Рыкарда Фарэзі любіць Магілёў і піша песню для беларусаў на рускай мове

Італьянскі спявак Рыкарда Фарэзі ўпэўнены ў тым, што для выказвання сваёй любові да Беларусі і Магілёва трэба вывучыць рускую мову.

«Магілёўскія ведамасці» размясцілі інтэрв’ю з італьянскім спеваком Рыкардам Фарэзі, які шмат гастралюе па Беларусі.

Так, у адыходзячым годзе Фарэзі даў паўтара дзясятка канцэртаў у краіне. Частка з іх – у Магілёўскай вобласці.

Акрамя таго, італьянец пачаў супрацоўніцтва з аркестрам народных інструментаў імя Леаніда Іванова пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Дзяніса Чарты.

Распавядаючы пра сваю любоў да Беларусі і Магілёва, Фарэзі паведаміў, што для выказвання цёплых пачуццяў піша песню на рускай мове.

Журналістка, якая брала ў Рыкарда Фарэзі інтэрв’ю, відаць, з далікатнасці не стала нагадваць яму пра тое, што з такім жа поспехам Фарэзі мог бы выказаць любоў да Манголіі, напісаўшы для жыхароў гэтай краіны песню на кітайскай мове.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

Гарэў зернесушыльны комплекс у Магілёўскім раёне

Спіс пажараў на Магілёўшчыне папаўняецца – гарэў зернесушыльны комплекс у аграгарадку Сухары.

Амаль кожны дзень з’яўляюцца паведамленні пра пажары ў Магілёўскай вобласці. Нядаўна датла згарэў свінарнік разам з дзясяткамі жывёл. І вось ратавальнікам давялося ліквідаваць новы пажар – цяпер на зернесушыльным комплексе ў Магілёўскім раёне.

На месцы здарэння, у аграгарадку Сухары, было задзейнічана пяць адзінак тэхнікі МНС.

Можна гаварыць пра выпадковасці і злавесныя супадзенні, якія прывялі да хвалі пажараў, але насамрэч усё прасцей. Гатоўнасць АПК Магілёўшчыны да зімы, пра якую рапартавалі ўлады рэгіёна – чарговы фэйк, накіраваны на стварэнне бачнасці дабрабыту.

Фота ведамаснага сайта МНС Беларусі.

З беларускага – толькі фокусы. У Магілёве адкрылася абноўленая зала кінатэатра «Радзіма»

Адноўленая зала магілёўскага кінатэатра «Радзіма» парадавала індыйскімі і кітайскімі тэхналогіямі, расійскім мультфільмам. Мясцовым быў толькі фокуснік.

Серабрысты экран Galaite Mirage перадае багацце каляровай палітры, а аб’ёмны гук забяспечвае магутная акустычная сістэма SOVOX – паведамляе «Беларусь Сегодня» пра ўрачыстае адкрыццё абноўленай залы кінатэатра «Радзіма».

Адкрывалі ж новую залу прэм’ерным паказам расійскага мульціка «Тры багатыры і свет клінам».

Вытворца экрана – індыйская кампанія. Добрым гукам магілёўцы абавязаныя кітайскаму вытворцу аўдыётэхнікі. А мультфільм, які распавядае пра тое, як купец Калыван з памочнікамі са світы Бабы-Ягі спрабуе захапіць уладу ў Кіеве, выраблены ў Расіі.

З айчыннага на адкрыцці кінатэатральнай залы былі толькі фокусы выпускніка Магілёўскага каледжа мастацтваў ілюзіяніста Віктара Шышко.

Не хацелася б шукаць ва ўсім гэтым нейкія аналогіі, але яны напрошваюцца самі сабой. Непісьменнае кіраванне эканомікай і выгнанне з краіны лепшых спецыялістаў у самых розных сферах вядуць Беларусь да татальнай тэхналагічнай адсталасці.

Улады, з упартасцю світы Бабы-Ягі, умешваюцца ў справы суверэннай дзяржавы, а свайму народу паказваюць маштабныя фокусы накшталт ВНС.

Фота: «Беларусь Сегодня».

Дзясяткі свіней загінулі на пажары ў Магілёўскім раёне

Сорак дзве в’етнамскія свінні загінулі ў агні пры пажары ў Магілёўскім раёне.

Як паведамілі ў МНС, сігнал аб узгаранні паступіў ратавальнікам 26 снежня 2025 года ў 18:57 ад відавочцаў. Падраздзяленні, якія прыбылі на месца, выявілі адкрытае гарэнне хлява, які выкарыстоўваўся для ўтрымання свіней.

У момант пажару ўнутры знаходзіліся 42 в’етнамскія свінні ва ўзросце да аднаго года. На жаль, выратаваць жывёл не ўдалося – усе яны загінулі.

