Дзень у гісторыі. 7 снежня. Пёрл-Харбар. Нарадзіўся акадэмік Радзім Гарэцкі

Міжнародны дзень грамадзянскай авіяцыі 

Абвешчаны ў 1994 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН у сувязі з 50-й гадавінай падпісання Канвенцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі, у адпаведнасці з якой і была створана міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі ICAO.

Як вядома, 7 лістапада 1933 года, у дзень адкрыцця аэрапорта “Мінск-1”, быў выкананы першы авіарэйс Мінск-Масква. Гэта дата стала зыходным пунктам у развіцці грамадзянскай авіяцыі Беларусі.

Самалёт Белавія

Свята Кацярыны. Кацярына Санніца (народны каляндар). «Забрала край лета». 

Кацярына – апякунка незамужніх дзяўчат. Да ўзыходу сонца выходзілі дзяўчаты з прасяной кашай на дарогу і клікалі лёс. Калі певень адгукаўся – удача чакае.

Вечар пад Кацярыну – час варажбы. Дзяўчаты перад сном кладуць пад падушку кавалак хлеба і загадваюць: які суджаны прыйдзе кавалак разламаць.

Кацярынінскія гулянні – першае катанне на санях.

Яснае надвор’е на Кацярыну прадвесціць марозную зіму.

У гэты дзень упершыню пасля восеньскага вяселля паказвалася на людзі маладая.

Кацярына на санях коціць да зімовага Ягорыя (9 снежня) у госці, да халоднага Юр’я.

Калі снег упадзе на сухую зямлю і стане шлях санны, на наступны год – неўраджай.

Калі на Кацярыну адліга, ды смуга, ды золь – тады маразоў не чакай раней за Варварын дзень (17 снежня).

1863 год. Памёр Ануфрый Петрашкевіч. 

Польскі і беларускі паэт. Быў гувернёрам у Ігната Дамейкі, які стаў нацыянальным героем Чылі, і яго братоў. 

Адзін з заснавальнікаў таварыства філаматаў, распрацаваў структуру таварыства прамяністых. 

Быў пад следствам па справе  філаматаў, знаходзіўся ў ссылцы, у 1831 годзе «за сімпатыі да паўстання» быў прыгавораны да смяротнага пакарання, але прысуд замянілі на бестэрміновае пасяленне ў Сібіры. 

Актыўна збіраў філамацкую спадчыну – каля тысячы лістоў Міцкевіча, Чачота, Зана, Петрашкевіча, Дамейкі і іншых, літаратурныя творы, прамовы, песні.  

Садзейнічаў выданню «Санетаў» А. Міцкевіча, якія адразу сталі вельмі папулярнымі ў Расіі. Падрыхтаваў да выдання паэзію Тамаша Зана і Яна Чачота.

На радзіму вярнуўся толькі ў ліпені 1860 года. Пасля ягонай смерці выйшлі тры тамы дакументацыі, пяць тамоў філаматавых перапісак,  два тамы паэзіі. Архіў захоўваецца ў Варшаве, Любліне і Вільнюсе.

Паэт паслужыў прататыпам Яцака, персанажа паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды».

Ануфрый Петрашкевіч

1877 год.  У рэдакцыі часопіса “У свеце навукі” прадэманстравана першая ў гісторыі тэхнікі гуказапісвальная прылада – фанограф Томаса Эдысана. 

Яе прадэманстраваў механік Эдысана Джон Крузі. 

У фанографе гукавыя ваганні рэгістраваліся ў выглядзе баразёнкі, якая праціснута ў алавянай фальзе, якой быў абгорнуты валік. 

Першым гуказапісам сталі прачытаныя Эдысанам радкі з дзіцячага верша “У Мэры быў баранчык”. 

Якасць гуказапісу палепшылася пасля з’яўлення ў пачатку 1880-х гадоў фанографа з валікам з пластом воску.

фонограф

1897 год. У в. Казулічы Кіраўскага раёна нарадзіўся генерал Уладзімір Свірыдаў (да 1930 года – Філімон Пятровіч Свірыд).

Савецкі военачальнік, генерал-лейтэнант артылерыі.

Уладзімір Свірыдаў

1901 год. У Магілёве нарадзіўся генэтык Аляксандр Луткоў.

 Савецкі генетык і селекцыянер, вучань Г. Карпечанкі і М. Вавілава. Асноўныя навуковыя працы прысвечаны распрацоўцы праблем мутацыйнай зменлівасці і эксперыментальнага формаўтварэння ў раслін. 

1921 год. Па ініцыятыве Б. Тарашкевіча ў Радашковічах заснавана Таварыства беларускай школы (ТБШ). 

Культурна-асветная арганізацыя ў Заходняй Беларусі,якая працавала ў  1921-1936 гадах.

Радашковіцкае ТБШ далучылася да ТБШ, якое было створана ў Вільні (статут зацверджаны 1 ліпеня 1921). 

ТБШ імкнулася распаўсюджваць і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету наогул, выступала супраць паланізацыі, сацыяльнага прыгнёту, праводзіла шырокую дзейнасць па адкрыцці беларускіх школ, павышала агульнаадукацыйны і культурны ўзровень насельніцтва, яго нацыянальную свядомасць.

Забаронена польскімі ўладамі 2 снежня 1936 года. 

У Рэспубліцы Беларусь ТБШ была адноўлена як грамадскае аб’яднанне і дзейнічала ў 1996-2021 гадах.

Таварыства
Галоўная ўправа ТБШ (злева направа) у першым радзе: М. Пяткевіч, Ф. Стацкевіч, С. Паўловіч, М. Кепель; у другі радзе: Р. Шырма, П. Кізевіч, М. Марцінчык.

1928 год. Нарадзіўся Радзім Гарэцкі. 

Беларускі грамадскі дзеяч і навуковец-геолаг, акадэмік, доктар геолага-мінералагічных навук. Заслужаны дзеяч навукі. Замежны член Расійскай акадэміі навук.

Працаваў дырэктарам Геалагічнага інстытута АН СССР, Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР, быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.

Даследаваў геалагічныя платформы, карысныя выкапні Еўразіі, Беларусі, высветліў тэктанічныя заканамернасці размяшчэння многіх карысных выкапняў, адкрыў новы газаносны раён у Прыараллі, Базайскае радовішча ў Заходнім Казахстане.

Актыўна ўдзельнічаў у складанні Міжнароднай тэктанічнай карты Еўропы, тэктанічных карт Еўразіі (Дзяржаўная прэмія СССР), Беларусі і сумежных тэрыторый (Дзяржаўная прэмія БССР). Аўтар больш за 550 навуковых прац і больш за 300 навукова-папулярных выданняў, у тым ліку 46 манаграфій, 41 карты.

У 1993-2001 гадах – прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», адзін з арганізатараў з’ездаў беларусаў свету. У шматлікіх публікацыях, у кнізе «Шляхам адраджэння», выступае за дэмакратыю і дзяржаўную незалежнасць Беларусі, адраджэнне беларускай мовы і культуры.

У 2000 годзе, разам з Г. Бураўкіным і Р. Барадуліным, стаў арганізатарам Усебеларускага з’езда за незалежнасць. Узнагароджаны Медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Радзім Гарэцкі

1938 год. Расстраляны НКУС Пётр Бузук. 

Беларускі мовазнавец, лінгвіст-славіст, літаратуразнавец, паэт, празаік, педагог. Доктар філалагічных навук.

Працаваў ў БДУ, Інбелкульце,  старшынёй дыялекталагічнай камісіі, дырэктарам Інстытута мовазнаўства АН БССР, узначальваў падрыхтоўку праекту граматычнай рэформы 1933 года.

Вывучаў праблемы праславянскай мовы, праблемы ўтварэння асобных моўных груп эпохі праславянскага адзінства, пытанні агульнага і параўнальнага мовазнаўства, распрацоўваў пытанні беларускай лінгвістычнай геаграфіі. 

Даследаваў узаемаадносіны літаратурнай мовы і дыялектаў, культуру беларускай мовы, станаўленне правапісных і графічных нормаў. Вывучаў узаемасувязі ўкраінскай і беларускай моў.

Аўтар першага дыялекталагічнага атласа беларускай мовы –  першага для ўсходнеславянскіх моў, і славянскіх моў наогул – фактычна, і першай лінгвагеаграфічнай працы.

Пад псеўданімам П. Росіч пісаў апавяданні, вершы, рабіў пераклады. Член «Маладняка».

Арыштоўваўся ДПУ ў 1930, 1934, 1937 гадах, быў ў ссылцы ў Волагдзе. У 1937 годзе прысуджаны да расстрэлу. 

Пётр Бузук

1941 год.  Японская авіяцыя атакавала Пёрл-Харбар. 

Пёрл-Харбар – найбуйная ваенна-марская база ЗША ў Ціхім акіян на востраве Ааху Гавайскіх астравоў, падвергся раптоўнаму нападу японцаў. 

На працягу двух гадзін была знішчана большая частка амерыканскага Ціхаакіянскага флота: 4 лінкоры, крэйсер, 2 эсмінцы, дапаможныя судны, 188 самалётаў. 

Яшчэ 4 лінкоры, 3 лёгкія крэйсеры, эсмінец, 2 дапаможныя судны і звыш 100 самалётаў атрымалі пашкоджанні. 

Загінула больш за 3 500 амерыканцаў. Японцы страцілі 29 самалётаў і 6 падводных лодак, звыш 70 самалётаў атрымалі пашкоджанні. Загінулі 64 японцы, адзін патрапіў у палон. 

Пасля нападу, грамадская думка ў ЗША рэзка змянілася ў бок удзелу ў ваенных дзеяннях. 

Прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт назваў 7 снежня 1941 года “шокам і днём нацыянальнай ганьбы”. Лозунг “Помні Перл-Харбар” быў вядучым у вайне супраць Японіі. 

8 снежня вайну Японіі аб’явілі ЗША, Вялікабрытанія, Канада і шэраг іншых краін. 

Атака на Пёрл-Харбар

1943 год.  Загінуў Вацлаў Іваноўскі. 

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук. 

Займаўся навуковай і выкладчыцкай работай у Санкт-Пецярбургу, у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, дзе праводзіў  доследы над вырошчваннем цукровых буракоў у Віленскай губерні. Заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі (1902),  член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады.

Стварыў у Пецярбургу першае беларускае выдавецтва – суполку «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906), кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільні. Зрабіў апрацоўку першага буквара сучаснай беларускай мовы.

Удзельнік Усебеларускага з’езда (1917),  міністр асветы ва ўрадзе БНР (1918), упаўнаважаны Найвышэйшай рады БНР. Пашыраў сетку беларускіх школ на Міншчыне, кіраваў беларускім педінстытутам, загадваў кафедрай тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў Варшаўскай політэхнікі, кафедрай хімічнай тэхналогіі Віленскага універсітэта (1940-1941).

Пад час вайны быў бургамістрам Мінска (1942-1943), намеснікам старшыні Беларускага навуковага таварыства, узначальваў Беларускую народную самапомач.

Даследваў праблемы перапрацоўкі садавіны і гародніны, пякарства, спіртовыя і паліўныя сумесі як замяняльнікі традыцыйнага маторнага паліва, ачышчэння і выкарыстання фабрычных постцэлюлозных сцёкаў і іншыя.

Загінуў 7 снежня 1943 года ў выніку тэрарыстычнага замаху. 

Вацлаў Іваноўскі
Вацлаў Іваноўскі з першай жонкай Сабінай (фота з кнігі Ю.Туронка “Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі”)

1948 год. У Магілёве і Магілёўскай вобласці ўтварыўся шматсутачны галалёд.

Ён захоўваўся на працягу рэкордных 105 гадзін. 

гололед

1965 год. Усяленскі патрыярх Афінагор зняў анафему, якая была накладзена на каталіцкую царкву ў 1054 годзе. 

