Палітзняволены журналіст магілёўскага YouTube-канала знаходзіцца ў цяжкім стане

Палітзняволены журналіст Кірыл Пазняк трапіў у шпіталь пры следчым ізалятары №1 у Мінску.

“У шпіталі пры СІЗА №1 у цяжкім стане знаходзіцца журналіст Кірыл Пазняк. З запушчанымі наступствамі пнеўманіі і кавіду, якія падхапіў у ізалятары на Акрэсціна восем месяцаў таму. Права на ахову здароўя – гэта базавае права чалавека”, – напісала ў Фэйсбуку яго былая жонка Алёна Пакала.

Жанчына просіць тых, ад каго гэта залежыць – зрабіць усё, “каб захаваць чалавечае жыццё”.

Нагадаем, што Кірыл Пазняк быў затрыманы ў верасні 2025 года пасля прызнання “экстрэмісцкім фарміраваннем” YouTube-канала “Платформа 375”, дзе ў асвячэнні беларускіх навін рабіўся акцэнт на Магілёўскую вобласць. Разам з ім, як потым аказалася, была арыштаваная і яго дачка Яніна. У студзені 2026 дзяўчына таксама знаходзілася ў СІЗА №1. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай. 

“Платформа 375” пазіцыянавала сябе як незалежную медыяпляцоўку. “Наш кантэнт: навіны Беларусі (акцэнт на Магілёў і вобласць), расследаванні, ток-шоу (дэбаты) і докфільмы” – гаворыцца ў яе апісанні.

Скрыншот: «Платформа 375»

Праваабаронца: у магілёўскай турме мяне спрабавалі завербаваць

Аб спробе вярбоўкі і схіленні да стукацтва ў турме №4 Магілёва распавёў праваабаронца і былы палітвязень Валянцін Стэфановіч.

Паводле былога палітзняволенага, летась у чэрвені, калі ён знаходзіўся ў магілёўскай турме, яго выклікалі да супрацоўніка ГУБАЗіК.

«Ён спрабаваў мне давесці, як было б добра, калі б я пайшоў на дыялог з імі і расказаў бы пра Бяляцкага, пра валанцёраў, бо мне яшчэ шмат сядзець, а ўсіх вызваляюць. Падманваў мяне, маўляў, Лабковіча вызвалілі, а Бяляцкага ў шпіталь завезлі. Я, седзячы ўжо пяты год, разумеў, што гэта на тамтэйшай мове „мянтоўскі развод“. Весціся я на такое не збіраўся. Я паставіў сябе ў менш уразлівую пазіцыю і адказаў: „А што мне тут сядзець засталося – тры з паловай гады“» – успамінае Стэфановіч.

У адказ на гэта сілавік намякнуў, што Стэфановіч можа сядзець і даўжэй за гэты тэрмін. Аднак гэты прыём не спрацаваў – Валянцін пагадзіўся і на даўжэйшы, бо, кажа, ужо сапраўды прывык сядзець і гатовы да рознага. У выніку супрацоўнік не меў чым застрашваць праваабаронцу.

«Адзін зэк, з якім я сядзеў у крытай турме, даў мне параду: „Ты нічога не рабі такога, што потым будзе мучыць тваё сумленне“. Таму калі я пайшоў да ГУБАЗіКа і сказаў „не“, мне стала так лёгка на душы, як камень зваліўся. Навошта гэта трэба? Мне потым з гэтым цяжка жыць будзе» – успамінае Стэфановіч.

У той жа час былы палітвязень адзначае, што за адмову супрацоўнічаць з адміністрацыяй калоніі яна можа значна пагоршыць становішча чалавека за кратамі. Прыкладам, зрабіць правакацыю, каб перавесці чалавека ў «нізкі статус». Праваабаронца ўказвае, што паводле закону ўсякая супраца грамадзян Беларусі з спецслужбамі павінна адбывацца добраахвотна, «але на закон цяпер ніхто не зважае».

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Вікіпедыя піша пра Дзень палітвязняў, уведзены пасля смерці Вітольда Ашурка ў Шклове

У Вікіпедыі з’явіўся артыкул, прысвечаны Дню палітвязняў Беларусі, які звязаны са смерцю палітзняволенага Вітольда Ашурка ў шклоўскай калоніі.

