Украінскія вайскоўцы вызвалілі ад расіян больш за 300 паселішчаў на Харкаўшчыне

Намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр настойвае, што рэальная колькасць вызваленых тэрыторый у Харкаўскай вобласці амаль удвая большая і абяцае агучыць іх 14 верасня.

Пакуль жа, паводле Ганны Маляр, пачынаючы ад 6 верасня вызваленыя ад расійскіх войск 3 800 квадратных кіламетраў тэрыторыі рэгіёну.

«Больш за 300 паселішчаў і каля 150 тысяч нашых людзей сталі свабоднымі ад акупацыі, дзе яны фактычна былі закладнікамі«, – кажа яна.

Ганна Маляр адзначае, што аперацыя працягваецца і будзе трываць да поўнага вызвалення Харкаўскай вобласці, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Выданне нагадвае, што 6 верасня Узброеныя Сілы Украіны пачалі контрнаступальную кампанію на акупаваныя тэрыторыі Харкаўскай вобласці.

11 верасня Міністэрства абароны Расіі прызнала, што кантроль амаль над усёй захопленай часткай рэгіёну страчаны.

Пасля ў Генштабе ўкраінскіх узброеных сіл пацвердзілі, што «варожыя сілы збеглі з Харкаўскай вобласці».

Урад спадзяецца, што замест арыштаваных Украінай беларускіх вагонаў у Магілёве зробяць новыя

Праблемы з наяўнасцю ў Беларускай чыгункі мінералавозаў прызнаў віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак. Ён кажа, што рухомы састаў застаўся ва Украіне, таму неабходна абзавесціся новым.

Арыштаваныя ўкраінскімі ўладамі вагоны для перавозкі беларускіх калійных угнаенняў збіраецца замяніць тымі, што вырабіць Магілёўскі вагонабудаўнічы завод.

minsknews.by

Паводле Сівака, развязаннем пытання займаецца магілёўскае прадпрыемства ў межах кантракту, заключанага з «Белкаліем».

Урадовец таксама прызнае, што санкцыі стварылі пэўныя змяненні ў геаграфіі паставак. Ён, аднак, спадзяецца, што «для таго і бізнес, каб гэтыя змяненні вырашаць з карысцю ў свой бок», піша партал “Минск-новости”.

Сівак кажа: цяпер працуюць пагадненні, падпісаныя з Расіяй аб выкарыстанні партовай інфраструктуры, каб да перавозак падключаліся іншыя віды транспарту.

Паводле віцэ-прэмʼера, працэс знаходзіцца ў дынаміцы. У гэтым задзейнічаны беларускія транспартнікі і іхныя калегі з Расіі, сусветныя кампаніі, «таму будзе толькі рост перавозак», – абнадзейвае ён.

Ва Ўкране арыштаваная маёмасць расійскіх і беларускіх прадпрыемстваў на 8 мільёнаў долараў

На патрабаванне Генеральнай пракуратуры Ўкраіны арышт накладзены на верталёт, запчасткі да яго ды іншую маёмасць, якія ацэненыя ў 300 мільёнаў грыўнаў (8 203 759 долараў ЗША на 13 верасня, ММ).

У паведамленні ведамства прадпрыемствы не называюцца. Адзначаецца, што іх маёмасць была завезеная для рамонту на некалькі ўкраінскіх прадпрыемстваў перад поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Ўкраіну.

Заказчыкам выступала Міністэрства абароны Беларусі, беларускія ды расійскія прадпрыемствы. Цяпер вырашаецца пытанне аб перадачы арыштаванай маёмасці ўзброеным сілам Украіны.

Акрамя таго, дадае Генеральная пракуратура Ўкраіны, беларускія прадпрыемствы знаходзяцца пад санкцыямі ЗША. Што да расійскіх прадпрыемстваў, то асноўнымі іхнымі заказчыкамі былі нацыянальная гвардыя Расіі, а таксама Міністэрства ўнутраных справаў, ды адміністрацыя Пуціна.

фота: t.me/pgo_gov_ua

Не хочуць заставацца рускімі. У Латвіі пачасціліся выпадкі змены нацыянальнасці

Вайна ва Украіне паўплывала на тое, што сёлета жыхары Латвіі сталі актыўней мяняць прозвішча і нацыянальнасць, імкнучыся пазбавіцца сувязі са славянскімі каранямі.

Паводле Міністэрства юстыцыі, за сёлетнія восем месяцаў імя, прозвішча або нацыянальнасць памянялі 1365 чалавек. Нацыянальнасць пажадалі змяніць 76 чалавек. Летась такіх выпадкаў было 20. Часцей за ўсё запіс «рускі» мяняюць на «латыш», «украінец», «яўрэй», «немец», ці «паляк», піша выданне Delfi.lv.

