У Мсціслаўскім раёне пенсіянер тушыў траву і атрымаў апёкі першай ступені

У вёсцы Краснае Мсціслаўскага раёна гаспадар участку 1943 года нараджэння спрабаваў самастойна тушыць траву, але атрымалася няўдала і ён апёкся. Як выявілася, на ўчастку адбывалася гарэнне травы на плошчы 100 метраў квадратных. Медыкі на месцы аказалі пенсіянеру неабходную дапамогу, з дыягназам “тэрмічны апёк першай ступені” ён быў шпіталізаваны ў цэнтральную раённую бальніцу – паведамляе мсціслаўская газета “Святло Кастрычніка”.

Фота “Святло Кастрычніка”

У Мікалаеве падлічылі – ў выніку абстрэлаў пацярпелі 23 аб’екты культурнай спадчыны

23 аб’екты культурнай спадчыны Мікалаева пацярпелі ў выніку абстрэлаў з боку расійскіх акупантаў – паведамляе прэс-служба Мікалаеўскай гарадской рады.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Зараз у Мікалаеве на дзяржаўным уліку знаходзяцца 346 помнікаў: 71 – археалогіі, 108 – гісторыі, 19 – манументальнага мастацтва, 139 – архітэктуры; 9 – садова-паркавага мастацтва і яшчэ каля 400 аб’ектаў культурнай спадчыны.

З 23 аб’ектаў пацярпелі разбурэнні ў прыватнасці, такія помнікі архітэктуры, як музей Старафлоцкія казармы, Лецішча Кудраўцава, Марыінская гімназія, Гатэль Вімута.


Лецішча Кудраўцава

https://nikvesti.com/ru/news/politics/268223

Старафлоцкія Казармы

Нагадаем, поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны нанесла шкоду аб’ектам культурнай спадчыны краіны прыкладна на 2,6 мільярда даляраў.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Браканьер на Чыгірынцы злавіў пад 300 асобін рыбы і ракаў і трапіў пад крыміналку

На Чыгірынскім водасховішчы Бабруйскай прыродаахоўнай інспекцыяй быў затрыманы мужчына, які на 12 ракаловак вылавіў больш за 240 рыбін і 55 ракаў. Асобна трэба адзначыць, што гэта адбылося падчас нерасту, калі лавіць рыбу можна толькі на адну вуду з берага.

Шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю, ацэньваецца ў 513 базавых велічынь, гэта каля 19 000 рублёў. Цяпер мужчыне пагражае крымінальная адказнасць па ч.4 артыкула 281 Крымінальнаа кодэкса – піша “Камерцыйны кур’ер”.

Фота: komkur.info

Мужчына замовіў колатыя дровы ў крычаўскай дзяржканторы, яму прывезлі непаколатыя і паздзекваліся

Унук 92-гадовай крычаўлянкі замовіў колатыя дровы ў крычаўскай раённай канторы па збыце і рэалізацыі паліва, але на прадпрыемстве іх пакалолі абыяк, а ад прэтэнзій адмахнуліся.

Замоўленыя дровы прыбылі своечасова, аднак калі мужчына пачаў іх складаць, высветлілася, што паколаты яны няякасна. Практычна адну траціну трэба было дадаткова калоць самому. Спрабуючы разабрацца, мужчына звярнуўся ў дзяркантору, дзе замаўляў дровы. Аднак там яму здзекліва адказалі, што гэтае пытанне іх не датычыцца, бо за тое, як дровы паколатыя, адказвае кольшчык дроў, а не адміністрацыя арганізацыі — піша пра гэты выпадак раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Фота ілюстратыўнае

Як на Радаўніцу можна наведаць могілкі, што знаходзяцца ў забруджанай радыяцыяй зоне

Значная колькасць тэрыторый Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага, Краснапольскага і Касцюковіцкага раёнаў Магілёўшчыны ўваходзяць у зону адчужэння, наведваць якую без спецыяльных прапускоў забаронена. Раз у год, на Радаўніцу, гэтая забарона здымаецца, каб блізкія змаглі наведаць пахаванні сваіх родных і прыбрацца на іх. Наведванне зоны без прапускоў дазваляецца сёлета з 22 па 25 красавіка з 9.00 да 17.00.