Гэта адбылося паводле сумеснай каталіцка-праваслаўнай дэкларацыя папы рымскага Паўла VI і ўсяленскага патрыярха Афінагора I. Дэкларацыя адмяніла ўзаемныя адлучэнні 1054 года паміж Рымска-каталіцкай і Канстанцінопальскай праваслаўнай цэрквамі.

Нагадаем, што ў 1054 годзе адбыўся падзел хрысціянства на каталіцкую і праваслаўную канфесіі.

У дэкларацыі гаварылася аб “шкадаванні” ў сувязі з адлучэннямі 1054 года, што яны ёсць вынік “злоўжыванняў”. Адзначалася, што адлучэнні былі накіраваныя супраць канкрэтных асоб і не адносіліся да цэркваў. Абодва бакі заявілі аб «шкадаванні аб абразлівых словах і неабгрунтаваных абвінавачваннях».

патрыярх Афінагор
Aankomst Patriarch Athenagoras op Schiphol samen met Griekse reder Onassis
*25 oktober 1967

1988 год. Адбыўся Спітакскі землятрус ў Арменіі. 

Магутныя падземныя штуршкі магнітудай 6,8-7,2 пачаліся а 11:41 па мясцовым часе і за паўхвіліны разбурылі амаль усю паўночную частку Арменіі, ахапіўшы тэрыторыю з насельніцтвам каля 1 мільёна чалавек. У эпіцэнтры землятрусу – Спітаку – інтэнсіўнасць штуршкоў дасягнула 9-10 балаў (па 12-бальнай шкале MSK-64). 

Падземныя штуршкі адчуваліся ў Ерэване і Тбілісі. Хваля, выкліканая землетрасеннем, абыйшла Зямлю і была зарэгістравана ў Еўропе, Азіі, Амерыцы і Аўстраліі.

Землятрус знішчыў каля 40% прамысловага патэнцыялу Армянскай ССР, дашчэнту разбурыў Спітак і 58 сёл, часткова – Ленінакан (цяпер Гюмры), Сцепанаван, Кіравакан (цяпер Ванадзор) і больш за 300 сёл. 

19 000 чалавек  сталі інвалідамі, загінулі больш за 25 000  (іншыя дадзеныя – да 150 000), 514 000 чалавек засталіся без прытулку. З-за рызыкі аварыі была спынена Армянская АЭС.

Спітакскі землятрус

Дзень у гісторыі. 6 снежня. Нарадзілася Барбара Радзівіл

Дзень святога Мікалая (каталіцкая канфесія), Мікалайкі. 

Найбольшую славу святому Мікалаю прынеслі яго незвычайная дабрыня і гатовасць заўсёды прыйсці на дапамогу бліжнім. У многіх каталіцкіх краінах існуе звычай рабіць дзецям падарункі, як гэта рабіў святы Мікалай. Атрымаць падарунак будуць радыя і дарослыя.

Святы Мікалай лічыцца апекуном падарожнікаў, дзяцей, дзяўчат на выданне, маракоў, рыбакоў, пекараў, вязняў, пастухоў. Ён ахоўвае хатнюю жывёлу ад хвароб і ваўкоў.

«На Мікалая пакінь воз, а закладзі сані», «Калі падае снег, то святы Мікалай трасе барадой». Святога Мікалая заклікалі і ва ўсіх нечаканых патрэбах, калі неабходна была дамамога гэтага цудоўнага святога.

Найстарэйшую выяву святога Мікалая можна ўбачыць у адным з касцёлаў у Бейруце – гэтая арабская фрэска паходзіць з VI ст. Асобе св. Мікалая прысвечана шмат выяваў у беларускім мастацтве, што сведчыць пра любоў і пашану да яго. 

Святы Мікалай на Беларусі лічыцца найпершым пасля Маці Божай заступнікам за людзей перад Богам. У Беларусі захавалася больш за 1 000 абразоў Святога Мікалая, пераважна ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў.

свята Мікалайкі

Дзень Узброеных сіл Украіны

Узброеныя сілы забяспечваюць стрымліванне ўзброенай расійскай агрэсіі супраць Украіны і адпор ёй, ахову паветранай прасторы дзяржавы і падводнай прасторы ў межах тэрытарыяльных водаў Украіны.

У склад Узброенных Сіл Украіны ўваходзяць сухапутныя войскі, паветраныя сілы,  Ваенна-марскія сілы.

День ВСУ

1240 год. Пасля працяглай аблогі мангола-татарскія войскі ўварваліся ў Кіеў. 

Да гэтага манголы разбілі асноўныя сілы Уладзіміра-Суздальскай зямлі, разрабавалі гарады Паўночна-Усходняй Русі. Цяпер шлях Батыя ляжаў у паўднёвыя і заходнія землі. Першым захопленым горадам стаў памежны Пераслаў, затым Чарнігаў.

Батый не жадаў разбураць прыгожы горад і прапанаваў гараджанам здацца без бою. Аднак кіяўляне вырашылі біцца да смерці. Па сведчанні летапісца “адзін біўся з тысячай, а двое – з цемраю”.

Татарам прыйшлося выкарыстоўваць сценабітныя прылады. Праз правалы ў сценах манголы ўварваліся ў горад. 6 снежня 1240 гады пала апошні пункт абаронцаў – Дзесяцінная царква. 

З 50 000 чалавек пасля пагрому ў горадзе засталося не больш за 2 000. Былі разбураны Успенскі, Сафійскі сабор, Траецкая надбрамная царква (цяпер галоўны ўваход у Лаўру), царква Спаса на Бераставе, Ірынінская і практычна ўсе кіеўскія вароты. Трагедыя адкінула Кіеў у развіціі на сотні гадоў. У 1654 годзе насельніцтва Кіева складала не больш за 6000 (у Мсціславе ў гэты час жыло каля 30 000).

манголы Кіеў

1520 год. Нарадзілася Барбара Радзівіл

Каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта II Аўгуста. “Чорная панна Нясвіжскага палаца”, “Джульета беларускага сярэднявечча”, “сярэднявечная Алена Прыгожая”.

Пачуцці Жыгімонта II Аўгуста да Барбары імкнуліся выкарыстаць для ўмацавання ўласных пазіцый яе браты Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны. Супраць шлюбу выступілі магнаты і шматлікая шляхта, незадаволеная ростам уплывовасці Радзівілаў, свякроў каралева Бона Сфорца.

Насуперак ўсім апанентам Барбара была каранавана 7 снежня 1550 года, але ў хуткім часе, 8 мая 1551 года,  памерла. Верагодна, што яе атруцілі, але ёсць меркаванні, што прычынай яе смерці была анкалагічная хвароба.

Гісторыі рамантычнага кахання Барбары з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія мастацкія творы.

Барбара

1705 год. У Гродна асвечаны касцёл Святога Францыска Ксаверыя, Фарны касцёл. 

Асвячэнне правёў біскуп Тэадор Патоцкі ў прысутнасці караля Аўгуста ІІ і цара Пятра І. Кафедральны сабор Гродзенскай дыяцэзіі, помнік архітэктуры і дэкаратыўна-манументальнага мастацтва барока і ракако, адзін з сімвалаў каралеўскага горада.

У 1725 годзе на вежу-званіцу касцёла перанесены гадзіннік з вежы езуіцкага калегіума. Пасля скасаваня кляштару езуітаў, касцёл у 1788 годзе стаў фарным.

Касцёл уяўляе сабой трохнефавую купальную базіліку з трансептам, памерам у плане 30х60 м і вышынёй 65 м.

На выяве: Малюнак Н.Орды

Гродна Фарны

1800 год. Нарадзіўся Язэп Ходзька

Беларускі геадэзіст, тапограф, географ, генерал-лейтэнант.

Праводзіў трыянгуляцыйныя работы на захадзе Латвіі, у Літве, у Гродзенскай і Мінскай губернях.

Лідары паўстання 1830-1831 гадоў меркавалі прызначыць яго камендантам Вільні. Пасля гэтага быў затраманы рускімі ўладамі і накіраваны на правядзенне тапаграфічных работ на Дунаі і Басфоры.

Склаў ваенны агляд румынскіх княстваў Малдавіі і Валахіі, правеў Закаўказскую трыянгуляцыю. Узнагароджаны вялікім Канстанцінаўскім медалём Рускага геаграфічнага таварыства.

Памёр 21 лютага 1881 года ў Тыфлісе.

Язэп Ходзька

1896 год. У Гродна нарадзіўся Восіп Любіч. 

Французскі мастак, прадстаўнік Парыжскай школы.

Працаваў алеем і гуашшу, займаўся гравюрай. Творы экспанаваліся ў Нацыянальным музеі Бецалель ў Іерусаліме, у Мілане, Турыне і Нью-Ёрку. Удзельнічаў у групавых і персанальных выставах, у тым ліку выставах «Рускія мастакі Парыжскай школы» ў Музеі Сен-Дэні і ў Доме французскай думкі ў Парыжы, у галерэі «Motte».

Яго творы захоўваюцца ў музеях Лондана, Цюрыха, Нью-Ёрка і Тэль-Авіва, у калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі ў Парыжы, 14 твораў – у карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску.

Памёр 27 лістапада 1990 года.

Фота: аўтапартрэт В. Любіча з мадэллю

Восіп Любіч

1921 год. Памёр Мікалай Янчук

Беларускі і ўкраінскі навуковец-славіст, гісторык, этнограф, фалькларыст і літаратуразнавец.

Вывучаў гарадзішчы на Койданаўшчыне. Працаваў у Маскоўскім універсітэце, прафесарам кафедры беларускай літаратуры і этнаграфіі БДУ.

Адзін з заснавальнікаў часопісу «Этнографическое обозрение».

У 1918-1921 гадах чытаў курс беларускай і ўкраінскай літаратур у Маскоўскім універсітэце, удзельнічаў у рабоце камісіі па арганізацыі БДУ.

Член Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве, супрацоўнічаў з Беларускім нацыянальным камісарыятам і Беларускім пададдзелам аддзелу асветы нацыянальных меншасцяў Народнага камісарыяту асветы РСФСР.

Пісаў на беларускай, польскай і рускай мовах, валодаў палескай гаворкай.

Мікалай Янчук

1925 год. Адкрылася Першая Усебеларуская мастацкая выстаўка. 

Была прысвечана юбілею рэвалюцыі 1905 года і 400-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Экспазіцыя была размешчана ў Мінску, у будынку Камуністычнага ўніверсітэта па вул. Універсітэцкай, 27 (цяпер — вул. Кірава, 21) і ўключала больш за 1000 твораў. На выставе экспанаваліся ўзоры старажытнага мастацтва: крыж Ефрасінні Полацкай, копіі фрэсак полацкіх цэркваў, кніжныя выданні, эксклібрысы, абраз XVII стагоддзя «Ушэсце Гасподне» беларускай школы іканапісу (са Стэфанаўскай царквы XVII стагоддзя ў Слуцку).

Свае творы прадставілі і шматлікія мастакі, у тым ліку Леў Зевін, Абрам Бразер, Уладзімір Кудрэвіч, Леў Альпяровіч, Міхась Філіповіч, Гаўрыла Віер, Валянцін Волкаў, Генадзь Змудзінскі.

Фота: Абрам Бразер. Партрэт Іегуды Пэна, 1921.

Бразер

1926 год.  Адбылося Другое ўзбуйненне БССР. Тэрыторыя павялічылася на 15,7 тысяч км², насельніцтва на 649 000 чалавек.

Першае ўзбуйненне тэрыторыі БССР адбылося  ў 1924 годзе. У яго выніку тэрыторыя краіны павялічалася з 52,4 да 110,6 тыс. км², а насельніцтва з 1,5 да 4,2 мільёна чалавек. Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР.

