Насілі труну да могілак па раздарожжы на руках, цяпер прыйдзецца па пояс у рапсе

Сітуацыя з дарогай на вясковыя могілкі каля паселішча Шалаханаўка Горацкага раёна ўжо амаль паўгода трывожыць мясцовых жыхароў.

Усё пачалося з таго, што сёлета ўвесну адзіную прыстойную дарогу да могілак зааралі – пісаў Магілёў.media яшчэ ў маі. У выніку мясцовым жыхарам стала немагчыма дабірацца да пахаванняў сваіх родных у дажджлівае надвор’е. А калі памерла адна з жыхарак вёскі, яе цела давялося несці на могілкі проста на руках – ніякая машына не магла праехаць па ўзараным полі.

Прайшло некалькі месяцаў, і на ўзараным полі ўзышоў рапс – буйны, высокі. І цяпер дарога зноўку не функцыянуе. Ісці пешкі да могілак прыходзіцца па пояс у расліннасці – піша інтэрнэт-рэсурс Horki.info. А машына з нізкай пасадкай сюды наогул не праедзе.

Старшыня Паршынскага сельсавету, на тэрыторыі якога знаходзіцца Шалаханаўка, як і раней, абяцае папрасіць сельгаспрадпрыемства больш не чапаць участак дарогі да могілак.

– Будзем кантраляваць, размаўляць з кіраўніком гаспадаркі, каб дарогу на гэты раз не чапалі. – паведаміў ён журналістам Horki.info.

У Горацкім раёне вяскоўцы труны нясуць на руках. Дарогу зааралі.

Да могілак кіламетр. Цяпер трапіць на іх можна толькі праз суседнюю вёску, альбо на ўседарожніку, апавядаюць жыхары вёскі Шалаханаўка, што ў Горацкім раёне. Сельсавет абяцае сітуацыю выправіць і больш падобнага не дапускаць.

Шалаханаўка за дзясятак кіламетраў ад райцэнтру. У ёй жыве меней за 50 чалавек.

Па словах вяскоўцаў, да могілак вяла праз поле добра ўкатаная дарога, якая задавальняла іхныя патрэбы. Дабрацца да магілаў родных яны маглі пешкі альбо на машыне. Аднак, летась поле з дарогай зааралі.

«У лістападзе мінулага года ў мяне памерла мама і мы ледзь змаглі даставіць труну да магілы. Добра, што было сухое надвор’е! А вось памянуць яе на могілках праз дзевяць дзён мы ўжо не змаглі. Зямля намокла, і мы туды проста не змаглі прабрацца», – распавяла выданню Horki.info жыхарка вёскі Ірына Аляксандраўна.

Калі памерла іншая жыхарка Шалаханаўкі супрацоўнікі рытуальнай службы неслі труну на руках.

Ёсць іншая дарога да могілак, але яна ляжыць праз суседнюю вёску, да якой шлях няблізкі. Але і тут праблема. Паводле вяскоўцаў, труба, якая адводзіць ваду з тутэйшага ручая перастала функцыянаваць. У нізіне збіраецца вада.

Старшыня Паршынскага сельсавету, да якога адносіцца вёска, паведаміў выданню, што з праблемамі Шалаханаўкі знаёмы. Ён гарантуе: як поле засеяць, то дарогу зноў пракладуць па ім. Па ягоных словах сельсавет прасочыць, каб на далей могілкі для вяскоўцаў былі даступныя.

Адносна падтаплення мясціны, то высветлілася: прычына не ў прапускной здольнасці трубы, а ў бабрах, якія засялілі ручаіну і запрудзілі яе.