Горацкая сельгасакадэмія апратэставала артыкул незалежнага СМІ пра п’янства яе студэнтаў

Навучэнцы акадэміі п’юць па вечарах на беразе ракі Аршанкі, ламаюць таблічкі і разносяць клумбы – суд пастанавіў абвергнуць гэтую інфармацыю.

Артыкул пра праблемы на адным з самых папулярных пляжаў у Горках выйшаў на старонках незалежнага медыярэсурса horki.info гэтым летам. У матэрыяле пад назвай “Выяснили, что нового в этом году на любимой Оршанке, и как работается спасателям” журналісты рэгіянальнага СМІ далі слова старшаму матросу-выратавальніку Сяргею Кажэка. Ён эмацыйна распавёў выданню пра асноўныя цяжкасці, з якімі сутыкаецца выратавальная служба падчас працы на месцах адпачынку.

Сярод іншага, Сяргей Кажэка выказаўся пра паводзіны маладых людзей, якіх ён ідэнтыфікаваў як студэнтаў Горацкай сельгасакадэміі. Прыводзім урывак з абскарджанага матэрыялу з захаваннем мовы і правапісу арыгіналу.

“…самая большая проблема – это студенты. – заявіў выратавальнік Сяргей Кажэка – Они частенько устраивают на берегу пивной бар. На замечания реагируют безразличием, и это в лучшем случае. Чаще вступают в дискуссию, “качают права”, могут даже отправить по известному адресу… Как правило, они приходят ближе к девяти вечера, пьют, едят, развлекаются. По утрам после таких компаний матросы находят на берегу сломанные таблички, мусор, женские туфли, белье. За прошлую неделю они выкопали и сожгли прямо на пляже ограждение наших клумб из автопокрышек. Свернули набок козырек беседки. Пытались вытянуть и передвинуть подальше ограничительные буйки в воде. …ректорат по воспитательной работе нашей академии – займитесь своими студентами. Держать их в рамках просто уже нет сил…”

У адказ на гэтую публікацыю адміністрацыя ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія” падала ў суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці позву аб абароне дзелавой рэпутацыі.

Горацкі суд вынес рашэнне “прызнаць не адпаведнымі рэчаіснасці і якія ганяць дзелавую рэпутацыю ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія”” звесткі з матэрыяла horki.info. Адпаведны артыкул незалежнае СМІ размясціла на сваім сайце, а публікацыю “Выяснили, что нового в этом году на любимой Оршанке, и как работается спасателям” адрэдагавала, прыбраўшы адтуль пасаж выратавальніка пра студэнтаў.


horki.info – гэта незалежны рэгіянальны рэсурс, які асвятляе навіны Горацкага, Дрыбінскага і Мсціслаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама Горацкай сельгасакадэміі. Сайт працуе з 2007 года, а таксама журналісты партала выдаюць папяровую версію, газету “УзГорак”, якая вольна прадаецца ў паштовых аддзяленнях рэгіёна.


Фота: horki.info

18 тон металалому канфіскавалі ў Горацкім раёне. Жалеза везлі ў Расію

Жыхар Воршы закупаў лом чорнага металу ў Магілёўскім раёне з мэтай яго збыту ў Расійскай Федэрацыі.

30-гадовага мужчыну затрымалі ў дарозе. Яго неаднаразова прыцягвалі да адказнасці за незаконнае абарачэнне металу.

На працягу некалькіх месяцаў ён закупаў лом чорнага металу ў Магілёўскім раёне з мэтай яго збыту ў Расійскай Федэрацыі. Падчас перавозкі назапашаных 17 760 кілаграмаў на суму ў 5 000 рублёў да межаў Рэспублікі Беларусь аршанца затрымалі праваахоўнікі. Увесь металалом канфіскаваны, а на яго ўладальніка складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за незаконнае абарачэнне чорнага лому, паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Яна адзначае, што аршанец ужо неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за падобныя парушэнні.

 

Насілі труну да могілак па раздарожжы на руках, цяпер прыйдзецца па пояс у рапсе

Сітуацыя з дарогай на вясковыя могілкі каля паселішча Шалаханаўка Горацкага раёна ўжо амаль паўгода трывожыць мясцовых жыхароў.