Пасля дзяржаўнага перавароту ў Польшчы ў 1926 годзе і пагаршэння адносін з СССР саюзнае кіраўніцтва вырашыла другім узбуйненнем БССР актывізаваць беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі і паменшыць падтрымку польскіх улад насельніцтвам. 

Менавіта таму ініцыятарам другога узбуйнення БССР быў Наркамзамежспраў СССР, які 8 верасня 1926 года прыняў пастанову аб неабходнасці настойваць у палітбюро ЦК УКП(б), каб Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі далучаны да БССР. 

Створаная камісія на чале з Я.Пэтэрсам знайшла на Гомельшчыне ў значнай ступені русіфікаванае насельніцтва. 

Аднак ЦК КП(б) Беларусі здолеў пераканаць ЦК УКП(б) аб неабходнасці далучэння Гомельшчыны да БССР. 

4 снежня 1926 года на аб’яднаным пленуме Гомельскага губернскага і гарадскога камітэтаў КП(б)Б выступіў сакратар ЦК УКП(б) М.Швернік, які праінфармаваў аб пастанове палітбюро далучыць Гомельскі і Рэчыцкі паветы да БССР. 

Праз два дні адбылося другое узбуйненне БССР, у выніку якога тэрыторыя БССР павялічылася на 15,7 тысяч км² да 126,3 тыс. км² а насельніцтва падрасло на 649 000 чалавек да 4,9 мільёнаў.

2 узбуйненне БССР

1930 год. Рэпрэсіі ў БССР. Шэраг навукоўцаў пазбаўленыя звання акадэмікаў.

Звання акадэміка былі пазбаўлены «ворагі пралетарскай дыктатуры»  Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Пічэта, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч, Гаўрыла Гарэцкі і Аляксандр Дубах.

У 1930 годзе ў палітычнай справаздачы цэнтральнага камітэта XVI з’езда ВКП(б) І. Сталін заявіў: “Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва з’яўляюцца неабходным элементам наступлення…”. 

Першай вялікай сфальсіфікаванай палітычна-крымінальнай справай стала справа “Саюза вызвалення Беларусі”. Яна пачалася 17 лютага 1930 года арыштам П. Ільючонка (1891-1945). 

Па справе вясной – летам 1930 года было арыштавалі 108 дзеячаў беларускай навукі і культуры. Абвінавачанні ў належнасці да “Саюза” выстаўляліся і Я. Купалу, Я. Коласу.

Гаўрыла і Максім Гарэцкія
Гаўрыла і Максім Гарэцкія

 

1933 год. Нарадзілася Зінаіда Мажэйка

Беларускі этнамузыказнаўца. Доктар мастацтвазнаўства. Заслужаны дзеяч мастацтваў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі.

Працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі ў галіне тэарэтычнай этнамузыкалогіі і практычнай фалькларыстыкі.

Пры яе рэжысуры зняты пяць дакументальных музычна-антрапалагічных кінафільмаў. 

Да асноўных яе прац адносяцца: “Песенная культура Беларускага Палесся”, ”Песні беларускага Паазер’я”, “Песні Беларускага Падняпроўя”, “Каляндарна-песенная культура Беларусі…”, “Народна-песенная культура Беларусі ў агульнаславянскім кантэксце…” і іншыя.

Памерла 8 сакавіка 2014 года.

Зінаіда Мажэйка

1947 год. Нарадзіўся Георгій Ліхтаровіч

Беларускі фотамастак, літаратар.

Ілюстраваў першыя тамы «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», выкладаў фотаграфіку ў Тэатральна-мастацкім інстытуце.

Выдаў фотаальбом «Добры дзень, Беларусь», аўтар кніг вершаў, раманаў.

Прымаў удзел у фатаграфічных і мастацкіх выставах, пленэрах памяці Язэпа Драздовіча, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. Удзельнічаў у перадачах беларускага Радыё Свабода.

Найбольш значныя выданні: «Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся», «Мастацтва, створанае народам», «Мінск», «Гродна», «Траецкае прадмесце», «Добры дзень, Беларусь», «Беларуская кафля», «Веткаўскі музей…», «Жывапіс Беларусі XII-ХVIII стагоддзяў», «Пластыка Беларусі XII-ХVIII стагоддзяў», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII-ХVIII стагоддзяў», «Іканапіс Беларусі XII-ХVIII стагоддзяў», «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка» і іншыя.

Георгій Ліхтаровіч

Дзень у гісторыі. 5 снежня. Нарадзіўся Алесь Разанаў. Магілёў стаў культурнай сталіцай

Міжнародны дзень валанцёраў 

Дзень добраахвотнікаў у імя эканамічнага і сацыяльнага развіцця (International Volunteer Day, з 1985 года) устаноўлены па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН

Валанцёры – гэта людзі, якія ў свой вольны час працуюць на грамадства. 

Добраахвотнікаў можна сустрэць у якасці персаналу на Алімпійскіх гульнях або ў якасці рознарабочых пры аднаўленні разбурэнняў. Такія людзі добраахвотна выклікаюцца дапамагаць прыбіраць грамадскую тэрыторыю, распаўсюджваць плакаты ці брашуры сацыяльнай кампаніі, гатовы бясплатна праводзіць экскурсіі па родным горадзе, быць перакладчыкамі на вялікіх міжнародных спартыўных спаборніцтвах. Больш за тое, добраахвотнікі дапамагаюць персаналу ў дзіцячых дамах і дамах састарэлых, спяшаюцца на дапамогу пры ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў.

І грамадства, несумненна, мае патрэбу ў рэзультатыўнай працы валанцёраў. ААН увесь час заклікае дзяржавы прымаць меры ў мэтах павышэння дасведчанасці аб важным унёску службы добраахвотнікаў, і тым самым заахвочваць яшчэ больш людзей ва ўсіх сферах дзейнасці прапаноўваць свае паслугі ў якасці добраахвотнікаў як на радзіме, так і за мяжой.

Дзень валанцёра

Пракоп і Сава (народны каляндар). «Прыйдзе Пракоп хмуры – раскапае гуры». «Барбара мосьціць, Сава цьвікі вострыць, а Мікола прыбівае».

1360 год. З’яўленне франка. 

Французскі кароль Ян II Добры з мэтай сабраць грошы для выплаты выкупу ангельцам падпісаў спецыяльны ўказ аб чаканцы залатой манеты вагой 3,88 грама і дыяметрам 29 міліметраў з лацінскім надпісам на аверсе Johannes Dei gratia Francorum rex –  “кароль франкаў”. 

Адсюль пайшла назва манеты франк, пазней і валюты, якая мела хаджэнне ў Францыі да ўвядзення еўра ў 2002 годзе. 

У наш час франк захоўваецца ў Швейцарыі (швейцарскі) і некаторых краінах Цэнтральнай і Заходняй Афрыкі.

манета

1484 год. Папа Інакенцій VIII выдаў булу “З найвялікшай стараннасцю”. 

У адпаведнасці з ёй інквізітарам надаваліся выключныя паўнамоцтвы ў справе палявання на ведзьмаў. Быў пакладзены пачатак аднаму з самых крывавых і працяглых у гісторыі чалавецтва нялюдскіх пераследаў нявінных ахвяр. 

Рымская інквізіцыя ранняга Новага часу разгледзела, як лічыцца, 50-70 тысяч спраў, пры гэтым адправіла на пакаранне смерцю каля 1300 чалавек. 

Паляванне на ведзьмаў было больш разбуральным – тут налічваюць некалькі дзесяткаў тысяч спаленых. 

Іспанская інквізіцыя скасавана ў 1808 годзе Жозэфам Банапартам, французская канчаткова скасавана ў 1834 годзе. 

Інквізіцыя (лац. Inquisitio – “вышук”, “расследаванне”) існуе і сёння, толькі памяняла шыльду. Кангрэгацыя інквізіцыі на Другім Ватыканскім саборы 1965 года была перайменавана ў Кангрэгацыю веравучэння, якая існуе дагэтуль і займаецца абаронай веры і маральнасці каталікоў, у прыватнасці расследуе сэксуальныя злачынствы.

На выяве: Галілей перад Рымскай інквізіцыяй.

Галілей

1579 год. Пірацкая брыганціна Фрэнсіса Дрэйка “Залатая лань” уступіла ў гавань Сант’яга (Чылі). 

Там стаяў на якары іспанскі галіён “Капітан” – флагман эскадры. Іспанцы прынялі ангельцаў за сваіх, сустрэлі “Залатую лань” прывітальным барабанным боем. Піраты спусцілі на ваду лодку, спакойна прысталі да галіёна і падняліся на яго борт. Карабель быў захоплены без адзінага стрэлу. 

Здабыча аказалася багатай: 37 тысяч залатых дукатаў, фарфор, срэбра, і ў дадатак – дзве тысячы бочачак віна. 

Калі праз 10 месяцаў Фрэнсіс Дрэйк вярнуўся на радзіму, яго сустрэлі як нацыянальнага героя. Каралева Лізавета наведала карабель і на палубе пасвяціла яго ў рыцары, крыху пазней удастоіла звання адмірала.

Дрэйк стаў першым мараплаўцам, які абышоў зямны шар, захаваўшы пры гэтым цэлым судна і жыццё большасці матросаў (Магелан, як вядома, дадому не вярнуўся). 

У 1588 годзе ён фактычна камандаваў англійскім флотам пры разгроме “Непераможнай армады”. 

Імем Дрэйка названы  самы шырокі ў свеце праліў – паміж Амерыкай і Антарктыдай.

Зрэшты, народнае прызнанне адміралу Дрэйку прынеслі зусім не яго пірацкія прыгоды і ваенныя перамогі. У баварскім  Афенбургу стаіць помнік: Дрэйк з кветкай у руцэ. Гэта кветка бульбы. На помніку надпіс: “Сэру Фрэнсісу Дрэйку, услаўленаму мараплаўцу, які распаўсюдзіў бульбу ў Еўропе. Мільёны земляробаў свету дабраслаўляюць яго несмяротную памяць. Яго дарунак – вялікая дапамога ўсім беднякам, каштоўнае прынашэнне, якое палягчае горкую патрэбу і нягоды немаёмных”.

Фрэнсіс Дрэйк

1867 год. Нарадзіўся Юзаф Пілсудскі

Польскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, першы кіраўнік адроджанай Польшчы. Падарожнік па Амерыцы, Еўропе, Японіі.

Галоўнакамандуючы Войска польскага, першы маршал Польшчы, двойчы прэм’ер (1926-1928 і 1930). Кавалер вялікай колькасці ордэнаў і ганаровых адзнак, як польскіх, так і замежных, ганаровы доктар шэрагу ўніверсітэтаў міжваеннай Польшчы. 

Пілсудскі — асоба, заслугі якой перад незалежнаю Польшчай паўсюдна прызнаныя.

Пра беларусаў пісаў, што трэба “адзначыць неакрэсленасць іх нацыянальных пачуццяў”. Беларусаў з заходніх губерняў ставіў вышэй за жыхароў усходу Беларусі, бачыў розніцу паміж беларусамі-праваслаўнымі і беларусамі-каталікамі.

У постаці Пілсудскага выяўляліся пэўныя рысы беларускасці, якія ставілі яго ў лепшае святло ў параўнанні з беларускімі савецкімі дзеячамі. Нарадзіўся ён на Віленшчыне, ведаў беларускую мову, карыстаўся ёю, меў кантакты з дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэння, у свой час нават займаўся кантрабандным увозам “Дудкі беларускай” Ф. Багушэвіча.

Памёр 12 мая 1935 года. Пахаванне стала вялікай маніфестацыяй нацыянальнага адзінства. Была абвешчана нацыянальная жалоба. Цела было змешчана ў крыпце святога Леанарда ў Вавелі. У 1936 годзе сэрца Пілсудскага палажылі ў труну яго маці на могілках Росы ў Вільні (маўзалей Маці і сэрца сына).

