У Магілёве адкрылі новы ўчастак пуцеправода-дублёра

У Магілёве адкрылі новы ўчастак пуцеправода-дублёра. Пакуль што ён вядзе ў тупік

Другая чарга пуцеправода-дублёра паміж вуліцай Касманаўтаў і мікрараёнам “Спадарожнік” была ўрачыста адкрытая 12 верасня – пішуць “Магілёўскія ведамасці”. Першым этапам было будаўніцтва маста над чыгуначнымі шляхамі, які злучыў вуліцы Касманаўтаў і Пысіна. Цяпер жа адкрыты для руху ўчастак, які вядзе ад маста ў бок гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008” і вёскі Гарадшчына.

На ўсе працы спатрэбілася больш за 18 месяцаў і 61,3 млн. рублёў.

– У планах – будаўніцтва трэцяй чаргі. – сказаў на адкрыцці пуцеправода старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка – І я ўпэўнены, што ў наступным годзе наш пуцеправод запрацуе цалкам.

На фота ніжэй – схема ўсёй запланаванай дарогі-дублёра і адкрытага другога ўчастка пуцеправода.

Крыніца: Тэлеграм-канал “Флудзілка ДПС Магілёў ДАІ”

У сваіх каментарыях магілёўскія аўтааматары, удзельнікі тэлеграм-канала “Флудзілка ДПС Магілёў ДАІ” падзяліліся меркаваннямі наконт адкрытага пуцеправода.

“Дзякуй, пакуль дарога 2-я чарга вядзе ў тупік у вёсцы Гарадшчына і вялікай перавагі не дае” – адзначыў карыстальнік пад нікам Сяргей Буракоўскі.

“Горад будзе разрастацца і рыса горада ў тым ліку – запярэчыў яму карыстальнік DV – Так што ўсё не дарма. Ну і дарма яны б і не будавалі. Значыць ёсць сэнс і запатрабаванне.”

Трэцяя чарга

Як адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 3 Аляксандр Абламейка, трэцяя чарга трасы будзе абгінаць лясны масіў ад пасёлка Гарадшчына і выходзіць на вуліцу Грунвальдскую. Як і першыя два ўчасткі, пуцеправод будзе “апрануты” ў асфальтабетон з добраўпарадкаваннем: новым тратуарам, веладарожкамі і асвятленнем. Таксама ўздоўж усталююць шумаахоўныя экраны.

Фота: mogilevnews.by