Уладзімір Цумараў, піша «Веснік Магілёва» удзельнічаў у «вялікая рэспубліканскай селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі», якую праводзіў Аляксандр Лукашэнка. Па ягоных словах «у Беларусі вырашчаны добры ўраджай збожжавых і зернебабовых культур, хоць цяперашняя пільніца прагназуецца няпростай з-за пэўных сюрпрызаў надвор’я».

Па выніках нарады  Цумараў і распарадзіўся кінуць на жніво працаўнікоў прадпрыемстваў.

Чыноўнікі з аблвыканкаму заяўляюць, што сёлетняе жвіно ў Магілёўскай вобласці пройдзе па спецыяльным сцэнарыі. Спачатку камбайны з паўночных раёнаў будуць перакінуты на поўдзень, каб хутчэй завяршыць уборачную там, а потым лавінай пойдуць па рэгіёне, паведамляе сайт Магилёўскага аблвыканкаму.

фота: garadvest.by

 

Крымінальны трэш дня – п’яная цяжарная на восьмым месяцы за рулём матаблоку, і чарговыя крадзяжы ў разявак

Цяжарная жанчына, жыхарка адной з вёсак Бабруйскага раёну адправілася на матаблоку на рыбалку. Там выпіла два літры піва і на тым жа транспартным сродку а дзясятай вечара вярталася дахаты, калі яе спыніў экіпаж ДАІ – паведамляе прэсс-служба абласнога УУС. Праверка паказала 1,5 праміле ў крыві жанчыны, што знаходзілася на восьмым месяцы цяжарнасці.

Разявакі сталі ахвярамі зламыснікаў за апошні час ажно тройчы ў Магілёве. На пасядзелках у адным з дамоў на Дняпроўскім бульвары двое прыяцеляў выпівалі, а калі адзін з іх страціў пільнасць, то другі незаўважна выцягнуў у яго і прысабечыў мабільны тэлефон коштам у 200 рублёў.

Падобны выпадак адбыўся ў адным з бараў гораду ноччу – паведамляюць у міліцэйскай прэс-службе. Маладая жанчына пакінула на барнай стойцы свой тэлефон, коштам у 1 300 рублёў. Гэта заўважыў 34-гадовы, раней судзімы мужчына, што адпачываў побач. Ён незаўважна забраў тэлефон і пакінуў бар. Аднак, аператыўнікі здолелі ўстанавіць яго асобу па гарачых слядах і арыштаваць.

63-гадовы магілёвец паскардзіўся ў аператыўна-дзяжурную службу Ленінскага РАУС. Як высветлілася, мала знаёмай яму жанчыне ён аддаў у часовае карыстанне сваю банкаўскую картку, і з яе знікла каля 900 рублёў. З жанчынай яны пазнаёміліся за некалькі дзён да гэтага, калі разам вярталіся з прадуктовай крамы. Разгаварыліся і вырашылі разам выпіць. Каб схадзіць за дабаўкай мужчына аддаў новай знаёмай сваю картку, а калі яна вярнулася з крамы, забыў забраць картку назад.

Жанчына некалькі дзён потым карысталася карткай самастойна, бо мужчына пасля сыходу новай знаёмай так і не змог успомніць яе імя і прозвішча, каб знайсці і папрасіць вярнуць карту.

Адзначым, што ў міліцэйскіх зводках гэтая гісторыя праходзіць пад грыфам «Кіберзлачынства».

У Магілёве актуалізавалі праблему бадзяжных жывёлаў. Адмысловага прытулку для іх горад ня мае

Дабрачынную акацыю арганізавала ўстанова па абароне жывёлаў «Востраў дабрыні». Праходзіла яна ў цэнтры гораду – на пешаходнай вуліцы.

На імпрэзе выступіў мясцовы кавер-бэнд «MuseON».

«Падчас акцыі магілёўцы маглі не толькі паслухаць музычныя кампазіцыі, але таксама аказаць дапамогу валанцёрам і іх гадаванцам», піша рэсурс Мycity.

У Магілёве няма адмысловага прытулку для бадзяжных і выкінутых людзьмі жывёлаў. Гэтую праблему не раз уздымалі абаронцы жывёлаў перад мясцовай уладай, але яна застаецца актуальнай.

Клапоцяцца аб жывёлах валанцёры і такія арганізацыі, як «Востраў дабрыні».

Некалькі вальераў для перабыцця адлоўленых у горадзе звяроў мае мясцовае спецаўтапрадпрыемства, якое вывозіць і абясшкоджвае адыходы. Яго спецыялісты вымушаныя ўсыпляць жывёлаў, калі ім не знаходзяцца гаспадары.