У міжваенны час, а таксама пасля Другой Сусветнай вайны, вакол асобы маршала будаваўся пэўны культ. Пасля падзення камунізму ў Польшчы, Пілсудскі лічыцца адной з найважнейшых асоб у гісторыі польскай дзяржавы. У яго гонар названыя многія вуліцы, плошчы і школы, пастаўлены помнікі.

Юзаф Пілсудскі

1886 год. Нарадзіўся Мікола Равенскі

Беларускі кампазітар, дырыжор, музычны крытык.

Працаваў рэгентам у Навагрудку, Чэрвені, хормайстрам мінскага гарадскога тэатра, выкладчыкам у музычным тэхнікуме, Беларускай кансерваторыі.

3 1944 года на эміграцыі ў Германіі, Бельгіі. Працаваў у Лёвенскім універсітэце, дзе стварыў студэнцкі ансамбль беларускай музыкі, кіраваў хорам беларускіх студэнтаў Бельгіі, з якім гастраляваў па Еўропе. Супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва.

Музычная і кампазітарская творчасць цесна звязана з беларускім фальклорам.

Аўтар апрацовак беларускіх народных песень і песень на вершы М. Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, К. Буйло, Ц. Гартнага, З. Бядулі, оперы «Браніслава» (лібрэта У. Дубоўкі; у 1930 годзе канфіскавана), першай беларускай аперэты на словы В. Дуніна-Марцінкевіча «Залёты», музыкі для «Пагоні», на тэксты царкоўных малітваў, у тым ліку «Магутны Божа» (на словы Н. Арсенневай).

Аўтар даследавання «Характэрныя рысы беларускай народнай песні».

Памёр 9 сакавіка 1953 года ў бяльгійскім Лёвене.

Мікола Равенскі

1936 год. У СССР прынята другая Канстытуцыя. 

Увайшла ў гісторыю пад назвай “Сталінская”, другая Канстытуцыя пасля 1924 года, “канстытуцыя развітога сацыялізму”. Замацавала знішчэнне прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці і эксплуататарскія класы, адмову ад дыктатуры пралетарыяту. Эканамічнай асновай абвяшчалася планавая сацыялістычная сістэма гаспадаркі і сацыялістычная ўласнасць.

Упершыню ў гісторыі СССР усім грамадзянам гарантаваліся роўныя правы: усеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні; права на працу і адпачынак, матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці і ў час хваробы, права на бясплатную адукацыю. Абвяшчалася свабода сумлення, слова, друку, сходаў і мітынгаў, а таксама недатыкальнасць асобы і таямніца перапіскі.

Усе багацці краіны аб’яўляліся ўсенародным здабыткам. Зямля, якая займалася калгасамі, перадавалася ім у вечнае карыстанне.

Камуністычная партыя абвяшчалася прадстаўніком “кіруючага ядра” ўсіх грамадскіх і дзяржаўных арганізацый працоўных (у Канстытуцыі 1924 года партыя не згадвалася). Вышэйшым органам заканадаўчай улады станавіўся Вярхоўны Савет.

Дзейнічала да 7 кастрычніка 1977 года, калі была прынята “брэжнеўская” канстытуцыя, якая ставіла мэты пабудовы бескласавага камуністычнага грамадства, замацоўвала за кожнай саюзнай рэспублікай права выхаду са складу СССР. У 1990 годзе ў Канстытуцыю было ўнесена некалькі паправак, якія пашыралі правы і свабоды грамадзян, а таксама змянілі палітычную сістэму краіны. Але Асноўны закон спыніў сваё дзеянне ў сувязі з распадам СССР у 1991 годзе.

Канстытуцыя

1941 год. Дзень пачатку контрнаступлення савецкіх войскаў супраць нямецка-фашысцкіх войскаў у бітве пад Масквой. 

Контрнаступленне, як другі этап бітвы за Маскву, пачалося на досвітку – савецкія войскі перайшлі ў наступ на фронце ад Калініна да Яльца. Інфармацыя пра контрнаступленне прагучала па радыё толькі ў ноч на 13 снежня. Да гэтага часу савецкія войскі разбілі ўдарныя танкавыя групоўкі суперніка і, прасунуўшыся ад зыходнай лініі паўночней сталіцы на 60 км, а паўднёвей – на 120 км, ухілілі непасрэдную небяспеку Маскве. 16  снежня савецкія войскі вызвалілі Калінін (цяпер Цвер), 19 снежня  выйшлі на мяжу ракі Лама і Руза, да 25 снежня на раку Ака, 28 снежня быў вызвалены Казельск, 30 снежня – Калуга.

Гэта была першая буйная параза нямецка-фашысцкай арміі ў Другой сусветнай вайне. У бітве пад Масквой гітлераўцы страцілі больш за 500 000 чалавек, 1300 танкаў, 2500 гармат. Адчувальнай аказалася і маральная шкода, нанесеная ворагу – гітлераўскія ваенныя трыбуналы асудзілі каля 62000 салдат і афіцэраў за дэзерцірства, самавольнае пакіданне пазіцый і непадпарадкаванне загадам старэйшых афіцэраў. З займаных пастоў былі зняты 35 вышэйшых чыноў германскага войска.

Бітва за Маскву

1943 год. Паводле аператыўнай зводкі Саўінфармбюро: на паўночны захад ад Прапойска Чырвоная Армія авалодала населенымі пунктамі “Дваровы, Боўкі, Дабужа. На паўночны захад ад Гомеля нашы войскі з упартымі баямі прасунуліся наперад”.

Радыё

1947 год. Нарадзіўся Алесь Разанаў

Беларускі паэт-наватар, аўтар новых паэтычных форм, перакладчык. Лаўрэат прэмій: Дзяржаўнай імя Я. Купалы, Гердэра, «Залаты апостраф», імя Наталлі Арсенневай.

У кастрычніку 1968 года разам В. Ярацам, Л. Барташам звярнуўся ў ЦК КПБ з лістом на імя П. Машэрава (ліст падпісала некалькі соцень чалавек) з патрабаваннемі вяртання выкладання на беларускай мове, за што атрымаў ярлык «нацыяналіст», а пасля наведвання Л. Геніюш у Зэльве, быў выключаны з БДУ. 

Настаўнічаў, працаваў у  газеце «ЛіМ», часопісах «Родная прырода», «Крыніца», выдавецтве «Мастацкая літаратура». Быў віцэ-прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра.

Аўтар многіх паэтычных зборнікаў, якія лічацца этапнымі для беларускай паэзіі, сярод якіх – «Каардынаты быцця», «Шлях-360», «Сума немагчымасцяў».

Яго шматлікія вершаваныя тэксты – гэта вершы аб прадметах і рэчах, прыродных з’явах і жывых істотах.

У зборніках апошніх дзесяцігоддзяў паэт адкрыў багацце лексічных, музычных, сэнсавых магчымасцей і дэманстраваў амаль у кожным новым творы ідэю вобразнай невычэрпнасці нацыянальнай моўнай стыхіі.

Перакладаў з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў.

Склаў кнігу паэзіі Я. Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982). Выдаў па-нямецку зборнік «Wortdichte» (2003).

«Алесь Разанаў быў паэтам ад Бога, і ў беларускай паэзіі зрабіў сапраўдную мадэрністычную рэвалюцыю» (Зм. Дзядзенка).

Памёр 26 жніўня 2021 года.

Алесь Разанаў

1994 год. Падпісаны Будапешцкі мемарандум. 

Міжнародная дамова пра гарантыі бяспекі ў сувязі з далучэннем Украіны да «Дамовы пра нераспаўсюджанне ядзернай зброі». Падпісана паміж Украінай, ЗША, Расіяй і Вялікабрытаніяй. Украіна набыла «бяз’ядзерны статус». Дамова ўтрымоўвае пункты, якія прадстаўляюць Украіне гарантыі яе суверэнітэту і бяспекі.

Паводле дадзенага Мемарандума, краіны-падпісанты абавязаліся: паважаць незалежнасць, суверэнітэт і дзяржаўныя межы Украіны; устрымлівацца ад пагрозы сілай і яе ўжывання супраць тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці Украіны; ніякая іх зброя ніколі не будзе выкарыстоўвацца супраць яе, акрамя мэт самаабароны ці любой іншай праявай у адпаведнасці са статутам ААН; устрымлівацца ад эканамічнага ціску, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыццяўленне Украінай, якая мае рацыю, уласцівую яе суверэнітэту; дамагацца неадкладных дзеянняў Савета Бяспекі ААН з мэтай аказання дапамогі Украіне, калі яна стане ахвярай акту агрэсіі ці аб’ектам пагрозы агрэсіі з ужываннем ядзернай зброі; не ўжываць ядзерную зброю супраць Украіны, акрамя выпадку нападу на іх, іх і падапечныя тэрыторыі, узброеныя сілы, іх саюзнікаў і іншыя.

Падпісант дадзенай дамовы Расійская Федэрацыя адкрыта парушыла Мемарандум, калі 1 сакавіка 2014 года стала на шлях ваеннага ўварвання ў суверэнную дзяржаву Ўкраіну, суб’ект міжнароднага права, а ў ноч на 24 лютага 2022 года развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны.

Фота: Прэзідэнты ЗША Б.Клінтан, Расіі Б.Ельцын, Украіны Л. Краўчук

Будапештский меморандум

2012 год. Магілёў быў аб’яўлены “Культурнай сталіцай краін СНД” на 2013 год.

Адпаведнае рашэнне было прынята ў Ашхабадзе на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Дзень у гісторыі. 4 снежня. Манетны двор у Брэсце, развітанне з тарашкевіцай

1665 год. Пачала працу Берасцейская мынца (менніца, манетны двор). 

Створана падчас грашовай рэформы караля Яна Казіміра для выбіцця літоўскіх медных шэлягаў – “барацінак” (у гонар прадстаўніка  арэндатара мынцы Тытуса Лівіюша Бараціні).

Працавала да 16 снежня 1666 года, калі была зачыненая каралеўскім распараджэннем.

На мынцы выбіта 240 680 150 медных шэлягаў на суму 2 674 268 злотых і 10 грошаў ці 240 680 150 шэлягаў (1 злоты = 90 грошам, 1 грош = 3 шэлягам).

Шэлягі, выбітыя на берасцейскай мынцы, падобныя да барацінак бітых віленскай мынцай. На авэрсе – партрэт Яна Казіміра, вакол надпіс IOAN CAS REX, пад партрэтам манаграма Бараціні – TLB. На рэверсе – Пагоня, вакол надпіс SOLI MAG DVC LIT 1665/1666. Над Пагоняю Вялікакняская карона, пад Пагоняю манаграма вялікага падскарбія літоўскага Гэраніма Крышпіна Кіршэнштэйна – KHPL. Некаторыя беларускія даследчыкі сцьвярджаюць, што гэта першае ў гісторыі Рэчы Паспалітай ўжыванне на манэтах не лацінскага, а польскага ці беларускага скароту.

Берасцейскія барацінкі адрозніваюцца ад віленскіх малой манаграмаю KHPL, і «Пагоняю», якая мае толькі шчыт, у той час, як «Пагоня» на віленскіх барацінках акрамя выгнутага шчыта мае «крылы».

1680 год. Курыца ў Рыме знясла яйка з выявай вялікай каметы, якую людзі ўбачылі праз дванаццаць дзён – 16 снежня таго ж года. 

Навуковага тлумачэння гэтаму няма.

Гэта была Вялікая камета ці Камета Кірха, ці Камета Ньютана. Адкрыта германскім астраномам Г. Кірхам у лістападзе 1680 года. Стала адной з самых яркіх камет XVII стагоддзя. Была бачнай няўзброеным вокам нават днём і адрознівалася доўгім хвастом. Апошні раз назіралася 19 сакавіка 1681 года.

