Дзень у гісторыі. 5 снежня. Прынята “сталінская” Канстытуцыя. Падпісаны Будапешцкі мемарандум. Нарадзіліся Юзаф Пілсудскі, Мікола Равенскі, Алесь Разанаў.

Міжнародны дзень добраахвотнікаў у імя эканамічнага і сацыяльнага развіцця (International Volunteer Day, з 1985 года) устаноўлены па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН

Валанцёры – гэта людзі, якія ў свой вольны час працуюць на грамадства. 

Добраахвотнікаў можна сустрэць у якасці персаналу на Алімпійскіх гульнях або ў якасці рознарабочых пры аднаўленні разбурэнняў. Такія людзі добраахвотна выклікаюцца дапамагаць прыбіраць грамадскую тэрыторыю, распаўсюджваць плакаты ці брашуры сацыяльнай кампаніі, гатовы бясплатна праводзіць экскурсіі па родным горадзе, быць перакладчыкамі на вялікіх міжнародных спартыўных спаборніцтвах. Больш за тое, добраахвотнікі дапамагаюць персаналу ў дзіцячых дамах і дамах састарэлых, спяшаюцца на дапамогу пры ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў.

І грамадства, несумненна, мае патрэбу ў рэзультатыўнай працы валанцёраў. ААН увесь час заклікае дзяржавы прымаць меры ў мэтах павышэння дасведчанасці аб важным унёску службы добраахвотнікаў, і тым самым заахвочваць яшчэ больш людзей ва ўсіх сферах дзейнасці прапаноўваць свае паслугі ў якасці добраахвотнікаў як на радзіме, так і за мяжой.

Пракоп і Сава (народны каляндар). «Прыйдзе Пракоп хмуры – раскапае гуры». «Барбара мосьціць, Сава цьвікі вострыць, а Мікола прыбівае».

1360 год. З’яўленне франка. 

Французскі кароль Ян II Добры з мэтай сабраць грошы для выплаты выкупу ангельцам падпісаў спецыяльны ўказ аб чаканцы залатой манеты вагой 3,88 грама і дыяметрам 29 міліметраў з лацінскім надпісам на аверсе Johannes Dei gratia Francorum rex –  “кароль франкаў”. 

Адсюль пайшла назва манеты франк, пазней і валюты, якая мела хаджэнне ў Францыі да ўвядзення еўра ў 2002 годзе. 

У наш час франк захоўваецца ў Швейцарыі (швейцарскі) і некаторых краінах Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі.

 

1484 год. Папа Інакенцій VIII выдаў булу “З найвялікшай стараннасцю”. 

У адпаведнасці з ёй інквізітарам надаваліся выключныя паўнамоцтвы ў справе палявання на ведзьмаў. Быў пакладзены пачатак аднаму з самых крывавых і працяглых у гісторыі чалавецтва нялюдскіх пераследаў нявінных ахвяр. 

Рымская інквізіцыя ранняга Новага часу разгледзела, як лічыцца, 50-70 тысяч спраў, пры гэтым адправіла на пакаранне смерцю каля 1300 чалавек. 

Паляванне на ведзьмаў было больш разбуральным – тут налічваюць некалькі дзесяткаў тысяч спаленых. 

Іспанская інквізіцыя скасавана ў 1808 годзе Жозэфам Банапартам, французская канчаткова скасавана ў 1834 годзе. 

Інквізіцыя (лац. Inquisitio – “вышук”, “расследаванне”) існуе і сёння, толькі памяняла шыльду. Кангрэгацыя інквізіцыі на Другім Ватыканскім саборы 1965 года была перайменавана ў Кангрэгацыю веравучэння, якая існуе дагэтуль і займаецца абаронай веры і маральнасці каталікоў, у прыватнасці расследуе сэксуальныя злачынствы.

На выяве: Галілей перад Рымскай інквізіцыяй.

 

1579 год. Пірацкая брыганціна Фрэнсіса Дрэйка “Залатая лань” уступіла ў гавань Сант’яга (Чылі). 

Там стаяў на якары іспанскі галіён “Капітан” – флагман эскадры. Іспанцы прынялі ангельцаў за сваіх, сустрэлі “Залатую лань” прывітальным барабанным боем. Піраты спусцілі на ваду лодку, спакойна прысталі да галіёна і падняліся на яго борт. Карабель быў захоплены без адзінага стрэлу. 

Здабыча аказалася багатай: 37 тысяч залатых дукатаў, фарфор, срэбра, і ў дадатак – дзве тысячы бочачак віна. 

Калі праз 10 месяцаў Фрэнсіс Дрэйк вярнуўся на радзіму, яго сустрэлі як нацыянальнага героя. Каралева Лізавета наведала карабель і на палубе пасвяціла яго ў рыцары, крыху пазней удастоіла звання адмірала.

Дрэйк стаў першым мараплаўцам, які абышоў зямны шар, захаваўшы пры гэтым цэлым судна і жыццё большасці матросаў (Магелан, як вядома, дадому не вярнуўся). 

У 1588 годзе ён фактычна камандаваў англійскім флотам пры разгроме “Непераможнай армады”. 

Імем Дрэйка названы  самы шырокі ў свеце праліў – паміж Амерыкай і Антарктыдай.

Зрэшты, народнае прызнанне адміралу Дрэйку прынеслі зусім не яго пірацкія прыгоды і ваенныя перамогі. У баварскім  Афенбургу стаіць помнік: Дрэйк з кветкай у руцэ. Гэта кветка бульбы. На помніку надпіс: “Сэру Фрэнсісу Дрэйку, услаўленаму мараплаўцу, які распаўсюдзіў бульбу ў Еўропе. Мільёны земляробаў свету дабраслаўляюць яго несмяротную памяць. Яго дарунак – вялікая дапамога ўсім беднякам, каштоўнае прынашэнне, якое палягчае горкую патрэбу і нягоды немаёмных”.

1867 год. Нарадзіўся Юзаф Пілсудскі. 

Польскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, першы кіраўнік адроджанай Польшчы. Падарожнік па Амерыцы, Еўропе, Японіі.

Галоўнакамандуючы Войска польскага, першы маршал Польшчы, двойчы прэм’ер (1926-1928 і 1930). Кавалер вялікай колькасці ордэнаў і ганаровых адзнак, як польскіх, так і замежных, ганаровы доктар шэрагу ўніверсітэтаў міжваеннай Польшчы. 

Пілсудскі — асоба, заслугі якой перад незалежнаю Польшчай паўсюдна прызнаныя.

Пра беларусаў пісаў, што трэба “адзначыць неакрэсленасць іх нацыянальных пачуццяў”. Беларусаў з заходніх губерняў ставіў вышэй за жыхароў усходу Беларусі, бачыў розніцу паміж беларусамі-праваслаўнымі і беларусамі-каталікамі.

У постаці Пілсудскага выяўляліся пэўныя рысы беларускасці, якія ставілі яго ў лепшае святло ў параўнанні з беларускімі савецкімі дзеячамі. Нарадзіўся ён на Віленшчыне, ведаў беларускую мову, карыстаўся ёю, меў кантакты з дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэння, у свой час нават займаўся кантрабандным увозам “Дудкі беларускай” Ф. Багушэвіча.

Памёр 12 мая 1935 года. Пахаванне стала вялікай маніфестацыяй нацыянальнага адзінства. Была абвешчана нацыянальная жалоба. Цела было змешчана ў крыпце святога Леанарда ў Вавелі. У 1936 годзе сэрца Пілсудскага палажылі ў труну яго маці на могілках Росы ў Вільні (маўзалей Маці і сэрца сына).

У міжваенны час, а таксама пасля Другой Сусветнай вайны, вакол асобы маршала будаваўся пэўны культ. Пасля падзення камунізму ў Польшчы, Пілсудскі лічыцца адной з найважнейшых асоб у гісторыі польскай дзяржавы. У яго гонар названыя многія вуліцы, плошчы і школы, пастаўлены помнікі.

1886 год. Нарадзіўся Мікола Равенскі. 

Беларускі кампазітар, дырыжор, музычны крытык.

Працаваў рэгентам у Навагрудку, Чэрвені, хормайстрам мінскага гарадскога тэатра, выкладчыкам у музычным тэхнікуме, Беларускай кансерваторыі.

3 1944 года на эміграцыі ў Германіі, Бельгіі. Працаваў у Лёвенскім універсітэце, дзе стварыў студэнцкі ансамбль беларускай музыкі, кіраваў хорам беларускіх студэнтаў Бельгіі, з якім гастраляваў па Еўропе. Супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва.

Музычная і кампазітарская творчасць цесна звязана з беларускім фальклорам.

Аўтар апрацовак беларускіх народных песень і песень на вершы М. Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, К. Буйло, Ц. Гартнага, З. Бядулі, оперы «Браніслава» (лібрэта У. Дубоўкі; у 1930 годзе канфіскавана), першай беларускай аперэты на словы В. Дуніна-Марцінкевіча «Залёты», музыкі для «Пагоні», на тэксты царкоўных малітваў, у тым ліку «Магутны Божа» (на словы Н. Арсенневай).

Аўтар даследавання «Характэрныя рысы беларускай народнай песні».

