Навіны Мікалаева: Дрон на народныя сродкі. Гінуць дзеці. У сяле разбурэнні на 98%. У горад вярнулася да 70 тысяч жыхароў.

“Разам – да перамогі!” – мікалаеўцы сабралі сродкі на новы дрон для сваёй арміі – паведамляе Карабелаў.Інфа.

Да збору на беспілотнік далучыліся і простыя працоўныя, і пенсіянеры, і медыкі, і самі вайскоўцы. Гэтым учынкам грамадзяне набліжаюць перамогу Украіны.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Шматлікія сёлы Мікалаеўскай вобласці разбураны акупантамі на 70-90%. А вось сяло Пасад-Пакроўскае, на  мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей, не мае ніводнага ацалелага дома – населены пункт разбураны амаль на 98%, – паведамляюць мясцовыя СМІ.

Расійскія акупанты ператварылі сяло ў руіну: знішчаны школа, дзіцячы сад, дом культуры, магазіны, аптэкі. На сёння ў сяле застаецца каля 200 мясцовых жыхароў – менш за дзесятую частку даваеннага насельніцтва.

Гінуць дзеці

Напярэдадні Старага Новага года ў Ачакаве Мікалаеўскай вобласці пахавалі трохгадовага Расціслава Прысяжнага – піша www.0512.com.ua. Сэрца хлопчыка літаральна разарвалася ад магутнага выбуху, які адбыўся 9 студзеня. Выбух быў такой моцы, што яго чулі нават у Мікалаеве.

Нягледзячы на жыццё ва ўмовах жортскай вайны, мікалаеўцы знаходзяць сілы, час, каб наведваць ўстановы культутуры,  заапарк.

У Мікалаеўскім заапарку камчацкім мядзведзям  Мірону і Вакуле споўнілася па 23 гады, а ўчора, 13 студзеня, адсвяткаваў свой дзень нараджэння амурскі леапард Раё.

Улюбёнцаў наведвальнікаў Мірона і Вакулу павіншаваць не ўдаецца – яны не выходзяць з бярлогі, у іх глыбокі зімовы сон. А вось амурскі леапард захоўвае бадзёрасць.

У Мікалаеве застаюцца складанымі пытанні электра-, цепла- і водазабеспячэння, але гэта не пужае гараджан. Па даных главы ваеннай адміністрацыі Кіма, у Мікалаеў ужо вярнулася 50-70 тысяч чалавек..

У бліжэйшы час у горадзе плануюць адкрыць тэатры і  музеі, перайсці да навучання ў школах оф-лайн, адрадзіць бізнес.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

МЗС Беларусі не мае інфармацыі аб забароне грамадзянам Беларусі наведваць Польшчу і краіны Балтыі

Ведамства зняпраўджвае звесткі «шэрагу інфармацыйных рэсурсаў» аб увядзенні забароны для беларусаў, якія маюць шэнгенскія візы. Тым часам, у Літве не выключаюць, што такія захады могуць быць уведзеныя.

“Па стане на сённяшні дзень (19 верасня), у МЗС Беларусі няма ніякай афіцыйнай пацвярджальнай інфармацыі на гэты конт”, – заявілі ў прэс-службе МЗС Беларусі, піша БелТА.

Паводле выдання, раней шэраг інфармацыйных рэсурсаў распаўсюдзіў інфармацыю, што Эстонія, Латвія, Літва і Польшча ўводзяць забарону на ўезд грамадзян Расіі і Беларусі з шэнгенскімі візамі, выдадзенымі ў іншых дзяржавах ЕС.

Адно з расійскіх інфармацыйных агенцтваў апублікавала такую інфармацыю, спасылаючыся на МЗС Эстоніі.

«Разам з тым карэспандэнту БЕЛТА на сайце МЗС Эстоніі не ўдалося знайсці пацвярджэння, каб гэта забарона датычылася і грамадзян Беларусі. У адной з публікацый гаворка толькі аб тым, што Эстонія разам з Латвіяй, Літвой і Польшчай забароніць уезд праз знешнюю мяжу для грамадзян Расіі, якія маюць кароткатэрміновую шэнгенскую візу. У Эстоніі забарона на ўезд уступае ў сілу з 19 верасня», гаворыцца ў публікацыі БелТА.

З 19 верасня ў краінах Балтыі і Польшчы набывала моц забарона на ўезд расійскіх турыстаў з шэнгенскімі візамі праз знешнія межы Еўрапейскага саюзу. У Літве загаварылі аб падобных захадах адносна беларусаў, пісаў Магілёў.media.

Забарона на ўезд грамадзян Расіі, звязаны з вайной ва Ўкраіне.

Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце даводзіць, што цяпер вырашаюць пытанне, ці не прыняць падобнае рашэнне адносна беларусаў.

«Я ясна бачу, што беларускі рэжым таксама ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях і арганізуе гібрыдныя атакі супраць Літвы, выкарыстоўваючы нелегальных мігрантаў. Я думаю, што гэта сур’ёзныя аргументы для вырашэння пытання беларусаў», – лічыць урадоўца.

фота: prsa.pl

Латвія беларусам да 2023 году не збіраецца выдаваць паўторныя віды на жыхарства

Урад краіны падтрымаў папраўкі ў закон аб іміграцыі, якія прадугледжваюць ускладненне ўмоваў выдачы пасведчання на права пражывання ў Латвіі грамадзянам Расіі і Беларусі.

Да 30 чэрвеня 2023 года будзе спынена выдача паўторных ВНЖ грамадзянам Расіі і Беларусі, за выключэннем асоб, якія знаходзяцца ў Латвіі працяглы час. Выключэнне складаюць былыя грамадзяне Латвіі або не грамадзяне, якія не маюць права на атрыманне пастаяннага дазволу на пражыванне або статусу пастаяннага жыхара Еўрапейскага Саюзу з-за недастатковага ведання дзяржаўнай мовы, піша выданне «Наша газета».

Нормы, прадугледжаныя прававым актам, не закранаюць правы асобаў, якія шукаюць міжнароднай абароны.

Папраўкі мае зацвердзіць Сойм.

Тым часам, краіны Балтыі дамовіліся істотна абмежаваць перасячэнне межаў грамадзянамі Расіі, у тым ліку тых, у каго ёсць шэнгенскія візы, напісаў у Twitter міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч.

Паводле яго, рашэнні будуць прыняты ўрадамі краін Балтыі згодна з працэдурамі нацыянальнага заканадаўства, і набудуць моц адначасова.

фота: bbci.co.uk