У новым артыкуле апісана перадгісторыя гэтага дня, паўстанне памятнай даты і яе адзначэнне. Указваецца, што Дзень палітвязня выкарыстоўваецца як форма грамадскай і міжнароднай салідарнасці з людзьмі, якіх праваабарончыя арганізацыі лічаць палітычнымі зняволенымі. Памятную дату ў 2022 годзе, у першую гадавіну смерці (21 траўня 2021 года) Вітольда Ашурка ў калоніі №17 Шклова, ініцыяваў Праваабарончы цэнтр «Вясна». Праўда, ні шклоўская калонія, ні Шклоў у артыкуле не ўзгадваюцца. Пра гэта можна даведацца толькі пераходзячы па гіперспасылцы з імя Вітольда Ашурка на старонку, прысвечаную яму.

Пакуль артыкул ёсць толькі на беларускай мове, але чакаецца, што ў хуткім часе павінен з’явіцца яго пераклад на іншыя мовы.

Фотаздымак: Вікіпедыя

Вязняў бабруйскай калоніі пазбавілі медыцынскіх перадач

Каля двух тыдняў асуджаныя калоніі №2 у Бабруйску не атрымліваюць медыцынскія бандэролі.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пасылкі з медыцынскімі прэпаратамі для асуджаных нават не забіраюць з пошты. Такім чынам вязні з хранічнымі захворваннямі застаюцца без неабходных лекаў.

Адной з версій прычын такой сітуацыі з’яўляецца адпачынак начальніка медыцынскай часткі калоніі. 

Варта адзначыць, што атрымаць дазвол на медыцынскую бандэроль даволі складана. Яе змесціва трэба загадзя ўзгадніць і падпісаць у начмеда, прадаставіўшы копіі дыягназаў або выпіскі з бальнічных карт. На такі працэс могуць пайсці месяцы, але толькі пасля таго можна пасылаць лекі, якія ў цяперашняй сітуцый невядома калі трапяць да зняволенага пацыента.

Фотаздымак: komkur.info

Выйшаў на волю Уладзімір Дудараў – экс-віцэмэр Магілёва з каманды Бабарыкі

Выйшаў на волю былы намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама па будаўніцтве і ЖКГ. Яму 49 гадоў. За кратамі ён правёў амаль пяць гадоў.

Гісторыя былога віцэ-мэра – тыповы выпадак помсты ўлады за паводзіны былога чыноўніка ў 2020-м.

Сядзеў Дудараў за тое, што ўзначаліў абласны штаб кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. На той момант ён ужо пакінуў дзяржаўную службу.

Гэта быў самы высокапастаўлены адстаўны чыноўнік сярод рэгіянальных каардынатараў банкіра. Дударава затрымалі 11 чэрвеня 2020 года, у той жа дзень, калі сілавікі правялі вобшукі ў офісах Белгазпрамбанка.

Абвінавачванні знайшліся – з мінулага. Гэта класічны беларускі прыём. Называецца «крыміналка пад палітыку». Адкрыта саджаць за ўдзел у перадвыбарчай кампаніі – значыць прызнаваць палітычны пераслед.

Значна зручней знайсці ў біяграфіі нешта, што пры жаданні можна кваліфікаваць як злачынства. У любога чалавека, які прапрацаваў ва ўладзе дзесяць гадоў, такое знойдзецца.

Следства прыгадала Дудараву падзеі пачынаючы з 2008 года: нібыта Дудараў незаконна пераабсталяваў тэхнічны паверх у жылое памяшканне ў сваім доме, самавольна падключыўся да камунальных сетак, а будучы старшынёй жыллёвага кааператыва – без ведама членаў унёс змены ў праектную дакументацыю.

Шкода па ўсіх эпізодах сумарна – некалькі дзясяткаў тысяч рублёў. Для крымінальнай справы з прысудам 7,5 года ўзмоцненага рэжыму маштаб несувымерны. У нармальнай прававой сістэме гэта адміністрацыйная справа, максімум штраф і прадпісанне ліквідаваць парушэнне, калі яно сапраўды было.

Маркер нумар два – пакуль Дудараў працаваў у гарвыканкаме, ніякіх прэтэнзій не было. Як толькі ўзначаліў штаб Бабарыкі, адразу знайшліся грахі дванаццацігадовай даўніны.