Памёр 9 сакавіка 1953 года ў бяльгійскім Лёвене.

 

1908 год Нарадзілася Ганна Абуховіч. 

Беларуская акцёрка тэатра і кіно. Народная артыстка.

Дэбютавала як акцёрка нямога кіно ў 1929 годзе. З 1937 года акцёрка Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра Беларусі.

Стварыла шэраг яркіх, псіхалагічна глыбокіх драматычных вобразаў у пастаноўках па творах А. Астроўскага, Х. Вуаліёкі, У. Шэкспіра, К. Губарэвіча, А. Петрашкевіча і іншых.

Здымалася ў 9 кінафільмах.

Аўтар ўспамінаў «Паўстагоддзя на сцэне» (1987).

У яе гонар на вул. Леніна, 5 у Мінску ўсталяваная памятная дошка.

Памерла 13 лістапада 1986 года.

 

1929 год. Нарадзіўся Яўген Кудрашоў. 

Беларускі эканаміст. Кандыдат эканамічных навук, дацэнт.

Скончыў прыродазнаўчае аддзяленне настаўніцкага, геаграфічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута.

Працаваў выкладчыкам, дацэнтам, дэканам геаграфічнага,  гістарычнага факультэтаў, рэктарам (1971-1994) Магілёўскага педінстытута. 

Памёр 20 кастрычніка 2011 года.

 

1936 год. У СССР прынята другая Канстытуцыя. 

Увайшла ў гісторыю пад назвай “Сталінская”, другая Канстытуцыя пасля 1924 года, “канстытуцыя развітога сацыялізму”. Замацавала знішчэнне прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці і эксплуататарскія класы, адмову ад дыктатуры пралетарыяту. Эканамічнай асновай абвяшчалася планавая сацыялістычная сістэма гаспадаркі і сацыялістычная ўласнасць.

Упершыню ў гісторыі СССР усім грамадзянам гарантаваліся роўныя правы: усеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні; права на працу і адпачынак, матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці і ў час хваробы, права на бясплатную адукацыю. Абвяшчалася свабода сумлення, слова, друку, сходаў і мітынгаў, а таксама недатыкальнасць асобы і таямніца перапіскі.

Усе багацці краіны аб’яўляліся ўсенародным здабыткам. Зямля, якая займалася калгасамі, перадавалася ім у вечнае карыстанне.

Камуністычная партыя абвяшчалася прадстаўніком “кіруючага ядра” ўсіх грамадскіх і дзяржаўных арганізацый працоўных (у Канстытуцыі 1924 года партыя не згадвалася). Вышэйшым органам заканадаўчай улады станавіўся Вярхоўны Савет.

Дзейнічала да 7 кастрычніка 1977 года, калі была прынята “брэжнеўская” канстытуцыя, якая ставіла мэты пабудовы бескласавага камуністычнага грамадства, замацоўвала за кожнай саюзнай рэспублікай права выхаду са складу СССР. У 1990 годзе ў Канстытуцыю было ўнесена некалькі паправак, якія пашыралі правы і свабоды грамадзян, а таксама змянілі палітычную сістэму краіны. Але Асноўны закон спыніў сваё дзеянне ў сувязі з распадам СССР у 1991 годзе.


1941 год. Дзень пачатку контрнаступлення савецкіх войскаў супраць нямецка-фашысцкіх войскаў у бітве пад Масквой. 

Контрнаступленне, як другі этап бітвы за Маскву, пачалося на досвітку – савецкія войскі перайшлі ў наступ на фронце ад Калініна да Яльца. Інфармацыя пра контрнаступленне прагучала па радыё толькі ў ноч на 13 снежня. Да гэтага часу савецкія войскі разбілі ўдарныя танкавыя групоўкі суперніка і, прасунуўшыся ад зыходнай лініі паўночней сталіцы на 60 км, а паўднёвей – на 120 км, ухілілі непасрэдную небяспеку Маскве. 16  снежня савецкія войскі вызвалілі Калінін (цяпер Цвер), 19 снежня  выйшлі на мяжу ракі Лама і Руза, да 25 снежня на раку Ака, 28 снежня быў вызвалены Казельск, 30 снежня – Калуга.

Гэта была першая буйная параза нямецка-фашысцкай арміі ў Другой сусветнай вайне. У бітве пад Масквой гітлераўцы страцілі больш за 500 000 чалавек, 1300 танкаў, 2500 гармат. Адчувальнай аказалася і маральная шкода, нанесеная ворагу – гітлераўскія ваенныя трыбуналы асудзілі каля 62000 салдат і афіцэраў за дэзерцірства, самавольнае пакіданне пазіцый і непадпарадкаванне загадам старэйшых афіцэраў. З займаных пастоў былі зняты 35 вышэйшых чыноў германскага войска.

 

1943 год. Паводле аператыўнай зводкі Саўінфармбюро: на паўночны захад ад Прапойска Чырвоная Армія авалодала населенымі пунктамі “Дваровы, Боўкі, Дабужа. На паўночны захад ад Гомеля нашы войскі з упартымі баямі прасунуліся наперад”.

 

1947 год. Нарадзіўся Алесь Разанаў. 

Беларускі паэт-наватар, аўтар новых паэтычных форм, перакладчык. Лаўрэат прэмій: Дзяржаўнай імя Я. Купалы, Гердэра, «Залаты апостраф», імя Наталлі Арсенневай.

У кастрычніку 1968 года разам В. Ярацам, Л. Барташам звярнуўся ў ЦК КПБ з лістом на імя П. Машэрава (ліст падпісала некалькі соцень чалавек) з патрабаваннемі вяртання выкладання на беларускай мове, за што атрымаў ярлык «нацыяналіст», а пасля наведвання Л. Геніюш у Зэльве, быў выключаны з БДУ. 

Настаўнічаў, працаваў у  газеце «ЛіМ», часопісах «Родная прырода», «Крыніца», выдавецтве «Мастацкая літаратура». Быў віцэ-прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра.

Аўтар многіх паэтычных зборнікаў, якія лічацца этапнымі для беларускай паэзіі, сярод якіх – «Каардынаты быцця», «Шлях-360», «Сума немагчымасцяў».

Яго шматлікія вершаваныя тэксты – гэта вершы аб прадметах і рэчах, прыродных з’явах і жывых істотах.

У зборніках апошніх дзесяцігоддзяў паэт адкрыў багацце лексічных, музычных, сэнсавых магчымасцей і дэманстраваў амаль у кожным новым творы ідэю вобразнай невычэрпнасці нацыянальнай моўнай стыхіі.

Перакладаў з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў.

Склаў кнігу паэзіі Я. Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982). Выдаў па-нямецку зборнік «Wortdichte» (2003).

«Алесь Разанаў быў паэтам ад Бога, і ў беларускай паэзіі зрабіў сапраўдную мадэрністычную рэвалюцыю» (Зм. Дзядзенка).

Памёр 26 жніўня 2021 года.

 

1994 год. Падпісаны Будапешцкі мемарандум. 

Міжнародная дамова пра гарантыі бяспекі ў сувязі з далучэннем Украіны да «Дамовы пра нераспаўсюджанне ядзернай зброі». Падпісана паміж Украінай, ЗША, Расіяй і Вялікабрытаніяй. Украіна набыла «бяз’ядзерны статус». Дамова ўтрымоўвае пункты, якія прадстаўляюць Украіне гарантыі яе суверэнітэту і бяспекі.

Паводле дадзенага Мемарандума, краіны-падпісанты абавязаліся: паважаць незалежнасць, суверэнітэт і дзяржаўныя межы Украіны; устрымлівацца ад пагрозы сілай і яе ўжывання супраць тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці Украіны; ніякая іх зброя ніколі не будзе выкарыстоўвацца супраць яе, акрамя мэт самаабароны ці любой іншай праявай у адпаведнасці са статутам ААН; устрымлівацца ад эканамічнага ціску, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыццяўленне Украінай, якая мае рацыю, уласцівую яе суверэнітэту; дамагацца неадкладных дзеянняў Савета Бяспекі ААН з мэтай аказання дапамогі Украіне, калі яна стане ахвярай акту агрэсіі ці аб’ектам пагрозы агрэсіі з ужываннем ядзернай зброі; не ўжываць ядзерную зброю супраць Украіны, акрамя выпадку нападу на іх, іх і падапечныя тэрыторыі, узброеныя сілы, іх саюзнікаў і іншыя.

Падпісант дадзенай дамовы Расійская Федэрацыя адкрыта парушыла Мемарандум, калі 1 сакавіка 2014 года стала на шлях ваеннага ўварвання ў суверэнную дзяржаву Ўкраіну, суб’ект міжнароднага права, а ў ноч на 24 лютага 2022 года развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны.

Фота: Прэзідэнты ЗША Б.Клінтан, Расіі Б.Ельцын, Украіны Л. Краўчук

Дзень у гісторыі. 28 лістапада. Будслаўскі фэст – спадчына ЮНЕСКА. Нарадзіліся Канстанцін Сіманаў, першы Герой Беларусі Уладзімір Карват

1892 год. Нарадзіўся Павел Аляксюк. 

