У Магілёве шукаюць ахвотных паслужыць у войску кантрактнікам. Аб’явы з’явіліся ў грамадскім транспарце (фотафакт)

Пасажыры звярнулі ўвагу, што плакаты з заклікам паслужыць па кантракту датаваныя мінулых годам. Такая выснова зробленыя імі, бо памер грашовай заахвоты для кантрактнікаў пададзены па стане на 1 сакавіка 2021 году.

Пасажыры настойваюць, што падобных аб’яваў раней не было ў грамадскім транспарце і іх зʼяўленне сёлета, калі трывае вайна ва Ўкраіне, выклікае напружанне.

Паводле звестак на плакатах, кантрактніку абяцаюць заробак ад 833 рублёў і поўны пакет сацыяльных прэферэнцыяў.

Фотафакт. У Магілёве тралейбус стаў удзельнікам дарожна-транспартнага здарэння

Ён не размінуўся з легкавікам. Абышлося без пацярпелых.

Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на перакрыжаванні вуліц Крупскай і Турава. Працуюць супрацоўнікі ДАІ.

У выніку аварыі пашкоджаныя тралейбус – у яго сарвала бампер, а ў легкавіка разбітая задняя шыба.

Абышлося без ахвяраў. Пасажыры тралейбуса без праблемаў пераселі на іншы транспартны сродак.

 

Магілёўская бібліятэка далучылася да шукання гаспадароў бяздомным жывёлам. Горад адмысловага прытулку для бадзяжных катоў і сабак не мае

Часова прытуляе такіх жывёлаў мясцовае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вывазе смецця. Калі адлоўленым катам і сабакам не знаходзяцца гаспадары, то іх усыпляюць.

Тым часам, у цэнтральнай гарадской бібліятэцы разгарнулі фотавыставу для тых, хто хоча займець сабе гадаванца.

Кожны здымак суправаджаецца апісаннем звычак жывёлы, іх асаблівасцяў і пажаданняў па іх утрыманні. Любога ўпадабанага гадаванца можна забраць, патэлефанаваўшы па нумары тэлефона, указанаму пад фатаграфіяй, паведамляе  рэсурс MyCity.by.

Паводле супрацоўнікаў бібліятэкі выстава сабраная з матэрыялаў, апубліканых у суполцы сацыяльнай сеткі Ўкантакце «Мы шукаем дом («Добрае сэрца») Магілёў». Інфармацыя ў пабліку абнаўляецца штодня. Жывёлаў, якім патрабуецца дапамога, не становіцца меней.

У бібліятэцы падобныя выставы ладзяць рэгулярна. Яе супрацоўнікі вераць, што «мілыя і добрыя «хвосцікі» абавязкова знойдуць свой дом і клапатлівых гаспадароў».

У Магілёве няма адмысловага прытулку для бадзяжных і выкінутых людзьмі жывёлаў. Гэтую праблему не раз уздымалі абаронцы жывёлаў перад мясцовай уладай, але яна застаецца актуальнай.

Днямі дабрачынная ўстанова «Востраў дабрыні» актуалізавала праблему бадзяжных сабак і катоў у горадзе, пісаў  Магілёў.media.

Валанцёры арганізавалі на пешаходнай вуліцы збіралі сродкі на ўтрыманне беспрытульных жывёлаў.

фота з русурсаў: mycity.by, avatars.mds.yandex.net

У Магілёве адстаўныя дэсантнікі адзначылі сваё «прафесійнае» свята «сціпла і арганізавана». Згадалі вайну ва Ўкраіне

Пра вайну ва Украіне былыя магілёўскія дэсантнікі казалі, што ва ўмовах сучасных ваенных тэхналогіяў без вайсковага спецназу не абысціся.

На дзіва, але ў разгар дня, сквер ля кінатэатру «Радзіма», дзе ў ранейшыя гады збіраліся дэсантнікі» заставаўся без хлопцаў у цяльняшках. Не было традыцыйнага маршу былых салдат і па пешаходнай вуліцы Ленінскай.