У верасні 2021 года суд Чавускага раёна прыгаварыў яго да 7,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па артыкулах пра злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і махлярства.

Пакаранне Дудараў адбываў у ВК-2 у Бабруйску – калоніі, якая фігуруе ў шматлікіх сведчаннях пра жорсткае абыходжанне з палітвязнямі.

Падрабязнасці вызвалення – ці адбылося памілаванне, ці выйшаў датэрмінова – не ўдакладняюцца.

Фота БелТА.

Магілёўскі аблсуд прысудзіў 10 гадоў калоніі палітвязню з Нароўлі

У Магілёве вынесены жорсткі прысуд актывісту з Нароўлі Мікалаю Віткоўскаму, абвінавачанаму ў здрадзе дзяржаве.

Суд над палітычным актывістам адбываўся за зачыненымі дзвярыма, піша “Гомельская вясна”. Таму, у чым менавіта, на думку абвінаваўчага боку, заключалася здрада дзяржаве, даведацца пакуль немагчыма.

У лістападзе 2025 года Мікалай Віткоўскі быў знойдзены ў СІЗА магілёўскай турмы №4. Да гэтага доўгі час праваабаронцы не маглі высветліць яго месцазнаходжання. Мужчына быў затрыманы ў верасні мінулага года супрацоўнікамі КДБ.

Крыніца з турмы і паведаміла пра прысуд Віткоўскаму.

Адзначым, што ў верасні разам з Мікалаем Віткоўскім знік і актывіст з Калінкавічаў Аляксанжр Елісееў. Акрамя “здрады дзяржаве”, яму інкрымінавалі абразу беларускага дыктатара. Зараз праваабаронцы намагаюцца даведацца пра лёс Аляксандра Елісеева.

Фотаздымак: “Гомельская вясна”

Былы магілёўскі палітвязень Валадар Цурпанаў пачаў публікацыю сваіх лістоў да жонкі

Магілёвец Валадар Цурпанаў пачаў публікацыю ў Фэйсбуку сваіх лістоў з вязніцы ў памяць аб памерлай на мінулым тыдні яго жонцы Ірыне.

“Пачынаю чын памяці праз друк сваіх лістоў зь не-волі… 

…Гэты кавалак супольнага сужыцьця, паводле майго меркаваньня, быў для даражэнькай жоначкі самым шчасьлівым, бо мела мажлівасьць ня толькі рупіцца пра мае патрэбы, але ж дастала сьведчаньне павагі, любові, увагі, каханьня, спачуваньня, турботы ды інш., выяўленыя словам… 

…Слова было ейным клопатам і сродкам суіснаваньня ў гэтым сьвеце на тле наканаванае місіі: дбаць пра/бараніць дзяцей – вучняў…

…Каторую яна чыніла да рэшты жыцьця: апошні апекаванец дастаў ейнага клопату/дапамогі за некалькі гадзінаў перад ейным сыходам” – напісаў былы палітзняволены ў Фэйсбуку.

Ірына Цурпанава адыйшла ў лепшы свет раніцой 30 красавіка 2026 года ў гарадской кардыялагічнай бальніцы. 

Валадар Цурпанаў вядомы магілёўскі актывіст і праваабаронца. Быў адным з удзельнікаў пратэстаў 2020 года ў Магілёве. У ходзе судовага працэсу па адміністрацыйнай справе ў верасні 2020 года дазволіў сабе шчырае выказванне ў адрас суддзі суда Ленінскага раёна Вікторыі Паляковай, а 14 кастрычніка ў падобных умовах – у адрас суддзі Кастрычніцкага раёна Вольгі Краўчанка. За гэта ў дачыненні да актывіста завялі дзве крымінальныя справы, а потым асудзілі да трох гадоў “хіміі”. 

16 сакавіка 2021 года стала вядома, што Валадара Цурпанава змясцілі ў СІЗА турмы №4 у Магілёве. Яму ставілі ў віну арт. 415 КК – “Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі”. Паводле пастановы, асуджаны “дапусціў шэраг парушэнняў парадку і ўмоваў адбывання пакарання”. Сярод іх згадваецца ляжанне на ложку ў недазволены час і незапраўленае спальнае месца. 

