Раніцай каля 6:00 на вуліцы Куцепава ў Магілёве суседдка пачула пах дыму ў пад’ездзе і выклікала ратавальнікаў. Падчас ліквідацыі пажару – гарэла кватэра на пятым паверсе “хрушчоўкі” – работнікі МНС знайшлі целы двух мужчын. Імі аказаліся гаспадар кватэры 1955 года нараджэння і мужчына 1971-га года нараджэння, што часова жыў у гэтай кватэры – паведамляе прэс-служба МНС. У выніку пажару абгарэла канапа. Прычыны высвятляюцца.
За два гады, пачынаючы з красавіка 2021 года і па красвік 2023 прыёмная маці трох дзяцей-сірот выкарыстала на свае асабістыя патрэбы 485 рублёў з тых сродкаў, якія дзяржавай выдзяляліся на ўтрыманне дзяцей – паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры. Каб схаваць факты неправамернага выкарыстання сродкаў, жанчына прадстаўляла ў сацыяльную службу падробленыя фінансавыя справаздачы, заявілі ў ведамстве. Цяпер супраць яе ўзбуджаная крымінальная справа за прысваенне даверанай маёмасці.
Пачынаючы з 13 верасня і па 13 кастрычніка праходзіць арганізаванае Магілёўскім гарвыканкамам абмеркаванне перайменавання плошчы Арджанікідзэ ў абласным цэнтры. На прысуд грамадскасці вынесеныя наступныя варыянты: пакінуць назву “Плошча Арджанікідзэ”, памяняць назву на “Плошча Свяціцеля Георгія Каніскага” альбо можна прапанаваць іншы варыянт.
Mogilev.media папрасілі пракаментаваць сітуацыю магілёўскага гісторыка і краязнаўцу, які пажадаў застацця невядомым, што да гістарычнай назвы мясцовасці і абгрунтавання перайменавання плошчы.
“Для пачатку неабходна разабрацца з пытаннем, гістарычную назву якога аб’екта мы шукаем. – падзяліўся з выданнем сваімі думкамі суразмоўца – У працэдурах кадыфікацыі гістарычных і абгрунтаваных гарадскіх тапонімаў звычайна абапіраюцца на цэлы шэраг акалічнасцяў.
Па-першае, трэба адзначыць, якой была першапачатковая гістарычная назва аб’екта. Калі мы гаворым пра тэрыторыю, вынесеную на абмеркаванне, як пра мясцовасць, то самым старажытным і гістарычна апраўданым тапонімам з’яўляецца, безумоўна, “Касцерня”. Вуліца з такой назвай праіснавала ў Магілёве да пачатку ХХ стагоддзя.
Касцерня на плане Магіллёва 1918 года.
Паходжанне гэтай назвы доўгі час звязвалі з касцямі маскоўскіх стральцоў, пахаваных прыкладна ў гэтым месцы, на схіле гары за сценамі магілёўскіх гарадскіх умацаванняў. Але таксама ёсць гіпотэза, што назва “Касцерня” паходзіла ад слова Castrum, што адзначае ў перакладзе з латыні – “замак”, умацаванае месца. Гэттым словам, магчыма, называлі адзін з магілёўскіх бастыёнаў якраз у гэтай мясцовасці. Гара-”замак” у раёне сучаснай плошчы Арджанікідзэ, была занатаваная ў другой палове ХІХ стагоддзя вядомым расійскім мастаком Д. Струкавым. У подпісе гэтага аўтара сказана, што гэтая мясцовасць “ныне называется Костерней”.
Касцерня на малюнку Д. Струкава
Але, па-другое, неабходна ўлічваць таксама гістарычную назву самаго аб’екта, які мы абмяркоўваем. Калі мы з вамі паглядзім на тое, як выглядала мясцовасць, дзе зараз размяшчаецца плошча Арджанікідзэ, напрыклад, у зусім яшчэ нядаўнія, адразу пасляваенныя часы, то ніякай плошчы мы там не ўбачым. Наадварот, мы пабачым рэшткі гарадскога замкавага рва, які ішоў на тым месцы, дзе зараз пралягае вуліца Камсамольская.
На пярэднім плане – замкавы роў на месцы плошчы Арджанікідзэ
І толькі ў пасляваенныя часы праходзіла масштабная рэканструкцыя пуцепраходаў у Магілёве, падчас якой была здзейснена падсыпка дарогі, па якой зараз ідзе вуліца Чалюскінцаў і ўласна адбылося стварэнне плошчы, якой далі імя Арджанікідзэ.
Такім чынам, гістарычная назва мясцовасці – гэта адно, а сам інфраструктурны аб’ект – гэта другое. Гэта стварэнне савецкага перыяду, якое атрымала адпаведную савецкую назву. І гэтую назву цалкам слушна таксама лічыць гістарычнай.
Калі б размова вялася пра дэкамунізацыю тапоніма, то безумоўна, варта было б прыглядзецца ў першую чаргу да гістарычнай назвы мясцовасці. Але ж размова пра іншае – пра замену гістарычнай назвы на сучасную, нічым не апраўданую гістарычна.”
Варта адзначыць, што ідэя змяніць назву плошчы Арджанікідзэ на імя праваслаўнага архіепіскапа Георгія Каніскага пакуль не знаходзіць гарачага водгуку сярод магілёўцаў. Так, карыстальнікі двух самых папулярных гарадскіх тэлеграм-каналаў адназначна аддаюць перавагу захаванню сучаснай назвы.
Галасаванне ў дзяржаўным тэлеграм-канале “Магілёў-мой горад” дае на момант падрыхтоўкі артыкула такія дадзеныя па прыхільнасці.