Камета Рым

1911 год. У Бабруйску нарадзіўся Ісак Давідовіч

Беларускі жывапісец і графік.

Працаваў у галіне станковага і манументальна-дэкаратыўнага жывапісу, у станковай і кніжнай графіцы, маляваў ілюстрацыі і плакаты, ствараў капэрты для Белпошты.

Сярод манументальных твораў – роспіс плафона «Дружба народаў» тэатра юнага гледача, пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі дзяржавамі. 

Афармляў кнігі З. Бядулі, Максіма Танка, Івана Мележа.

Памёр на наступны дзень апасля 82-га года нараджэння, 5 снежня 1993 года.

Фота: Давідовіч І. Курлаўскі расстрэл, 1939

Курлаўскі расстрэл

1935 год. Нарадзілася Сцепаніда Сцепанюк. 

Легендарная беларуская ткачыха, народны майстар.

Адрадзіла «спадніцы-палатнянкі» і ткала маларыцкія касцюмы цалкам па традыцыйнай тэхналогіі – “кажушком”. У 2012 годзе апранула ў маларыцкі строй заслужаны аматарскі калектыў ансамбль танцу «Радасць» Брэсцкага ГДК.

Праводзіла майстар-класы для дзяцей і дарослых у Беларусі, Ўкраіне і Польшчы.

Шмат дзесяцігоддзяў спявала ў праваслаўнай царкве, уладальніца прыгожага сапрана.

У верасні 2021 года ў яе хаце здарыўся пажар, згарэла ўся яе калекцыя — натканыя ручнікі, посцілкі, наміткі, спадніцы-буркі і нават строй, які жанчына выткала сабе на смерць. Сама яна дзівам уратавалася.

Памерла 1 ліпеня 2022 года.

Сцепаніда Сцепанюк

1939 год. У складзе БССР былі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці. 

Утвораны на тэрыторыі далучанай Заходняй Беларусі. У гэты час тэрыторыя БССР склала 223 тысячы км². 

Пасля ўтварэння новых абласцей, іх колькасць узрасла да 10. 

Да гэтага, 15 студзеня 1938 года, былі ўтвораны Мінская, Віцебская, Гомельская, Віцебская, Палеская (цэнтр – Мазыр) вобласці.

Беласток 1939 

1989 год. Генеральная Асамблея ААН ухваліла Міжнародную канвенцыю аб барацьбе з вярбоўкаю, выкарыстаннем, фінансаваннем і навучаннем наймітаў. 

Беларусь ратыфікавала канвенцыю 28 мая 1997 года. 

Канвенцыя ўяўляе сабой дамову паміж краінамі і ААН, якая накіравана на барацьбу з наймітамі, ставіць па-за законам розныя прыватныя вайсковыя кампаніі па тыпу ПВК Вагнера.

1989 год. У Маскве кіраўнікі Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы і СССР асудзілі ўвод іх войскаў у Чэхаславакію ў жніўні 1968 года. 

У заяве кіраўнікоў гэтых краін рашэнне аб уступленні саюзных войскаў у Чэхаславакію прызнана памылковым і асуджана як неабгрунтаванае ўмяшанне ва ўнутраныя дзяржавы.

Нагадаем, што ў студзені 1968 года ў ЧССР быў узяты курс на дэмакратычнае абнаўленне сацыялізму. Гэта выклікала трывогу ў СССР. Увод войск у Чэхаславакію пачаўся 20 жніўня 1968 года ў 23.00. У ноч на 21 жніўня былі ўведзены войскі СССР, Польшчы, ГДР, Венгрыі і Балгарыі з чатырох напрамкаў. На аэрадромы ЧСССР былі перакінуты паветрана-дэсантныя войскі СССР, якія ўзялі пад кантроль найважнейшыя аб’екты, перш за ўсё ў Празе і Брно.

На працягу 36 гадзін войска (300 000 чалавек) краін Варшаўскай дамовы (акрамя Румыніі) ўсталявалі поўны кантроль над чэхаславацкай тэрыторыяй. 200-тысячнае чэхаславацкае войска не аказвала ніякага супраціву. Яно заставалася ў казармах, выконваючы загад свайго міністра абароны.

Кіраўніцтва Кампартыі Чэхаславакіі было арыштавана і дастаўлена ў Маскву. Але план сфарміраваць “рэвалюцыйны ўрад” з лаяльных СССР чэхаславацкіх дзеячаў праваліўся. Усе пласты грамадства Чэхаславакіі выступілі рэзка супраць знаходжання замежных войскаў на тэрыторыі краіны.

У канцы жніўня чэхаславацкія кіраўнікі былі вернуты на радзіму. 16 кастрычніка 1968 года была створана Цэнтральная група войскаў СССР у Чэхаславакіі са штабам у Мілавіцы пад Прагай і ў складзе дзвюх танкавых і трох мотастралковых дывізій.

Цэнтральная група войскаў была выведзена з ЧССР толькі ў 1991 годзе па дамове 26 лютага 1990 года. Войскі СССР размяшчаліся ў 67 паселішчах Чэхіі і ў 16 Славакіі. У баявым складзе налічвалася звыш за 1100 танкаў, 2500 БМП, 1200 артсістэм, 100 самалётаў, 170 верталётаў. Агульная колькасць вайскоўцаў складала звыш 92 000, грамадзянскага персанала – 45 000.

Чэхаславакія 1968

2008 год. Выйшаў апошні нумар газеты «Наша ніва», надрукаваны тарашкевіцай.

Ад заснавання і да №595 (45) за 4 снежня 2008 года газета друкавалася «тарашкевіцай». Аднак, на сайце газеты перадрук паведамленняў беларускіх інфармацыйных агенцтваў і артыкулаў з іншых беларускамоўных выданняў на беларускай літаратурнай мове размяшчаўся і раней. 

Выкарыстанне газетай старога правапісу стала падставай для дыскусій як сярод аўтараў газеты, так і сярод чытачоў інтэрнэт-версіі газеты ў сувязі з абавязковым пераводам выдання з 1 верасня 2010 года на новы правапіс паводле Закона аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. 

У 2007 годзе заснавальнік газеты і першы яе рэдактар С. Дубавец прызнаў ранейшую правільнасць, але далейшую бесперспектыўнасць выбару газеты на карысць тарашкевіцы.

Наша Ніва тарашкевіца
LEAD Technologies Inc. V1.01

 

Дзень у гісторыі. 29 лістапада. Пачалося паўстанне 1830 года

Мацей (народны каляндар). 

Менавіта ў гэты дзень здараліся адлігі, адкуль і пайшла народная прымаўка: «На Мацея зіма пацее».

Калі ў гэты дзень моцны вецер, то аж да Міколы зімовага (19 снежня) быць завірухам, завеям.

1587 год. Памёр Філон Кміта-Чарнабыльскі

Вялікалітоўскі дзяржаўны і вайсковы дзеяч, пісьменнік. Староста аршанскі, ваявода смаленскі (з 1579).

У вайне з Масковіяй, у 1562 годзе, на чале атраду з 300 конных разбіў пад Чарнігавам 2000 рускіх, а на чале 1400 кавалерыстаў, узяў штурмам Чарнігаў, разбіў маскоўскі атрад на рацэ Сноў.

У 1564 годзе праявіў сябе ў баях пад Полацкам, Смаленскам, у 1565 годзе правёў рэйд па Севершчыне, у 1568  – па Смаленшчыне. Выцягнуў частку смаленскай залогі і разбіў яе ў полі. Пасля спустошыў тэрыторыю Масковіі ажно да Вязьмы.

За свае заслугі ад караля Жыгімонта Аўгуста атрымаў замак і места Чарнобыль з ваколіцамі (адсюль другая частка прозвішча) і Аршанскае староства.

У 1581 захапіў Холм, правёў рэйд на Вялікі Ноўгарад, захапіў Старую Русу, правёў смелую атаку на Ржэў, непасрэдна пагражаючы Івану Жахліваму.

Аўтар лістоў на старабеларускай мове з выкарыстаннем прыказак і прымавак, народных сродкаў гумару і сатыры – помніка старабеларускай эпісталярнай літаратуры XVI стагоддзя.

Частка лістоў надрукавана ў зборніку «Zrzódła do dziejów polskich» у 1848 годзе.

1662 год. Злачынна забіты Вінцэнт Гасеўскі

Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

Стольнік, падскарбі вялікі літоўскі, гетман польны літоўскі, генерал артылерыі.

Адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканоміяў.

У вайну 1648-1651 гадоў з казакамі, удзельнічаў ва ўзяцці Пінска, аблозе Бабруйска, бітве пад Лоевам. У 1651 годзе ў бітве пад Чарнобылем разбіў казацкае войска палкоўнікаў Антонава і Адамовіча.

Удзельнік вайны з Масквіяй 1654-1667. У Кейданах падпісаў шведска-літоўскую унію, хаця выступіў за захаванне уніі ВКЛ з Каралеўствам Польскім.

У 1656 годзе на асабістыя сродкі сабраў некалькі харугваў і ў змаганні са шведамі дайшоў да Варшавы. 8 кастрычніка 1656 пад Просткамі дашчэнту разбіў брадэнбургскае і шведскае войска, у 1658 змагаўся са шведамі на Інфлянтах і Жамойці.

Увосень 1658 у бітве з маскоўскім войскам пад Вільняй трапіў у палон. Больш за тры гады правёў у няволі ў Маскве.

Злачынна забіты ўзбунтаванымі салдатамі пад Астрыном у Лідскім павеце пад час перамоў.

Вінцэнт Гасеўскі

1825 год. Памёр Зарыян Даленга-Хадакоўскі

Беларускі археолаг, фалькларыст, этнограф, дыялектолаг.

Арыштаваны царскімі ўладамі ў 1809 году за выказванні прыхільнасці да антыпрыгонніцкіх ідэй Напалеона. Зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці,  пазбаўлены шляхецтва і накіраваны жаўнерам у Омск, потым ў Бабруйскую крэпасць.

У 1811 годзе ў Бабруйску імітаваў утапленьне і ўцёк у Варшаву, дзе ўступіў у францускую армію.

Падарожнічаў па Беларусі, Польшчы, Украіне, працаваў у архівах і бібліятэках, даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Магілёва і іншых, рабіў запісы фальклору, абрадаў, мясцовых дыялектаў. 

14 снежня 1818 года ўпершыню ў Беларусі атрымаў ад Віленскага ўніверсітэта адкрыты ліст на права раскопак.

Адным з першых абгрунтаваў ідэю славянскай агульнасці ў дагістарычны час.

Заснавальнік гістарычнай геаграфіі ў Беларусі, першым пачаў складаць «Славянскую геаграфію», першым узяўся за вывучэнне старажытных шляхоў зносінаў.

Яго фальклёрны архіў паралельна са зборам серба Вука Караджыча — першы і найбагацейшы збор фальклору славянскіх народаў.

Шырокую вядомасць яму пренесла кніга «Пра славяншчыну да хрысьціянства» і іншыя працы.

Зарыян Даленга-Хадакоўскі

1830 год. У Варшаве пачалося ўзброенае Лістападаўскае паўстанне (Руска-польская вайна). 

Паўстанне ў Царстве Польскім, Беларусі і Літве ў 1830-1831 гадах за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Баявыя дзеянні з боку паўстанцаў вяліся ад імя Сейма і Урада Царства Польскага.

Паўстанне выбухнала ў сувязі з намерам Мікалая I паслаць польскае войска на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі і Бельгіі. Сейм заклікаў да паўстання насельніцтва ўсіх тэрыторый былой Рэчы Паспалітай. 