Беларускі палітычны дзеяч, член Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Член кіраўніцтва Беларускай сацыялістычнай грамады, Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, намеснік старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта.

Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, член Рады БНР.

З восені 1920 года ў Варшаве ўзначальваў Беларускі палітычны камітэт. Падтрымліваў ваенныя дзеянні С. Булак-Балаховіча супраць бальшавікоў.

У 1920-я гады займаўся адвакацкай практыкай у Навагрудку, дзе быў віцэ-старшынём управы Таварыства беларускай школы. Далейшы лёс невядомы.

1923 год. Заснавана літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». 

Першае літаратурнае аб’яднанне Беларусі ў 1923-1928 гадах.

Узнікла як гурток маладых паэтаў пры часопісе «Маладняк».

Мела філіі ў Маскве, Віцебску, Магілёве, Мінску, Бабруйску, Барысаве, Гомелі, Клімавічах («Калінінская філія»), Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе і шматлікія студыі і гурткі ў многіх гарадах і мястэчках. Аб’яднанне складалася з нацыянальных секцый рускіх, польскіх, яўрэйскіх, літоўскіх пісьменнікаў.

У розныя гады арганізацыю ўзначальвалі М. Чарот, А. Вольны, У. Дубоўка, П. Галавач. Выдаваўся часопіс «Маладняк». Многія філіялы мелі ўласныя часопісы, альманахі. З мая 1925 года аб’яднанне выдавала на свае сродкі бібліятэчку твораў сваіх сяброў (выйшла каля 60 кніг).

У 1928 годзе аб’яднанне было рэарганізавана ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (1928-1932).

1915 год. Нарадзіўся Канстанцін (Кірыл) Сіманаў. 

Савецкі пісьменнік, паэт, празаік і журналіст. Герой Сацыялістычнай Працы. Лаўрэат Ленінскай і шасці Дзяржаўных прэмій.  

Удзельнік баёў на Халхін-Голе. У гады Вялікай Айчыннай вайны карэспандэнтам “Чырвонай Зоркі” неаднаразова выязджаў на фронт. 

Аўтар паэм, вершаў “Чакай мяне”, “Ты памятаеш, Алёша, дарогі Смаленшчыны”, трылогіі “Жывыя і мёртвыя”.

Быў у Магілёве і на Буйніцкім полі 12-13 ліпеня 1941 года ў размяшчэнні 388 палка С. Куцепава. Пра гераізм абаронцаў Магілёва апублікаваў артыкул “Гарачы дзень”, напісаў у рамане “Жывыя і мёртвыя”.

Памёр 28 жніўня 1979 года. Яго імем названа вуліца ў Магілёве, прах развеяны на Буйніцкім полі 8 верасня 1979 года.

На адкрыцці мемарыяльнага знака на Буйніцкім полі ў гонар Сіманава 25 лістапада 1980 года прысутнічала дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў: Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Аляксей Пысін. Камень-валун (15 тон), на якім высечана прозвішча-аўтограф пісьменніка быў выбраны роднымі Сіманава на тэрыторыі музея валуноў у Мінску. На ім устаноўлена мемарыяльная дошка са словамі: «… Усё жыццё ён памятаў гэтае поле бою 1941 г. і завяшчаў развеяць тут свой прах».

24smi.org

1931 год. Нарадзіўся Генадзь Кляўко. 

Беларускі паэт, перакладчык, дзіцячы празаік, журналіст.

Працаваў адказным сакратаром часопіса «Вожык», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя».

Аўтар шэрагу зборнікаў вершаў, паэм, гумарыстычных вершаў і мініяцюр, дзіцячых вершаў. Перакладаў на беларускую мову творы пісьменнікаў народаў СССР, у тым ліку паўднёва-асецінскай паэзіі.

Памёр 21 жніўня 1979 года.

nashi-lyudi.by

1936 год. Нарадзілася Людміла Казлоўская. 

Беларускі эканоміка-географ. Доктар эканамічных навук, прафесар.

Вядомы вучоны ў галіне рэгіянальнай эканомікі, размяшчэння прадукцыйных сіл, распрацоўкі рэгіянальных доўгатэрміновых праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця і навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Правяла арыгінальнае сістэмнае даследаванне па тэорыі і методыцы ацэнкі ўзроўню і эфектыўнасці тэрытарыяльнай канцэнтрацыі прамысловасці. 

Выканала першыя ў краіне даследаванні па эканоміцы аховы навакольнага асяроддзя і па ацэнцы якасці асяроддзя як кампанента ўмоў жыццядзейнасці насельніцтва.

Аўтар і суаўтар каля 200 навуковых прац, у тым ліку 24 манаграфіі.

Падрыхтавала 9 кандыдатаў эканамічных, дактароў геаграфічных навук.

Памерла 17 лістапада 2020 году.

1941 год. Нарадзіўся Сямён Будзькоў.

Географ, прафесар.

Працаваў у Інстытуце геаграфіі Сібіры і Далёкага Усходу Сібірскага аддзялення АН СССР, у Іркуцкім, Цюменскім, Гомельскім, Ульянаўскім універсітэтах.

Даследчык Сібіры, Паволжа, Беларусі.

Аўтар больш за 500 навуковых і больш за 1200 навукова-папулярных артыкулаў.

Памёр 22 сакавіка 1998 года.

1943 год. У Тэгеране адкрылася канферэнцыя кіраўнікоў трох саюзных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі. 

На першай канферэнцыі “Вялікай Тройкі” (28 лістапада – 1 снежня) за час Другой сусветнай вайны сабраліся кіраўнікі СССР Іосіф Сталін, ЗША Франклін Рузвельт, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Ўінстан Чэрчыль.

На канферэнцыі быў вырашаны шэраг пытанняў вайны і міру: тэрмін адкрыцця саюзнікамі другога фронта ў Францыі (травень 1944), прадастаўлення незалежнасці Ірану, рашэнне польскага пытання, пачатку вайны СССР з Японіяй пасля разгрому нацысцкай Германіі, перадачы Кёнігсберга СССР. Была зроблена заяўка, што пасляваенны свет будзе кіравацца чатырма дзяржавамі – СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй, якія будуць дзейнічаюць пад эгідай новай міжнароднай арганізацыі.

28 лістапада 1943 год. Тэгеран. Злева направа: І. Сталін, Ф.Дз. Рузвельт, У. Чэрчыль, tunnel.ru

1943 год. Аператыўная зводка Саўінфармбюро. 

Паміж рэкамі Сож і Дняпро, на паўночным захадзе ад Гомеля, Чырвоная Армія, працягваючы развіваць паспяховае наступленне, авалодала раённым цэнтрам горадам Буда Кашалёва, заняла больш за 150 іншых населеных пунктаў: Жабін, Скартынь, Яцкаўшчына, Глыбочыца, Мацевічы, Ліпінічы, Шарыбаўка, Кашалёў, Патапаўка, Маразовічы, Жытанеж, Нядойка, Старая Буда, Чабатовічы, Хоўхла, Чорнае, чыгуначныя станцыі Буда Кашалёўская, Шарыбаўка. 

У раёне ніжняй плыні ракі Бярэзіна занялі 24 населеныя пункты, сярод іх Жырхоўка, Нова-Маркавічы, Зломнае, Шацілкі, Ліпнікі, Гомза, Чарнін, Гароховішчы, Пружынішча, В’юнішча. 

У раёне ніжняй плыні ракі Прыпяць войскі занялі населеныя пункты Чарноўшчына, Слабодка, Новы і Стары Ломыш, Грыдні, Вербавічы, Рудня Смалягоўская.

1958 год. Нарадзіўся Уладзімір Карват

Беларускі ваенны лётчык першага класа, падпалкоўнік, першы Герой Беларусі.

Загінуў 23 мая 1996 года пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, спрабуючы адвесці самалёт, які страціў кіраванне і падаў, ад населенага пункта. 

Лётчык атрымаў загад катапульціравацца, але ў гэты час самалёт знаходзіўся над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча, і Карват да апошняга спрабаваў адвесці самалёт у 24 тоны і з 4 тонамі паліва ўбок.

У гонар героя ў Брэсце і Мінску названы вуліцы і школы, у Баранавічах – сквер, у Брэсце ўсталяваны памятная дошка і помнік, у Баранавічах на базе 61-й авіябазы адчынены музей Карвата.

wikimedia.org

1999 год. Памёр Яўген Шыпіла. 

Беларускі акцёр. Народны артыст.

Усё жыццё прысвяціў служэнню Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа

Найбольш значныя ролі стварыў у беларускім нацыянальным рэпертуары: дзед Курыла («Сымон-музыка» паводле Я. Коласа), Іван Швед («Таблетку пад язык» А. Макаёнка), Несцерка («Несцерка» B. Вольскага) і іншыя.

Сыграў дзясяткі  роляў у класічным і сучасным рэпертуары па творах А. Чэхава, М. Гогаля, У. Шэкспіра, B. Шукшына, Б. Васільева, C. Мрожака, Ж. Ануя і іншых.

Здымаўся ў кіно, у тым ліку ў такіх стужках як “Будулай, якога не чакаюць”, “Маці ўрагану”, “Новая зямля”.