фота: mycity.by

Казна Магілёўшчыны трымаецца на адлічэннях падаходнага падатку

Паступленні ад падаходнага падатку сягаюць 327 мільёнаў рублёў, або 42,8 працэнтаў кансалідаванага бюджэту Магілёўскай вобласці.

За першае сёлетняе паўгоддзе ў рэгіянальную скарбніцу паступіла 763,5 мільёны рублёў.

У параўнанні з тым жа перыядам мінулага году даходы павялічыліся на 73,8 мільёны рублёў або на 10,7% у фактычным вылічэнні, інфармуе абласное ўпраўленне Міністэрства па падатках і зборах.

Удзельная вага прадпрыемстваў у фармаванні бюджэту Магілёўскай вобласці склала 20,1 працэнтаў.

У лідарах два заводы, якія вырабляюць алкаголь. Услед за «Магілёўэнерга» і прадпрыемствам з замежным капіталам «Кранахем», ідуць Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод і «Бабруйскі бровар».

 

Крымінальныя хронікі дня – махлярка, злодзейка і сем тон металалому

Тры крымінальныя гісторыі з жыцця Магілёўшчыны.

51-гадовая прадавачка адной з прадуктовых крам Магілёва ўгаварыла сваю 48-гадовую знаёмую ўзяць для яе крэдытаў. Нібыта ёй самой банк адмаўляе па прычыне маленькага заробка. Сума ўзятых крэдытаў у выніку дасягнула 3 600 рублёў. Як толькі прыйшла пара плаціць першую выплату ў банк, прадавачка перастала выходзіць на сувязь. Як высветлілася, усе грошы яна траціла на сябе. Жанчыне выстаўлена абвінавачванне ў прысабечванні чужых грошай падманным шляхам, – паведаміла прэс-служба абласнога УУС.

Заплечнік з мабільным тэлефонам і таварамі на 340 рублёў адна з наведвальніц гандлёвага цэнтру ў Магілёве пакінула ў камеры захавання, якую забыла заперці на ключ. Гэтым скарысталася 50-гадовая жыхарка абласнога цэнтру, якая выняла з заплечніка пару рэчаў, і забрала яго з астатнім змесцівам сабе – расказала сайту Mycity.by прадстаўніца Ленінскага РАУС Алена Сіманава. Жанчыну затрымалі.

Двух нелегальных перавозчыкаў металалому затрымалі ў Касцюковіцкім і Быхаўскім раёнах. Як піша прэс-служба УУС аблвыканкаму, груз без адпаведных суправаджальных дакументаў перавозілі непрацуючыя мясцовыя жыхары. Касцюковіцкі перавозчык меў у машыне больш за 5 тон чорнага металу. У Быхаўскага было канфіскавана дзве тоны.

У Магілёве паболела лавак. Іх паставілі ля пляцоўкі, дзе танцуюць пенсіянеры

Лаўкі расставілі ўздоўж кветнікаў на вуліцы Ленінскай, акурат насупраць будынку КДБ. На тутэйшай пляцоўцы ля фантану ў скверы 40-гаддзя Перамогі для пажылых людзей у нядзелі ладзяць танцавальныя вечары.

Яны настолькі папулярныя, што наведваюць іх не толькі жыхары прылеглых да цэнтральнай часткі гораду раёнаў, але, нават прыязджаюць з ускрайкаў, пісаў днямі Магілёў.media. Недахоп лавак змушае людзей сталага веку ўсаджвацца на барткі фантану.

Магілёў.media звяртаў увагу на брак лавак у цэнтры гораду. Тады гаворка вялася пра сітуацыю з імі на пагулянцы ўздоўж ракі Дубравенкі.

Помнік ахвярам Халакосту ў Магілёве аднавілі

Пасля навальніцы, якая адбылася 29 чэрвеня, адно з дрэваў на Яўрэйскіх могілках па вуліцы Альчынскай, абрынулася на помнік жыхарам гораду, закатаваным нацыстамі падчас Другой Сусветнай вайны. Ад удару верхняя гранітная пліта помніка абрынулася, паведамляў Магілёў.media.

У сярэдзіне ліпеня пачалося аднаўленне помніка. Але тэхналогія, якую абралі дзеля гэтага спецыялісты рытуальнай службы выклікала па меншай меры здзіўленне. Замест выкарыстання надзейных механічных прылад, помнік падымалі пра дапамозе круглякоў з таго самага абрынутага дрэва.

Помнік на Яўрэйскіх могілках усталяваны на месцы перазахавання рэшткаў прыблізна 2 000 чалавек, што загінулі ад рук нацыстаў у магілёўскім гета. Магілёўскія ахвяры Халакосту пазначаныя на помніку абагульнена – само слова «Халакост» на эпітафіі адсутнічае, усе загінулыя адзначаныя, як савецкія грамадзяне.