«Санкцыі ў дзеянні». На паліцы магілёўскіх крамаў выстаўляюць нефарбаваныя ўпакоўкі з сокам

Без звыклага дызайну белыя ўпакоўкі Tetra Pak на крамных паліцах выглядаюць дзіўнавата. «Вока рэжа», заўважаюць пакупнікі.

На дасланым чытачом Магілёў.media фотаздымку ў нефарбаванай упакоўцы прадаецца «яблычны нектар асветлены стэрылізаваны «Джой». Вырабляе яго вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «ВЛАНПАК» са Смалявічаў.

«ВЛАНПАК» – сумеснае беларуска-літоўскае прадпрыемства з абмежаванай адказнасцю. Заснаванае ў 2004 годзе прадпрыемства спецыялізуецца на вырабе сокаў і нектараў пад знакамі «Добрый», «Magic Summer», «Joy», «RIO!».

Высветліць, чаму на ўпакоўцы знік колер на прадпрыемстве не ўдалося. Пазначаныя на сайце нумары тэлефоны аказаліся недаступнымі.

Вядома, што беларускія прадпрыемствы закупляюць упакоўку Tetra Pak, вырабленую на заводзе ў Маскоўскай вобласці. Праблемы на расійскіх заводах шведска-швейцарскай кампаніі ўзніклі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну.

У маі на вытворчасцях сталі заканчваецца фарба ды кардон. Прадпрыемствы перайшлі на рэжым строгай эканоміі.

З праблемамі нястачы ўпакоўкі тады сталі сутыкацца і беларускія вытворцы. Яны пачалі шукаць альтэрнатыўную замену ўпакоўцы Tetra Pak.

На мінулым тыдні стала вядома, што Tetra Pak наагул сыходзіць з Расіі і перадае сваё расійскае падраздзяленне мясцоваму кіраўніцтву.

У кампаніі тлумачаць, што ў выніку сукупнага ўплыву экспартных абмежаванняў у дачыненні да Расіі, якія прывялі да парушэнняў у ланцужках паставак, кампанія Tetra Pak больш не можа працягваць падтрымку сваёй аперацыйнай дзейнасці ў гэтай краіне.

Галаўная кампанія гандлёвай маркі Tetra Pak спрабавала пераканаць урад Швецыі адмяніць абмежаванне на экспарт сваёй прадукцыі ў Расію, але безвынікова.