Усё пачалося з таго, што сёлета ўвесну адзіную прыстойную дарогу да могілак зааралі – пісаў Магілёў.media яшчэ ў маі. У выніку мясцовым жыхарам стала немагчыма дабірацца да пахаванняў сваіх родных у дажджлівае надвор’е. А калі памерла адна з жыхарак вёскі, яе цела давялося несці на могілкі проста на руках – ніякая машына не магла праехаць па ўзараным полі.

Прайшло некалькі месяцаў, і на ўзараным полі ўзышоў рапс – буйны, высокі. І цяпер дарога зноўку не функцыянуе. Ісці пешкі да могілак прыходзіцца па пояс у расліннасці – піша інтэрнэт-рэсурс Horki.info. А машына з нізкай пасадкай сюды наогул не праедзе.

Старшыня Паршынскага сельсавету, на тэрыторыі якога знаходзіцца Шалаханаўка, як і раней, абяцае папрасіць сельгаспрадпрыемства больш не чапаць участак дарогі да могілак.

– Будзем кантраляваць, размаўляць з кіраўніком гаспадаркі, каб дарогу на гэты раз не чапалі. – паведаміў ён журналістам Horki.info.

У Горках кіроўца скраў машыну друзу са свайго прадпрыемства

Амаль шаснаццаць тон гранітнага друзу 37-гадовы жыхар Горак спрабаваў прадаць «налева» – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкаму. 

Будаўнічы матэрыял ён загрузіў на самазвал на адным з дарожных рамонтна-будаўнічых упраўленняў гораду, дзе і сам працаваў. Не маючы ніякіх дакументаў на груз, зламыснік паспрабаваў прадаць матэрыялы мясцовай камерцыйнай арганізацыі.

15 800 кілаграмаў друзу праваахоўнікі ацанілі ў 600 рублёў шкоды, нанесеных дарожнаму рамонтна-будаўнічаму ўпраўленню.

У Горках для хлопчыка з інваліднасцю зрабілі пандус… Праз пяць гадоў просьбаў. Фотафакт

Умяшанне журналістаў дапамагло развязаць праблему. Цяпер у доме, дзе жыве сям’я Артура, хлопчыка з дыягназам ДЦП, ёсць парэнчы, адкідны шчыт для выхаду на вуліцу і зручны спуск да ходніка.

Маці Артура ўпершыню звярнулася ў мясцовыя камунальныя службы яшчэ ў 2018 годзе, як толькі стала вядома пра хваробу малечы.

У 2019 годзе старшыня райвыканкаму даручыў адпаведным службам зрабіць на ўваходзе ў пад’езд пандус. Але і тады камунальнікі не выканалі даручэння.

Замест пандуса яны зрабілі парэнчы, і толькі ўнутры пад’езда. Дзесяць прыступак ад кватэры да вуліцы маці Артура адольваць, несучы спачатку сына, дваццаці кілаграмовую каляску і торбы з прадуктамі.

Сітуацыю змагла скрануць з мёртвай кропкі публікацыя ў мясцовай газеце «Узгорак». Як паведамляла Магілёў.media , пасля асвятлення праблемы, камунальнікі правялі апытанне жыхароў пад’езда і ўзвялі пандус.

фота: horki.info

Крымінальныя хронікі – пагоня ў Горацкім раёне, гектар канопляў і фарбаванае паліва

На Магілёўшчыне міліцыя працягвае аперацыю «Мак». Праваахоўнікі вышукваюць плантацыі наркаўтрымліваючых раслінаў на прыватных участках, ці ў дзікай прыродзе.

Чарговыя зараслі канопляў выяўленыя ў Касцюковіцкім раёне. Плантацыя з гектар разраслася ў Зоне адчужэння – радыеактыўным участку Касцюковіцкага раёну, забароненым для наведвання чалавекам, паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

У паселішчы Горы Горацкага раёну міліцыі прыйшлося даганяць бяспраўніка. 50-гадовы мясцовы жыхар вырашыў уцякаць ад патрульнай машыны, але быў дагнаны ля свайго дому. Як выявілася, ён ужо пазбаўлены правоў за п’янае ваджэнне. Цяпер яго чакае штраф памерамі ад 640 да 1 600 рублёў, альбо арышт, апавядае прэсавая служба абласной міліцыі.

