У Магілёве праходзіць тыдзень бацькоўскай любві. Сёння свята – “Мая сям’я – надзея і апора”

Сем’і магілёўцаў, найперш бацькоў і дзяцей, запрашаюцца 18 кастрычніка на разнастайную святочную праграму ў Магілёўскі абласны цэнтр творчасці. 

Тут праходзіць тыдзень бацькоўскай любві і рэалізацыі адукацыйных праектаў цэнтра творчасці: “Традыцыі і сучаснасць” і “Беларускія народныя святы”.

У святочнай праграме: выступленне творчых калектываў Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці: узорнага тэатра гульні і юных вядучых “Бім-Бом”, заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага ансамбля народнай песні “Ярыца”, узорнага харэаграфічнага ансамбля “Крынічанс” , фальклорнага ансамбля «Карагод»; майстар-класы педагогаў аддзела мастацкай адукацыі і аддзела “Школа развіцця “Ступенькі”; гульнявыя праграмы; фатазоны.

Пачатак – 16.30.

Крыніца: mogilevnews.by

У Магілёве затрыманы дырэктар кампаніі. Вінавацяць у тым, што перапрадаваў па завышаных коштах мяса ў лякарні і школы

У Магілёве затрымалі дырэктара камерцыйнай кампаніі. Узбуджана крымінальная справа. 

У Камітэце дзяржкантролю сцвярджаюць, што ён на працягу двух гадоў перапрадаваў па завышаных коштах мяса ў школы і лякарні. Нанесены ўрон склаў больш за 18 тысяч рублёў. Нескладана падлічыць, што выручка прадпрымальніка ў месяц складала каля 750 рублёў.

Устаноўлена, што магілёўскі пасярэднік на працягу 2020-2021 гадоў перапрадаваў мясную прадукцыю (каўбасныя вырабы, паўфабрыкаты, свініна, ялавічына, мяса курэй і іншае) бюджэтным арганізацыям адукацыі і аховы здароўя з аптовымі надбаўкамі, якія перавышаюць гранічную надбаўку, устаноўленую заканадаўствам. 

фота: depositphotos

Мінск эксперыментуе з палатном прыпынкаў грамадскага транспарту, а вучыцца трэба ў Магілёва

З гэтага года пілотны праект з пакрыццём брукам або заліўкай бетонам палатна прыпынкаў распачаўся і ў сталіцы Беларусі. Вынікі эксперыменту хочуць падвесці праз год, хаця ў Магілёве падобнаму праекту ўжо больш за два гады. 

Пра эксперымент у Заводскім раёне Мінска з помпай паведаміла агенцтва «Мінск-Навіны». Тут з’явіліся 2 прыпынкі грамадскага транспарту з пакрыццём з бруку і бетону на прыпынках “Кальцавая дарога” (вуліца Герасіменкі) і “Аўтастанцыя “Аўтазаводская” (вуліца Машынабудаўнікоў).  

Робіцца эксперымент для ліквідацыі каляін, якія ўтвараюцца летам. Раней каляіны ліквідавалі з дапамогай асфальтабетону падвышанай дэфармацыйнай устойлівасці. Аднак практыка паказала, што ў моцную спёку, пры +30°C i вышэй, гэтая тэхналогiя не спраўляецца. Потым яміны замінаюць і транспарту, і пасажырам. 

На першым прыпынку было выканана брукаванне кішэні прыпыначнага пункта з брукаванага каменю, а на другім – з бетону. Адзначаецца, што зімовыя і летнія перыяды павінны паказаць ступень устойлівасці пакрыццяў.

У выпадку поспеху новыя тэхналогіі (ці нейкая адна з іх) могуць быць выкарыстаныя па ўсім горадзе. 

У Магілёве пры рэканструкцыі вуліц Першамайская і Крупская ўжо два гады дарожнае палатно на прыпынках для аўтобусаў і тралейбусаў робіцца або з бетону, або пакрываецца спецыяльнай брукаванкай. Вынікі прац калі не выдатныя, то вельмі добрыя, што можа пацвердзіць любы гараджанін.  

 

Кошт эвакуацыі мужчын з Расіі ў Магілёў дасягнуў 1000–1200 даляраў. Пачута ў Магілёве

Уцёкі расійскіх мужчын ад мабілізацыі ў суседнія краіны – усім вядомы факт, пра які сведчаць кіламетры відэасюжэтаў. І вось з’явіліся сведчанні, што дапамога ўцекачам ад вайны становіцца ў Беларусі прыбытковым бізнесам. 

