Латвія адгароджваецца. На мяжы з Беларуссю пракладзеныя першыя кіламетры агароджы

Так, Балтыйская краіна ратуецца ад наплыву мігрантаў з Беларусі. Акрамя таго, агароджа прызначаныя для стрымлівання незаконнага пранікнення мігрантаў у Еўрасаюз.

У Латвіі наплыў мігрантаў лічаць гібрыднай вайной і настойваць, што гэта праблема не знікла. Яе затуліла ўварванне Расіі ва Ўкраіну. Мяжу ж з Беларуссю па-ранейшаму спрабуюць перайсці нелегальныя імігранты, піша выданне з Даўгаўпілсу «Наша газета».

Паводле Пагранічнай службы, у жніўні 300 чалавек спрабавалі незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу. За прамінулыя дні верасня іх ужо было 150 чалавек.

Плот вышынёй амаль чатыры метры не стане панацэяй для адпужвання бежанцаў, але ім будзе цяжка пераадолець яго самастойна, лічаць латвійскія пагранічнікі.

Пакуль не было зафіксавана ніводнай спробы перабрацца праз узведзеную агароджу, але большая частка мяжы ўсё яшчэ застаецца не агароджанай, таму патэнцыйныя парушальнікі могуць проста абысці яго.

«Наша газета» адзначае, што было зафіксавана пашкоджанне часовай агароджы: памежнікі мяркуюць, што гэта справа рук іх беларускіх калегаў, якія могуць быць уцягнутыя ў незаконную міграцыю.

Падчас узвядзення плоту ўзнікаюць праблемы, звязаныя з рэльефам мясцовасці. Даводзіцца высякаць дрэвы і праводзіць канструкцыі па рэках і канавам.

Будаўніцтва плоту на мяжы з Беларуссю вядзецца ў тры этап, поўнасцю завяршыць яго плануюць у 2024 годзе. У суседняй Літве і Польшчы такі плот ужо пабудаваны.

фота: pic2.la.lv

Не хочуць заставацца рускімі. У Латвіі пачасціліся выпадкі змены нацыянальнасці

Вайна ва Украіне паўплывала на тое, што сёлета жыхары Латвіі сталі актыўней мяняць прозвішча і нацыянальнасць, імкнучыся пазбавіцца сувязі са славянскімі каранямі.

Паводле Міністэрства юстыцыі, за сёлетнія восем месяцаў імя, прозвішча або нацыянальнасць памянялі 1365 чалавек. Нацыянальнасць пажадалі змяніць 76 чалавек. Летась такіх выпадкаў было 20. Часцей за ўсё запіс «рускі» мяняюць на «латыш», «украінец», «яўрэй», «немец», ці «паляк», піша выданне Delfi.lv.

“Людзі, як правіла, паказваюць, што іх вельмі хвалююць падзеі ва Украіне, і яны баяцца, што іх прозвішча можа негатыўна паўплываць на адносіны са сваякамі, сябрамі і суседзямі, ці тое, што яны нават могуць страціць працу. Таму, нярэдка жыхары жадаюць памяняць імя ці прозвішча на балтыйскія. Да таго ж, іх прасцей выкарыстоўваць за мяжою”, – даводзіць супрацоўніца Міністэрства юстыцыі Солвіта Саўкума-Лаймеры.

Часцей за ўсё, мяняюць асабістыя дадзеныя жанчыны. Ад агульнай колькасці жыхароў за восем месяцаў бягучага года змянілі імя 76 працэнтаў жанчын і 24 працэнты мужчын. Нацыянальнасць памянялі 63 працэнты жанчын і 37 працэнтаў мужчын.

У Латвіі адмянілі выставу, прысвечаную грыбам. Яны сёлета не ўрадзілі

З-за неспрыяльных умоў надвор’я для грыбоў адменена штогадовая выстава «Грыбы 2022». Яе арганізоўваў Латвійскі нацыянальны музей прыроды. Выставу збіраліся разгарнуць 14 верасня, піша выданне Latvias Zinas.

У Латвіі сёлета халодны пачатак верасня аказаўся неспрыяльным для росту грыбоў, аднак у пачатку жніўня месцамі быў багаты ўраджай лісічак, дадае яшчэ адно выданне Tvnetgrupa.