Міліцыя вобласці занятая выяўленнем крадзяжоў калгаснай маёмасці. Магілёў.media раней пісалі, што ў адсутнасці рэальнага гаспадара на зямлі такія рэйды – адзінае, што можа супрацьпаставіць дзяржава носьбітам постсавецкай ментальнасці на сяле. Гэтым разам амаль 70 літраў фарбаванага паліва былі знойдзеныя ў жыхара вёскі Глухі, 65 літраў – у жыхара вёскі Тайманава Быхаўскага раёну. Злодзеяў чакае штраф ад 10 да 50 базавых.

У Горках вырасцілі гіганцкі памідор – амаль рэкордны для Беларусі

Вага самага вялікага з памідораў — амаль адзін кілаграм.

Галінка таматаў з неверагоднымі пладамі вырасла ў цяпліцы мясцовай жыхаркі Дзіны Маўло.

«900 грамаў і яшчэ больш» – такімі словамі апісвае ўраджай гаспадыня, якую цытуе рэсурс Horki.info.

Для Беларусі гэта амаль рэкордная вага. Так, на фестывалі ў Іўеўскім раёне, прысвечаным культывацыі таматаў, самы вялікі памідор заважыў 1 070 грамаў – паведамляла БелТА. Другое месца заняў плод вагою ў 976 грамаў.

Самы вялікі памідор у свеце быў вырашчаны Дэнам Сазэрлэндам у ЗША ў паселішчы Ўола-Ўола каля Вашынгтона ў 2020 годзе. Ён важыў 4 кілаграмы 896 грамаў.

фота з рэсурсу: horki.info

Палякі: свае і чужыя. На захадзе Беларусі руйнуюць магілы, на ўсходзе – ускладаюць кветкі

Пакуль на Гродненшчыне глумяцца над магіламі салдат Арміі Краёвай на Магілёўшчыне ўскладаюць кветкі да мемарыялу палякам, якія гінулі пад савецкімі сцягамі.

 

Разбурана пяць магілаў польскіх воінаў

22 ліпеня стала вядома пра чарговы акт вандалізму ў вёсцы ў вёсцы Стрыеўцы Гродненскай вобласці. Там знесены помнік байцам Арміі Краёвай, якія загінулі ў 1943 годзе ў баях з нямецкімі акупантамі. На месца разбурэння пабываў генеральны консул Польшчы Анджэй Рачкоўскі.

scontent-cdt1-1.xx.fbcdn.net

Гэта ўжо пятае вядомае разбурэнне магілаў воінаў Арміі Краёвай. 1 ліпеня медыі паведамлялі пра разбурэнне пахаванняў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёну, 4 ліпеня – у Мікулішках Ашмянскага раёну, 8 ліпеня – у Ваўкавыску, 9 ліпеня – у Качычах Карэліцкага раёну.

Старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Каранік сітуацыю не каментуе, а запрашае польскіх турыстаў скарыстацца бязвізавым рэжымам і наведаць Гродненскую вобласць.

twitter.com

7 ліпеня ў Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў сувязі з сітуацыяй са знішчэннем пахавання салдатаў Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёну. У міністэрстве адмаўляюць, што нейкае пахаванне ўвогуле існавала.

Як гаворыцца ў паведамленні МЗС, часоваму паверанаму Марціну Вайцяхоўскаму патлумачылі, што ў гэтым паселішчы, паводле інфармацыі мясцовых уладаў, «вайсковых пахаванняў і пахаванняў замежных вайскоўцаў не зарэгістравана».


Шануюць палякаў з дывізіі Касцюшкі, якія палеглі ў бітве пад Леніна.


22 ліпеня, у дзень, калі стала вядома пра руйнаванне чарговай польскай магілы на Гродненшчыне, на Магілёўшчыне адбылося ўскладанне кветак да брацкай магілы невядомых савецкага і польскага салдатаў. Мемарыял стаіць у мястэчку Леніна, што ў Горацкім раёне, за 90 кіламетраў ад Магілёва.

https://t.me/mogilevnewsby/30711

Пра падзею паведаміў адзін з праўладных тэлеграм-каналаў. У каментары напісана, што ўшанаванне памяці загінулых у баях з нацыстамі адбылося падчас прэс-туру журналістаў у Горкі.