Сам ён на сваёй старонцы ў Facebook сцвярджаў, што справа заведзеная ў дачыненні да яго за тое, што ён згаджаўся працаваць толькі пры выкананні яго працоўных правоў пры адбыцці “хіміі” – патрабаваў заробак, які адпавядае мінімальным памеры, гарантаваным дзяржавай.

У чэрвені 2021 года Цурпанава асудзілі да двух гадоў калоніі. Цалкам адбыўшы тэрмін зняволення, выйшаў на волю ў студзені 2023 года. Жыве ў Магілёве.

Фотаздымак: Фэйсбук Валадара Цурпанава

У Бабруйску асудзілі да новага тэрміну палітвязня з Гомеля

Вязень калоніі №2 у Бабруйску, гамяльчук Ілля Верамееў асуджаны па артыкуле аб непадпарадкаванні адміністрацыі.

Пра тое, што палітзняволенаму далі артыкул 411 Крымінальнага кодэкса, па якім да бясконцасці можна працягваць тэрмін пакарання, напісала “Гомельская вясна”. Аднак, які менавіта вынеслі прысуд 22-гадоваму Іллі Верамееву пакуль невядома. 

30 жніўня 2022 года ў Гомельскім абласным судзе яго засудзілі да 6,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Хлопца прызналі вінаватым у замаху на арганізацыю масавых беспарадкаў і распальванні сацыяльнай варожасці. Пасля вынясення прысуду Верамеева накіравалі ў калонію №2 Бабруйска. 

“Хутчэй за ўсё, пасля набыцця моцы новым прысудам Іллю Верамеева перавядуць у іншую вязніцу з больш суворым рэжымам” – мяркуюць гомельскія праваабаронцы.

Фотаздымак: “Гомельская вясна”

Айцішніцу з Бабруйска асудзілі па палітычнай справе

Тры гады зняволення прысудзіў суд у Мінску ўраджэнцы Бабруйска Вользе Буланавай за нібыта садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

43-гадовая жанчына раней працавала аператарам ПЭВМ на Бабруйскай абутковай фабрыцы. Потым змяніла сваю прафесійную дзейнасць, прайшоўшы ў 2018-2019 гадах навучанне ў IT Academy і атрымала прафесію UI/UX-дызайнеркі. Пасля знайшла працу ў IT.

Калі меркаваць па яе сацсетках, да самага свайго затрымання Вольга Буланава жыла ў Вільні. У яе ёсць муж і дзіця. Пры гэтым час ад часу жанчына ездзіла ў Беларусь, дзе яе і арыштавалі ў траўні 2025 года. 

У студзені 2026 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў ёй тры гады калоніі. Мяркуецца, што асуджэнне звязанае са справай “Беларускага Гаюна” – маніторынгавага тэлеграм-каналу, куды простыя грамадзяне паведамлялі аб перасоўванні па Беларусі расійскай вайсковай тэхнікі.

У сакавіку 2026 года праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Вольгу палітычнай зняволенай.

25 красавіка 2026 года яна была ўнесена ў пералік грамадзян, якія нібыта маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У магілёўскай калоніі сваякам вязняў ускладнілі аплату за спатканні

Сваякі вязняў магілёўскай калоніі №15 цяпер не могуць аплаціць карыстанне турэмнай гасцініцай наяўнымі грашыма.

Раней сваякі асуджаных маглі аплаціць наяўнымі грашыма праз касу бухгалтэрыі паслугі пакоя для працяглых спатканняў, якія доўжацца ад адных да трох сутак, на тэрыторыі папраўчай установы. Гэта быў звыклы і зразумелы спосаб аплаты.

Аднак з гэтага тыдня такая паслуга больш недаступная. Грошы спачатку неабходна залічыць на асабісты рахунак асуджанага, адкуль і будзе спісвацца патрэбная сума з разліку 11 руб 25 кап (0,25 базавай велічыні) за адны суткі за аднаго чалавека. 

Пры гэтым, за самога асуджанага грошы таксама спаганяюцца. Трое сутак спаткання асуджанага з адным сваяком абыходзяцца ў суму 67 руб. 50 кап. Адміністрацыя калоніі настойліва рэкамендуе залічаць як мага большую колькасць сродкаў на рахункі ўстановы.

Фотаздымак: БелаПАН