Дзякуючы ДНК-тэсту, судовыя эксперты змаглі ідэнтыфікаваць чалавека, які трапіў у магілёўскую псіхіятрычную бальніцу яшчэ ў канцы 1990-х гадоў. Пра гэты выключны выпадак паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.
Больш за дваццаць гадоў таму ў псіхіятрычную бальніцу ў Магілёве паступіў малады мужчына без якіх-небудзь дакументаў, які назваў даволі сціслыя звесткі пра сябе – прозвішча, імя і год нараджэння, як пасля аказалася, не праўдзівымі. Іншыя звесткі, у тым ліку месцажыхарства, у сілу свайго псіхічнага здароўя, пацыент паведаміць не змог. Прынятыя спробы вышуку сваякоў поспеху не мелі.
У 2024 годзе ў пацыента адабралі ўзор букальнага эпітэлія і змясцілі яго генатып на ўлік даных ДНК Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Пры праверцы па базе высветлілася, што яго генетычныя характарыстыкі адпавядаюць генетычным характарыстыкам жыхара Віцебскай вобласці, 1945 года нараджэння. Гэта сведчыла аб тым, што пацыент бальніцы і выяўлены грамадзянін магчыма з’яўляюцца сваякамі першага парадку (біялагічны бацька і сын).
Пацвердзіць або выключыць сваяцтва мужчын магла б генетычная экспертыза, аднак жыхар Віцебскай вобласці памёр 9 гадоў таму, у той час як у яго засталіся дзеці, якія жывуць у Віцебскай вобласці. Стала вядома, што адзін з дзяцей у іх сям’і, які пакутаваў на псіхічнае захворванне, знік без вестак у 1998 годзе.
Для правядзення судовай генетычнай экспертызы былі адабраны біялагічныя ўзоры ў 40-гадовага сына памерлага мужчыны 1945 года нараджэння. Па выніках было ўстаноўлена, што пацыент псіхіятрычнага шпіталя і 40-гадовы жыхар Віцебскай вобласці з высокай ступенню верагоднасці з’яўляюцца біялагічнымі сваякамі па мужчынскай лініі, у тым ліку могуць з’яўляцца роднымі братамі.
Такім чынам, вынікі экспертызы дапамаглі не толькі ўстанавіць асобу пацыента бальніцы – ім аказаўся ўраджэнец Віцебскай вобласці, 1973 года нараджэння, але адыгралі вельмі важную ролю ў далейшым жыцці мужчыны. Праз 25 гадоў чалавек зноў здабыў сям’ю – сваякі забралі яго з лякарні дадому.
Фота: Судовыя экспертызы