2012 год. Памёр Алег Сурскі. 

Беларускі дызайнер, мастак, арт-крытык і мастацтвазнаўца.

Стаяў ля вытокаў школы беларускай мастацкай крытыкі.

З яго імем у значнай ступені звязаны пад’ём беларускага мастацтвазнаўства і выхад беларускай мастацкай крытыкі на міжнародную арэну. 

Аднім з першых у Беларусі займаўся пытаннямі тэхнічнай эстэтыкі і дызайна, публікаваўся ў буйных савецкіх і замежных выданнях. 

Манаграфіі, альбомы і каталогі прысвечаны дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, вядомым беларускім мастакам.

Выканаў унікальныя аб’ёмна-прасторавыя светлавыя кампазіцыі ў санаторыях «Беларусь» (Сочы, Місхор), пансіянаце «Сосны» (Нарач), Магілёўскім мастацкім музеі імя. П. Масленікава, Заслаўскім гісторыка-культурным музеі-запаведніку і іншых.

bis.nlb.by

2018 год.  Будслаўскі фэст уключаны ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Штогадовая ўрачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў в. Будслаў Мядзельскага раёна. Абраз славіцца шматлікімі цудамі, а Будслаў вядомы як месца яўлення вернікам Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якое, паводле легенды, адбылося 2 ліпеня 1588 года.

У 1992 годзе адбылося першае афіцыйнае масавае паломніцтва да цудатворнай іконы Маці Божай Будслаўскай, у якім паўдзельнічала 45 груп пілігрымаў.

2 ліпеня 1998 года абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі.

У 2013 годзе ў Будславе адбылася вялікая юбілейная ўрачыстасць, прысвечаная 400-годдзю здабыцця абраза Маці Божай Будслаўскай.

Будслаўскі фэст адбываецца штогод у першую пятніцу і суботу ліпеня. Будслаў –  галоўны аб’ектам паломніцтва католікаў Беларусі. Сюды прыязджаюць  вернікі з розных еўрапейскіх краін. Найвялікшай павагай карыстаюцца тыя з іх, хто шлях у Будслаў пераадольвае пешшу.

11 мая 2021 года ў будынку касцёла ўзнік пажар, які знішчыў дах, моцна пашкодзіў скляпенні і іншыя будаўнічыя канструкцыі. У самім касцёле пацярпелі арганы, алтар, жывапіс. 31 снежня ўнутры касцёла прайшла імша на заканчэнне года. У 2022 годзе ў касцёле завяршылі будаўнічыя работы, 29 верасня падпісаны акт аб увядзенні ў эксплуатацыю.

 

Дзень у гісторыі. 15 лістапада. Заснаваны першы магілёўскі музей. Упершыню ў эфіры прагучалі словы«Гаворыць Мінск!..». Дзень памяці Генрыка Сянкевіча. Нарадзілася Меліціна Станюта

1415 год.  У Наваградку адбыўся падзел Рускай Царквы на мітраполіі Маскоўскую і Кіеўскую. 

Падзел адбыўся на Саборы ўсіх праваслаўных епіскапаў ВКЛ і Польшчы пад ціскам вялікага князя літоўскага Вітаўта і нягледзячы на анафемы канстанцінопальскага патрыярха і мітрапаліта Фоція. 

На чале Маскоўскай мітраполіі застаўся грэк Фоцій, стаўленнік канстанцінопальскага патрыярха з 1409 года, а ў сан мітрапаліта кіеўскага – усіх паўднёва-заходніх зямель – Саборам у Наваградку быў прысвечаны балгарын Рыгор Цамблак.

Рашэнне аб аддзяленні аргументавалася нежаданнем падпарадкоўвацца “царам грэцкім” – пры захаванні вернасці канстанцінопальскаму патрыярху і нядбайнасцю Фоція справамі паўднёвага захаду. 

Зрэшты, падзел цэркваў не стаў канчатковым: у 1419 па смерці Рыгора, Вітаўт пагадзіўся, каб Фоцій зноў прыняў пад сваю апеку паўднёва-заходнія епархіі.

1867 год. У Магілёве пры губернскім статыстычным камітэце заснаваны першы музей.  

Зараз гэта абласны краязнаўчы музей імя Е. Раманава. 

На час адкрыцця ўстановы было каля 1 500 экспанатаў, сярод іх – кальчуга і ўпрыгожванні з раскопак Анелінскага кургана Быхаўскага павета, арыгінальныя граматы польскіх каралёў Жыгімонта ІІІ і Станіслава Аўгуста, рукапіснае Евангелле XV стагоддзя; Лексікон Славянароскі з друкарні Куцеінскага манастыра 1654 года,  калекцыя манет X – XIX стст., троннае крэсла Кацярыны II з магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, якія ён кінуў падчас уцёкаў з Расіі.

У 1918 годзе музей аб’яднаны з царкоўна-археалагічным (працаваў з 18 снежня 1904 у былым Бернардынскім касцёле) у адзін – губернскі. У 1919 г. пераехаў у будынак былога сялянскага банка (вул. Міронава, зараз абласны мастацкі музей), у 1932 – у двухпавярховы будынак па вул. Ленінскай, №40. У 1934-1938 гадах меўся філіял – у будынку Іосіфаўскага сабора, дзе дзейнічала экспазіцыя гісторыі рэлігіі і атэізму. Існаваў, у канцы 1930-х гадоў і яшчэ адзін філіял – мемарыяльны музей С. Аржанікідзэ ў доме, дзе ў 1919 г. ён жыў і працаваў як член Рэўваенсавета 16-й арміі Заходняга фронту (кут вул. Віленскай і зав. Крутога).

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны падчас абароны Магілёва гістарычны музей на вул. Ленінскай і яго філіял на Віленскай згарэлі разам з экспанатамі.  Пасля вайны, толькі ў 1949 годзе., калі ў Доме Саветаў выдзелілі невялікія памяшканні, музей аднавіў сваю дзейнічаць. 1 ліпеня 1961 года атрымлівае ўласны трохпавярховы будынак на Савецкай плошчы (зараз – Славы), у якім ён размяшчаецца і ў наш час.

museums.by

1898 год. Нарадзіўся Піліп Кізевіч.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Сябра Гродзенскай гарадской, Галоўнай управы, скарбнік акруговага і павятовага праўленняў Таварыства беларускай школы, член кіраўніцтва Беларускага сялянска-работніцкага саюзу, уладальнік беларускай кнігарні ў Гродна.

Арыштоўваўся польскай паліцыяй у 1929 годзе.

Пасля Другой сусветнай вайны з’яўляўся членам праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку, дырэктарам беластоцкіх вадаправодаў.

Памёр 17 студзеня 1985 года. Пахаваны на могілках каталіцкай парафіі Усіх Святых у Беластоку.

На фота: Галоўная ўправа ТБШ (злева направа) у першыму радзе: М. Пяткевич, Ф. Стацкевіч, С.Паўловіч, М. Кепель; у другіму: Р. Шырма, П. Кізевіч, М. Мартынчык.

wikimedia.org

 1907 год. Памёр Юзаф Каліноўскі. 

Каталіцкі рэлігійны дзеяч, мемуарыст. Святы. Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў.

Скончыў Мікалаеўскую ваенна-інжынерную акадэмію ў Пецярбургу (1856). Служыў тапографам на будаўніцтве чыгункі Адэса-Курск, інжынер-капітанам у Брэсцкай крэпасці.

З чэрвеня 1863 года ўзначаліў ваенную секцыю Выканаўчага аддзела Літвы, быў памочнікам у свайго сваяка Кастуся Каліноўскага.

Арыштаваны ў 1864 годзе. Асуджаны на смерць. Прысуд быў заменены на 10-гадовую сібірскую катаргу.

Удзельнік навуковых даследаванняў Сібіры.

У 1877 годзе ўступіў у Ордэн кармелітаў босых. З 1899 года служыў  генеральным вікарыем кармелітаў босых у Галіцыі.

Аўтар успамінаў пра паўстанне 1863 – 1864 гадоў, рэлігійна-філасофскіх трактатаў.

Кананізаваны каталіцкай царквой 17 лістапада 1991 года.

wikimedia.org

 1916 год. Памёр Генрык Сянкевіч.  

Польскі пісьменнік. Першы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1905) беларускага паходжання.

Паходзіў з вонкавай шляхты. Бацька са служылых  татараў, якія пасяліліся на тэрыторыі ВКЛ пры Вітаўце, маці – з беларускай шляхты.

Падарожнік па ЗША («Лісты з вандравання», 1876-1878), Еўропе, Азіі, Афрыцы. Палітычны прыхільнік партыі «Народная дэмакратыя», марыў пра аўтаномію Польскага каралеўства ў складзе Расійскай імперыі. З пачаткам Першай сусветнай вайны з’ехаў у Швейцарыю, дзе ўзначаліў Камітэт дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы.

