Дзень у гісторыі. 4 лістапада. Перамогі над маскоўскімі акупантамі пад Чуднавам і Кушлікамі. Загінулі паўстанец Якуб Ясінскі, прэм’ер-міністр Ізраіля з магілёўскімі каранямі Іцхак Рабін. Прынята Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека

1660 год. Капітуляцыя рускіх акупантаў на чале з баярынам Васілем Шарамецевым пад Чуднавам.

Войскі Рэчы Паспалітай у саюзе з крымскімі татарамі нанеслі цяжкую паразу руска-казацкаму войску Шарамецева і наказнога гетмана Цімафея Цецюры падчас вайны 1654-1667 гадоў. 

Чудноўская катастрофа мела цяжкія наступствы для рускіх войскаў, якія панеслі значныя страты. Яны змушаныя былі перайсці да абароны. 

Пераход Юрыя Хмяльніцкага на бок Рэчы Паспалітай выклікаў новы віток грамадзянскай вайны сярод запарожскага казацтва. А Расія страціла надзею на далучэнне земляў Правабярэжнай Украіны.

tunnel.ru

1661 год. У бітве пад Кушлікамі ў час вайны 1654-1667 гадоў былі разбіты войскі рускіх акупантаў. 

Войска Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Казіміра Жаромскага, ваяводы Стэфана Чарнецкага атрымала перамогу над войскам Маскоўскага царства ваяводы Івана Хаванскага.

Войскі Хаванскага былі разбіты і іх рэшткі пераследваліся да самага Полацка, куды ўвайшло каля 3 тысяч рускіх салдатаў.

1794 год. Пры абароне Варшавы гераічна загінуў Якуб Ясінскі. 

Літоўскі і польскі ваенны і палітычны дзеяч, інжынер, паэт. 

Адзін з кіраўнікоў вызваленчага паўстання 1794 года. Генерал-лейтэнант. Кіраўнік паўстання ў Вільні. Удзельнік абароны варшаўскай Прагі.

У якасці галоўнакамандуючага літоўскімі паўстанцамі кіраваў арганізацыяй новага войска, з мэтай пашырэння сацыяльнай базы паўстання пісаў рыфмаваныя пракламацыі да сялян на беларускай мове.

Аўтар вершаў, паэм. Некаторыя рамантычныя песні Ясінскага ў свой час карысталіся вялікай папулярнасцю.

1906 год. Нарадзілася Аляксандра Нікалаева. 

Беларуская балярына. Народная артыстка.

У 1934-1960 гадах адна з вядучых танцоўшчыц тэатра оперы і балета. 

Педагог, мастацкі кіраўнік Беларускага харэаграфічнага вучылішча. 

Выконвала галоўныя ролі ў пастаноўках «Салавей» М. Крошнера, «Князь-Возера» В. Залатарова, «Канёк-Гарбунок» Ц. Пуні, «Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага і іншых.

Памерла 16 студзеня 1997 года.

1929 год. Нарадзіўся Сяргей Карніловіч. 

Дзеяч беларускай эміграцыі  ў ЗША.

У 1944 годзе вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы у Рэгенсбургу. З 1949 года на эміграцыі ў ЗША.

Актыўна ўдзельнічаў у беларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці, 18 гадоў ачольваў Беларуска-амерыканскі грамадскі цэнтр «Полацак».

Пахаваны на могілках Рыверсайд у Кліўлендзе, штат Агая.

могілкі Рыверсайд у Кліўлендзе, wikimedia.org

 1934 год. Нарадзіўся Уладзімір Багіна. 

Беларускі геолаг. Кандыдат геолага-мінералагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Заслужаны геолаг-разведчык.

 Працаваў на Палессі, пасля адкрыцця першага ў Беларусі Рэчыцкага радовішча нафты (1964) і арганізацыі трэста «Белнафтагазразведка» быў прызначаны галоўным геолагам Рэчыцкай нафтаразведачнай экспедыцыі глыбокага свідравання, намеснікам начальніка РУП «Белгеалогія», навуковым супрацоўнікам геолага-разведачнага інстытута.

Пры яго ўдзеле былі адкрыты і разведаны першыя, а затым шэраг іншых радовішчаў нафты ў Беларусі, у Заходняй Сібіры.