У студзені 1831 года князь Адам Ежы Чартарыйскі стаў старшынёю польскага Нацыянальнага Урада, сейм прыняў акт аб пазбаўленні Мікалая I і членаў яго сям’і правоў на польскі трон.

На пачатку жніўня 1831 года на ўсёй тэрыторыі Беларусі паўстанне было падаўлена. Пасля чаго былі зачынены Віленскі ўніверсітэт (да 1904), на Полацкім царкоўным саборы скасавана (1839) унія з аўтаматычным пераводам усіх уніятаў у праваслаўе, скасавана (1840) дзеянне Статута 1588 года, пачалося ўзмацненне палітыкі русіфікацыі беларускіх земляў.

1830 год паўстанне

1938 год. НКУС была расстраляна Палута Бадунова

Беларускі палітык, дзеяч беларускага нацыянальнага руху. 

Скончыла вучэльню ў Буйнічах каля Магілёва, пасля чаго вытрымала іспыты на годнасць хатняй настаўніцы рускай мовы і геаграфіі.

Член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, дэпутат Петраградскага Савета рабочых і сялянскіх дэпутатаў, член рэвізійнай камісіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый у Мінску. Удзельніца І Усебеларускага з’езда.

Член Народнага сакратарыята БНР, займала пасаду народнага сакратара апекі. Намеснік старшыні Народнай Рады БНР.

У 1937 г. арыштавана НКУС, прыгаворана да 10 гадоў лагераў.

Палута Бадунова

1938 год. Расстраляны НКУС Браніслаў Тарашкевіч

Беларускі мовазнавец, палітык, пісьменнік, перакладчык. Кандыдат філалогіі. Акадэмік АН Беларусі.

Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.

Адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. 

Аўтар праекта аўтаноміі Беларусі. За грамадска-палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі пазнаў пераслед польскіх уладаў. У верасні 1933 года быў абмяняны на вязня Салавецкага лагера, беларускага драматурга Ф. Аляхновіча. 

У СССР працаваў  загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве.

6 траўня 1937 года арыштаваны, 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу.  Даследчык Л. Маракоў мяркуе,  Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў.

Даследчык грамат XII стагоддзя, гістарычнай граматыкі беларускай мовы. Аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» – галоўнага падручнікама па беларускай мове ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў.

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча.

Імем вучонага названы вуліцы ў Маладзечне, Радашковічах, Мінску, ліцэй у польскім Бельску Падляскім. У Вільнюсе ўсталявана памятная дошка.

Браніслаў Тарашкевіч

1941 год. Нарадзілася Ніна Пятрова

Ніна Пятрова нарадзілася ў вёсцы Лужкі Мсціслаўскага раёна. Прайшла шлях ад ткачыхі да генеральнага дырэктара ААТ «Стужка» ў Магілёве, 25 гадоў узначальвала прадпрыемства, арганізоўвала новыя вытворчасці і гандлёвую сетку. 

Памерла ў 2023 годзе.

Нина Петрова

1943 год. Паводле аператыўнай зводкі Саўінфармбюро, працягвалася наступленне Чырвонай арміі на Гомельшчыне і Магілёўшчыне

На працягу 29 лістапада паміж рэкамі Сож і Днепр, на паўночны захад ад Гомеля, савецкія войскі з баямі занялі больш за 40 населеных пунктаў. Сярод іх буйныя населеныя пункты Чамышэль, Наркаўшчына, Дубовіца, Ветвіца, Дзербічы, Гаўлі, Наспа, Ясная Паляна, Ялянец, Кленавіца, Смычок. Вызвалены Мошацкая Слабада і Іванішчавічы Слаўгарадскага раёна

Паміж рэкамі Днепр і Бярэзіна войскі занялі населеныя пункты Шыхава, Стрэшын, Ліпы, Марс, Першамайскі, Касакоўка, Ляды, Заброддзе.

1949 год. Памёр у ГУЛАГу Адам Станкевіч

Беларускі каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч, асветнік, культуролаг, выдавец і публіцыст.

Скончыў рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе. Святар з 1914 года. У Петраградзе ўзначальваў беларускі гурток, супрацоўнічаў з беларускім газетамі «Светач», «Дзянніца», «Гоман».

Адзін з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, адзін з ініцыятараў правядзення з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (1917).

Адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў.

Пасол польскага сейма, намеснік старшыні Беларускага пасольскага клуба. Адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы заходне-беларускага насельніцтва. За дабрачынную дзейнасць яго называлі «вялікім філантропам».

Аўтар літаратурных партрэтаў дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры, кніг і брашур з распрацоўкай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі, кнігі «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі». 

Адмаўляў палажэнне пра гвалтоўнае далучэнне заходне-рускіх зямель да ВКЛ. 

Пытанні гісторыі беларускага народа разглядаў у працах «Вітаўт Вялікі і беларусы», «Кастусь Каліноўскі: “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці Беларусі», «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення». Даследчык нацыянальнай асветы, беларускага нацыянальнага адраджэння. Аўтар падручніка па айчыннай гісторыі для пачатковай школы.

У 1949 годзе (у другі раз) арыштаваны, асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі, сасланы ў лагер у Іркуцкую вобласць, дзе і памёр.

Адам Станкевіч

1961 год. У ноч з 29 на 30 лістапада па загаду гродзенскіх камуністаў расійскімі сапёрамі ўзарваны Гродзенскі фарны касцёл

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Фара Вітаўта — каталіцкі храм, збудаваны ў 1389 годзе ў гатычным стылі. Пазней неаднаразова перабудоўваўся пры Аляксандры, карелеве Боны. У 1584-1587 гадах замест драўлянага храма па загадзе Стэфана Баторыя побач быў узведзены новы мураваны храм. У 1804 годзе касцёл перароблены пад праваслаўную царкву, набыў рысы класіцызму і пазней пераасвячоны ў сабор Святой Сафіі. Да 1899 года перабудаваны ў псеўдарускім стылі.

Фара Вітаўта

2000 год. Зацверджаны герб Мсціслава

29 лістапада 2000 г. рашэннем Мсціслаўскага райвыканкама быў зацверджаны афіцыйны герб Мсціслаўскага раёна. Ён спалучае ў сабе элемент першага гістарычнага герба, “Малую Пагоню”, з лісіцай, выяўленай на гербе, дараваным гораду ў часы Расійскай імперыі ў 1871 годзе («каковыми зверьми окрестности сего города весьма изобилуют»).

герб Мсціслава

Дзень у гісторыі. 28 лістапада. Нарадзіліся Сіманаў і Карват

1892 год. Нарадзіўся Павел Аляксюк

Беларускі палітычны дзеяч, член Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Член кіраўніцтва Беларускай сацыялістычнай грамады, Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, намеснік старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта.

Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, член Рады БНР.

З восені 1920 года ў Варшаве ўзначальваў Беларускі палітычны камітэт. Падтрымліваў ваенныя дзеянні С. Булак-Балаховіча супраць бальшавікоў.

У 1920-я гады займаўся адвакацкай практыкай у Навагрудку, дзе быў віцэ-старшынём управы Таварыства беларускай школы. Далейшы лёс невядомы.

Павел Аляксюк

1915 год. Нарадзіўся Канстанцін (Кірыл) Сіманаў

Савецкі пісьменнік, паэт, празаік і журналіст. Герой Сацыялістычнай Працы. Лаўрэат Ленінскай і шасці Дзяржаўных прэмій.  

Удзельнік баёў на Халхін-Голе. У гады Вялікай Айчыннай вайны карэспандэнтам “Чырвонай Зоркі” неаднаразова выязджаў на фронт. 

Аўтар паэм, вершаў “Чакай мяне”, “Ты памятаеш, Алёша, дарогі Смаленшчыны”, трылогіі “Жывыя і мёртвыя”.

Быў у Магілёве і на Буйніцкім полі 12-13 ліпеня 1941 года ў размяшчэнні 388 палка С. Куцепава. Пра гераізм абаронцаў Магілёва апублікаваў артыкул “Гарачы дзень”, напісаў у рамане “Жывыя і мёртвыя”.

Памёр 28 жніўня 1979 года. Яго імем названа вуліца ў Магілёве, прах развеяны на Буйніцкім полі 8 верасня 1979 года.

На адкрыцці мемарыяльнага знака на Буйніцкім полі ў гонар Сіманава 25 лістапада 1980 года прысутнічала дэлегацыя беларускіх пісьменнікаў: Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Аляксей Пысін. Камень-валун (15 тон), на якім высечана прозвішча-аўтограф пісьменніка быў выбраны роднымі Сіманава на тэрыторыі музея валуноў у Мінску. На ім устаноўлена мемарыяльная дошка са словамі: «… Усё жыццё ён памятаў гэтае поле бою 1941 г. і завяшчаў развеяць тут свой прах».

К. Сіманаў

1918 год. Бабруйск пакінулі нямецкія войскі пасля паражэння Германіі ў І Сусветнай вайне.

У горад увайшлі чырвонаармейцы 153-га палка 17-й стралковай дывізіі. На станцыі Бярэзіна быў арганізаваны кароткі мітынг, на якім выступіў камандзір палка Розе і ваенкам Малаковіч.

1920 год. У магілёўскім гарадскім тэатры (зараз – драматычны) адбылося ўшанаванне Ф. Энгельса. 

У азнаменаванне яго юбілею пастанавілі перайменаваць магілёўскі гарадскі тэатр у Тэатр імя Ф. Энгельса.

1923 год. Заснавана літаратурнае аб’яднанне «Маладняк»

Першае літаратурнае аб’яднанне Беларусі ў 1923-1928 гадах.

Узнікла як гурток маладых паэтаў пры часопісе «Маладняк».

Мела філіі ў Маскве, Віцебску, Магілёве, Мінску, Бабруйску, Барысаве, Гомелі, Клімавічах («Калінінская філія»), Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе і шматлікія студыі і гурткі ў многіх гарадах і мястэчках. Аб’яднанне мела нацыянальныя секцыі рускіх, польскіх, яўрэйскіх, літоўскіх пісьменнікаў.

У розныя гады арганізацыю ўзначальвалі М. Чарот, А. Вольны, У. Дубоўка, П. Галавач. Выдаваўся часопіс «Маладняк». Многія філіялы мелі ўласныя часопісы, альманахі. З мая 1925 года аб’яднанне выдавала на свае сродкі бібліятэчку твораў сваіх сяброў (выйшла каля 60 кніг).

У 1928 годзе аб’яднанне было рэарганізавана ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (1928-1932).

1943 год. У Тэгеране адкрылася канферэнцыя кіраўнікоў трох саюзных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі. 

На першай канферэнцыі “Вялікай Тройкі” (28 лістапада – 1 снежня) за час Другой сусветнай вайны сабраліся кіраўнікі СССР Іосіф Сталін, ЗША Франклін Рузвельт, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Ўінстан Чэрчыль.

На канферэнцыі быў вырашаны шэраг пытанняў вайны і міру: тэрмін адкрыцця саюзнікамі другога фронта ў Францыі (травень 1944), прадастаўлення незалежнасці Ірану, рашэнне польскага пытання, пачатку вайны СССР з Японіяй пасля разгрому нацысцкай Германіі, перадачы Кёнігсберга СССР. Была зроблена заяўка, што пасляваенны свет будзе кіравацца чатырма дзяржавамі – СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй, якія будуць дзейнічаюць пад эгідай новай міжнароднай арганізацыі.

Тэгеранская канферэнцыя
28 лістапада 1943 год. Тэгеран. Злева направа: І. Сталін, Ф. Дз. Рузвельт, У. Чэрчыль

 

1943 год. Аператыўная зводка Саўінфармбюро. 

