У Мікалаеве падлічылі – ў выніку абстрэлаў пацярпелі 23 аб’екты культурнай спадчыны

23 аб’екты культурнай спадчыны Мікалаева пацярпелі ў выніку абстрэлаў з боку расійскіх акупантаў – паведамляе прэс-служба Мікалаеўскай гарадской рады.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Зараз у Мікалаеве на дзяржаўным уліку знаходзяцца 346 помнікаў: 71 – археалогіі, 108 – гісторыі, 19 – манументальнага мастацтва, 139 – архітэктуры; 9 – садова-паркавага мастацтва і яшчэ каля 400 аб’ектаў культурнай спадчыны.

З 23 аб’ектаў пацярпелі разбурэнні ў прыватнасці, такія помнікі архітэктуры, як музей Старафлоцкія казармы, Лецішча Кудраўцава, Марыінская гімназія, Гатэль Вімута.


Лецішча Кудраўцава

https://nikvesti.com/ru/news/politics/268223

Старафлоцкія Казармы

Нагадаем, поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны нанесла шкоду аб’ектам культурнай спадчыны краіны прыкладна на 2,6 мільярда даляраў.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».