Аўтар многіх аповесцей, зборнікаў  гумарэсак, вядомых гістарычных раманаў «Агнём і мячом» (падзеі вайны 1648-1654), «Патоп» (1655-1656), «Пан Валадыёўскі» (барацьба з туркамі, 1672-1673), «Quo vadis?» (Нобелеўская прэмія),  «Крыжакі», «Віры» (рэвалюцыя 1905-1907 гадоў), псіхалагічных раманаў «Без догмату», «Сям’я Паланецкіх». 

Шматлікія творы пісьменіка экранізаваны ў розных краінах.

Пахаваны ў швейцарскім Вевэ. У 1924 годзе цела перанесена ў Варшаву і пахавана ў падмурках кафедральнага сабора Святога Яна.

wikimedia.org

 1918 год.  Нарадзіўся Францішак Бартуль.  

Беларускі грамадскі дзеяч. Член Рады БНР.

Падчас Другой сусветнай вайны ў 1940 г. мабілізаваны ў Чырвоную Армію, трапіў у нямецкі палон і апынуўся ў Шчэціне, быў прызначаны перакладчыкам. Вучыўся ў Мінскай афіцэрскай школе БКА (1944).

З 1944 года – на эміграцыі ў Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША.

З’яўляўся старшынёй Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, сябрам Згуртавання беларускіх камбатантаў, сустваральнікам Беларускага хрысціянскага акадэміцкага аб’яднання «Жыццё» і Беларускага акадэміцкага каталіцкага таварыства «Рунь».

З 1956 года актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцці ЗША: сябра рэдкалегіі газеты «Беларус», старшыня Рады дырэктароў Фундацыі імя П. Крэчэўскага, членам Рады БНР.

Памёр 4 снежня 2005 года. Пахаваны на беларускіх могілках Божай Маці Жыровіцкай ў Іст-Брансуіку.

1925 год. У эфір выйшаў Першы Нацыянальны канал Беларускага радыё: у 18:30 у эфіры ўпершыню прагучалі словы: «Гаворыць Мінск!..». 

Агульнанацыянальны радыёканал, які ўваходзіь  у структуру Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Дэвіз «Будзем разам!».

Агульнанацыянальнае радыёвяшчанне дазволіла мільёнам беларусаў атрымліваць інфармацыю на роднай мове. У эфіры гучалі музычная і літаратурная класіка, творы сучасных аўтараў. Але першая радыёстанцыя магла трансліраваць свае перадачы ў радыусе толькі 300 вёрст і ўсяго 30 хвілін на суткі. Не наладжана была яшчэ і серыйная вытворчасць радыёпрыёмнікаў.

Цяпер Беларускае радыё ўключае ў сябе два агульнанацыянальныя каналы і тры радыёстанцыі. Адным з галоўных прыярытэтаў вяшчальнай палітыкі Беларускага радыё з’яўляецца папулярызацыя нацыянальнай і сусветнай культуры.

З мая 1962 г. вядзецца рэгулярнае вяшчанне на краіны далёкага замежжа. Праграмы выходзяць у эфір на пяці мовах: беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай.

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё выходзіць на частотах у FM-дыяпазоне: Мінск — 106,2, Брэст — 100,0, Віцебск — 100,5, Гомель — 105,1, Гродна — 103,0, Магілёў — 105,9 МГц; а таксама на хвалях, што трансліруюцца перадатчыкамі і радыёвузламі абласцей.

Перадачы ў дыяпазоне доўгіх і кароткіх хваль былі спынены з 1 красавіка 2016 года. Магчымасці перадаючых прыладаў забяспечваюць устойлівы прыём праграм не толькі па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але і ў прыгранічных раёнах Польшчы, Літвы і Латвіі.

З 15 чэрвеня 1998 г. Беларускае радыё пачало рэтрансліраваць перадачы на рэгіёны Расійскай Федэрацыі.

1938 год. У в. Дрожджаніцы Крычаўскага раёна  нарадзіўся Віктар Цітоў. 

Беларускі этнолаг і гісторык культуры. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Выхаванец гісторыка-геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. 

Распрацаваў канцэпцыю гісторыка-этнаграфічнага раянавання Беларусі. Даследаваў тыпалогію культурных ландшафтаў, гістарычныя стасункі Беларусі і сумежных тэрыторый, беларускую дыяспару, этнічную гісторыю і геаграфію Беларусі, традыцыйную народную культуру, гісторыю народнай адукацыі, праблемы нацыянальных узаемаадносін.

Суаўтар і аўтар прац «Праблемы рассялення ў БССР», «Помнікі этнаграфіі», «Промыслы і рамёствы Беларусі», «Адраджэнне традыцыйнай мастацкай культуры Палесся», «Беларусы», «Гісторыя сялянства Беларусі» і іншых.

Удзельнічаў у распрацоўцы навукова-метадычных прынцыпаў аховы помнікаў, арганізацыі музеяў-скансэнаў, у складанні «Нацыянальнага атласу Беларусі».

Памёр 20 лістапада 2020 года.

1947 год. Нарадзіўся Анатоль Ярмоленка. 

Беларускі спявак, мастацкі кіраўнік гурту «Сябры». Народны артыст Беларусі.

Выступаў у складзе ВІА «Сувенир» (1969-1971, разам з А. Градзкім, А. Буйновым), «Песни над Сожем» (1971-1973). З 1974 года мастацкі кіраўнік гурту «Сябры».

Першым выканаў песні шматлікіх папулярных беларускіх і расійскіх кампазітараў: Я. Глебава, І.Лучанка, М. Сацуры, Э. Ханка.

wikimedia.org

 1951 год. Нарадзіўся Віктар Скорабагатаў

Беларускі оперны спявак і педагог. Заслужаны артыст.

Саліст Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі,  прафесар Беларускай акадэміі музыкі, мастацкі кіраўнік створанай ім «Беларускай капелы».

Адзін з найбуйнейшых камерных выканаўцаў, рэпертуар якога складаюць больш за 600 твораў айчыннай і сусветнай класікі розных гістарычных і эстэтычных кірункаў.

У 1988-1994 гадах ажыццявіў першы ў беларускім выканаўчым мастацтве праект з 10 канцэртных праграм «Анталогія беларускай вакальнай музыкі XVI—XX стагоддзяў».

Даследуе старадаўнюю беларускую музыку, творчасць малавядомых беларускіх кампазітараў. Аўтар кніг па гісторыі беларускага музычнага мастацтва. Галоўны рэдактар серый нотных выданняў: «Музыка старажытных сядзібаў» і «Беларускі гістарычны нотазбор».

Мастацкі кіраўнік штогодняга фэсту «Адраджэнне беларускай капэлы» (з 1991 года).

belarus.by

 1955 год. Нарадзіўся Сяргей Войчанка

Беларускі мастак і дызайнер. Разам з Ул. Цэслерам распрацоўваў  дасціпныя рэклямныя постэры і плакаты на сацыяльныя тэмы.

Аўтар плакатаў «Нержавеющий Сталин», «1939, начало войны в Польше», «Карл Маркс 1990-х», «Афганистан», «Good morning, Belarus!», «От международного года мира — к миру без войн и оружия», «Война несет людям…», «Афган, Forbidden Fruit», «Contemporary art+centre „VITA NOWA“» і іншых.

Праца «Вудсток. 30 лет. — Levi`s» знаходзіцца ў калекцыі Луўра.

Работы Цэслера і Войчанкі выстаўляліся на шматлікіх выставах і атрымлівалі ўзнагароды ў многіх краінах Еўропы.

Уладальнік больш за 40 узнагарод міжнародных конкурсаў, біенале і фэстываляў плакату.

За месяц да смерці адбылася выстава на Манмартры ў Парыжы.

Памёр 9 снежня 2004 года.

1993 год. Нарадзілася Меліціна Станюта. Беларуская гімнастка. 

Праўнучка народнай артысткі Стэфаніі Станюты, унучка літаратуразнаўца  Аляксандра Станюты.

Яе адрознівае элегантнасць і грацыёзнасць выступленняў.

Пачаўшы выступаць сярод сеньёрак, Меліціна адразу ж увайшла ў лік лепшых гімнастак свету. У 15 гадоў яна выйграла бронзавы медаль у практыкаваннях з абручом на чэмпіянаце свету. 

На чэмпіянаце свету 2010 года выйграла два бронзавых медалі — у практыкаваннях са скакалкай і ў мнагабор’і.

18 жніўня 2020 года падпісала адкрыты ліст прадстаўнікоў спартыўнай галіны з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі выбары прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі 9 жніўня 2020 года.

wikimedia.org

Дзень у гісторыі. 10 лістапада. Выгнанне з Эдэму Адама і Евы. Пачатак выдання «Нашай нівы». З’яўленне першага камп’ютарнага віруса

4004 год да нашай эры. Адам і Ева былі выгнаны богам з Эдэма.

Дата  разлічана ірландскім арцыбіскупам Ушэрам паводле біблейскай храналогіі. 

tunnel.ru

Сусветны дзень навукі за мір і развіццё. (з 2001 года).

Дзень падкрэслівае важнасць і актуальнасць навукі для паўсядзённага жыцця. 

Правядзенне Сусветнага дня навукі рэкамендавана ў 1999 годзе на Сусветнай навуковай канферэнцыі ў Будапешце. ЮНЕСКА афіцыйна заснавала Сусветны дзень навукі ў 2001 годзе.