Пры гэтым наведвальнікам неабходна прытрымлівацца асноўных правіл бяспекі. Ні ў якім разе не распальваць кастры і не спальваць смецце – яго можна толькі адносіць на спецыяльныя пляцоўкі.

Таксама, пры рабоце на могілках неабходна паклапаціцца пра ўласную бяспеку – працаваць у медыцынскіх масках і пальчатках, пасля завяршэння страсануць сваю верхнюю вопратку, вымыць адкрытыя ўчасткі цела прывезенай з сабой вадой. Асаблівую ўвагу варта надаваць дзецям, каб яны не адхіляліся ад дарослых.

Фота з адкрытых крыніц, ілюстрацыйнае.

У Дрыбіне пройдзе Кубак па більярдзе

22 красавіка ў більярдным зале Дрыбінскага цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы адбудуцца штогадовыя спаборніцтвы па більярдзе сярод калектываў раёна. Кубак стартуе ў 10 раніцы, рэгістрацыя ўдзельнікаў – да 9.30, паведамляе “Савецкая вёска”.

Фота з адкрытых крыніц.

Выкапаную яшчэ зімой яму камунальнікі ў Шклове так і кінулі

Аднойчы ноччу ў гэтую яму ўжо падаў мужчына, мясцовыя жыхары скардзяцца, але камунальнікі засыпаць яе пакуль не збіраюцца.

Пра праблемную яму ў двары дома №14 па вуліцы Савецкай у Шклове піша мясцовая раёнка “Ударны фронт”. Яшчэ зімой, больш за тры месяцы таму яе выкапалі камунальнікі падчас рамонту ацяпляльнай сістэмы. Назад яму яны не закапалі, бетонныя пліты на месца не паклалі, таму што вырашылі працягваць работы праз некалькі месяцаў.

–  У сувязі з тым, што ў доме №14 на вуліцы Савецкай узніклі праблемы з ацяпленнем, там праводзіліся рамонтныя работы па замене труб. – патлумачыў сітуацыю Уладзімір Мелех, выконваючы абавязкі дырэктара Шклоўскага УКП “Жылкамгас” – Рабілі апал. Для таго, каб мяняць далей нешта, неабходна зрабіць гідраўліку. Гэтыя працы можна правесці толькі пасля ацяпляльнага сезона. Трэба адключыць хату ад цэнтральнага апалу і прыціснуць кампрэсарам трубы пад вызначаным ціскам. Тады мы будзем бачыць, трэба мяняць іх там далей ці не. Яму прыбяром.

Пры гэтым камунальнікі не падумалі пра жыхароў васьмікватэрнага дома, на тыя некалькі месяцаў, што пакінулі яму, не прыкрылі яе драўлянымі шчытамі ці дошкамі. Аднойчы познім вечарам у гэтую праваліўся мужчына, што праходзіў міма дома. Цудам, але пазбег траўм. Цяпер яма ператвараецца ў сметнік – заўважаюць мясцовыя жыхары.

Фота: “Ударны фронт”.

П’яны вясковец на ўгнанай машыне перавярнуўся разам з цяжарнай жонкай пад Быхавам

Жыхар адной з вёсак Быхаўскага раёна за адзін вечар здзейсніў адразу кучу подзвігаў. Выпіўшы на хаце ў свайго сябра, ён без дазволу гаспадара завалодаў машынай прыяцеля. Разам з сужыцельніцай. якая знаходзілася на апошнім месяцы цяжарнасці, ён паехаў у суседнюю вёску, але не справіўся з кіраваннем. Машына з’ехала ў кювет і перавярнулася. Толькі цудам абодва – вясковец і яго грамадзянская жонка не пацярпелі, піша “Маяк Прыдняпроўя”.