На пачатку тыдня эксперты спадзяваліся, што выстава адбудзецца, бо ўдасца набраць для яе экспанатаў. Па іх словах, падобнае ўжо здаралася, але спецыялісты музею адшуквалі грыбы, калі лясы здаваліся «пустымі».

«Тое было некалькі гадоў таму, калі таксама было вельмі спякотнае лета, але працаваў прынцып – дзе дождж, там і грыбы. Мы ездзілі ў тыя краі, дзе былі дажджы, і сабралі даволі вялікую выставу. Як будзе сёлета, сказаць складана», – адзначалі эксперты на пачатку тыдня.

Яны не хаваюць, што не памятаюць такой малой колькасці ядомых грыбоў у параўнанні з мінулымі гадамі.

 

Латвія прыпыніла дзеянне пагаднення аб навукова-тэхнічным і эканамічным супрацоўніцтве з Беларуссю

Яго мэтаю было стварэнне спрыяльных умоваў для эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама пашырэнне эканамічнай і тэхналагічнай супрацы ў розных сфэрах.

Дзеянне дамовы застанецца «замарожаным» да рашэння Кабінета міністраў аб яго аднаўленні. Раней пытанне аб прыпыненні пагаднення ставіла камісія латвійскага парламенту па замежных справах у адказ на падтрымку ўрадам Беларусі ваеннай агрэсіі і поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, а таксама парушэнні ёю міжнароднага права, паведамляе выданне з Даўгаўпілсу «Наша газета».

Міністэрству замежных справаў даручана паінфармаваць беларускі бок аб прыпыненні дзеяння пагаднення.

фота: aif.by

Латвія беларусам да 2023 году не збіраецца выдаваць паўторныя віды на жыхарства

Урад краіны падтрымаў папраўкі ў закон аб іміграцыі, якія прадугледжваюць ускладненне ўмоваў выдачы пасведчання на права пражывання ў Латвіі грамадзянам Расіі і Беларусі.

Да 30 чэрвеня 2023 года будзе спынена выдача паўторных ВНЖ грамадзянам Расіі і Беларусі, за выключэннем асоб, якія знаходзяцца ў Латвіі працяглы час. Выключэнне складаюць былыя грамадзяне Латвіі або не грамадзяне, якія не маюць права на атрыманне пастаяннага дазволу на пражыванне або статусу пастаяннага жыхара Еўрапейскага Саюзу з-за недастатковага ведання дзяржаўнай мовы, піша выданне «Наша газета».

Нормы, прадугледжаныя прававым актам, не закранаюць правы асобаў, якія шукаюць міжнароднай абароны.

Папраўкі мае зацвердзіць Сойм.

Тым часам, краіны Балтыі дамовіліся істотна абмежаваць перасячэнне межаў грамадзянамі Расіі, у тым ліку тых, у каго ёсць шэнгенскія візы, напісаў у Twitter міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч.

Паводле яго, рашэнні будуць прыняты ўрадамі краін Балтыі згодна з працэдурамі нацыянальнага заканадаўства, і набудуць моц адначасова.

фота: bbci.co.uk

Недалёкае замежжа. Як беларусы ў кампаніі з расіянамі абыходзяць санкцыі. Прыклад Латвіі

Да мінулага тыдня латвійская мытня зафіксавала 1339 магчымых парушэнняў па абыходзе санкцый, уведзеных у дачыненні да Расіі і Беларусі. Узбудзіла 32 крымінальныя справы.

Сярод найбольш класічных метадаў абыходжання санкцый – указанне мытных кодаў, адрозных ад тых, якія мусяць быць задэклараваныя. 

Напрыклад, у Еўразвяз нельга ўвозіць драўніну, а драўляныя канструкцыі можна. Бізнэсмены з Беларусі спрабуюць старыя шпалы і цвікі задэклараваць як будаўнічыя канструкцыі.  Бутэлькі з алкаголем у форме скрыпкі ў дакумэнтах назваюць кухонным начыннем, піша партал LSM.lv.

Паводле кіраўніка Латвійскай асацыяцыі лагістыкі Нормунда Круміньша, навіны з расійскай інфармацыйнай прасторы сведчаць, што многія заходнія брэнды, якія пакінулі Расію адразу пасля пачатку вайны ва Ўкраіне, вярнуліся на паліцы крамаў. А Казахстан выдзяляецца як адна з краін, якую Расія можа выкарыстоўваць для абыходу санкцый. Абедзьве дзяржавы знаходзяцца ў адным мытным саюзе.