Размовы пра тое, што расійскія  мужчыны ўцякаюць не толькі ў Грузію і Казахстан, але і ў Беларусь вяліся ў благасферы ад пачатку мабілізацыі. Але вялізарныя памеры ўцёкаў на Каўказ і Сярэднюю Азію зацянялі хвалю прыезду да нас расіян. Хаця многія заўважылі, што ў Магілёве стала больш мужчын, якія размаўляюць на рускай мове з “кніжным” піцерскім, маскоўскім або краснадарскім акцэнтам.  

Кожны, пэўна, чуў ад сваіх магілёўскіх знаёмых гісторыйку, як магілёўка ці магілёвец прыняў брата/швагра/сваяка, якому ў Расіі пагражае адпраўка на смерць ва Украіну. Больш глыбокае расследаванне паказала, што звесткі пра тое, што нехта ў Магілёве ратуе знаёмых мужчын з Расіі ад мабілізацыі, сапраўды праз другое ці трэцяе рукапацісканне чулі многія магілёўцы. Такія аповеды пэўны час усіх цешылі, сведчылі пра добрыя сэрцы беларусаў, пра нашы чулыя адносіны да блізкіх. 

Але вось тое, што гэта становіцца бізнесам, чуць раней не даводзілася. Дакрануцца да гэтай тэмы дапамаглі бабулі ля пад’езду, якія, як вядома, ведаюць усё. 

Падслуханая размова групы бабуль на лаўцы каля пад’езду магілёўскага Задняпроўя дала найбольш канкрэтную інфармацыю. 

  • А мой унук бізнесам заняўся – з гонарам выдала бабуля ў чырвоным паліто. 
  • Да няўжо? – хорам выдыхнулі суседкі. 
  • Вывозіць расіян у Магілёў, а зяць ім кватэры тут падшуквае. 
  • І што ж тое за бізнес? – расчаравана выдыхнулі суседкі  – Мабыць рублёў па 50 ці па 100 бярэ за прывоз.
  • А вось і няпраўда ваша. Бярэ ён з іх 1000 даляраў. Нават і 1200 браў! – з выглядам пераможцы адказала бабуля ў чырвоным. 
  • За што ж такія грошы яны плацяць?
  • А за тое, што вязе не па смаленскай дарозе, а крыху ў аб’езд, дзе іх не сцерагуць ваенныя або паліцыя іхная. А тут іх ужо чакае зяць з кватэрай, дзе яны будуць жыць. – з выглядам знаўцы сістэмы ўцёкаў ад мабілізацыі патлумачыла дасведчаная бабуля і дадала – 1000, гэта толькі за прывоз сюды, а за кватэру яны потым яшчэ асобна плацяць. 
  • Да багатыя могуць уцячы, а што рабіць астатнім расіянам? – кіўнула галавой суседка.  

“Слухаць болей, робячы выгляд, што калупаюся ў мабільным, было ўжо задужа невыхаваным і прыйшлося сыйсці недаслухаўшы” – апісаў размову ў адным з паблікаў магілёвец. 

У  гэтым расповедзе бабулі пра бізнес унука і зяця на расіянах усё досыць неканкрэтна і ўмоўна. Верыць падобнай інфармацыі складана, але чамусьці верыцца. Ужо задужа ўсё дакладна кладзецца ў кантэкст падзей вакол нас. Расіяне гатовы плаціць вялікія грошы, каб уратаваць сваіх мужчын ад вайны. 

А ўскосным пацверджаннем праўдзівасці прыведзенай размовы, якую інакш можна было б палічыць звычайнай гарадской плёткай, стала нечаканая тэндэнцыя росту коштаў на здым кватэр у Магілёве. Рост яшчэ не катастрафічны, але ўжо прыкметны.  

фота з адкрытых крыніц

Магілёўцы скардзяцца на цёмную Ленінскую па вечарах

Ліхтары быццам бы і ёсць – пішуць чытачы Магілёў.media – хоць і не ўсе свецяць, але вельмі лакальна і цьмяна.

На фотаздымках, прысланых у рэдакцыю, можна пабачыць, што вечаровае асвятленне пешаходнай вуліцы забяспечваецца рэдкімі і слабымі ліхтарамі. Суцэльнае асвятленне сустракаецца эпізадычна. Значныя часткі вуліцы ў начны час проста правальваюцца ў цемру.