Урады краін прымяркоўваюць да Сусветнага дня навукі прыняцце праграм у падтрымку навукі і навуковых ініцыятыў, таксама пачынаюць новыя навукова-тэхнічныя праекты сумесна з навуковымі арганізацыямі, школамі і ўніверсітэтамі.

Сусветны дзень моладзі (з 1945 года). Устаноўлены ў гонар заснавання Сусветнай федэрацыяй дэмакратычнай моладзі (СФДМ) у Лондане Сусветнай канферэнцыі моладзі. Упершыню на канферэнцыю сабраліся прадстаўнікі міжнароднага маладзёжнага руху, які аб’ядноўваў больш за 30 мільёнаў маладых людзей розных палітычных ідэалогій і рэлігій, моладзь больш за 63 нацыянальнасці.

СФДМ вядзе барацьбу за мір, правы моладзі, незалежнасць народаў, інтэрнацыянальнае згуртаванне прагрэсіўнай моладзі; супраць каланіялізму, неакаланіялізму, фашызму і расізму.

У Беларусі жыве 1,66 мільёнаў маладых людзей ва узросце 14-30 гадоў. На моладзь прыходзіцца 20% занятых ў эканоміцы.

st.depositphotos.com

Міжнародны дзень бухгалтара. 

Дата выбрана ў гонар таго, што 10 лістапада 1494 года ў Венецыі была апублікавана кніга Лукі Пачыёлі “Усё аб арыфметыцы, геаметрыі і прапорцыі”, у якой аўтар паспрабаваў падсумаваць веды аб матэматыцы таго часу. 

Адзін з раздзелаў кнігі называўся “Аб рахунках і іншых запісах” і змяшчаў падрабязны выклад бухгалтарскай справы Венецыі. 

Гэта была першая друкаваная праца аб метадзе падвойнай бухгалтэрыі. У кнізе была апісана большая частка ўліковага цыклу ў тым выглядзе, у якім яна вядома ў цяперашні час. Кніга ўтрымоўвала адмысловыя веды, якія патрабуюцца для паўнавартаснай працы бухгалтара. 

Луку Пачыёлі называюць “бацькам бухгалтэрыі”, хоць ён не быў ні вынаходнікам, ні распрацоўшчыкам сістэмы бухгалтэрыі. Ён усяго толькі апісаў метады, якія выкарыстоўвалі ў сваёй працы венецыянскія гандляры ў перыяд італьянскага Рэнесансу.

Слова “бухгалтар” увёў у зварот рымскі імператар Максіміліян I у 1498 годзе.

Дзень Параскі (народны каляндар). 

Параска (Параскева Пяценка, Параскеўя Пятніца, Параскімка, Параскіммя, Параскоўя, Параскі Асеннія) – апякунка жанчынаў і рукадзелля. 

Параскі – дзень забароны прадзення і ткання. Існавалі павер’і: хто будзе прасці, то з-пад печкі вылезе Пятніца і пакарае; яна ў выглядзе старой бабы ходзіць па вёсках і строга глядзіць, каб ніхто не праў кудзелю ў пятніцу.

Царква да гэтага дня прыстасавала святкаванне святой Параскевы Пятніцы – вялікапакутніцы.

sun9-5.userapi.com

1444 год. У бітве пры Варне загінуў Уладыслаў  III Варненчык. 

Кароль польскі (1434-1444) і венгерскі (1440-1444), вярхоўны князь літоўскі (1434-1440) з дынастыі Ягелонаў. Першы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Ад Варны пайшла пасмяротная мянушка Варненчык. 

Разам з палкаводцам Янашам Хуньядзі ўзначаліў крыжовы паход аб’яднаных польска-венгерскіх войск (1443) супраць Асманскай імпэрыі пры султане Мурадзе ІІ. 

У жніўні 1444 года заключыў у г. Сегед перамір’е на 10 гадоў, якое спыніла наступленне туркаў на Балканах. У бітве пад Варнай яго войска было  разбіта і сам ён загінуў.

wikimedia.org

1749 год. Нарадзіўся Мацей Радзівіл

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, драматург, кампазітар, аўтар лібрэта аперэт.

Яго опера «Агатка, або Прыезд пана», у якой апаэтызаваны людзі з народа, ставілася ў Нясвіжы, Варшаве, Любліне, Вільні, Львове. 

У оперы «Войт альбанскага сялення» асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі.

Аўтар вершаў, паланэзаў, санат.

Упершыню ўвасобіў тэму палявання ў жанры паланэза. 

Памёр 2 верасня 1800 года.

wikimedia.org

1831 год. Памёр Ян Ходзька. 

Пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, масон, удзельнік паўстання 1830-1831 гг. 

Працаваў старшынёй Галоўнага цывільнага суда ў Мінску. Быў суарганізатарам масонскіх лож у Мінску і Вільні. Выступаў за пашырэнне адукацыі сярод народа. 

Ганаровы член Віленскага ўніверсітэта, інспектар школ Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў. 

Па палітычных матывах і за ўдзел у паўстанні арыштоўваўся ў 1826, 1830 гг. 

Быў вязнем Петрапаўлаўскай крэпасці, сасланы ў Сібір. 

Аўтар п’ес, камедый, мемуараў, прац па гісторыі Міншчыны. 

1906 год. У Вільні пачалося выданне штотыднёвай грамадска-палітычнай, навукова-асветніцкай і літаратурна-мастацкай газеты нацыяльна-адраджэнскага кірунку «Наша ніва».  

Выдавалася ў Вільні, па-беларуску, з  10 лістапада 1906 да 7 жніўня 1915. Друкавалася кірыліцай і лацінкай, тыражом 4 500 асобнікаў. 

Выхад газеты быў спынены ў сувязі з набліжэннем расійска-нямецкага фронту да Вільні. 

Газета друкавала  вершы, нарысы, мастацкую прозу, навукова-папулярныя артыкулы, навіны. 

На старонках газеты ўпершыню апублікаваны многія творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна, З. Бядулі, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, К. Каганца і шматлікіх іншых.

Дзякуючы «Нашай ніве» адбывалася станаўленне беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі.

Газета прапагандавала здабыткі іншанацыянальных культур, змяшчала ў перакладзе на беларускую мову творы еўрапейскіх аўтараў.

wikimedia.org

1910 год. Нарадзіўся Змітрок Астапенка. 

Беларускі паэт і празаік. Вучыўся ў Мсціслаўскім (разам з А. Куляшовым), Белпедтэхнікумах, БДУ. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў.

Двойчы арыштоўваўся (1933 і 1936) і асуджаўся як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі». Пакаранне адбываў у Сібіры (некаторы час разам з М. Лужаніным). 

Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі.  Стаяў ля вытокаў беларускай навукова-фантастычнай літаратуры, аўтар навукова-фантастычнага рамана «Вызваленне сіл» (часопіс «Маладняк», 1932).

Перакладчык з украінскай і рускай моў, у тым ліку рамана М. Горкага «Маці» (1932).

Па афіцыйнай версіі загінуў ў Чэхаславакіі 7 кастрычніка 1944 года пад час боя групы 

выведнікаў з фашыстамі. Але існуюць дакументы, сведчанні, што ён у 1949 годзе быў зноў асуджаны і сасланы ў Сібір.

На фота – у цэнтры З. Астапенка, wikimedia.org

1921 год. Нарадзіўся Віктар Роўда. 

Беларускі харавы дырэжор і педагог.  Народны артыст Беларусі, СССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі .

Першы сярод музыкантаў лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” (1996), кавалер ордэна Ф. Скарыны (2006).

З яго iмем звязаны творчыя дасягненнi i мiжнароднае прызнанне Акадэмічнага хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі.

Памёр 18 лістапада 2007 года.

bis.nlb.by

1934 год. Нарадзіўся Іван Курбека.

Беларускі паэт, музейшчык, кампазітар. Музейнай справе аддаў 50 гадоў жыцця. Працаваў у Літаратурных музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

Аўтар зборнікаў і кніг гумарыстычных вершаў, лінгвістычных загадак, займальнага дапаможніка для ўдасканалення мовы, прац у калектыўных зборніках, шматлікіх літаратурна-крытычных артыкулаў, успамінаў пра тых постацей, з якімі ён сустракаўся, укладальнік альбомаў для выстаў у школе «Янка Купала», «Якуб Колас», «Якуб Колас: жыццё і творчасць». 

Памёр 1 красавіка 2009 года.

1938 год. Расстраляны НКУС Уладзімір Тэраўскі. 

Беларускі дырыжор, кампазітар, фалькларыст царкоўнаслужыцель. 

Стаяў ля вытокаў стварэння нацыянальнай оперы i нацыянальнай музычнай школы. 

Па словах З. Бядулі “хорам Тэраўскага магла б ганарыцца любая нацыя, болей культурная за нашу”, Тэраўскі – “мастак-самародак”.

Стварыў музыку да шматлікіх спектакляў купалаўскага тэатра, у тым ліку «Машэка», «Кастусь Каліноўскі»  Е. Міровіча. Найбольш вядомай стала музыка да спектакля «На Купалле» М. Чарота. 