1935 год. Нарадзіўся Аляксандр Болсун

Беларускі фізік, педагог, энцыклапедыст. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт. Выхаванец  Магілёўскага педінстытута.

Прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні многіх энцыклапедычных даведнікаў, у тым ліку «Беларусь», «Чернобыль», «Автомобильные дороги Беларуси».

wikimedia.org

1937 год. Расстраляны Аляксандр Вальковіч. Беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Прадстаўнік БНР пры ўрадзе Грузіі, міністр фінансаў БНР.

Удзельнік Першай Сусветнай вайны. Працаваў інспектарам у Наркамаце фінансаў. Арыштаваны ДПУ БССР у ліпені 1930 года, сасланы на 5 гадоў у Башкірыю. 

У 1937 арыштаваны зноў, прыгавораны да расстрэлу.

1937 год. НКУС расстраляна група беларускіх мастакоў. 

Былі расстраляны Іван Гаўрыс, вучань М. Шагала, К. Малевіча, супрэматывіст, кіраўнік УНОВИС у Віцебску, браты Пятро і Хрыстафор Даркевічы.

Іван Гаўрыс

1946 год. У Парыжы ўтворана ЮНЕСКА – Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры. 

Асноўная задача арганізацыі – садзейнічанне ўмацаванню міру і бяспекі шляхам пашырэння супрацоўніцтва народаў у галіне адукацыі, навукі і культуры ў інтарэсах забеспячэння ўсеагульнай павагі справядлівасці, законнасці і правоў чалавека, а таксама асноўных свабод, абвешчаных у Статуце ААН, для ўсіх народаў без адрознення расы, полу, мовы ці рэлігіі”.

Беларусь уступіла ў арганізаццыю 12 мая 1954 года.

1950 год. У Рыме прынята Канвенцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека). 

Канвенцыя ўстанаўлівае неад’емныя правы і свабоды кожнага чалавека і абавязвае дзяржавы, якія ратыфікавалі Канвенцыю, гарантаваць гэтыя правы кожнаму чалавеку, які знаходзіцца пад іх юрысдыкцыяй. 

Галоўнае адрозненне Канвенцыі ад іншых міжнародных дагавораў у галіне правоў чалавека – існаванне рэальна дзеючага механізму абароны дэкларуемых правоў з дапамогай Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ), які разглядае індывідуальныя скаргі на парушэнні канвенцыі. 

1955 год. Памёр Генрых Грыгоніс

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст. 

Працаваў у Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі, у купалаўскім тэатры.

Ім створаны народныя характары, адметныя сакавітым гумарам, нацыянальным каларытам.

У класічным рэпертуары асаблівы поспех меў у пастаноўках па творах Мальера, У. Галубка,  Лопэ дэ Вэгі. Здымаўся ў кіно: «Кармялюк», «Хто смяецца апошнім» і іншых.

wikimedia.org

1995 год. Забіты яўрэйскім фанатыкам, праціўнікам мірных перамоў з арабамі Іцхак Рабін

Ізраільскі палітычны і ваенны дзеяч, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру. Шосты і адзінаццаты прэм’ер-міністр Ізраіля. Генерал.

Нарадзіўся 1 сакавіка 1922 года ў Іерусаліме. Яго маці Роза Каган ўраджэнка Магілёва, бацька – з Сідаравіч, што пад Кіевам.

Камандзір брыгады ў час араба-ізраільскай вайны 1948-1949, потым камандуючы Паўночнай ваеннай акругай, начальнік Генеральнага штаба, пасол у ЗША, старшыня Палітычнага камітэта Рабочай партыі Ізраіля, міністр абароны, прэм’ер-міністр.

Удзельнічаў у перамовах з палесцінцамі, прызнаў Арганізацыю вызвалення Палесціны, падпісаў мірныя дамоўленасці з ёю ў Осла (1993) і Вашынггоне (1994).

wikimedia.org

 

«Нам чужыя еўрапейскія ідэалогія і каштоўнасці», міністр адукацыі пра сямейнае выхаванне беларусаў

Андрэй Іванец заяўляе, што Міністэрства адукацыі будзе жорстка кантраляваць і каардынаваць працу ў сямейным выхаванні.

