Адзіны падатак на маёмасць і павышаны працэнт на звышдаходы – якія змены чакаюцца ў Кодэксе аб падатках

На Нацыянальным прававым партале апублікаваны праект змяненняў у падатковы Кодэкс Рэспублікі Беларусь. Згодна з дакументам, у Беларусі можа быць уведзены адзіны маёмасны плацеж. Гэта агульная сума падатку на нерухомую маёмасць, зямельнага падатку і транспартнага падатку, якая падлягае выплаце фізічнай асобай.

Змены чакаюцца таксама па стаўках падаходнага падатку. Так, для індывідуальных прадпрымальнікаў, у якіх даходы ў год перавысілі 500 тысяч рублёў, стаўку падаходнага падатку прапануецца ўстанавіць у памеры 30 працэнтаў. Звычайная стаўка складае 20 працэнтаў. Што да фізічных асоб, чый даход за каляндарны год перавысіць 200 тысяч, стаўка падатку можа скласці 25 працэнтаў з сумы перавышэння.

Фота: mogilev.media

Казна Магілёўшчыны трымаецца на адлічэннях падаходнага падатку

Паступленні ад падаходнага падатку сягаюць 327 мільёнаў рублёў, або 42,8 працэнтаў кансалідаванага бюджэту Магілёўскай вобласці.

За першае сёлетняе паўгоддзе ў рэгіянальную скарбніцу паступіла 763,5 мільёны рублёў.

У параўнанні з тым жа перыядам мінулага году даходы павялічыліся на 73,8 мільёны рублёў або на 10,7% у фактычным вылічэнні, інфармуе абласное ўпраўленне Міністэрства па падатках і зборах.

Удзельная вага прадпрыемстваў у фармаванні бюджэту Магілёўскай вобласці склала 20,1 працэнтаў.

У лідарах два заводы, якія вырабляюць алкаголь. Услед за «Магілёўэнерга» і прадпрыемствам з замежным капіталам «Кранахем», ідуць Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод і «Бабруйскі бровар».