На вуліцы Камсамольскай у Магілёве знайшлі дарэвалюцыйную брукаванку

Магілёўскія камуністы ў пачатку 1980-х “прыватызавалі” амаль усю брукаванку з вуліцы Камсамольскай (былая Дваранская), але цудам захавалася адна лінза, якую яшчэ можна ўратаваць. 

Работы па рэканструкцыі вуліцы Камсамольскай у Магілёве выявілі цудам захаваны кавалачак дарэвалюцыйнай брукаванкі, якую не выкарысталі для сваіх мэтаў камуністычныя ўлады горада 40 гадоў таму. 

У сацыяльных сетках і чатах краязнаўчай накіраванасці магілёўцы жвава абмяркоўваюць адкрыццё сапраўднага бруку і яго далейшы лёс. Работнікі музея гісторыі горада таксама зацікавіліся брукам. Гісторыя яго ўзнікнення і знікнення па-свойму павучальная і безумоўна цікавая. 

У Савецкі час падручнікі і гістарычныя нарысы апісвалі дарэвалюцыйны Магілёў як драўляны брудны горад, якому толькі Савецкая ўлада прынесла сучасныя даброты. Насамрэч, горад у цэнтры быў забудаваны мураванымі шматпавярховымі будынкамі. Ён меў тэлефон, тэлеграф, электрастанцыю, конку, водаправод і г.д. Цэтральныя гарадскія вуліцы былі пакрыты якасным каменным брукам. 

У савецкі час доўга было не да брукавання дарог. Толькі з 1950-х гадоў пачалося масавае асфальтаванне гарадскіх вуліц. Са з’яўленнем цяжкога аўтамабільнага транспарту брукаваныя вуліцы пачынаюць мець даволі глыбокія каляіны з-за неглыбокай падсыпкі. 

У еўрапейскіх краінах гэтая праблема вырашалася шляхам здымання дарагога бруку, рэканструкцыі асновы дарогі і ўкладкі бруку нанава. У СССР звычайна або паверх бруку клалі асфальт, або брук папросту прыбіралі.

У 1982 годзе камуністы дабудоўвалі мемарыяльны комплекс на Савецкай плошчы “Змагарам за Савецкую ўладу”. Для комплексу перад вечным агнём вырашылі пакласці прыгожую брукаваную маставую. Замест вырабкі новага бруку камень узялі з вуліцы Камсамольскай. А частку бруку паклалі перад абласным камітэтам камуністычнай партыі – зараз гэта гарвыканкам.  

Яшчэ адно месца выкарыстання дарэвалюцыйнага бруку з вуліцы Камсамольскай – пляцоўка перад абласным ДАІ. 

Учора пры рэканструкцыі вуліцы Камсамольскай выявілася, што застаўся яшчэ адзін невялікі лапік брукаванкі на рагу з вуліцай Першамайскай. Яна ўжо прыцягнула ўвагу магілёўцаў і выклікала гарачыя спрэчкі. 

Што рабіць з брукам пакуль не вырашана. Найбольш рэальнымі і карыснымі выглядаюць прапановы пакінуць яе на пешаходным пераходзе праз вуліцу Камсамольскую ад драмтэатра да касцёла. Гэта стала б праявай павагі да працы нашых продкаў, цікавым турыстычным і гістарычным аб’ектам. 

Мінск эксперыментуе з палатном прыпынкаў грамадскага транспарту, а вучыцца трэба ў Магілёва

З гэтага года пілотны праект з пакрыццём брукам або заліўкай бетонам палатна прыпынкаў распачаўся і ў сталіцы Беларусі. Вынікі эксперыменту хочуць падвесці праз год, хаця ў Магілёве падобнаму праекту ўжо больш за два гады. 

Пра эксперымент у Заводскім раёне Мінска з помпай паведаміла агенцтва «Мінск-Навіны». Тут з’явіліся 2 прыпынкі грамадскага транспарту з пакрыццём з бруку і бетону на прыпынках “Кальцавая дарога” (вуліца Герасіменкі) і “Аўтастанцыя “Аўтазаводская” (вуліца Машынабудаўнікоў).  

Робіцца эксперымент для ліквідацыі каляін, якія ўтвараюцца летам. Раней каляіны ліквідавалі з дапамогай асфальтабетону падвышанай дэфармацыйнай устойлівасці. Аднак практыка паказала, што ў моцную спёку, пры +30°C i вышэй, гэтая тэхналогiя не спраўляецца. Потым яміны замінаюць і транспарту, і пасажырам. 

На першым прыпынку было выканана брукаванне кішэні прыпыначнага пункта з брукаванага каменю, а на другім – з бетону. Адзначаецца, што зімовыя і летнія перыяды павінны паказаць ступень устойлівасці пакрыццяў.

У выпадку поспеху новыя тэхналогіі (ці нейкая адна з іх) могуць быць выкарыстаныя па ўсім горадзе. 

У Магілёве пры рэканструкцыі вуліц Першамайская і Крупская ўжо два гады дарожнае палатно на прыпынках для аўтобусаў і тралейбусаў робіцца або з бетону, або пакрываецца спецыяльнай брукаванкай. Вынікі прац калі не выдатныя, то вельмі добрыя, што можа пацвердзіць любы гараджанін.