«Расійскай кампаніі нескладана заснаваць, напрыклад, кампанію ў Казахстане, якая закупляе тавары ў легальнага дылера, а далей – бо гэта мытны саюз, унутраных межаў у прынцыпе не існуе – далей гэтыя тавары з’яўляюцца на паліцах Расіі” – тлумачыць Нормунд Круміньш.

Паводле статыстыкі латвійскай чыгункі доля казахстанскіх грузаў у чыгуначных перавозках значна павялічылася – з 0,4% летась да 25% сёлета. Вугаль з Казахстану замяняе расійскі вугаль, але відавочна, што калі б гэты паток быў не выгадны Расіі, яго б ужо закрылі, адзначае LSM.lv.

Казахстан, Узбекістан, Кіргізія, Сербія, Турцыя і афрыканскія краіны, якія не ўводзілі санкцыі супраць Расіі, згадваюцца Службаў фінансавай разведкі Латвіі сярод юрысдыкцыяў, у якія, і, з якіх павялічыўся аб’ём плацяжоў з моманту ўвядзення санкцый.

Служба фінансавай разведкі ў супрацоўніцтве з іншымі ўстановамі і найбуйнымі банкамі фіксуе найболей тыповыя выпадкі, якія сігналізуюць аб абыходзе санкцыяў.

Паводле намесніка начальніка аддзелу стратэгічнага аналізу Службы фінансавай разведкі Паўліса Ільянкова «найчасцей гэта віды новых плацёжных сэрвісаў, якія менш празрыстыя – тыя ж віртуальныя валюты».

фота: bb.lv

Недалёкае замежжа. На сайце латвійскага прэзідэнта больш не будзе рускай мовы. У Літве абліваюць савецкія помнікі чырвонай фарбай

Так рэагуюць у гэтых краінах на вайну Расіі ва Украіне.

«Пытанне камунікацыі на рускай мове стала адчувальным».

Інфармацыя на сайце прэзідэнта Латвіі Эгіла Левітса будзе цяпер падавацца толькі на латышскай і англійскай мовах.

У Медыя-цэнтры Дзяржаўнай канцылярыі прэзідэнта тлумачаць, што пытанне камунікацыі дзяржаўнага кіравання на рускай мове ў сувязі з вайной Расіі ва Украіне стала вельмі адчувальным, таму было прынятае рашэнне прадастаўляць міжнароднай аўдыторыі інфармацыю толькі на англійскай мове.

g2.delphi.lv

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва Delfi, да раніцы 24 жніўня на сайце прэзідэнта рускамоўная версія была даступнай.

У Літве пачаўся інтэнсіўны перагляд і дэмантаж помнікаў савецкага часу. Іх сталі абліваць чырвонай фарбаю.

З пачаткам вайны Расіі ва Украіне ў многіх гарадах Літвы савецкія помнікі сталі абліваць чырвонай фарбай.

nedelia.lt

Апошні такі выпадак здарыўся ў мястэчку Цітувенай Кельмескага раёну. Паліцыя шукае зламыснікаў і пачата дасудовае расследаванне аб знішчэнні і псаванні маёмасці. Памер шкоды ўстанаўліваецца.

cdn.optipic.io

Калі выкрыюць парушальнікаў грамадскага парадку, то паводле Крымінальнага кодэксу, ім пагражае пакаранне ад грамадскіх працаў да пазбаўлення волі на два гады.

Па ўварванні Расіі ва Украіну ў Літве пачаўся інтэнсіўны перагляд і дэмантаж помнікаў савецкага часу, піша інфармацыйнае агенцтва Delfi. Паводле выдання гэта стала магчымым пасля лібералізацыі правілаў абыходжання з такімі помнікамі.

фота: yaplakal.com

Навіны пабрацімаў. Мясцовую ўладу Краславы заклікаюць знайсці іншую назву вуліцы імя Церашковай

Да муніцыпалітэту Краслаўскага павету звярнуўся Цэнтр грамадскай памяці. Ён вызначыў больш за 90 вуліц у латвійскіх гарадах, названых у гонар савецкіх дзеячаў і якія, лічыць ён, павінны быць змененыя. Перайменаванне яшчэ 50 вуліц мае быць вынесена на грамадскае абмеркаванне.