На што будзе нацэленая дзейнасць ведамства ўрадовец згадаў у інтэрв’ю тэлеканалу «БТ», гаворачы пра ўвядзенне ў школах «гендарнага курсу». 

Паводле Іванца «міністэрствам адукацыі не рэкамендавана ніякага гендарнага курсу». Ім распрацавана шэсць факультатываў для вучняў розных класаў аб сямейных каштоўнасцях, якія заснаваны на традыцыйнай культуры, традыцыйных каштоўнасцях беларускага народу».

«Бо не проста так мы ў Канстытуцыі замацавалі ўжо тое, што шлюб – гэта саюз мужчыны і жанчыны», – адзначае ён.

«У сувязі з гэтым Міністэрства адукацыі будзе вельмі жорстка кантраляваць і каардынаваць працу ў сямейным выхаванні. Таму што нам чужая еўрапейская ідэалогія, чужыя еўрапейскія каштоўнасці, і мы проста не маем права дапусціць таго, каб яны ўсяляк праніклі ў розумы нашай моладзі», – настойвае Андрэй Іванец.

Ён лічыць, што прынятыя яго ведамствам захады не дазволяць «еўрапейскім каштоўнасцям» нейкім чынам трапіць «і ў беларускую сістэму адукацыі, і ў грамадства ў цэлым».

фота: ont.by

Беларуская адукацыя становіцца ўсё больш папулярнай за мяжой, сцвярджае міністр Іванец. Але ў каго?

Урадовец называе краіны, адкуль прыязджаюць вучыцца замежнікі, але вядома, што сярод іх пераважаюць студэнты з Сярэдняй Азіі і Блізкага ўсходу. Еўрапейцаў вобмаль. Пытанне аб прысутнасці Беларусі ў еўрапейскай адукацыйнай прасторы наагул адкрытае.

Колькасць замежных студэнтаў сягнула 32 тысяч.

Паводле міністра адукацыі Андрэя Іванца ў Беларусі вучацца студэнты з 107 краін і за апошнія пяць гадоў колькасць замежных студэнтаў павялічылася з 17 тысяч да 32 тысяч.

vsu.by

З якіх менавіта краёў прыязджаюць у Беларусь ахвотнікі атрымаць вышэйшую адукацыю, Іванец не сказаў, адзначыўшы, што «беларуская адукацыя становіцца ўсё больш папулярнай за мяжой», паведамляе БелТА.

З еўрапейскіх краін – Малдова, Сербія.

У спакайнейшым для Беларусі 2019 годзе, паводле рэсурсу President.gov.by, у мясцовыя ўніверсітэты паступалі грамадзяне з Туркменістану, Кітаю, Узбекістану, Расіі, Шры-Ланкі, Таджыкістану, Лівану, Індыі, Ірану, Казахстану, Азербайджану.

З еўрапейскіх краін згадваліся Малдова, Сербія.

«У 2019 годзе Міністэрства адукацыі падпісала міжнародныя дамовы з Кітаем, Турцыяй, Сірыяй, ААЭ, Егіптам, Узбекістанам, Таджыкістанам, Сербіяй, а таксама міжведамасную праграму развіцця супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі на 2019-2021 гады з Кубай. Уступілі ў сілу міжнародныя пагадненні з Бразіліяй і Малдовай. Установы адукацыі заключылі 628 прамых дамоваў з навучальнымі ўстановамі 44 краін свету», – адзначана на сайце President.gov.by.

Што з Балонскім працэсам?

Пасля падзеяў звязаных з вайной ва Ўкраіне, пад падгрозай аказалася прысутнасць Беларусі ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. 11 красавіка 2022 году Назіральная група па Балонскім працэсе апублікавала рашэнне аб прыпыненні прадстаўніцтва ў ім у кампаніі з Расійскай Федэрацыяй.

reform.by

Паводле Андрэя Лаўрухіна, эксперта ў сферы адукацыі, навукі і інавацыяў і прадстаўніка грамадскай платформы «Рэфармуем сістэму адукацыі разам!», рашэнне аб удзеле Беларусі ў Балонскім працэсе пакуль не прынята. Калі тое адбудзецца, кажа ён у інтэрв’ю выданню, якое ўлады прызналі «экстрэмісцкім», то гэта можа стаць катастрофай.