– Светла толькі каля гандлёвага цэнтра “Аліса” – пацвярджаюць нашы чытачы.

 

Магілёўская камунальная эстэтыка – фота

Вось такі рамонт уваходнай групы зрабілі супрацоўнікі ЖЭУ-21 у доме па Чалюскінцаў, 187.

Толькі што зробленыя прыступкі ўжо зноўку пачалі развальвацца.

 

“Магілёўхлебапрадукт” можа стаць банкрутам

Заяву пра неплацёжаздольнасць прадпрыемства падаў аблвыканкам.

Эканамічны суд Магілёўскай вобласці адкрыў конкурсную вытворчасць адносна ААТ “Магілёўхлебапрадукт” – паведамляе сайт Вярхоўнага суда Беларусі.

Агульная сума крэдыторскай запазычанасці прадпрыемства складае 37 373 056,87 рублёў. Пры гэтым кошт маёмасці даўжніка недастатковы для задавальнення патрабаванняў крэдытораў. Так, актывы даўжніка па стане на 1 жніўня 2022 года складаюць 24 056 тысяч рублёў.

Акцыянерамі 15 жніўня 2022 года прынята рашэнне аб немэтазгоднасці дасудовага аздараўлення і аб падачы ў эканамічны суд заявы аб эканамічнай неплацежаздольнасці даўжніка. Асноўнымі акцыянерамі “Магілёўхлебапрадукта” з’яўляюцца Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт з доляй у 99,26% і Слаўгарадскі раённы выканаўчы камітэт з доляй 0,73%.

Наступнае судовае паседжанне па справе прызначанае на 7 лютага 2023 года, на якім плануецца прыняць рашэнне аб санацыі альбо ліквідацыі прадпрыемства. Санацыя дазволіць прадпрыемству пазбегчы банкруцтва.

“Магілёўхлебапрадукт” – буйное беларускае прадпрыемства, якое больш за 60 гадоў займаецца выпускам прадукцыі птушкагадоўлі, мяса і мясных вырабаў, жытняй і пшанічнай мукі оптам. Гэта шматпрофільная арганізацыя, у складзе якой знаходзіцца некалькі прадпрыемстваў, у тым ліку – “Магілёўская птушкафабрыка”.

Два чалавекі загінулі на пажары ў Магілёве

Пажар адбыўся каля шостай гадзіны раніцы 16 кастрычніка па завулку 5-му Ямніцкаму. Згарэў прыватны дом, у якім жылі 72-гадовая пенсіянерка з сужыцелем.

Прэс-служба МНС паведамляе, што пажарныя, якія прыбылі на месца здарэння,  неадкладна пачалі пошук людзей і ліквідацыю пажару. Пошук быў абцяжараны высокай тэмпературай і шчыльным задымленнем.

У адным з пакояў ратавальнікі знайшлі труп гаспадыні дома, а ў калідоры труп яе 64-гадовага сужыцеля, пенсіянера. У выніку пажару часткова знішчаны дах, пашкоджана перакрыцце, маёмасць і сцены дома. Прычына пажару высвятляецца.

фота: МЧС

Адзін бяздомны парэзаў другога ў Магілёве нібыта з-за сэкса

Афіцыйных падрабязнасцяў няма, па неафіцыйных – маладзейшы не захацеў даць амурных радасцяў старэйшаму.

Інфармацыя пра надзвычайнае здарэнне паявілася ў беларускіх пабліках 15 кастрычніка ў другой палове дня. Першапачаткова сцвярджалася пра забойства чалавека ў дварах на вуліцы Касманаўтаў. Быццам на пустыры за адным з інтэрнатаў БРУ быў знойдзены зарэзану чалавек.

Пасля паявілася публікацыя ў тэлеграм-канале, якім кіруюць сілавікі, што мела месца не забойства, а прычыненне траўм – “не зарэзалі, а парэзалі. У якасці зброі нібыта былі выкарыстаны нажніцы. 61-гадовы бяздомны пацярпелы жывы і знаходзіцца ў лякарні. Ананімныя крыніцы заяўляюць, што канфлікт у яго адбыўся з іншым, 51-гадовым бяздомным, з якім яны жылі разам. Быццам бы ў нейкі момант старэйшы таварыш пачаў прагнуць сэксуальных адносін з маладзейшым, за што атрымаў ад апошняга раненні. 51-гадовы затрыманы.