Па сукупнасці вясковец атрымаў адзін год папраўчых работ, выплату 10% заробка ў даход дзяржавы, пазбаўленне правоў на пяць гадоў і два штрафы – 7400 і 259 рублёў.

Фота ілюстрацыйнае.

Тэатральны сквер у Магілёве разбіраюць трактарам – відэа

У сацыяльных сетках магілёўцы дзеляцца відэа з працэсам рамонту ходнікаў у тэатральным скверы ў Магілёве.

Дзень у гісторыі. 19 красавіка. Панамскі канал і Галынскі. Магілёў – сталіца. Фота Нэсі. ВАЗ-“капейка”. Рэкордны ўзровень Дняпра. Нарадзіўся гісторык У. Ігнатоўскі.

Міжнародны Дзень пралескі (International Snowdrop Day, з 1984 года).

Радзіма свята – Вялікабрытанія. У паўночным паўшар’і, у залежнасці ад кліматычнай зоны, пралескі зацвітаюць ад студзеня да красавіка.

Лацінская назва пралескі – “галянтус” – “малочная кветка”. Расліна вядома з 1 тысячагоддзя, у сярэдявеччы яе шанавалі як сімвал бязгрэшнасці.

У розных краінах кветку называюць па-рознаму: ангельцы – снежная кропля, снежная завушніца, чэхі – сняжынка, немцы – снежны званочак, у нас – пралеска.

Адна старажытная легенда абвяшчае, што калі Адам і Ева былі выгнаныя з раю, то пайшоў снег. Ева змерзла і стала плакаць, успамінаючы аб цёплых райскіх садах Эдэма. Каб суцешыць яе, Бог ператварыў некалькі сняжынак у кветкі пралескі. Убачыўшы кветкі, Ева павесялела і ў яе з’явілася надзея на лепшае. 

Пралеска – сімвал надзеі.

Пралеска – сваячніца нарцыса, належаць да сямейства амарылісавых.

1655 год. Пад час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) магілёўцы, якія перайшлі на бок Масквы, вытрымалі аблогу войскаў гетмана Радзівіла быццам бы дзякуючы іконе Магілёўскага Богаяўленскага храма.

Штурмы горада адбываліся 28 лютага, 18-19 сакавіка, 19, 23 красавіка, 11 мая 1655 года.

Першы раз ікону выкарысталі ў мэтах абароны горада ў 1655 годзе, у тым ліку 19 сакавіка (1 красавіка) 1655 года, у дзень святых мучанікаў Хрысанфа і Дарыі.

З гэтага часу Магілёва-Брацкая ікона Божай Маці прызнаецца цудатворнай. Захоўвалася ў Брацкім Богаяўленскім мужчынскім манастыры да пачатку XX стагоддзя.

Потым Божая Маці праславіла свой абраз у 1708 годзе, калі князь Меньшыкаў, будучы ў Магілёве, задумаў адпомсціць жыхарам горада за забойства «маскавіцян» у 1661 годзе падчас паўстання гараджан супраць маскоўскага гарнізона. Паводле падання, стоячы ў Богаяўленскім храме перад цудатворным абразом, ён раптам быў павалены на зямлю невядомай сілай і пасля гэтага, застрашаны і збянтэжаны гневам Божым, больш не адважваўся ні ўваходзіць у царкву, ні задумваць спусташэння непакорлівага горада над Дняпром.

А ў 1910 годзе Божая Маці выратавала ўвесь горад ад знішчэння агнём. Тады загарэлася прадмесце Лупалава, пажар з-за ветру перайшоў у горад і пагражаў Васкрасенскай царкве і Богаяўленскаму манастыру. Магілёўцы вынеслі цудатворны абраз на агорнутыя полымем вуліцы – і вецер, раптам павярнуўшы, пагнаў агонь у зваротным напрамку ад цэнтра горада.