“Людзі, як правіла, паказваюць, што іх вельмі хвалююць падзеі ва Украіне, і яны баяцца, што іх прозвішча можа негатыўна паўплываць на адносіны са сваякамі, сябрамі і суседзямі, ці тое, што яны нават могуць страціць працу. Таму, нярэдка жыхары жадаюць памяняць імя ці прозвішча на балтыйскія. Да таго ж, іх прасцей выкарыстоўваць за мяжою”, – даводзіць супрацоўніца Міністэрства юстыцыі Солвіта Саўкума-Лаймеры.

Часцей за ўсё, мяняюць асабістыя дадзеныя жанчыны. Ад агульнай колькасці жыхароў за восем месяцаў бягучага года змянілі імя 76 працэнтаў жанчын і 24 працэнты мужчын. Нацыянальнасць памянялі 63 працэнты жанчын і 37 працэнтаў мужчын.

Вайна ва Ўкраіне. Горы лайна і крадзеж абразоў: аповед аб жахах вызваленага паселішча на Данеччыне

Паселішча Багародзічнае ад расійскіх войск вызвалілі 11 верасня. Украінскіх вайскоўцаў шакавала ўбачанае ў ім. Яны знайшлі трупы ўкраінскіх салдат без галоў і забітых мясцовых жыхароў.

“Расіяне так уцякалі, што пакінулі па сябе нават недавараныя макароны на пліце. І кучу зброі і боепрыпасаў. І лайно. Горы лайна. Яны гадзілі паўсюль – у школе, дзе жылі, у дамах і нават у царкве мясцовага манастыра. Тут яны зладзілі сральню прама за алтаром. У самім сяле, за якое ішлі разлютаваныя баі, хлопцы знайшлі целы нашых байцоў – без галоў і без абутку. І паўдзясятка цел забітых мірных жыхароў”, – пераказвае аповед ваеннага журналіста Аляксея Кашпораўскага інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

images.unian.net

Паводле журналіста, па расійскай акупацыі з вёскі з’ехалі ўсе жыхары, акрамя 60-гадовага Мікалая і яго 93-гадовай маці Ніны Ільінічны. Частку жыхароў паселішча забілі расіяне, а частку – падчас абстрэлаў. Сярод забітых і родныя адзіных жыхароў Багародзічнага. Старэйшага сына Ніны Ільінічны разам з жонкай застрэлілі расіяне. Іх пахавалі за домам.

Аляксей Кашпораўскі апавядае, што пенсіянерка і яе сын Мікалай жывуць у невялікім хляўку, бо ўсе дамы разбураны. У іх засталіся дзве гусі, астатніх забралі расіяне. Мікалай расказаў журналісту, што «сам ставіў расцяжкі для гарачай сустрэчы з захопнікамі і сам жа іх здымаў».

images.unian.net

Расіяне перабывалі на тэрыторыі паўразбуранага манастыра, там жа ўладкавалі склад боепрыпасаў. Уцякаючы, яны падпалілі склад, але ён не ўзарваўся.

«З самай царквы расіяне скралі іконы. І абасралі ўсё, што толькі можна. За царскай брамай проста зладзілі прыбіральню. Гэтак жа абгаджаная і школа, дзе размяшчаліся расійскія падраздзяленні. Рэшткі ежы, парнаграфія, кінутая зброя і амуніцыя – гэтае месца хутчэй нагадвае нейкі лагер бамжоў. У куце байцы «другой арміі свету» зладзілі «месца кахання» – некалькі матрацаў на падлозе, крэм для рук і расійскія парнаграфічныя часопісы. Думаў, такое ўжо гадоў дваццаць ніхто не друкуе«, – расказвае Аляксей Кашпораўскі.

 

«Пазітыўны сцэнар для Беларусі – цалкам рэальны», мяркуюць «беларускія нацыянал-дэмакраты», якія заклікаюць яднацца

Умовы, у якіх апынулася Беларусь, яны лічаць «найцяжэйшымі». На іх погляд «Беларусь, «дэ факта», апынулася пад расійскай ідэалагічнай і вайсковай акупацыяй» і ў цяперашні час беларуская нацыя стаіць «перад лёсавызначальным выклікам».

У Варшаве актывісты грамадскіх і партыйных арганізацыяў, якія назвалі сябе «беларускімі нацыянал-дэмакратамі», заявілі аб намеры правесці «аб’яднаўчы Кангрэс» і паставілі стварыць працоўную групы для яго падрыхтоўкі.

У прэс-рэлізе ўдзельнікі «Міждыяспарная сустрэчы грамадскіх актывістаў» адзначылі, што «сама ідэя неабходнасці яднання была безумоўна падтрыманая. Але шляхі па яе дасягненні і арганізацыйныя формы былі прапанаваныя розныя».