Напісаў песні і рамансы на словы Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі і іншых. 

Аўтар гімна «Ваяцкі марш» («Мы выйдзем шчыльнымі радамі…»), гімна «Беларуская марсельеза», музыкі да песні «Купалінка», якую многія лічаць народнай.

У 1931 годзе звольнены з работы ў купалаўскім тэатры. Служыў псаломшчыкам, рэгентам царкоўнага хору ў розных саборах Мінска. 

Зноў арыштаваны 17 жніўня 1938 года. Прыгавораны 1 лістапада 1938 года да расстрэлу.

wikimedia.org

1942 год. Загінуў у ГУЛАГу Сымон Баранавых. 

Беларускі празаік, дзіцячы пісьменнік. 

Працаваў у Беларускім радыёцэнтры, у часопісе «Беларусь калгасная», у бібліятэцы Дома пісьменніка. Сябар Я. Купалы.

Аўтар зборнікаў апавяданняў, аповесцяў, раманаў.

Арыштаваны ў 1936 годзе, асуджаны да 10 гадоў лагераў. Загінуў на Калыме.

wikimedia.org

1982 год. Памёр Леанід Брэжнеў. 

Кіраўнік СССР, Генеральны Сакратар (1966-1982) і Старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета СССР (1960-1964, 1977-1982). 

Чатырохразовы Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы. 

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Парада Перамогі. Маршал Савецкага Саюза. 

Меў 117 савецкіх і замежных узнагарод, у тым ліку вышэйшага ваеннага ордэна “Перамога” (за подпісам Старшыні Вярхоўнага Савета М. Гарбачова). 

Пасля сканчэння Курскага земляўпарадкавальна-меліяратыўнага тэхнікума (1927), працаваў у Коханаўскім раёне Аршанскай акругі (зараз – в. Багданаўка Талачынскага раёна).

warheroes.ru

1983 год. З’явіўся першы камп’ютарны вірус, дакладней яго прататып. 

Амерыканскі студэнт з Універсітэта Паўднёвай Каліфорніі Фрэд Коэн склаў праграму, якая дэманстравала магчымасць заражэння кампутара з хуткасцю размнажэння віруса ад 5 хвілін да 1 гадзіны. 

На наступны год Коэн напісаў працу, у якой не толькі апярэдзіў небяспекі распаўсюджвання вірусаў па кампутарных сетках, але і распавёў аб магчымасці стварэння антывірусных праграм. 

Першы нелабараторны вірус, які называецца “Brain”, здольны заражаць толькі дыскеты, з’явіўся ў студзені 1986 года і меў пакістанскае паходжанне. А першая антывірусная праграма была распрацавана ў 1988 годзе.

remont-map.ru

 

Дзень у гісторыі. 5 лістапада. Дзень памяці Цёткі, аўтара тэксту гімна БССР Міхася Клімковіча, кінарэжысёра Віктара Турава. Выпушчана настольная гульня “Манаполія”. Адкрыты Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

1097 год. У Аповесці мінулых гадоў упершыню згадваецца Пінск (Пінеск). Другі, пасля Гродна, горад па колькасці помнікаў архітэктуры. 

Перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Буйны прамысловы цэнтр. 

Працуюць прадпрыемствы машынабудаўнічай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў, мікрабіялагічнай прамысловасці. 

Жыве 125 тысяч жыхароў.

1370 год. Памёр Казімір III Вялікі. Кароль польскі (1333—1370), апошні кароль Польшчы з дынастыі Пястаў.

Працягваў лінію свайго бацькі Уладзіслава I Лакатка на тэрытарыяльную экспансію на ўсход. Тэрыторыя каралеўства пры ім павялічылася са 106 да 270 тыс. км², за што і быў празваны Вялікім. Спрабаваў захапіць Галічыну і абвясціць сябе гаспадаром Русі.

У 1349 годзе пры падтрымцы Залатой Арды, Венгрыі і Мазовіі захапіў амаль усю тэрыторыю былога Галіцка-Валынскага княства, у тым ліку Бярэсце. У 1350 войскі ВКЛ вярнулі Бярэсце і Валынь.

Пасля перыяду збліжэння з ВКЛ (1356-1366) узнавіў барацьбу за Валынь, якая працягвалася і пры яго пераемніку Людовіку.

wikimedia.org

1827 год. Нарадзілася Гелена Скірмунт.  

Беларуская і польская мастачка. Пляменніца Напалеона Орды.

Малявала партрэты, пейзажы, абразы для касцёлаў.

Як скульптар выканала шмат распяццяў, медальёны з партрэтамі, у тым ліку І. Лялевеля, Ю. Крашэўскага. Аўтар гіпсавыя плакет «Міндоўг», «Гедзімін», гістарычных шахмат у выглядзе войска Яна III Сабескага і туркаў і іншых прац.

У 1863 годзе за спробу даставіць дэпешу Р. Траўгуту арыштавана і саслана ў Тамбоў.

Б. Залескім часткова апублікаваны яе дзённік разам з лістамі пад назвай «3 жыцця літвінкі, 1827-1874».

wikimedia.org

 1916 год. Памерла Цётка (Алаіза Пашкевіч). Беларуская паэтэса-рэвалюцыянерка, грамадскі дзеяч.

Адна з пачынальніц беларускай прозы.

Удзельніца пецярбургскага гуртка студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы». Аўтар кніг «Першае чытанне для дзетак беларусаў», першага «Беларускага лемантара».

Асноўныя матывы яе паэзіі – любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу.

1935 год. Выпушчана настольная гульня “Манаполія”.

Настольная гульня ў жанры эканамічнай стратэгіі для двух і больш чалавек.

Атрымала вялікую папулярнасць у XX стагоддзі ў шматлікіх краінах свету. 

У СССР была вядомая пад назвамі “Менеджэр”, “Імперыя”, “Бізнесмен”. 

Мэта гульні – рацыянальна выкарыстоўваючы стартавы капітал, дабіцца банкруцтва іншых гульцоў. 

Фактычна “Манаполія” уяўляе сабой гульнявое поле, якое складаецца з квадратаў, якія праходзяць па крузе ўсе гульцы па чарзе. 

Квадраты падзяляюцца на актывы (прадпрыемства, каштоўная рэч) і падзеі. 

Калі гульцу выпадае чарга хадзіць, то кідком кубіка ён вызначае, якую колькасць крокаў ён павінен здзейсніць на гульнявым полі за гэты ход (кожны крок адпавядае аднаму ачку на кубіку і аднаму квадрату на гульнявым полі).

tunnel.ru

 1939 год. Адкрыты для наведвальнікаў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Афіцыйная гісторыя музея бярэ пачатак 24 студзеня 1939 года, калі згодна з урадавай пастановай Савета Народных Камісараў БССР у Мінску была створана Дзяржаўная мастацкая галерэя. 

Найбуйнейшы музей мастацкага профілю ў краіне. 

У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах знаходзіцца больш за 27 000 твораў, якія фарміруюць 20 разнастайных калекцый і складаюць два галоўныя музейныя зборы: збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету. 

Мае сем філіялаў, у тым ліку Музей В. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве.

1954 год. Памёр Міхась Клімковіч.  Беларускі паэт, драматург, празаік, крытык, аўтар тэксту гімна БССР – «Мы, беларусы».

Першы старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (1934-1939).

У 1936 годзе спрабаваў скончыць жыццё самагубствам (перарэзаў сабе горла; быў абвінавачаны ў сувязях з «трацкістамі і нацдэмамі»).

Аўтар многіх паэм, вершаваных п’ес, драматычных твораў, некаторыя з якіх ставілася ў купалаўскім тэатры. Даследаваў беларускую літаратуру.

1977 год. Нарадзіўся Андрэй Хацяноўскі. 

Сучасны беларускі скульптар. 

Працуе ў галіне манументальнай, станковай скульптуры і ў дробнай пластыцы. 

Сярод асноўных яго прац: скульптурнае афармленне клуба «Гудвін», рэстарана «Чумацкі шлях» (Мінск), памятны знак для Касцёла Маці Божай Нястомнай дапамогі, двор былой сядзібы К. Сулістроўскага у в. Шэметава Мядзельскага раёна, скульптуры «Запрашэнне» (Рэйк’явік), войта і скарбніка каля гарадской ратушы Нясвіжа, сімвал і прыз для нацыянальнага тэлеконкурсу «Тэлевяршыня».

Адзначаны Патрыяршым Экзархам ўсяе Беларусі «за ўдзел у конкурсе эскізных праектаў аднаўлення Тураўскага крыжа».

Творы знаходзяцца ў галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі, Украіне, Расіі, Германіі, Англіі, Ісландыі, Швейцарыі.

wikimedia.org

1996 год. Памёр ураджэнец Магілёва Віктар Тураў. Беларускі кінарэжысёр і сцэнарыст. Народны артыст Беларусі і СССР. Лаўрэат многіх прэмій СССР, Польшчы, кінафестываляў.

Найбольш вядомыя яго экранізацыі «Палескай хронікі» І. Мележа «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», апавядання І. Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава».

