Латвія беларусам да 2023 году не збіраецца выдаваць паўторныя віды на жыхарства

Урад краіны падтрымаў папраўкі ў закон аб іміграцыі, якія прадугледжваюць ускладненне ўмоваў выдачы пасведчання на права пражывання ў Латвіі грамадзянам Расіі і Беларусі.

Да 30 чэрвеня 2023 года будзе спынена выдача паўторных ВНЖ грамадзянам Расіі і Беларусі, за выключэннем асоб, якія знаходзяцца ў Латвіі працяглы час. Выключэнне складаюць былыя грамадзяне Латвіі або не грамадзяне, якія не маюць права на атрыманне пастаяннага дазволу на пражыванне або статусу пастаяннага жыхара Еўрапейскага Саюзу з-за недастатковага ведання дзяржаўнай мовы, піша выданне «Наша газета».

Нормы, прадугледжаныя прававым актам, не закранаюць правы асобаў, якія шукаюць міжнароднай абароны.

Папраўкі мае зацвердзіць Сойм.

Тым часам, краіны Балтыі дамовіліся істотна абмежаваць перасячэнне межаў грамадзянамі Расіі, у тым ліку тых, у каго ёсць шэнгенскія візы, напісаў у Twitter міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч.

Паводле яго, рашэнні будуць прыняты ўрадамі краін Балтыі згодна з працэдурамі нацыянальнага заканадаўства, і набудуць моц адначасова.

фота: bbci.co.uk