«Было прынятае рашэнне засяродзіцца на вызначэнні каштоўнаснай платформы будучага аб’яднання, і дакладным акрэсленні ідэалагічнай ідэнтычнасці яго ўдзельнікаў», – адзначана ў прэс-рэлізе.

У сваім маніфесце актывісты адзначылі, што «Беларусь, «дэ факта», апынулася пад расійскай ідэалагічнай і вайсковай акупацыяй» і ў цяперашні час беларуская нацыя стаіць «перад лёсавызначальным выклікам», ці захавае яна сваю суверэннасць, ці «знікне ў шэрасці «русского мира».

Яны настойваюць, што « у найцяжэйшых умовах пазітыўны сцэнар для Беларусі і беларускай нацыі – цалкам рэальны». 

На іхную думку «яго грунтам ёсць прынцыповыя пазіцыі, якія павінны аб’яднаць пераважную большасць беларускага грамадства: падтрымка незалежнасці Беларусі, еўраатлантычны выбар, беларуская нацыянальная дэмакратычная дзяржава, вяршэнства права, нацыянальнае адраджэнне, нацыянальная салідарнасць, правы і свабоды чалавека.

Удзельнікі сустрэчы звярнуліся да ўладаў краінаў Еўрапейскага Саюзу і Украіны «аб недапушчальнасці дыскрымінацыі беларусаў па прыкмеце грамадзянства».

Яны даводзяць, што «рэжым Лукашэнкі страціў сваю легітымнасць яшчэ ў 1996 годзе, калі гвалтам, парушаючы Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь падмяў пад сабе ўсе галіны ўлады і прысвоіў сабе дыктатарскія паўнамоцтвы». Канчаткова ж «згубіў усе прыкметы легальнасці і легітымнасці ў 2020 годзе, калі чарговы раз сфальсіфікаваўшы выбары, з выключным гвалтам і жорсткасцю падавіў народнае паўстанне беларусаў».

«Дапамажыце і падтрымайце нашае змаганне за свабоду. Беларусы, што больш за чвэрць стагоддзя церпяць ад злачынстваў дыктатуры, не павінны быць дыскрымінаваныя ў вольным свеце», – заклікаюць еўрапейцаў і ўкраінцаў група беларускіх актывістаў.

Яны заклікалі «беларускую дыяспару трымацца беларушчыны і супрацьстаяць асіміляцыйным тэндэнцыям».

 

Вайна ва Ўкраіне. Харкаў зноў атакаваны. Забітыя людзі. Горад без электрычнасці і вады

Два чалавекі загінулы і шасцёра атрымалі раненні. У выніку абстрэлу горад апынуўся без электраэнергіі і водазабеспячэння.

«Паўтараецца сітуацыя ўчорашняга вечара. З-за абстрэлаў выведзены са строю аб’екты крытычнай інфраструктуры, з прычыны чаго ў Харкаве зніклі святло і спынена водазабеспячэнне», – піша мэр Харкава Ігар Церахаў.

Ён адзначае, што энергетыкі, ратавальнікі і камунальнікі ліквідуюць наступствы абстрэлаў.

Кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў у тэлеграм-канале паведаміў аб двух двух загінулых.

«Паводле Цэнтру экстранай медычнай дапамогі, раненні атрымалі 6 чалавек, у тым ліку дзяўчына 18 гадоў. Яна разам з 33-гадовай жанчынай атрымалі лёгкія раненні, якія не вымагалі шпіталізацыі. Стан яшчэ 4 параненых медыкі ацэньваюць як сярэдняй цяжкасці. У лячэбных установах ім аказваецца неабходная дапамога», – паведаміў ён.

Увечары, 11 верасня расійская ракета пацэліла ў Харкаўскую ЦЭЦ. У многіх раёнах гораду знікла электра і водазабеспячэнне. Двое працаўнікоў прадпрыемства загінулі.

Раніцай, 12 верасня электразабеспячэнне ў Харкаве аднавілі практычна ва ўсіх раёнах, нагадвае інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Тым часам, Алег Сінягубаў паведаміў, што на Харкаўшчыне на асобных участках фронту ўкраінскія войскі выйшлі да дзяржаўнай граніцы з Расіяй.

Вайна ва Ўкраіне. У Харкаве паболела ахвяраў ад расійскіх атак. Загінула трое чалавек і яшчэ чацвёра параненыя

Расійскія войскі атакавалі Харкаўскую ЦЭЦ увечары 11 верасня. Двое яе працаўнікоў загінулі і яшчэ двое атрымалі раненні. Уначы расіяне зноў ударылі па горадзе. Часткова разбураны 5-павярховы жылы дом. 1 чалавек загінуў, 2 атрымалі раненні.

Пра тое ў тэлеграм-канале паведамляе кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Ён піша, што па Харкаве ўначы расійскія войскі стралялі з ракетных комплексаў С-300. Па яго словах папярэдне вядома пра 1 загінулага і 2 параненых.