 

 

Адстаўная дэсантура сабралася ў парку імя Горкага. Гэтая мясціна, хоць і ў цэнтры гораду, але ў баку ад людных вуліц. Каля сотні дэсантнікаў віталіся, браталіся, абмяркоўвалі планы на святочны дзень пакуль не прагучала каманда шыхтавацца. Шыхт былых вайскоўцаў правялі да мемарыялу Змагарам за Савецкую ўладу.

Ля яго адбыўся непрацяглы мітынг. На ім не было, як у мінулыя гады, пафасных выступаў чыноўнікаў. У прамовах згадалі вайну ва Ўкраіне. Было падкрэслена, што ва ўмовах панавання сучасных ваенных тэхналогіяў дэсантнікі застаюцца незаменнымі.

Будзённа на мітынгу прагучалі віншаванні, былі ўручаныя памятныя медалі. Святар акрапіў вадой шыхт былых вайскоўцаў. Некаторыя адрэагавалі жартам: цяпер можна не лезці ў фантаны.

Па сканчэнні ўрачыстай часткі адстаўныя дэсантнікі разышліся. Хто выправіўся да сваіх фантанаў, хто ў кавярні, а нехта дадому.

Замест прагнозу надвор’я. Прыгожы відэаролік з магілёўскім дажджом

Парасон браць ня трэба, бо сыноптыкі абяцаюць першы дзень жніўня без ападкаў. Вецер паўднёвы, паветра прагрэецца да 29 градусаў.

У відэа Магілёў.media проста прыгожыя ракурсы роднага для многіх гораду. Дождж жа толькі антураж.

У Магілёве былыя маракі адзначылі Дзень ВМФ пад савецкія песні і загад міністра абароны Расіі

У парку імя Горкага сабралася пад сотню былых маракоў. Адстаўныя афіцэры прыйшлі ў мундзірах. Матросы ж шарагоўцы ў цяльняшках і іншай флоцкай адзежы, якая захавалася з часоў службы ў ВМФ.

Некаторыя на традыцыйную штогадовую сустрэчу маракоў прынеслі сцягі Ваенна-марскога флоту СССР. Была і расійская атрыбутыка. Над грамадою ўздымалася некалькі «Андрэеўскіх сцягоў» – сімвалаў Расійскага імператарскага флоту і цяперашняга Ваенна-марскога флоту Расійскай Федэрацыі.

На сходзе гучалі савецкія патрыятычныя песні, а прысутным быў «даведзены» загад Міністра абароны Расійскай Федэрацыі Шайгу ды ягоныя святочныя віншаванні. Удзельнікі памянулі хвілінай маўчання тых, хто сышоў з жыцця. У гутарках кожны згадваў даўно прамінулыя гады службы ў савецкім флоце.

Дзень ВМС у Савецкім Саюзе адзначаўся ў апошнюю нядзелю ліпеня. У гэты дзень штогод і збіраюцца адстаўныя магілёўскія маракі. Апошнюю нядзелю ліпеня, як дзень флоцкага свята пакінула сабе Расія.

Пасля анексіі Расіяй Крыму і вайны на Данбасе Ўкраіна, якая таксама адзначала дзень флоту ў апошнюю нядзелю ліпеня, дату перанесла. Цяпер флоцкае свята Ўкраіны прыпадае на першую нядзелю ліпеня.

«Санкцыі ў дзеянні». На паліцы магілёўскіх крамаў выстаўляюць нефарбаваныя ўпакоўкі з сокам

Без звыклага дызайну белыя ўпакоўкі Tetra Pak на крамных паліцах выглядаюць дзіўнавата. «Вока рэжа», заўважаюць пакупнікі.

На дасланым чытачом Магілёў.media фотаздымку ў нефарбаванай упакоўцы прадаецца «яблычны нектар асветлены стэрылізаваны «Джой». Вырабляе яго вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «ВЛАНПАК» са Смалявічаў.