Сярод ваеных і гістарычных фільмаў найбольш значныя:  «Я родам з дзяцінства», «Сыны ідуць у бой», «Пераправа», «Чорны бусел», «Шляхціц Завальня».

Здымаў фільмы з удзелам Ул. Высоцкага, з якім сябраваў.

Уключаны ЮНЕСКА ў лік 50 кінематаграфістаў свету, з якіх складаўся Ганаровы камітэт па святкаванню 100-годдзя кінематаграфіі.

wikimedia.org

 2016 год. Памерла Тамара Шырко. 

Геабатанік, аграхімік, глебазнавец, педагог. Кандыдат сельскагаспадарчых навук

Працавала на кафедры фізічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута, вывучала геалогію і глебы Магілёўскай вобласці (1969-1975).

Старшы навуковы супрацоўнік БелНДІ садавіна-агодніцтва і бульбаводства. Аўтар  12 кніг, сярод якіх асаблівым попытам у насельніцтва да гэтага часу карыстаецца “Аптека в саду и огороде”.

 

Дзень у гісторыі. 4 лістапада. Перамогі над маскоўскімі акупантамі пад Чуднавам і Кушлікамі. Загінулі паўстанец Якуб Ясінскі, прэм’ер-міністр Ізраіля з магілёўскімі каранямі Іцхак Рабін. Прынята Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека

1660 год. Капітуляцыя рускіх акупантаў на чале з баярынам Васілем Шарамецевым пад Чуднавам.

Войскі Рэчы Паспалітай у саюзе з крымскімі татарамі нанеслі цяжкую паразу руска-казацкаму войску Шарамецева і наказнога гетмана Цімафея Цецюры падчас вайны 1654-1667 гадоў. 

Чудноўская катастрофа мела цяжкія наступствы для рускіх войскаў, якія панеслі значныя страты. Яны змушаныя былі перайсці да абароны. 

Пераход Юрыя Хмяльніцкага на бок Рэчы Паспалітай выклікаў новы віток грамадзянскай вайны сярод запарожскага казацтва. А Расія страціла надзею на далучэнне земляў Правабярэжнай Украіны.

tunnel.ru

1661 год. У бітве пад Кушлікамі ў час вайны 1654-1667 гадоў былі разбіты войскі рускіх акупантаў. 

Войска Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам Казіміра Жаромскага, ваяводы Стэфана Чарнецкага атрымала перамогу над войскам Маскоўскага царства ваяводы Івана Хаванскага.

Войскі Хаванскага былі разбіты і іх рэшткі пераследваліся да самага Полацка, куды ўвайшло каля 3 тысяч рускіх салдатаў.

1794 год. Пры абароне Варшавы гераічна загінуў Якуб Ясінскі. 

Літоўскі і польскі ваенны і палітычны дзеяч, інжынер, паэт. 

Адзін з кіраўнікоў вызваленчага паўстання 1794 года. Генерал-лейтэнант. Кіраўнік паўстання ў Вільні. Удзельнік абароны варшаўскай Прагі.

У якасці галоўнакамандуючага літоўскімі паўстанцамі кіраваў арганізацыяй новага войска, з мэтай пашырэння сацыяльнай базы паўстання пісаў рыфмаваныя пракламацыі да сялян на беларускай мове.

Аўтар вершаў, паэм. Некаторыя рамантычныя песні Ясінскага ў свой час карысталіся вялікай папулярнасцю.

1906 год. Нарадзілася Аляксандра Нікалаева. 

Беларуская балярына. Народная артыстка.

У 1934-1960 гадах адна з вядучых танцоўшчыц тэатра оперы і балета. 

Педагог, мастацкі кіраўнік Беларускага харэаграфічнага вучылішча. 

Выконвала галоўныя ролі ў пастаноўках «Салавей» М. Крошнера, «Князь-Возера» В. Залатарова, «Канёк-Гарбунок» Ц. Пуні, «Лебядзінае возера» П. Чайкоўскага і іншых.

Памерла 16 студзеня 1997 года.

1929 год. Нарадзіўся Сяргей Карніловіч. 

Дзеяч беларускай эміграцыі  ў ЗША.

У 1944 годзе вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы у Рэгенсбургу. З 1949 года на эміграцыі ў ЗША.

Актыўна ўдзельнічаў у беларускім нацыянальна-рэлігійным жыцці, 18 гадоў ачольваў Беларуска-амерыканскі грамадскі цэнтр «Полацак».

Пахаваны на могілках Рыверсайд у Кліўлендзе, штат Агая.

могілкі Рыверсайд у Кліўлендзе, wikimedia.org

 1934 год. Нарадзіўся Уладзімір Багіна. 

Беларускі геолаг. Кандыдат геолага-мінералагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Заслужаны геолаг-разведчык.

 Працаваў на Палессі, пасля адкрыцця першага ў Беларусі Рэчыцкага радовішча нафты (1964) і арганізацыі трэста «Белнафтагазразведка» быў прызначаны галоўным геолагам Рэчыцкай нафтаразведачнай экспедыцыі глыбокага свідравання, намеснікам начальніка РУП «Белгеалогія», навуковым супрацоўнікам геолага-разведачнага інстытута.

Пры яго ўдзеле былі адкрыты і разведаны першыя, а затым шэраг іншых радовішчаў нафты ў Беларусі, у Заходняй Сібіры.

1935 год. Нарадзіўся Аляксандр Болсун

Беларускі фізік, педагог, энцыклапедыст. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт. Выхаванец  Магілёўскага педінстытута.

Прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні многіх энцыклапедычных даведнікаў, у тым ліку «Беларусь», «Чернобыль», «Автомобильные дороги Беларуси».

wikimedia.org

1937 год. Расстраляны Аляксандр Вальковіч. Беларускі грамадска-палітычны дзеяч. Прадстаўнік БНР пры ўрадзе Грузіі, міністр фінансаў БНР.

Удзельнік Першай Сусветнай вайны. Працаваў інспектарам у Наркамаце фінансаў. Арыштаваны ДПУ БССР у ліпені 1930 года, сасланы на 5 гадоў у Башкірыю. 

У 1937 арыштаваны зноў, прыгавораны да расстрэлу.

1937 год. НКУС расстраляна група беларускіх мастакоў. 

Былі расстраляны Іван Гаўрыс, вучань М. Шагала, К. Малевіча, супрэматывіст, кіраўнік УНОВИС у Віцебску, браты Пятро і Хрыстафор Даркевічы.

Іван Гаўрыс

1946 год. У Парыжы ўтворана ЮНЕСКА – Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры. 

Асноўная задача арганізацыі – садзейнічанне ўмацаванню міру і бяспекі шляхам пашырэння супрацоўніцтва народаў у галіне адукацыі, навукі і культуры ў інтарэсах забеспячэння ўсеагульнай павагі справядлівасці, законнасці і правоў чалавека, а таксама асноўных свабод, абвешчаных у Статуце ААН, для ўсіх народаў без адрознення расы, полу, мовы ці рэлігіі”.

Беларусь уступіла ў арганізаццыю 12 мая 1954 года.

1950 год. У Рыме прынята Канвенцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека). 

Канвенцыя ўстанаўлівае неад’емныя правы і свабоды кожнага чалавека і абавязвае дзяржавы, якія ратыфікавалі Канвенцыю, гарантаваць гэтыя правы кожнаму чалавеку, які знаходзіцца пад іх юрысдыкцыяй. 

Галоўнае адрозненне Канвенцыі ад іншых міжнародных дагавораў у галіне правоў чалавека – існаванне рэальна дзеючага механізму абароны дэкларуемых правоў з дапамогай Еўрапейскага суда па правах чалавека (ЕСПЧ), які разглядае індывідуальныя скаргі на парушэнні канвенцыі. 

1955 год. Памёр Генрых Грыгоніс

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст. 

Працаваў у Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі, у купалаўскім тэатры.

Ім створаны народныя характары, адметныя сакавітым гумарам, нацыянальным каларытам.

У класічным рэпертуары асаблівы поспех меў у пастаноўках па творах Мальера, У. Галубка,  Лопэ дэ Вэгі. Здымаўся ў кіно: «Кармялюк», «Хто смяецца апошнім» і іншых.

wikimedia.org

1995 год. Забіты яўрэйскім фанатыкам, праціўнікам мірных перамоў з арабамі Іцхак Рабін

Ізраільскі палітычны і ваенны дзеяч, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру. Шосты і адзінаццаты прэм’ер-міністр Ізраіля. Генерал.

Нарадзіўся 1 сакавіка 1922 года ў Іерусаліме. Яго маці Роза Каган ўраджэнка Магілёва, бацька – з Сідаравіч, што пад Кіевам.

Камандзір брыгады ў час араба-ізраільскай вайны 1948-1949, потым камандуючы Паўночнай ваеннай акругай, начальнік Генеральнага штаба, пасол у ЗША, старшыня Палітычнага камітэта Рабочай партыі Ізраіля, міністр абароны, прэм’ер-міністр.

Удзельнічаў у перамовах з палесцінцамі, прызнаў Арганізацыю вызвалення Палесціны, падпісаў мірныя дамоўленасці з ёю ў Осла (1993) і Вашынггоне (1994).

wikimedia.org