У выніку расійскіх удараў па аб’екце крытычнай інфраструктуры 11 верасня колькасць загінулых павялічылася да двух чалавек. Яны былі працаўнікамі прадпрыемства.

«Каля 20:00 11 верасня вораг нанёс ракетны ўдар па Халаднагорскім раёне, пашкоджаны абʼект крытычнай інфраструктуры. 2 работнікі загінулі. Ратавальнікі амаль усю ноч лакалізавалі маштабны пажар», – адзначае Сінягубаў.

Расійскія войскі ўдарылі па Харкаўскай ЦЭЦ. У многіх раёнах гораду прапала святло і вада. У сетках паведамлялі, што ў Харкаве спынілася метро.

«У выніку расійскіх ракетных удараў знікла электразабеспячэнне ў Харкаве і на значнай частцы Харкаўскай вобласці. Таксама без электрычнасці не працавалі помпы, якія падаюць ваду ў дамы людзей. Цяпер у вобласці адноўлена 80% электразабеспячэння і водазабеспячэння. Работы працягваюцца», – адзначае Алег Сінягубаў.

Акрамя Харкаўскай вобласьці былі цалкам абясточаныя Данецкая вобласць, часткова – Запарожская, Днепрапятроўская і Сумская, піша інфармацыйная агенцтва «УНІАН».

У Сумскай, Днепрапятроўскай і Палтаўскай абласцях удалося цалкам аднавіць электразабеспячэнне.

 

Вайна ва Ўкраіне. Вызваленыя больш за 3000 квадратных кіламетраў акупаваных Расіяй тэрыторыяў

Пра тое кажа галоўнакамандуючы Ўзброеных сіл Украіны Валерый Залужны.

Паводле яго, да дзяржаўнай мяжы засталося 50 км.

«Узброеныя Сілы Украіны працягваюць вызваленне акупаваных Расіяй тэрыторый. З пачатку верасня больш за 3000 кв. км вернутыя пад кантроль Украіны. На Харкаўскім напрамку мы пачалі прасоўвацца не толькі на поўдзень і ўсход, але і на поўнач. Да выхаду на дзяржаўную мяжу застаецца 50 км», – адзначае на сваёй фэсбукавай старонцы Залужны.

scontent-frt3-2.xx.fbcdn.net

У Фэйсбуку ён апублікаваў фота з вынікамі працы некалькіх падраздзяленняў узброеных сілаў Украіны. Яны, па яго словах, вызвалілі пасёлкі Байрак, Новая Гусараўка, Шчураўка і Альхаватка.

«Авалоданне дужа ўмацаванымі раёнамі расійскіх войскаў, якія яны ганарліва назвалі «Масква», «Омск» і «Піцер», дазволіла разгарнуць контрнаступленне на Балаклею, Разынкі і Купянск. Ганаруся і ўдзячны кожнаму ўкраінскаму вайскоўцу. Маю за гонар змагацца бок аб бок з вамі. Вечная памяць загінулым у баях за Украіну!» – піша галоўнакамандуючы.

scontent-frt3-2.xx.fbcdn.net

Тым часам, з-пад расійскай акупацыі вызваленае паселішча Чкалаўскае, што ў Харкаўскай вобласці, перадае  інфармацыйнае агенцтва «УНІАН», спасылаючыся на заяву прэзідэнта Ўладзіміра Зяленскага.

Выданне нагадвае, што, паводле дадзеных Генеральнага штабу, у апошнія дні ўзброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі або ўзялі пад кантроль больш за 30 паселішчаў, часова захопленых расійскімі войскамі ў Харкаўскай вобласці, у тым ліку і горад Балаклея.

10 верасня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі аб’явіў, што з пачатку верасня ўзброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі каля 2 тыс. км тэрыторыі і рушэнне вайскоўцаў на розных напрамках фронту працягваецца.

«Сітуацыя з экспартам аднаўляецца» – запэўнівае прэм’ер-міністр Галоўчанка

Раман Галоўчанка кажа, што «пэўнае прасяданне было звязанае з наўпроставым уплывам санкцыяў і стратай украінскага рынку».

Цяпер жа, па словах урадоўцы, крызісныя тэндэнцыі пераадоленыя і экспарт тавараў «прырастае» ад 6 да 8 працэнтаў.

«У нас ідзе станоўчая дынаміка па штомесячным аднаўленні экспарту. Штомесяц паляпшаецца знешнегандлёвае сальда», – даводзіць Галоўчанка ў каментары агенцтву «Белта».

Паводле яго, зьнешнегандлёвае сальда складае цяпер 2 мільярды 300 мільёнаў долараў і па жніўні, як ён спадзяецца, «павялічыцца яшчэ па 500 мільёнаў долараў».