Неабходнасць перайменавання вуліц у латвійскіх гарадах актуалізавала поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны. Іх назвы атаясамляюцца з савецкай спадчынай, якую ўспрымаюць у краіне за акупацыйную.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Прыняцце рашэння аб пераназванні вуліц – прэрагатыва органаў мясцовай улады, піша агенцтва TVNET/LETA

У Цэнтры грамадскай памяці лічаць, што вуліцы імя Церашковай у латвійскім горадзе не павінна быць. У ім адзначаюць, што Валянціна Церашкова – уплывовы дзеяч расійскай вертыкалі ўлады:

– Давераная асоба прэзідэнта Пуціна і генерал-маёр Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі;

– Дэпутат Дзяржаўнай думы;

– Намесніца старшыні Камісіі па замежных справах;

– Член калегіі Міністэрства замежных справаў;

– Член Вышэйшага савету кіроўнай партыі «Адзіная Расія».

На зварот Цэнтру грамадскай памяці самакіраванне Краслаўскага павета і мэр Краславы Гунарс Упеніекс не адказалі. 


Краслава – пабрацім гораду Горкі. Дамова аб пабрацімстве была падпісаная ў 2013 годзе на II Латвійска-беларускім форуме гарадоў пабрацімых у Даўгаўпілсе.

Краслава – адміністрацыйны цэнтр Краслаўскага краю. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе краіны, на рацэ Дзвіна – за 4 км ад чыгуначнай станцыі Краслава на лініі Даўгаўпілс – Полацк. Насельніцтва 10 тысяч чалавек. Традыцыйная беларуская назва – Краслаўка, Краслаў.


 

Навіны пабрацімаў. Урад Латвіі вінаваціць самакіраванне Даўгаўпілсу ў сабатажы, бо яно адмаўляецца дэмантаваць савецкія мемарыялы

Пад дэмантаж падпадаюць мемарыялы, якія, згодна з латвійскім заканадаўствам, услаўляюць акупацыйную ўладу СССР ці нацысцкую Нямеччыну, а таксама таталітарызм, гвалт, ваенную агрэсію ды ідэалогію або атрымоўваюць знакі савецкай улады ці нацызму.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


У краіне такіх помнікаў налічылі 69. У Латгаліі 22 і два з іх знаходзяцца ў найбуйнейшым горадзе рэгіёну Даўгаўпілсе. Яго самакіраванне адмаўляецца выконваць патрабаванне ўраду, бо лічыць, што Закон, які прадпісвае знос помнікаў, прыняты з парушэннем канстытуцыі. Акрамя таго, на такія працы мясцовая ўлада не мае сродкаў.

Кіраўнік думы Андрэй Элксніньш настойвае: яго калегам не зразумелыя крытэры выбару помнікаў, якія трэба зносіць.

«На наш погляд, – заяўляе ён – у Даўгаўпілсе няма помнікаў, якія ўслаўляюць савецкі рэжым, а ёсць помнікі і мемарыяльныя аб’екты ў гонар загінулых у Другой сусветнай вайне салдат, якія вызвалілі свет ад нацызму».

Кіраўнік Міністэрства аховы асяроддзя і рэгіянальнага развіцця ўраду Артурс Томс Плешс лічыць дзеянні Даўгаўпілскага самакіравання падобнымі да сабатажу латвійскага закона, што на ягоную думку, «у цяперашніх геапалітычных умовах зʼяўляецца асабліва трывожнай сітуацыяй».

Ён настойвае: гарадская дума не павінна марудзіць з выкананнем закону і цягам тыдня прадставіць міністэрству план дзеянняў па зносе помнікаў.

«Міністэрства без ваганняў прыме меры для выканання ўстаноўленых законам нормаў», падкрэслівае ўрадовец.


Даўгаўпілс горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


фота: la.lv

Навіны пабрацімаў. Прадпрыемствы Латгаліі заклапочаныя дарагоўляй энерганосьбітаў, адсутнасцю пэўнасці з пастаўкамі газу і наагул перспектывамі, на якія ўплывае вайна ва Ўкраіне

Гэта засведчыла апытанне мясцовых прадпрыемстваў, чый гадавы абарот складае не менш за два мільёны еўра.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


У латышскім рэгіёне Латгалія тамтэйшы Даўгаўпілс «сябруе» з Бабруйскам, а Краслава – горад пабрацім Горак.

