Сёлетні ўмалот зерневых пусцяць на пракорм «калгаснай» жывёле

Апошнія гады Беларусь не экспартавала збожжа, бо яго шмат патрабавала жывёлагадоўля. Сёлета чыноўнікі абязуюцца дасягнуць рэкордных вышыняў у вырабе сельскагаспадарчай прадукцыі.

Паводле міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло, плануецца значна павялічыць аб’ём вытворчасці малака і мяса.

«Для гэтага патрэбныя кармы, уключаючы камбікармы, – тлумачыць  кіраўнік ведамства ў інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу ОНТ.

«Аснова – збожжавая група. Таму перш за ўсё – забеспячэнне сваёй жывёлагадоўлі, ну і, вядома, прадукты харчавання для нашых людзей» – кажа ён.

Урадовец адзначае, што сёлета трэба прадаць сельскагаспадарчай прадукцыі на 7,8 мільярдаў долараў ЗША, дадаўшы да ўзроўню мінулага году 1 мільярд рублёў.

«Гэта істотная лічба, – адзначае ён. – Таму для нас вельмі важна прадаць канчатковы прадукт у выглядзе малочнай прадукцыі, мясной прадукцыі».

Аўтарства фота: produkt.by