«ВЛАНПАК» – сумеснае беларуска-літоўскае прадпрыемства з абмежаванай адказнасцю. Заснаванае ў 2004 годзе прадпрыемства спецыялізуецца на вырабе сокаў і нектараў пад знакамі «Добрый», «Magic Summer», «Joy», «RIO!».

Высветліць, чаму на ўпакоўцы знік колер на прадпрыемстве не ўдалося. Пазначаныя на сайце нумары тэлефоны аказаліся недаступнымі.

Вядома, што беларускія прадпрыемствы закупляюць упакоўку Tetra Pak, вырабленую на заводзе ў Маскоўскай вобласці. Праблемы на расійскіх заводах шведска-швейцарскай кампаніі ўзніклі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну.

У маі на вытворчасцях сталі заканчваецца фарба ды кардон. Прадпрыемствы перайшлі на рэжым строгай эканоміі.

З праблемамі нястачы ўпакоўкі тады сталі сутыкацца і беларускія вытворцы. Яны пачалі шукаць альтэрнатыўную замену ўпакоўцы Tetra Pak.

На мінулым тыдні стала вядома, што Tetra Pak наагул сыходзіць з Расіі і перадае сваё расійскае падраздзяленне мясцоваму кіраўніцтву.

У кампаніі тлумачаць, што ў выніку сукупнага ўплыву экспартных абмежаванняў у дачыненні да Расіі, якія прывялі да парушэнняў у ланцужках паставак, кампанія Tetra Pak больш не можа працягваць падтрымку сваёй аперацыйнай дзейнасці ў гэтай краіне.

Галаўная кампанія гандлёвай маркі Tetra Pak спрабавала пераканаць урад Швецыі адмяніць абмежаванне на экспарт сваёй прадукцыі ў Расію, але безвынікова.

«Тэатральны дывертысмент». Тэатралы і мастакі знаёмяць магілёўцаў з новым мастацкім дзействам (фота, відэа)

У прыватнай мастацкай галерэі скульптара Андрэя Вераб’ёва адкрылі выставу «Тэатральны дывертысмент». На ёй прадстаўленыя традыцыйныя карціны, аграмадныя чалавечыя часткі цела і мудрагелістыя інсталяцыі. Не абышлося без льва, які на дзіва не быў падобны на скульптара Вераб’ёва.


Дывертысмент – гэта шэраг канцэртных нумароў, якія складаюць адмысловую забаўляльную праграму, якая дапаўняе спектакль або канцэрт.


Дзейства прэзентаванае, як дывертысмент, хутчэй нагадвае выставу мастацкай творчасці тэатру. Яднаюць яго з ім рэчы непасрэдна прывязаныя да спектакляў, створаных былымі і цяперашнімі супрацоўнікамі Магілёўскага драматычнага тэатру.

«Люблю прыходзіць на адкрыцці. Як правіла ёсць нейкі сюрпрыз, перлінка. Тусоўка знаёмых з палітрай супрацьлеглых думак стварае асаблівую атмасферу свята. Уразілі творы Печанка, якога такім ніколі не ўяўляў. Алега Рыбакова і Вераніку Юргелас для сябе адкрыў. Заўжды ў захапленні ад шматграннасці нашага мэтра Уладзіміра Пятровіча… Вось толькі, каб усё разгледзець, трэба будзе яшчэ раз прыйсці», – кажа пра выставу наведнік Аляксандр.

Большасць тэатральных работнікаў застаюцца ў ценю артыстаў, якія маюць свае хвіліны славы на сцэне. Але ж без мастацкага і музычнага суправаджэння тэатр не змог бы ўжо амаль тры тысячагоддзі заставацца адным з самых запатрабаваных мастацтваў. Спектакль без бутафорыі, без спеваў, без каляровага і прадметнага суправаджэння рэдка бывае паспяховым.