«Беларуская адукацыя рускамоўная, і ў яе няма магчымасці трымацца ў баку ад рускамоўнай прасторы. – лічыць ён. – А там Расія зʼяўляецца галоўным аператарам і мадэратарам усіх працэсаў у вышэйшай адукацыі. І Беларусь не вытрымае канкурэнцыі, яна будзе проста паглынутая больш мадэрнізаванай і канкурэнтаздольнай сістэмай».

Выбар: Расія, ці Еўропа.

Па словах Андрэя Лаўрухіна, беларуская адукацыя стаіць між выбарам – калі не еўрапейская прастора, то расійская і «іншага проста няма».

«Мы нават не можам існаваць аўтаномна. Гэта будзе сімвалічная інстытуцыйная акупацыя. – мяркуе ён. – І дзверы на Захад для моладзі зачыняцца так, што не ўдасца прасунуць нават нос. Гэта будзе катастрофа, таму важна захаваць хаця б культурную і адукацыйную сувязь з Заходняй Еўропай, не рваць гэтыя сувязныя ніткі».

 

Міністр, які заікнуўся пра неабходнасць стварэння новага аўтамабіля, стаў віцэ-прэм’ерам

Днямі былы ўжо Міністр прамысловасці Пётр Пархомчык прызнаў, што ў Беларусі бракуе заходніх камплектуючых і таму «даводзіцца ствараць свой аўтамабіль».

«Мы паспадзяваліся на міжнародную кааперацыю і ўвесь свет жыве міжнароднай кааперацыяй. – выказваўся ён – Цяпер даводзіцца ствараць свой аўтамабіль. Мы абмяркоўваем гэтую праблему, ёсць даручэнні Лукашэнкі».

Цяпер Пётр Пархомчык стаў віцэ-прэм’ерам і будзе курыраваць выкананне даручэнняў і патрабаванняў Лукашэнкі. Міністэрствам прамысловасці Пархомчык кіраваў ад 2020 году.

«Ён з’яўляецца высакакласным арганізатарам вытворчасці, больш за 13 гадоў узначальваў флагман прамысловага комплексу Беларусі – БЕЛАЗ. Ён у курсе ўсіх даручэнняў і патрабаванняў кіраўніка дзяржавы, выкананне якіх будзе курыраваць на новай пасадзе» – пішуць пра яго праўладныя мэдыя.

фота: minprom.gov.by

У Магілёве ўзводзяць інфекцыйную больніцу. Калі ўлазіны – невядома

На пашпарце аб’екту радок з пазначэннем тэрміну завяршэння будаўніцтва новага інфекцыйнага корпусу Магілёўскай больніцы №1 не запоўнены. Адусутнічае на ім і дата пачатку будаўніцтва. Між тым, згодна з дзяржаўнымі стандартамі, на інфармацыйных стэндах павінны быць пазначаныя такія звесткі ў поўным аб’ёме. У адваротным выпадку, гэта парушэнне.

Узводзіць новы інфекцыйны корпус узяліся ў 2021 годзе. Тады праўладныя мас-мэдыі паведамлялі пра важнасць лякарні для гораду. Аднак, у сваіх публікацыях і яны пазбягалі адзначаць, калі ж будоўля завершыцца. 

Сёлета напярэдадні Дня гораду старшыня гарвыканкаму Ўладзімір Цумараў абмовіўся, што тое мае адбыцца ў 2022 годзе.

«У гэтым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю інфекцыйны корпус Магілёўскай больніцы №1 і новы корпус Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера», – даклаў чыноўнік у інтэрвʼю «БелТА», якое перадрукаваў сайт Магілёўскага аблвыканкаму.

Варта заўважыць, што Цумараў ужыў слова «плануецца», абачліва пакінуўшы сабе шлях да адступлення.

Рашэнне пра будаўніцтва новага корпусу было прынята, калі пачалася пандэмія каронавірусу. Яна выявіла непадрыхтаванасць гарадской сістэмы аховы здароўя да маштабных інфекцыйных захворванняў. У 2020-2021 гадах уладам даводзілася перапрафіляваць лякарні і нават адмаўляцца ад планавага лячэння хворых.