Цяпер спецыялісты ўстанаўліваюць прычыну ўзгарання гаспадарчай пабудовы. Аб матэрыяльнай шкодзе і магчымых падрабязнасцях здарэння на дадзены момант не паведамляецца.

Фотаздымак: МНС

“I said YES” – Крысціна Ціманоўская выходзіць замуж

Ураджэнка Клімавічаў, сусветна вядомая спартсменка Крысціна Ціманоўская паведаміла аб згодзе выйсці замуж пасля болеснага растання з былым мужам.

Ціманоўская, якая цяпер выступае за Польшчу, апублікавала ў сваім Інстаграме фота з заручальным пярсцёнкам. Яе жаніх – Аляксандр Салонскі, з якім спартсменка пачала сустракацца пасля разводу.

Прапанову рукі і сэрца Крысціна атрымала ў Цэнтральным парку Нью-Йорка. Мяркуючы па фота лёгкаатлеткі, Аляксандр Салонскі падарыў ёй пярсцёнак з дыяментам ад вядомага брэнда Tiffany, мяркуе “Зеркало”.

“I said YES” – напісала Крысціна пад фота.

Пасля скандалу на Алімпіядзе ў Токіа ў 2021 годзе, калі беларускую спартсменку спрабавалі гвалтоўна вывезці з Японіі, Ціманоўская пераехала ў Польшчу. Туды ж перабраўся і яе муж – трэнер па фітнесу Арсень Зданевіч. Але праз пару гадоў пара рассталася. Пра рашэнне развесціся з мужам Ціманоўская абвясціла ў верасні 2023 года. Праз паўгода развод адбыўся і Крысціна назвала гэты дзень лепшым у сваім жыцці.

У траўні 2025 года Ціманоўская заявіла, што яе былы муж Арсень Зданевіч супрацоўнічае з КДБ. Паводле спартсменкі, калісьці яна сама хадайнічала перад польскім прэзідэнтам аб прадастаўленні грамадзянства не толькі сабе, але і свайму мужу. Па яе словах, тады ён быў для яе важнай эмацыйнай і маральнай апорай.

Потым сітуацыя змянілася кардынальна. Былы муж спартсменкі, які з’ехаў у Беларусь, адмаўляецца ад польскага грамадзянства, заяўляючы, што яно яму «ніколі не было патрэбнае». 

Пасля таго як Зданевіч апынуўся ў Беларусі, Ціманоўская хацела, каб лукашысты схапілі яго за фатаграфаванне з бел-чырвона-белым сцягам.

Восенню 2024 года лёгкаатлетка пераехала ў ЗША. На той момант яна ўжо сустракалася з Аляксандрам Салонскім.

Фотаздымак: Інстаграм Крысціны Ціманоўскай

Бялыніцкі суд прызнаў экстрэмізмам стыкеры “Чык Чырык”

Tэлеграм-стыкеры «Чык-Чырык» цяпер лічацца ў Беларусі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Рашэнне аб прызнанні 21 стыкера экстрэмізмам прыняў 19 снежня 2025 года суд Бялыніцкага раёна. Варта адзначыць, што “Чык-Чырык” – гэта іранічная мянушка Лукашэнкі.

Фраза “Чык-Чырык”, верагодна, паходзіць ад аднайменнай песні беларускага гурта “Саша і Сірожа”. У яе ўваходзілі мастак Аляксей Хацкевіч і Сяргей Міхалок, лідар “Ляпіса Трубяцкога”. Як адзначае Мemepedia, трэк з’явіўся ў 2005 годзе і ўвайшоў у альбом “Скаты!”. У 2010 годзе на Ютуб загрузілі мультыплікацыйны кліп.

Толькі праз шмат гадоў гукаперайманне стала іранічнай мянушкай Аляксандра Лукашэнкі. Як мяркуецца, усё пачалося з карыкатуры, якую 21 студзеня 2016 года апублікаваў у каментарах падпісчык суполкі “Чай з малінавым варэннем”.

У 2020 годзе на фоне пратэстаў фраза “Чык-Чырык” стала зноў папулярнай. Шмат у чым гэта адбылося дзякуючы коміку Славе Камісаранкі. Менавіта ён пачаў публічна і вельмі часта называць Лукашэнку “Чык-Чырыкам”.

Выява з адкрытых крыніц

Асіповіцкі раён мог бы называцца Чычэрынскім – краязнаўцы

Магчыма, у тым, што Асіповіцкі раён стаў называцца менавіта так, адыграў сваю ролю Сталін, які метадычна пазбаўляўся ад старых бальшавікоў і памяці аб іх.