Электраэнэргія

Кіраўнікі прадпрыемстваў з Латгаліі адзначаюць, што цэны на электраэнергію сталі расці яшчэ да вайны ва Ўкраіне.

«У студзені мінулага году кошт аднаго мегавата складаў 16 еўра, а ў гэтым годзе – ужо больш за 100 еўра. Павелічэнне амаль у сем разоў. У нас спажыванне высокае, і гэта аб’ёмныя і вялікія сумы» – наракае кіраўніцтва Даўгаўпілскага лакаматыва рамонтнага заводу.

Гэтае прадпрыемства адно з найбольш пацярпелых у Латвіі ад наступстваў вайны ва Ўкраіне. Яно згубіла «долю рынку ва Ўкраіне і Расеі». Украінскі партнёр, якому былі зробленыя лакаматывы, не можа расплаціцца, праз накладзены Нацбанкам Украіны мараторый на валютныя аперацыі за мяжу. Завод вымушаны быў звольніць частку працоўнага калектыву і цяпер шукае, як пераадолець узніклыя праблемы.

Рост цэнаў на электраэнергію адбіваецца на сабекошце прадукцыі. На некаторых прадпрыемствах Латгаліі прадукцыя стала даражэй на 10 працэнтаў, піша інтэрнэт-выданне «Наш горад».

Даступнасць прыроднага газу

Прадпрымальнікі занепакоеныя даступнасцю прыроднага газу. У вялікіх аб’ёмах ён патрэбны, напрыклад, Даўгаўпілскаму хлебазаводу – Latvijas maiznieks. Дагавор на яго пастаўку заключаны да канца году.

grani.lv

Паводле кіраўніка Латгальскага цэнтру прадпрымальніцтва Андрыса Куцынса дамовы на пастаўку газу заключаюцца на кароткі тэрмін, і немагчыма зразумець, якое будзе ўмяшанне дзяржавы ў сферу бізнесу са скарачэннем гэтых энергарэсурсаў.

«Я разумею, што перамовы ідуць, але чым яны скончацца, незразумела», – адзначае ён.

Згубленыя рынкі…

Прадпрыемствы мясцовай спецыяльнай эканамічнай зоны, аналага беларускіх Свабодых эканамічных зон, згубілі свае рынкі ў Беларусі і Расіі.

Па словах кіраўніцы прамысловага асяродка Крысты Фрэйберг, пачатак вайны ва Ўкраіны стаў «ударам» для 20 кампаніяў, якія працуюць на пляцоўках эканамічнай зоны.

cdn.u.media

“Былі заблакаваныя ланцужкі паставак для некаторых нашых прадпрыемстваў, якія мелі вялікую долю экспарту непасрэдна на Ўсходзе – ў Расіі і Беларусі. Але не толькі сыравіна, але і кліенты, і экспарт важныя. Некаторыя нашы кампаніі экспартавалі амаль 90% у гэтыя краіны, і ў гэтым выпадку ўвесь экспартны ланцужок спыніўся”, – тлумачыць Фрэйберг.

Нявызначанасць будучыні

Прадпрымальнікі Латгаліі занепакоеныя нявызначанасцю ў будучыні, заўважае выданне «Наш горад».

Паводле кіраўніка Латгальскага цэнтру прадпрымальніцтва Куцінса вайна ва Ўкраіне «стане выпрабаваннем для латгальскіх прадпрыемстваў, каб утрымацца на плыву і адаптавацца да інфляцыйных умоў».

visitdaugavpils.lv

«Прадпрымальнікі занепакоеныя невядомасцю, што будзе праз месяц, два, тры, у наступным годзе… Гэта таксама стварае добрую глебу для рознага роду меркаванняў, не заснаваных на лічбах. Але гэта няведанне – боязь планавання і ў доўгатэрміновай перспектыве» – даводзіць ён.

Энергетычная бяспека і даступнасць прадпрыемствам патрэбны для таго, каб мець магчымасць планаваць і развівацца, але, хутчэй за ўсё, як неафіцыйна заяўляюць самі бізнесмены, вялікая яснасць адносна рэальнай будучыні зʼявіцца толькі пасля запланаваных на пачатак кастрычніка выбараў у парлямент краіны, калі стане вядомы склад новага ўрада, падсумоўвае выданне “Наш горад”.