Пасля бязбожнага ліхалецця XX стагоддзя лёс цудатворнай Магілёва-Брацкай святыні невядомы.

У Трохсвяціцельскім кафедральным саборы Магілёва знаходзіцца старажытны спіс (рэпліка) абраза.

1734 год. Справаводам Магілёўскага магістрата абраны Юры (Рыгор, Ежы) Трубніцкі (1680–1747).

Адзін з аўтараў “Магілёўскай хронікі». Вёў запісы за 1701–1747 гады. Пісаў на польскай мове. Член магістрата з 1725 года, рэгент гарадской канцылярыі з 1734 года.

Працягнуў працу свайго папярэдніка Трафіма Сурты. Першы запіс, зроблены яго рукой адносіцца да восені 1709 года, апошні – да 1746 года.

У якасці крыніц інфармацыі выкарыстоўваў успаміны сучаснікаў і сведкаў падзей, дакументальныя матэрыялы магілёўскага архіва, гісторыка-летапісныя крыніцы і ўласныя назіранні. У рукапіс хронікі ўнёс алегарычную сатыру «Карнавал іншаземны ў Польшчы», зроблены ім пераказ падзей з кніг па гісторыі Даніі і Швецыі.

Пасля смерці Юрыя напісанне Магілёўскай хронікі працягнуў яго сын Аляксандр, магілёўскі купец і дарадца магістрата, які вёў хроніку з 1747 па 1788 год. Справу Юрыя і Аляксандра працягнуў сын апошняга Міхаіл, які давёў змест летапісу да 1856 года.

1773 год. У Варшаве распачалася праца Вальнага сойму, які зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай (адбыўся ў 1772 годзе).

Да Расіі адыйшлі беларускія землі ў 92 тысяч км² з 1 мільёнам 300 тысяч чалавек – па Дзвіне, Друці, Дняпру, уключаючы Віцебск, Полацк, Мсціслаў, Магілёў, Гомель.

1850 год. Вялікабрытанія і ЗША падпісалі дамову аб сумесным будаўніцтве Панамскага канала (пазней ЗША вырашылі будаваць канал саматугам).

Панамскі канал – суднаходны канал, які злучае Панамскі заліў Ціхага акіяна з Карыбскім морам і Атлантычным акіянам, размешчаны на Панамскім перашыйку на тэрыторыі дзяржавы Панама.

Канал аказаў неацэнны ўплыў на развіццё суднаходства і эканомікі ў цэлым у Заходнім паўшар’і і ва ўсім свеце, што абумовіла яго надзвычай высокае геапалітычнае значэнне.

Дзякуючы Панамскаму каналу марскі шлях з Нью-Ёрка ў Сан-Францыска скараціўся з 22 500 да 9 500 км.

Ідэю будаўніцтва Панамскага канала падаў ураджэнец Крычава Аляксандр Галынскі (1816–1893) – журналіст, падарожнік, аўтар падрабязнай карты Каліфорніі.

1881 год. Нарадзіўся Валянцін Волкаў (1881–1964).

Народны мастак БССР, прафесар, аўтар выяў герба БССР (1927, 1938), мадыфікацыя якіх з’яўляецца цяперашнім афіцыйным гербам Беларусі.

З 1919 года жыў на Беларусі. Выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, Мінскім мастацкім вучылішчы, тэатральна-мастацкім інстытуце, кіраваў мастацкімі студыямі Саюза архітэктараў БССР, юных талентаў пры Доме народнай творчасці ў Мінску.

Бацька Анатоля Волкава і дзед Сяргея Волкава, таксама мастакоў.

Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, пісаў пейзажы, нацюрморты. Ствараў сюжэтна-тэматычныя карціны, прысвечаныя гісторыі Беларусі, партрэты.

У 1918 годзе ў Петраградзе ён займаўся ўбраннем горада да 1-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі – працы захоўваюцца ў Дзяржаўным Рускім музеі. Адзін з першых беларускіх жывапісцаў стварыў вобраз Леніна.