Да Кастрычніцкага перавароту цяперашні Асіповіцкі раён быў часткай Ігуменскага і Бабруйскага паветаў Мінскай губерні. Вёска Асіповічы і аднайменная чыгуначная станцыя, пабудаваная ў 1872 годзе, уваходзілі ў склад Замошскай воласці з адміністрацыйным цэнтрам у вёсцы Замошша.

Чычэрынская воласць Бабруйскага павета была ўтворана 19 студзеня 1923 года шляхам перайменавання Замошскай воласці ў Чычэрынскую, хаця ўжо тады мястэчка Асіповічы адціснула вёску Замошша на другі план.
Воласць, названая ў гонар бальшавіцкага дыпламата Георгія Чычэрына, праіснавала ўсяго паўтара года – да 17 ліпеня 1924-га. Тады Бабруйскі павет быў ліквідаваны, а яго тэрыторыя ўвайшла ў Бабруйскую акругу, і ў ходзе кампаніі па перайменаванні раёнаў з’явіўся Асіповіцкі раён.

Лагічней было б назваць яго Чычэрынскім, аднак гэтага не адбылося. Магчыма, з-за таго, што ў студзені 1924 года памёр Ленін, а Сталін пайшоў ва ўладу, пазбаўляючыся ад бальшавікоў-ленінцаў.

На думку асіповіцкіх краязнаўцаў, канкрэтных указанняў з Масквы магло і не быць, але водгукі барацьбы за трон Ільіча адчуваліся і ў магілёўскай глыбінцы.

Так ці інакш, але Чычэрынская воласць існавала. Хай і ўсяго паўтара года.

Фота раённай газеты.

На Шклоўшчыне з’явіліся два новыя помнікі прыроды

“Крыніца Гарадзішча” і “Крыніца Слабодка” абвешчаны новымі помнікамі прыроды ў Шклоўскім раёне.

Пра абвяшчэнне гэтых мясцін прыроднымі помнікамі мясцовага значэння вырашана на пасяджэнні Шклоўскага райвыканкама. 

Паводле Orsha.eu, за першы адказвае ААТ “Новагарадзішчанскае”, а за другі – “АСБ-Агра Гарадзец”. Тэрыторыя гэтых помнікаў цяпер ахоўваецца. Там нельга не толькі секчы дрэвы, але нават пашкодзіць куст, нельга размяшчаць адыходы, скідаць сцёкавыя вады, засмечваць і забруджваць гэтыя месцы. І вядома ж, там нельга паркаваць машыны, а тым больш мыць іх.

“Крыніцу Гарадзішча” некаторыя мясцовыя жыхары лічаць гаючай, асабліва для тых, у каго праблемы са зрокам. Ёсць нават легенда, што ў тым месцы пад зямлю пайшоў храм. Таму нядаўна там з’явіўся новы драўляны зруб, быў уладкаваны падыход, а побач паставілі крыж.

У “Крыніцы Слабодка” няма такога бэкграўнду, але яна таксама выглядае нядрэнна: над ёй паставілі бетонны каптаж з вывадам вады праз дзве трубы, ёсць сховішча-інсталяцыя ў выглядзе ветрака.

Фотаздымак: Orsha.eu

Аэралодка «Піранья» ламае кромку тонкага льда на заліве ў Магілёве

Пенсіянер праваліўся пад лёд у Магілёве – цяпер ратавальнікі наўмысна разбурылі ледзяную кромку на дняпроўскім заліве ў раёне вуліцы Фаціна.

Учора ў Магілёве пенсіянер праваліўся пад тонкі лёд на Фацінскім заліве. Ён здолеў самастойна выбрацца на бераг, аднак гэты выпадак стаў для ратавальнікаў сігналам да дзеяння.

Яны прынялі контрмеры – узламалі кромку тонкага лёду аэралодкай «Піранья» на дняпроўскім заліве ў раёне вуліцы Фаціна. 

Цяпер аматарам экстрэмальнай рыбалкі пры таўшчыні лёду ўсяго ў тры сантыметры стане цяжэй аддавацца свайму небяспечнаму захапленню.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

Электрык у Магілёве краў будаўнічыя матэрыялы са склада свайго прадпрыемства

З будоўлі – ў ламбард. Электрык магілёўскага прадпрыемства краў і здаваў у ламбард будаўнічыя матэрыялы са склада.

Супрацоўнікі БЭП Ленінскага РУУС Магілёва затрымалі 46-гадовага магілёўчаніна. Ён працаваў электрыкам на адным прадпрыемстве і патроху выносіў са склада дарагія будаўнічыя матэрыялы. Іх ён здаваў у ламбард.

Кошт украдзенага – 1000 рублёў. Супраць былога ўжо электрыка ўзбуджана крымінальная справа.

Назва пацярпелага прадпрыемства не ўдакладняецца, аднак і без гэтага зразумела – з аховай там відавочна не ўсё ў парадку.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.