Паміж рэкамі Сож і Дняпро, на паўночным захадзе ад Гомеля, Чырвоная Армія, працягваючы развіваць паспяховае наступленне, авалодала раённым цэнтрам горадам Буда Кашалёва, заняла больш за 150 іншых населеных пунктаў: Жабін, Скартынь, Яцкаўшчына, Глыбочыца, Мацевічы, Ліпінічы, Шарыбаўка, Кашалёў, Патапаўка, Маразовічы, Жытанеж, Нядойка, Старая Буда, Чабатовічы, Хоўхла, Чорнае, чыгуначныя станцыі Буда Кашалёўская, Шарыбаўка. 

У раёне ніжняй плыні ракі Бярэзіна занялі 24 населеныя пункты, сярод іх Жырхоўка, Нова-Маркавічы, Зломнае, Шацілкі, Ліпнікі, Гомза, Чарнін, Гароховішчы, Пружынішча, В’юнішча. 

У раёне ніжняй плыні ракі Прыпяць войскі занялі населеныя пункты Чарноўшчына, Слабодка, Новы і Стары Ломыш, Грыдні, Вербавічы, Рудня Смалягоўская.

1958 год. Нарадзіўся Уладзімір Карват

Беларускі ваенны лётчык першага класа, падпалкоўнік, першы Герой Беларусі.

Загінуў 23 мая 1996 года пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, спрабуючы адвесці самалёт, які страціў кіраванне і падаў, ад населенага пункта. 

Лётчык атрымаў загад катапульціравацца, але ў гэты час самалёт знаходзіўся над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча, і Карват да апошняга спрабаваў адвесці самалёт у 24 тоны і з 4 тонамі паліва ўбок.

У гонар героя ў Брэсце і Мінску названы вуліцы і школы, у Баранавічах – сквер, у Брэсце ўсталяваны памятная дошка і помнік, у Баранавічах на базе 61-й авіябазы адчынены музей Карвата.

Уладзімір Карват

2018 год.  Будслаўскі фэст уключаны ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Штогадовая ўрачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў в. Будслаў Мядзельскага раёна. Абраз славіцца шматлікімі цудамі, а Будслаў вядомы як месца яўлення вернікам Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якое, паводле легенды, адбылося 2 ліпеня 1588 года.

У 1992 годзе адбылося першае афіцыйнае масавае паломніцтва да цудатворнай іконы Маці Божай Будслаўскай, у якім паўдзельнічала 45 груп пілігрымаў.

2 ліпеня 1998 года абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі.

У 2013 годзе ў Будславе адбылася вялікая юбілейная ўрачыстасць, прысвечаная 400-годдзю здабыцця абраза Маці Божай Будслаўскай.

Будслаўскі фэст адбываецца штогод у першую пятніцу і суботу ліпеня. Будслаў –  галоўны аб’ектам паломніцтва католікаў Беларусі. Сюды прыязджаюць  вернікі з розных еўрапейскіх краін. Найвялікшай павагай карыстаюцца тыя з іх, хто шлях у Будслаў пераадольвае пешшу.

11 мая 2021 года ў будынку касцёла ўзнік пажар, які знішчыў дах, моцна пашкодзіў скляпенні і іншыя будаўнічыя канструкцыі. У самім касцёле пацярпелі арганы, алтар, жывапіс. 31 снежня ўнутры касцёла прайшла імша на заканчэнне года. У 2022 годзе ў касцёле завяршылі будаўнічыя работы, 29 верасня падпісаны акт аб увядзенні ў эксплуатацыю.

Будслаўскі фэст

Дзень у гісторыі. 27 лістапада. Слуцкае паўстанне, дзень магілёўскага радыё

Дзень Герояў Беларусі. 

У гонар пачатку Слуцкага паўстання 1920 года (27 лістапада – 28 снежня). Лозунг паўстання: “Ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў”. Першае самастойнае вайсковае выступленне беларусаў за сваю нацыянальную незалежнасць. 

Удзельнічалі жыхары Слуцкага і часткова Бабруйскага паветаў. Армія паўстанцаў дасягнула 4 тыс. чалавек і змагалася за незалежнасць БНР. Нягледзячы на гераізм паўстанцаў, перавага была на баку рэгулярнай арміі бальшавікоў. Надзеі на дапамогу Польшчы і на тое, што іх падтрымаюць у іншых месцах Беларусі, не спраўдзіліся, не адбылося і аб’яднання слуцкіх паўстанцаў з арміяй Булак-Балаховіча. У канцы снежня  атрады паўстанцаў перайшлі праз раку Лань, дзе іх сустрэлі і інтэрнавалі польскія жаўнеры.

Юстыніян і Піліп (народны каляндар). 

Пярэдадзень Піліпаўскага посту, які доўжыцца да 6 студзеня 2023 года.

Канец вясельным тыдням, надыходзіць Кудзеліца – першы тыдзень прадзення ў Піліпаў пост.

Калі шэрань на Піліпа ўсе дрэвы ўпрыгожыць – будзе багаты ўраджай аўса.

Крумкач каркае да адлігі.

Воблачна або снежна – да дрэннага мая.

1705 год. Паводле загаду Пятра I створана марская пяхота. 

Першы “рускі” “полк марскіх салдат” графа Ф. Галавіна быў ўтвораны ў беларускай Гародне ў складзе 1200 чалавек. Полк прызначаўся для службы ў абардажна-дэсантных камандах на баявых караблях ветразнага флота. Камплектаванне палка ажыццяўлялася не рэкрутамі, а падрыхтаваным асабовым складам вайсковых частак, што было выклікана падвышанымі патрабаваннямі да баявой падрыхтоўкі марской пяхоты і больш складанымі баявымі задачамі, якія ўскладаюцца на яе ў параўнанні з вайсковымі часткамі.

Рускія крыніцы звычайна замоўчваюць факт месца фарміравання палка ў Гародне.

1815 год. Рускі цар Аляксандр I падараваў Канстытуцыю Царству Польскаму. 

Царства, або Польскае Каралеўства, альбо Кангрэсавая Польшча ці «Кангрэсоўка», была ўтворана 20 чэрвеня 1815 года ў выніку Венскага кангрэсу, які аформіў новую палітычную карту Еўропы пасля напалеонаўскіх войнаў. Аляксандр І хацеў далучыць да сваёй імперыі амаль усе землі сучаснай Польшчы (Вялікага герцагства Варшаўскага), але гэтаму супрацьстаялі Аўстрыя і Францыя, якія не жадалі ўзмацнення Расіі.

Тэрыторыя польскай «квазідзяржавы» складала 128 тыс. км² з насельніцтвам 3,2 мільёны чалавек.

Дзеля таго, каб прывабіць сваіх новых падданых і задаволіць чаканні палякаў, якія спадзяваліся на атрыманьне дзяржаўнай аўтаноміі і дзеля гэтага змагаліся на баку Напалеона, Аляксандр І пайшоў на палітычныя саступкі, надаўшы Польскаму Каралеўству пашыраныя дзяржаўныя магчымасці. Польскае Каралеўства захавала свае грошы, войска, атрымала канстытуцыю.

На дзеянні Аляксандра І вялікі ўплыў аказваў Адам Чартарыйскі, які таксама ўдзельнічаў у распрацоўцы польскай канстытуцыі.

Паводле канстытуцыйнага ўкладу польская дзяржава навекі далучалася да Расейскай імпэрыі, вярхоўная заканадаўчая і выканаўчая ўлада знаходзілася ў руках расійскага цара. Жыхары Польшчы атрымалі выбарчыя правы. Гарантавалася асабістая свабода і недатыкальнасць. Канстытуцыйная аўтаномія Каралеўства Польскага праіснавала да Лістападаўскага паўстання 1830 года, пасля падаўлення якога, дзяржаўная аўтаномія была фактычна ліквідавана. Тым ня менш, Каралеўства Польскае як дзяржаўная форма праіснавала да 1917 году.

Царства Польскае

1874 год. У беларускім Моталі нарадзіўся Хаім Вейцман. 

Навуковец-хімік, першы прэзідэнт Ізраіля (1948). Адзін з лідараў сіянісцкага руху.

Скончыў Пінскае рэальнае вучылішча (1892).

У 1920-1931 і 1935-1946 гадах узначальваў сусветную Сіянісцкую арганізацыю.

У 1940-х гадах пераехаў у Палесціну, дзе ўзначаліў яўрэйскі нацыянальны рух. Заснавальнік Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме, навукова-даследчага інстытута па тэарэтычных і прыкладных прыродазнаўчых навуках у Рэхаваце.

Уладальнік каля 100 патэнтаў у галіне прамысловага прымянення шэрагу хімічных працэсаў.

Аўтар аўтабіяграфіі «Выпрабаванні і памылкі».

Яго пляменнік Эзер Вейцман, у 1993 годзе таксама абраны прэзідэнтам Ізраіля.

Памёр 9 лістапада 1952 года.

Хаім Вейцман

1921 год. У вёсцы Ульяновічы (цяпер Сенненскі раён Віцебскай вобласці) нарадзіўся Сяргей Анісімавіч Каваленка, Герой Савецкага Саюза.

У 1932 г. ён разам з сям’ёй пераехаў у Магілёў, вучыўся ў мясцовай школе, працаваў у лакаматыўным дэпо.

Быў партызанам, з 1944 года – ў Чырвонай арміі. Загінуў у 1945 годзе, закрыўшы сваім целам амбразуру ДОТа.

У Магілёве ў яго гонар названая вуліца і ўсталяваная мемарыяльная дошка.

1933 год. Дзень нараджэння Магілёўскага абласнога радыё. 

У гэты дзень Пастановай Рады Народных Камісараў СССР быў утвораны камітэт па радыёвяшчанні і радыёфікацыі пры Магілёўскім райвыканкаме.

радыё Магілёў

1947 год. У Бабруйску нарадзіўся Эдуард Белагураў. 

Беларускі мастак. Стварыў шэраг манументальных роспісаў, у тым ліку будынкаў бабруйскіх СШ № 1, вучылішчаў № 226, медыцынскага, механіка-техналагічнага тэхнікума, будынкаў у Рагачове.

Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах тэматычнай карціны і партрэта.

Аўтар партрэтаў мастакоў М. Ісаёнка, У. Тоўсціка, К. Паплаўскай і іншых, аўтапартрэтаў: ад кубічных да рэалістычных, глыбока псіхалагічных работ, нацюрмортаў, пейзажаў, сюжэтных карцін.

Яго творы зберагаюцца ў дзяржаўных музеях і прыватных зборах Беларусі, Расіі і іншых краін.

Памёр 17 мая 1998 года.

Эдуард Белагураў

1986 год. Быў адкрыты для наведвальнікаў Чэрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Музей – адна з ключавых устаноў культуры Чэрыкаўскага раёна. У ім некалькі экспазіцыйных залаў, прысвечаных прыродзе, даўняй гісторыі, вайне і сучаснасці рэгіёна.

Чэрыкаў музей

1996 год. Спынена дзейнасць Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па выніках праведзенага рэферэндуму. 

Вярхоўны Савет – найвышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы і заканадаўчы орган дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь у 1991 – 1996 гадах. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканадаўчай улады і ажыццяўляў яе ад імя народа ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі краінамі. 

За гады існавання яго Старшынямі былі С. Шушкевіч (1991-1994), В. Кузняцоў (в.а, 26.01.-28.01.1994), Мечыслаў Грыб (1994-1996), Сямен Шарэцкі (10.01.-27.11.1996). Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў.

Штогод праводзіліся веснавая і асенняя сесіі, пры неабходнасці – спецыяльныя і нечарговыя пасяджэнні. Да кампетэнцыі Вярхоўнага Савета належала прыняцце Канстытуцыі і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў, прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем, назначэнне чарговых выбараў прэзідэнта краіны, правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў, вызначэнне асноўных кірункаў унутранай і міжнароднай палітыкі, іншыя пытанні.

Функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу і прэзідэнта Беларусі.

