У Латвіі адмянілі выставу, прысвечаную грыбам. Яны сёлета не ўрадзілі

З-за неспрыяльных умоў надвор’я для грыбоў адменена штогадовая выстава «Грыбы 2022». Яе арганізоўваў Латвійскі нацыянальны музей прыроды. Выставу збіраліся разгарнуць 14 верасня, піша выданне Latvias Zinas.

У Латвіі сёлета халодны пачатак верасня аказаўся неспрыяльным для росту грыбоў, аднак у пачатку жніўня месцамі быў багаты ўраджай лісічак, дадае яшчэ адно выданне Tvnetgrupa.

На пачатку тыдня эксперты спадзяваліся, што выстава адбудзецца, бо ўдасца набраць для яе экспанатаў. Па іх словах, падобнае ўжо здаралася, але спецыялісты музею адшуквалі грыбы, калі лясы здаваліся «пустымі».

«Тое было некалькі гадоў таму, калі таксама было вельмі спякотнае лета, але працаваў прынцып – дзе дождж, там і грыбы. Мы ездзілі ў тыя краі, дзе былі дажджы, і сабралі даволі вялікую выставу. Як будзе сёлета, сказаць складана», – адзначалі эксперты на пачатку тыдня.

Яны не хаваюць, што не памятаюць такой малой колькасці ядомых грыбоў у параўнанні з мінулымі гадамі.