На апублікаваным відэароліку дарослыя і падлеткі нясуць да мемарыялу вянок і кветкі. На відэа дзяржаўныя сцягі Польшчы не паказаныя – толькі дзяржаўны беларускі і Горацкага раёну.

Мемарыял, да якога ўсклалі кветкі, адзін з некалькіх пастаўленых у мястэчку. У 1943 годзе тут упершыню ўступіла ў бой з нацыстамі толькі сфармаваная ў СССР 1-я польская пяхотная дывізія імя Касцюшкі. Яе кінулі на прарыў глыбока эшаланіраванай абароны гітлераўцаў.

t.me/mogilevnewsby/30711 

Паводле вайсковых экспертаў патрэбы ў той бітве не было, акрамя палітычнага разьліку Сталіна, якому хацелася паказаць, што на савецкім баку таксама ваююць палякі. Гэта было важна, бо ўскрылася праўда пра масавыя забоства польскіх жаўнераў саветамі ў Катыні.  

У 1943-ім дывізія Касцюшкі за два дні бою страціла 27 працэнтаў асабовага складу (прыкладна 3 тысячы чалавек). На пачатак бітвы ў ёй было 12600 салдат.

«Культавая «Бярозка» у Горках у запусценні – ні ўласнік, ні гарадскія структуры не могуць даць рады праблеме

«Бярозка» – танцпляцоўка ў цэнтры Горкі. Дзесяцігоддзямі яна была асяродкам гуртавання мясцовай моладзі. Тут ладзіліся дыскатэкі, поп і рок канцэрты. У 2000-х змена культурных тэндэнцый прывяла да яе заняпаду.

У 2018 годзе на танцпляцоўку звярнулі ўвагу мясцовыя актывісты. На круглым стале па пытаннях развіцця гарадскіх культурных асяродкаў была ўхваленая прапанова стварыць на месцы «Бярозкі» творчую пляцоўку, нагадвае рэсурс Horki.info.

Мясціна, на якой размяшчаецца танцпляцоўка, ужо мае новага ўласніка. На аўкцыёне зямельны ўчастак у 2015 годзе набыў прадпрымальнік Сяргей Цароў.

Ён планаваў пабудаваць тут жылы дом, але ўжо пасля здзелкі высветлілася, што, паводле генеральнага плана развіцця Горак, на месцы былой танцпляцоўкі, павінна быць размешчана выставачная прастора пад адкрытым небам.

Іншага прызначэння тэрыторыі не дапускаецца, і паўплываць на гэта на мясцовым узроўні немагчыма – генплан зацвярджаецца міністэрствам архітэктуры Рэспублікі Беларусь.

«Падчас пакупкі мне ніхто не ўказаў на гэтую дэталь, – каментуе сітуацыю Сяргей Цароў. – Цяпер я проста кожны год плачу падаткі за гэтую тэрыторыю і толькі».

У такой сітуацыі верагодныя два варыянты развіцця – альбо ўласнік зменіць свае планы на тэрыторыю «Бярозкі» і абсталюе тут выставачную прастору пад адкрытым небам, альбо ён дачакаецца зменаў у генеральным плане гораду, што дазволіць рэалізаваць праект з будаўніцтвам жылога дому.

Два жыхары Горацкага раёна злавілі злодзея – ён паспеў абнесці вясковую краму

Аляксандр Міхайлоўскі і Аляксандр Ляўтко праходзілі міма сельскага магазіна ў роднай вёсцы Копцеўка, калі заўважылі, што адно з вокан узламанае. Пашкоджанымі былі рашотка і шклопакет. 

Неўзабаве, побач з крамай два Аляксандры пабачылі незнаёмага нецвярозага мужчыну. Пры сабе ў яго былі і скрадзеныя ў краме тавары – паведамляе  Магілёўскае абласное Упраўленне ўнутраных спраў. 

Жыхары Копцеўкі на месцы затрымалі падазроную асобу і выклікалі міліцыю. Віна затрыманага была ўстаноўленая ў ходзе далейшых следчых мерапрыемстваў, а пільныя сяльчане атрымалі падзякі і каштоўныя падарункі.