Ілюстраваў і аформіў шэраг кніг для Дзяржаўнага выдавецтва БССР.

Сярод яго шматлікіх работ – «Кастусь Каліноўскі», «Барыкады», партрэты М. Багдановіча,  М. Гусева, дзеячаў тэатра імя Я. Купалы. Шырокую вядомасць мае велізарная кампазіцыя «Мінск 3-га ліпеня 1944 года» (фота).

1881 год. Нарадзіўся Усевалад Ігнатоўскі (1881–1931).

Беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук (1928–1931), яе акадэмік і акадэмік Усеўкраінскай акадэміі навук.

Займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. Працаваў Членам Часовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ, наркамам земляробства, асветы, членам Прэзідыума ЦВК БССР (1920–1930), прафесарам БДУ, старшынёй Інбелкульта, першым прэзідэнтам Акадэміі навук і дырэктарам Інстытута гісторыі.

Актыўны распрацоўшчык палітыкі беларусізацыі, барацьбіт за ўзбуйненне БССР. Увёў новую перыядызацыю гісторыі Беларусі.

У 1930 годзе патрапіў пад рэпрэсіі, зняты з пасады Прэзідэнта Акадэміі навук. Выклікаўся на допыты ў ДПУ. Пасля аднаго з іх скончыў жыццё самагубствам. Паводле другой версіі быў застрэлены супрацоўнікамі ДПУ ў сваім доме 4 лютага 1931 года.

Яго імя носіць Камянецкая цэнтральная раённая бібліятэка, на будынку якой устаноўлена мемарыяльная дошка.

1908 год. Нарадзіўся Вільгельм Гараўскі.

Беларускі празаік. Брат літаратара Адама Гракала-Гараўскага, унук мастака Гілярыя Гараўскага.

Максім Гарэцкі адгукаўся пра яго так: «Змалку, як і ўсе сялянскія дзеці, быў пастухом, пасля вучыўся, але пашкодзіла вайна і акупацыя»,  «пад уплывам польскага патрыятызму» ў 1921 годзе, у 13 гадоў, выехаў у Польшчу, але праз два месяцы вярнуўся ў БССР. Трапіў у Інстытут сацыяльнага перавыхавання (дзіцячы прытулак) у Мінску, адкуль потым уцёк і як беспрытульнік вандраваў па Украіне і Каўказе. 

Скончыў польскі педтэхнікум. Выкладаў у польскіх школах у Беларусі. Пісаў на польскай і беларускай, друкаваўся ва «Узвышшы» і «Маладняку», у мінскіх і бабруйскіх выданнях. Ягоная лірычная імпрэсія «Скрыпка», аповесць «На ўздыме» выклікалі рэзананс.

У 1931 годзе браў удзел у І Усесаюзным з’ездзе польскіх пралетарскіх пісьменнікаў. Арыштаваны ў пачатку 1937 года. Расстраляны НКУС 27 жніўня 1937 года.

Гракала-Гараўскія належылі да старажытнага герба «Кораб», які вядомы з XIII стагоддзя

1926 год. Нарадзіўся Барыс Аракчэеў (1926–2013).

Беларускі мастак, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працаваў у станковым жывапісе, у жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычных карцін і батальных сцэн. Пад час вайны служыў у Бабруйску, Мінску.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Тэатральна-мастацкі інстытут (першы выпуск, разам з будучымі народнымі мастакамі А. Анікейчыкам, В. Грамыкам, А. Кашкурэвічам i Л. Шчамялёвым).

Сярод яго твораў – пейзажы, нацюрморты, серыя партрэтаў сучаснікаў і знакамітых людзей. З’яўляўся адным з чатырох стваральнікаў дыярамы «Мінскі кацёл» у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Акадэміі мастацтваў, з’яўляўся настаўнікам многіх вядомых беларускіх мастакоў.