 

Алег Печанко, Алег Рыбакоў, Ларыса Будкевіч, Андрусь Церанкоў, Генадзь Кутовіч. Вераніка Юргелас, Уладзімір Пятровіч, Аксана Якіташчанка, Святлана Піліпенка – творцы, імёны якіх незнаёмыя для большасці аматараў тэатру. А яны, між тым, працуюць, каб гледачы на сцэне маглі пабачыць цуд тэатральнага пераўвасаблення.

«Чагосьці не хапае. Мабыць, чакаў больш дзеяння. Думаў ,што будзе мініспектакль з нумароў, а тут добрая, але выстава. Настрой мне гэта не сапсавала, але чакаў большага», – выказваецца яшчэ адзін наведнік Аляксей.

«А мне спадабалася, – не згаджаецца з мужам жонка Маргарыта. – Асабліва прыемна бачыць саміх творцаў. Глядзіце, як ім падабаецца, што створанае для сябе цяпер могуць паглядзець іншыя. Глядзіце, якія яны ўзбуджаныя. Ужо для гэтага аднаго трэба рабіць падобныя праекты».

Жывапіс, графіка і скульптура і музыка ад тэатральных творцаў чакае аматараў мастацтва. Усе было прадстаўлена ў суправаджэнні скрыпкі і жалейкі, што стварала адмысловую атмасферу.

Асаблівую цікавасць нечакана выклікалі работы не масцітых артыстаў, а прыкладам, частцы чалавечага цела аўтарства Алега Печанка.

«Леў», адзін з сімвалаў Магілёва, зроблены Алегам Печанко, бадай, упершыню з выгляду непадобны на Андрэя Вараб’ева, чые творы ўпрыгожваюць дняпроўскі мост і надзіва, нібыта, спісаны са скульптара.

Цікавыя і тэатральныя інсталяцыі, дзе, як кажуць, «без бутэлькі не разбярэшся», але яны насамрэч адлюстроўваюць канкрэтныя пастаноўкі спектакляў.

Без эротыкі ўявіць сабе мастакоў немагчыма. Была голая натура прадстаўлена і на выставе.

 

На выставе прадстаўлены працы не толькі дзейных, але і адпраўленых датэрмінова на пенсію пасля падзей 2020 года Магілёўскіх тэатральных творцаў. Яны не апусцілі рукі і разам зладзілі нешта новае і нечаканае для гораду. Адчуваецца, што ўсіх іх аб’ядноўвае любоў да тэатру!

Гледачы на адкрыцці з цікавасцю хадзілі, як па зачараванаму колу, зноў і зноў нешта выглядалі. Усе па рознаму, але спрабавалі пранікнуцца задумамі стваральнікаў дзеяння, адрэфлектаваць пабачанае, або проста атрымаць новыя пачуцці.

Выстава адкрыта ў будныя дні да 25-га жніўня з 9-00 да 17-00 у галерэі Вараб’ёва, якая на беразе Дубравенкі.

У Магілёве паболела лісічак. Грыбы патаннелі

Паводле мясцовых жыхароў, кошт ляснога дэлікатесу зменшыўся за некалькі тыдняў больш чым удвая. Цяпер кілаграм лісічак можна купіць на рынку менш чым за 11 рублёў. Раней кошт такіх грыбоў сягаў 25 рублёў.

«Падышла пара лісічак», – кажуць наведнікі магілёўскіх рынкаў.

Тым часам, нарыхтоўчыя канторы прымаюць у насельніцтва лісічкі па 4,5 – 6 рублёў за кілаграм.

Фотафакт. У Магілёве з’явілася яшчэ адна ратуша, але чамусьці Віцебская

Паштовую скрынку, зробленую ў выглядзе віцебскай ратушы, паставілі пры ганку галоўнага паштовага аддзялення гораду, што месціцца на вуліцы Першамайскай.

«Ратуша» зʼявілася тут па сканчэнні рамонту фасада і ўваходнай групы ў Галоўпаштамт.

Чаму магілёўскія паштавікі вырашылі паставіць скульптуру не сваёй ратушы, а віцебскай – невядома.