У Магілёве пенсіянерка правалілася ў калодзеж, які на падворку не закрылі яе ж родныя

Ратавальнікі раніцай 22 красавіка даставалі з калодзежа на прыватным падворку на вуліцы Салава ў Магілёве 77-гадовую пенсіянерку. Жанчына правалілася ў калодзеж, праз які ў дом праведзена вада, таму што нехта з дамашніх забыўся закрыць крышку. Паводле папярэдніх дадзеных у пенсіянеркі зламаная рука. З траўмамі жанчына шпіталізаваная – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: Скрыншот з відэа МНС

Пенсіянер пад Хоцімскам прыбіраючы свой участак падпаліў суседскі дом, спаліў пуню

Вясковец на Хоцімшчыне спальваў смецце на ўласным ўчастку – у выніку знішчана пуня і пашкоджаны дах дома ў суседзяў.

Як піша інфармацыйнае агенства БелТА, здарэнне адбылося ў вёсцы Падлесная Хоцімскага раёна, дзе 65-гадовы мясцовы жыхар наводзіў парадкі на сваім прысядзібным участку спальваючы смецце.

Вецер спрыяў таму, што агонь выйшаў з-пад кантролю і хутка перакінуўся на суседні ўчастак, дзе знішчыў хлеў і пашкодзіў дах дома. Праз узрост і адсутнасць тэлефона, разгублены пенсіянер не адразу звярнуўся па дапамогу, і калі мясцовыя жыхары ўбачылі зарыва, агонь ужо знішчаў будынкі на суседнім участку. 

На шчасце, пацярпелых няма.

Фота ілюстрацыйнае

Пад Магілёвам конь ударыў капытом двухгадовага хлопчыка, ён у рэанімацыі

Як паведамляе Следчы камітэт Беларусі, вечарам 3 красавіка маці двухгадовага хлопчыка звярнулася ў абласную дзіцячую бальніцу. З траўмай галавы дзіцёнак быў шріталізаваны, і цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Як высветлілася, ён гуляў без нагляду на вуліцы ў прыватнай гаспадарца ў Магілёўскім раёне. Там жа на двары быў прывязаны да слупа конь – побач з домам хлопчыка. Па словах маці, конь ударыў хлопчыка. Цяпер следчы камітэт праводзіць праверку.

Фота ілюстрацыйнае.

У ЗША дзясяткі вагонаў з півам сышлі з рэек

У амерыканскім штаце Мантана сышлі з рэек 25 вагонаў, у якіх перавозілася піва. 

Як паведамляе тэлестанцыя NBC Montana, у выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў, ніякай пагрозы для навакольнага асяроддзя гэтае здарэнне вы выклікала. 

На аварыю адрэагаваў губернатар штата Грэг Джыанфортэ, які заявіў, што гатовы мабілізаваць рэсурсы штата для лакалізацыі наступстваў здарэння.

Фота: nbcmontana.com

Жыхарка Асіповіч атрымала апёкі на пажары

Увечары 2 красавіка ў дзевяціпавярховым доме па вуліцы Чарняхоўскага ў Асіповічах у кватэры на чацвёртым паверсе здарыўся пажар. Гаспадыня кватэры 1957 года нараджэння атрымала апёкі і была шпіталізаваная – паведамляе прэс-служба МНС. Прычына пажару высвятляецца.

Фота ілюстрацыйнае.

П’яны на “Porsche” збіў насмерць чалавека, уцякаючы ад ДАІ ў Магілёве

Трагедыя адбылася позна ўвечары 20 сакавіка. П’яны вадзіцель аўтамабіля “Porsche Panamera” зладзіў уцёкі ад машыны ДПС, падчас якіх збіў прыпынак на вуліцы Будаўнікоў, у якім знаходзіўся мужчына. Як паведамляюць у магілёўскіх Тэлеграм-каналах, кіраўца быў п’яным настолькі, што ледзьве мог размаўляць. Мужчына на прыпынку загінуў.

На фота – меркаваны аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся п’яны кіроўца.

Афіцыйная інфармацыя з канала прэс-службы Магілёўскага абласнога УУС: “20 сакавіка ў 22:40 у Магілёве на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў экіпаж ДПС падаў патрабаванне аб спыненні вадзіцелю Porsche Panamera, якое ён праігнараваў і ўчыніў пагоню на працягу 1,5 км. На вуліцы Будаўнікоў паблізу дома 14 вадзіцель не справіўся з кіраваннем і выехаў на тратуар, дзе збіў 30-гадовага магілёўца.

Парушальнікам аказаўся нецвярозы 28-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. Агляд паказаў наяўнасць 1,3 праміле алкаголю.”

Фота, відэа – Тэлеграм-каналы “ЧП Магілёў”, “ДПС, Магілёў, ДАІ”.

Ветэрынар ішоў смела – расследуецца, як мужчына праваліўся ў калодзеж на ферме

У Клімавічах расследуецца крымінальная справа аб службовай халатнасці. 

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Таццяна Старасотнікава, 12 студзеня ў Клімавіцкую раённую бальніцу звярнуўся 58-гадовы мясцовы жыхар. Высветлілася, што пацярпелы з’яўляецца галоўным ветэрынарным урачом сельскагаспадарчага прадпрыемства. 

Ідучы па тэрыторыі малочна-товарнай фермы, работнік праваліўся ў адкрытую, але заснежаную студню. У выніку мужчына атрымаў закрыты пералом левай галёнкі. 

Разынкай гэтага здарэння з’яўляецца тое, што ветэрынар ведаў пра калодзеж у гэтым месцы. Аднак студня заўсёды была закрыта драўляным шчытом. Пра тое, што цяпер яна можа быць адкрытай, мужчына не мог і думаць, пагэтаму смела ішоў па заснежанай тэрыторыі фермы.

У дачыненні да выконваючага абавязкі дырэктара прадпрыемства распачата крымінальная справа за службовую халатнасць.

Фота ілюстрацыйнае

Абгарэлі 20% цела – у Бабруйску гаспадар няўдала затапіў печку і трапіў у рэанімацыю

20 лютага жыхар Бабруйска 1968 года нараджэння растапліваў печку, але з-за неасцярожнасці апаліўся. Жонкі і дачкі з ім у хаце не было. Мужчына нічога не прадпрыняў пасля атрымання апёкаў, а назаўтра яго самаадчуванне значна пагоршылася. Познім вечарам 21 лютага ён быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне шпіталя з апёкамі 20% цела – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Пенсіянерку шпіталізавалі пад Крычавам – распальвала печку бензінам

У вёсцы Бель-1 Крычаўскага раёна 62-гадовая пенсіянерка спрабавала растапіць печку, лінуўшы бензіну. Ад успышкі лёгкаўзгаральных пароў яна атрымала апёкі 15% цела. У момант здарэння ў доме знаходзіўся сын пацярпелай, які загасіў на жанчыне вопратку і выклікаў медыкаў. Жанчына шпіталізаваная – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае.

Рабочы піларамы загінуў пад Касцюковічамі – дэталь пагрузчыка сарвалася і ўдарыла па галаве

26 студзеня падчас работ на тэрыторыі прыватнай піларамы ў Касцюковіцкім раёне адбыўся разрыў вертыкальнай мачты вілачнага пагрузчыка. Адарваная дэталь ударыла працоўнага па галаве, і той ад атрыманых траўм памёр на месцы – паведамляе БелТА па словах прадстаўніка Следчага камітэта. Зараз на месцы здарэння праходзяць следчыя мерапрыемствы, канфіскоўваецца дакументацыя па ахове працы і тэхніцы бяспекі, плануюцца судмедэкспертызы.