Да таго ж, гарадская інфекцыйная больніца, пабудаваная ў 1960-х гадах, даўно маральна і фізічна састарэла. Паводле чыноўнікаў, гэтай лякарні адведзенае месца ў корпусе, які ўзводзіцца. 

Ён будзе разлічаны на 192 месцы. Абяцаюць, што якасць лячэння ў ім  значна ўзрасце. У корпусе падчас праектавання прадугледжаныя захады лячэння пацыентаў ва ўмовах маштабных эпідэміяў.

Пытанне, аднак – калі лякарню ўзвядуць. Будаўнікі толькі завяршылі мантажныя працы і пачалі аддзелку. Сумнеўна, каб да верасня, калі чакаюць уздым захворваньня на каранавірус, у корпусе адзначылі ўлазіны.

Пра тое, што наступная хваля каранавірусу надыдзе ў верасні, спрагназаваў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.  Ён запэўнівае, што апасацца эпідэміі не варта, бо «каранавірусная інфекцыя становіцца ўсё больш сезонным захворваннем», піша БелТА.

Пра адсутнасць небяспекі ад COVID-19 беларускія чыноўнікі гаварылі і ў 2020 годзе, калі свет, сутыкнуўшыся з гэтай інфекцыяй, не ведаў, як ёй даць рады. Да маштабнай эпідэміі Беларусь аказаліся не падрыхтванай, што абышлося ёй, паводле афіцыйнай інфармацыі,  у больш за 7 тысяч жыццяў беларусаў. 

Сёлетні ўмалот зерневых пусцяць на пракорм «калгаснай» жывёле

Апошнія гады Беларусь не экспартавала збожжа, бо яго шмат патрабавала жывёлагадоўля. Сёлета чыноўнікі абязуюцца дасягнуць рэкордных вышыняў у вырабе сельскагаспадарчай прадукцыі.

Паводле міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло, плануецца значна павялічыць аб’ём вытворчасці малака і мяса.

«Для гэтага патрэбныя кармы, уключаючы камбікармы, – тлумачыць  кіраўнік ведамства ў інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу ОНТ.

«Аснова – збожжавая група. Таму перш за ўсё – забеспячэнне сваёй жывёлагадоўлі, ну і, вядома, прадукты харчавання для нашых людзей» – кажа ён.

Урадовец адзначае, што сёлета трэба прадаць сельскагаспадарчай прадукцыі на 7,8 мільярдаў долараў ЗША, дадаўшы да ўзроўню мінулага году 1 мільярд рублёў.

«Гэта істотная лічба, – адзначае ён. – Таму для нас вельмі важна прадаць канчатковы прадукт у выглядзе малочнай прадукцыі, мясной прадукцыі».

Аўтарства фота: produkt.by

Міністр аховы здароўя расказаў Лукашэнку аб інтэграцыі біялогіі і медыцыны ды паабяцаў мэдыкам павышэньне заробкаў

На ягоны погляд развіццё клеткавых тэхналогіяў  зробіць з Беларусі  лідарам “не толькі на постсавецкай прасторы”, а біялогія і біятэхналогія можа стаць для краіны «фішкай».

«СБ Беларусь сегодня» піша, што Дзмітры Піневіч расказаў Лукашэнку аб інтэграцыі біялогіі і медыцыны.

Па словах урадоўцы Міністэрства аховы здароўя разам з Міністэрствам адукацыі зрабіўшы рэвізію напрамкаў, звязаных з генетыкай, біяінжынерыяй, біяманіторынгу і персаніфікацыйным лячэннем, угледзелі, што Беларусь тут, калі не лідар, то нічым не саступае топавым пазіцыям.

Дзьмітры Піневіч адзначае, што «беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, праекты, якія рэалізуюцца ў індустрыяльным парку «Вялікі камень», вытворчасць новых лекавых прэпаратаў, уласных вакцын» – гэта плён узаемадзеяння з Міністэрствам адукацыі і Акадэміяй навук.


Дзмітры Піневіч анансаваў павышэнне заробкаў усім медыкам, перадае Белта. На колькі – не сказаў. Папрасіў пачакаць прыняцця канчатковага рашэння і адзначыў, што гэта напярэдадні прафесійнага свята «Дня медычных работнікаў» – падарунак ад Лукашэнкі, які «мы павінны адпрацаваць на працоўных месцы».