79% з больш чым 2200 удзельнікаў галасавання аддаюць сваю перавагу сучаснай назве і ў тэлеграм-канале незалежнага рэсурса “Могилев Online”.
У дадатак да Горацкага, Дрыбінскага і Мсціслаўскага раёнаў, забарона на наведванне лясоў распаўсюдзілася таксама на Магілёўскі і Шклоўскі раёны – паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Ва ўсіх астатніх раёнах вобласці дзейнічаюць абмежаванні на наведванне лясоў – тут забаронена праводзіць масавыя мерапрыемствы і распальваць кастры.
Другая чарга пуцеправода-дублёра паміж вуліцай Касманаўтаў і мікрараёнам “Спадарожнік” была ўрачыста адкрытая 12 верасня – пішуць “Магілёўскія ведамасці”. Першым этапам было будаўніцтва маста над чыгуначнымі шляхамі, які злучыў вуліцы Касманаўтаў і Пысіна. Цяпер жа адкрыты для руху ўчастак, які вядзе ад маста ў бок гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008” і вёскі Гарадшчына.
На ўсе працы спатрэбілася больш за 18 месяцаў і 61,3 млн. рублёў.
– У планах – будаўніцтва трэцяй чаргі. – сказаў на адкрыцці пуцеправода старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка – І я ўпэўнены, што ў наступным годзе наш пуцеправод запрацуе цалкам.
На фота ніжэй – схема ўсёй запланаванай дарогі-дублёра і адкрытага другога ўчастка пуцеправода.
У сваіх каментарыях магілёўскія аўтааматары, удзельнікі тэлеграм-канала “Флудзілка ДПС Магілёў ДАІ” падзяліліся меркаваннямі наконт адкрытага пуцеправода.
“Дзякуй, пакуль дарога 2-я чарга вядзе ў тупік у вёсцы Гарадшчына і вялікай перавагі не дае” – адзначыў карыстальнік пад нікам Сяргей Буракоўскі.
“Горад будзе разрастацца і рыса горада ў тым ліку – запярэчыў яму карыстальнік DV – Так што ўсё не дарма. Ну і дарма яны б і не будавалі. Значыць ёсць сэнс і запатрабаванне.”
Трэцяя чарга
Як адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 3 Аляксандр Абламейка, трэцяя чарга трасы будзе абгінаць лясны масіў ад пасёлка Гарадшчына і выходзіць на вуліцу Грунвальдскую. Як і першыя два ўчасткі, пуцеправод будзе “апрануты” ў асфальтабетон з добраўпарадкаваннем: новым тратуарам, веладарожкамі і асвятленнем. Таксама ўздоўж усталююць шумаахоўныя экраны.
Каля 10:40 на праспекце Пушкінскім 33-гадовы кіроўца ЗІЛа падчас развароту з правай крайняй паласы не пераканаўся ў бяспецы свайго манеўру, у выніку чаго сутыкнуўся з BMW, якім кіраваў 21-гадовы магіляўчанін – паведамляе ДАІ.
Абодвум мужчынам, якія знаходзіліся за рулём транспартных сродкаў, была аказана медыцынская дапамога.
Вечарам 10 верасня быў перакрыты рух транспарта па вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве. У сувязі з рамонтам пуцепаравода праз вуліцу Завадскую – маста каля Быхаўскага рынка – праезд па Чалюскінцаў спынены цалкам, да канца месяца – гаворыцца ў паведамленні аўтапарка №1.
Першапачаткова рух планавалася перакрыць яшчэ 9 верасня, але ранкам 10-га стала вядома, што перакрыццё пераносіцца на нявызначаны тэрмін, які скончыўся вечарам таго ж дня.
Як грамадскі транспарт будзе аб’яжджаць закрыты ўчастак, і як можна скараціць аб’езд легкавому транспарту – чытайце ў матэрыяле mogilev.media.
Рамонтныя работы на мосце каля Быхаўскага рынка, з-за якіх планавалася перакрыць вуліцу Чалюскінцаў у Магілёве, не пачаліся 9 верасня, як меркавалася. Іх перанеслі на нявызначаны тэрмін – паведамляе аўтобусны парк №1. Папярэдне, работы пачнуцца з 11 верасня, але ў гэты план могуць быць унесены новыя карэкціроўкі, заявілі ў ведамстве.
У Магілёве быў затрыманы вандал, які пашкодзіў частку святлодыёдных знакаў на новай гарадской кампазіцыі – паведамляе УУС.
20-гадовы магіляўчанін увечары бавіў час у кампаніі сяброў. Яму патэлефанавала яго дзяўчына, з якой яны моцна пасварыліся. Малады чалавек вырашыў спагнаць эмоцыі на архітэктурнай інсталяцыі, адарваўшы ад яе частку.
Па дадзеным факце праводзіцца праверка, дзеянням магіляўчаніна будзе дадзена прававая ацэнка, яму пагражае прыцягненне да крымінальнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку.
Дзесяць кавярняў горада прымаюць удзел у фестывалі кавы PRO COFFEE. Гэты фэст праходзіць ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі – усяго ўдзельнічае 60 кавярняў. Яны прапануюць аўтарскія сэты – кава плюс лёгкі дэсерт па фіксаваным кошце ў 10 рублёў.
Сэт “Мона-но аварэ” ад рэстарана “Sprut”, напрыклад, уключае ажынавую матча латэ на 250 мілілітраў і тарталетку з чарнічным крэмам і шакаладным крыспі. Кавярня “Заўжды цікава” прапануе латэ альбо амерыкана на выбар і дэсерт “Мільфей” з слаёнага цеста з далікатным тварожна-смятанавым крэмам і духмяным яблычным начыннем (на фота). Поўны спіс магілёўскіх удзельнікаў і іх сэты можна знайсці тут.