Творы мастака знаходзяцца ў шматлікіх  музеях: у Нацыянальным мастацкім музеі, Фондзе Саюза Мастакоў, Магілёўскім мастацкім музеі і іншых, галерэях Гомеля, Светлагорска, Полацка, Крупак, Баранавічаў, у прыватных калекцыях замежных краін.

Імя мастака носіць галерэя ў г. Крупкі.

Мемарыяльная дошка на доме, дзе працаваў Б. Аракчэеў.

1934 год. Гістарычнае фота лохнескай пачвары, нэсі.

Палкоўнік медыцынскай службы хірург Кенэт Уілсан ішоў з прыяцелем па беразе возера Лох-Нес. Таварыш Уілсана раптам застыў на месцы, узіраючыся ў возера, і выклікнуў: “Божа, ды гэта ж пачвара!”. Уілсан павярнуўся і ўбачыў у вадзе, прыкладна за 200 метраў ад берага, дзіўную жывёліну. Хірург спешна схапіў фотаапарат і зрабіў чатыры здымкі. Праз пару хвілін пачвара пагрузілася ў водную роўнядзь і знікла з выгляду. З чатырох здымкаў толькі адзін захаваў профіль невядомай свету істоты.

Гэты здымак зрабіў фурор ва ўсім свеце. Ён быў надрукаваны ў “Дэйлі мэйл”. Экспертыза пацвердзіла сапраўднасць здымка. 

Было вызначана, што на ім адлюстраваны старажытны плезіязаўр. Навукоўцы даказалі, што плезіязаўр цалкам мог ацалець у возеры Лох-Нес, калі яно аддзялілася ад мора. Асяроддзе пасялення цалкам падыходзіла яму. Глыбіня возера складае да 330 метраў, што глыбей Паўночнага мора, дно рассечана расколінамі, дзе можна схавацца, а рыбы для пражытка плезіязаўра там дастаткова.

Лічыцца, што першая пісьмовая згадка аб пачвары зроблена абатам шатландскага Аёнскага манастыра Адамнанам, каля 700 года.

1939 год. Прынята пастанова ЦК ВКП(б) і Саўнаркама СССР “Аб гарадскім будаўніцтве ў Магілёве ў сувязі з пераводам сталіцы БССР».

Пытанне аб пераносе сталіцы было пастаўлена яшчэ 16 снежня 1937 года Пратаколам палітбюро № 56 ЦК ВКП(б) за 11 снежня 1937 – 21 студзеня 1938 года, дзе ў пункце 114 запісана: “Прыняць прапанову… аб пераводзе сталіцы…”.

Мары магілёўцаў стаць сталічнымі жыхарамі не ажыццявіліся. Планы пераносу былі скасаваны пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года. Верагодна, дзякуючы гэтаму, цэнтр Магілёва, у пэўнай ступені, захаваў свой аўтэнтычны выгляд.

1970 год. На Волжскім аўтазаводзе (пабудаваны італьянцамі) на базе “Fiat” быў сабраны першы ВАЗ-2101 – у народзе “капейка”.

Гэта адбылося а 7:00. Першы аўтамабіль звёў з канвеера італьянскі шэф-інструктар. Рытмічная праца галоўнага канвеера пачалася толькі ў жніўні.

У розных мадыфікацыях было выраблена ў 1970-1988 гадах 4,85 мільёнаў “капеек”. Апошні аўтамабіль на базе ВАЗ-2101 выраблены 17 верасня 2012 года.

2013 год. Узровень Дняпра у Магілёве дасягнуў абсалютнага максімума 661 см. Найвялікшы паказчык за ХХІ стагоддзе.

Крытычным з’яўляецца ўзровень у 610, а небяспечным – 620 см.

У гэтым, 2023 годзе, максімуму вышыня вады ў Дняпры ў Магілёве дасягнула 7 красавіка – 570 см.

Гістарычны максімальны пад’ём вады рэгістраваўся 24 красавіка 1931 года – 853 см, калі вада пералівалася праз Пушкінскі праспект. Блізкі пад’ём быў у 1956 годзе – 834.