Вярхоўны Савет

Дзень у гісторыі. 26 лістапада. Адбылася “Беразіна”

Сусветны дзень інфармацыі (World Information Day, з 1994 года). 

Праводзіцца па ініцыятыве Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі, якая мае генеральны кансультатыўны статус у Эканамічным і Сацыяльным саветах ААН. 

Інфармацыя – гэта сукупнасць ведаў, звестак, навін, якія пастаянна паступаюць і абнаўляюцца на працягу ўсяго жыцця чалавека.

Інфармацыя заўсёды гуляла ў жыцці чалавецтва вельмі важную ролю. Аднак, з сярэдзіны ХХ стагоддзя ў выніку сацыяльнага прагрэсу і бурнага развіцця навукі і тэхнікі роля інфармацыі невымерна ўзрасла. Акрамя таго, адбываецца лавінападобнае нарастанне масы разнастайнай інфармацыі, якое атрымала назву “інфармацыйнага выбуху”.

Міжнародны дзень шаўца (сапожніка).

Абутак – гэта люстэрка душы. Яго вонкавы выгляд можа шмат распавесці аб характары чалавека, яго густах і перавагах.

Выраб абутку і яго папраўка – вельмі старажытнае рамяство, і першапачаткова праца шаўца была выключна ручной працай, прычым вельмі нялёгкай.

Гісторыкі лічаць, што першы абутак з’явіўся 26-30 тысяч гадоў таму на захадзе Еўразіі. Абутак выраблялі з драўнянай кары, чароту, папірусу, лыка, саломы, грубай тоўстай пражы, з дрэва (японцы да гэтага часу носяць гэта – драўляныя сандалі).

У ЗША, у пячоры Ламас у штаце Невада археолагі знайшлі сапраўдны склад старажытнага абутку – 300 пар плеценых з травы сандаляў узростам 9000 гадоў. Цяпер такія ж плятуць для турыстаў.

Самы старажытны абутак знойдзены ў Арменіі пры раскопках пячоры Арэні ў верасні 2008 года – узрост больш як 5500 гадоў.

Найстаражытнейшыя чаравікі выяўлены на нагах муміфікаванага трупа мужчыны, які загінуў 5300 гадоў таму і быў празваны Этцы. Труп знойдзены ў 1991 годзе ў Эцтальскіх Альпах, на мяжы паміж Аўстрыяй і Італіяй.

Абутак

1805 год. Нарадзіўся Яўстафій Янушкевіч

Кнігавыдавец, публіцыст, адзін з кіраўнікоў паўстання 1830-1831 гадоў.

Заснаваў і выдаваў у Парыжы газету «Польскі пілігрым», якую з 1832 года рэдагаваў Адам Міцкевіч.

Сабраў падарожныя нататкі свайго брата Адольфа Янушкевіча, якія Ф. Ўратноўскі апублікаваў пад назвай «Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў».

Аўтар успамінаў.

Яўстафій Янушкевіч

1812 год. Пачалася пераправа Напалеона праз Бярэзіну. Пачатак бітвы на Бярэзіне. 

Адбывалася 26–29 лістапада 1812 года паміж францускімі карпусамі і рускімі арміямі Чычагава і Вітгенштэйна на абодвух берагах ракі Бярэзіна у час пераправы Напалеона. 26 лістапада 1812 г. у раёне Асіповічаў і Бабруйска адбыліся сутычкі ар’ергардаў французскай арміі са спешанымі казачымі раз’ездамі, якія рухаліся да Магілёва.

Вынікі:
– стратэгічная перамога Францыі – большай частцы Вялікай арміі ўдалося перасекчы раку;
– тактычная перамога Расіі, якая нанесла значныя страты французскай арміі. 

Нягледзячы на агулам удалую для французаў пераправу і бітву на Бярэзіне, у грамадскай свядомасці французаў яна адбілася як найярчэйшы, калі не кульмінацыйны, эпізод няўдалай расійскай кампаніі, таму слова «бярэзіна» ўжываецца як сінонім правалу ці катастрофы, цяпер звычайна спартыўнай або палітычнай.

1855 год. Памёр ураджэнец Беларусі Адам Міцкевіч

Польскі паэт, публіцыст, асветнік. Дзеяч нацыянальна-вызваленчага польскага руху, сябар Таварыства філаматаў.

Вядомы перадусім сваімі баладамі, паэтычнымі апавяданнямі: драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапэяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры. Сярод іншых уплывовых твораў Міцкевіча вылучаюцца паэмы «Конрад Валенрод» і «Гражына».

Сябар дзекабрыстаў К. Рылеева, А.Бястужава, пісьменнікаў і паэтаў А. Пушкіна, А. Дэльвіга, І.  Кірэеўскагаі, Д. Венявіцінава, Я. Баратынскага, А. Янушкевіча, П. Вяземскага і іншых.

За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасць правёў у ссылцы ў цэнтральнай Расіі пяць гадоў, пакінуў Расійскую імперыю ў 1829 годзе і правёў рэшту свайго жыцця ў выгнанні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, затым перабраўшыся ў Парыж, дзе ён стаў прафесарам славянскай літаратуры ў «Калеж дэ Франс». У Парыжы сустракаўся з Фрыдэрыкам Шапенам.

Памёр у Канстанцінопалі, куды прыехаў аказваць дапамогу ў арганізацыі польскіх войскаў для барацьбы з Расійскай імперыяй у Крымскай вайне. 

Яго парэшткі пазней былі перавезеныя ў Вавельскі сабор у Кракаве.

Адам Міцкевіч

1864 год. памёр Тэадор Нарбут

Беларуска-польска-літоўскі гісторык, археолаг, інжынер.

Удзельнічаў у расійска-пруска-французскай (1806-1807) і расійска-шведскай (1808-1809) войнах як ваенны інжынер. Удзельнік праектавання і будаўніцтва Бабруйскай крэпасці.

Даследчык гісторыі ВКЛ, праводзіў археалагічныя раскопкі ў Падняпроўі і Панямонні, аўтар  «Гісторыі літоўскага народа», дзе, разам з іншым, апісаны народныя абрады беларусаў Лідчыны.

Першы на Беларусі даў вызначэнне курганам як месцам старажытных пахаванняў. Сцвярджаў, што дрыгавічы невядомага паходжання жылі каля Кіева. Даследаваў Лідскі замак, надрукаваў артыкулы пра Ліду, Навагрудак, Індуру і іншыя. Увёў у навуковы ўжытак «Хроніку Быхаўца» (1846).

Меў багатую калекцыю археалагічных матэрыялаў.

Быў арыштаваны ў сувязі з падзеямі паўстання 1863-1864 гадоў.

Тэадор Нарбут

1891 год. Нарадзіўся Ян Станкевіч

Беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч.

Доктар славянскай гісторыі і філалогіі. Працаваў у газеце «Наша ніва», выдаваў часопіс «Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і яго выданнем «Запісы», часопісам «Сяўбіт», газетай «Бацькаўшчына» (Мюнхен), «Беларус» (Нью-Ёрк) і іншымі.

Пасол Сейму Польшчы. Член Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады. 

Удзельнічаў у працы Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларуска-амерыканскага звязу, сузаснавальнік Вялікалітоўскага фонду імя Л. Сапегі.

Памёр 16 ліпеня 1976 года ў ЗША.

1907 год. Нарадзіўся Міхась Скрыпка

Беларускі пісьменнік-сатырык, драматург.

Працаваў настаўнікам у школах Магілеўшчыны і Міншчыны, намеснікам дырэктара бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР.

Аўтар зборнікаў баек, вершаў, мініяцюр, аповесцей, апавяданняў і гумарэсак, кніжак антырэлігійных нарысаў, кніг апавяданняў для дзяцей, выбраных твораў.

Выступаў і як драматург. Аўтар сцэнарыя тэлекамедыі «Акадэмік», звыш 30 аднаактовых п’ес, камедый для мастацкай самадзейнасці

Перакладаў з рускай і ўкраінскай моў. Пераклаў асобныя вершы А. Твардоўскага, С. Маршака, С. Міхалкова, А. Барто і іншых.

Памёр  8 кастрычніка 1991 года.

1918 год. Нарадзіўся Уладзімір Шахавец

Беларускі перакладчык і пісьменнік. Заслужаны работнік культуры.

Скончыў Магілеўскі рабфак (1937), БДУ.

Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура».

Аўтар зборнікаў аповесцей,  апавяданняў, вершаў, кніг перакладаў, для дзяцей, Выбраных твораў у 2 тамах.

На беларускую мову пераклаў паэмы «Мцыры» і «Ізмаіл-бей» М. Лермантава, шэраг вершаў А. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, сучасных рускіх, украінскіх, многіх пісьменнікаў і паэтаў народаў Еўропы, СССР, у тым ліку «Корцік» А. Рыбакова, трагедыю У. Шэкспіра «Макбет», асобныя творы англійскіх, французскіх, венгерскіх, сербскіх, славацкіх паэтаў.

Памёр 8 чэрвеня 1991 года.

Уладзімір Шахавец

1930 год. Нарадзіўся Уладзімір Караткевіч

Беларускі пісьменнік, паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры.

Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Найбольш вядомыя яго творы: «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Зямля пад белымі крыламі»…

Па яго творах створаны 9 мастацкіх, 3 дакументальных стужкі і мультфільм.

Імя пісьменніка прысвоена бібліятэкам у Віцебску, Наваполацку, Оршы, Таліне, вуліцам  ў Астраўцы, Віцебску, Гродне, Рагачове, Століне, Оршы. У Оршы адкрыты музей. Пастаўлены помнікі ў Віцебску, Оршы, Кіеве. У Оршы, Мінску ўсталяваны мемарыяльныя шыльды.

Існуюць яго імя Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Памёр 25 ліпеня 1984 года.

1934 год. У в. Красная Кіраўскага раёна нарадзіўся Валянцін Рабцэвіч

Беларускі археолаг і нумізмат. Доктар гістарычных навук, прафесар БДУ. Адзін з заснавальнікаў беларускай нумізматыкі.

Вывучаў гісторыю грашовага звароту ВКЛ і Рэчы Паспалітай, тапаграфію манетных скарбаў на Беларусі.

Аўтар класічных манаграфій «О чем рассказывают монеты», «Нумизматика Беларуси», «Российско-польские монетные эмиссии эпохи Петра I», больш 70 навуковых прац і 300 навукова-папулярных артыкулаў у перыёдыцы і эцыклапедычных выданнях.

На аснове ўласнай калекцыі манет стварыў нумізматычны кабінет БДУ.

Дзякуючы яго намаганням на Беларусі засталася частка ўнікальнага грашова-рэчавага скарбу ХV стагоддзя (сярод рэчаў і «пояс Вітаўта»).

Памёр 29 мая 2008 года.

1943 год. Ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вызвалены горад Гомель. 

Першы вызвалены абласны цэнтр Беларусі.

Горад быў пад акупацыяй з 19 жніўня 1941 года. 

Габрэі, якія складалі ў горадзе 29,4% насельніцтва, амаль цалкам былі забітыя ў гета. 

Горад вызвалены войскамі Беларускага фронта пад камандаваннем К. Ракасоўскага. 

Горад быў разбураны болей чым на 80%, амаль цалкам страціў прамысловыя прадпрыемствы.

Вызваленне Гомеля

Дзень у гісторыі. 25 лістапада. Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае спынілі сваё існаванне

Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын. 

Дата абраная ў гонар сясцёр Мірабаля, трох палітычных актывістак з Дамініканскай Рэспублікі, якія былі па-зверску забітыя ў 1960 годзе падчас дыктатуры Рафаэля Трухільё.

Жанчыны часта становяцца ахвярамі розных відаў гвалту амаль ва ўсім свеце. Няма дзяржавы, рэгіёна або супольнасці, дзе б не было гвалту ў адносінах да жанчын. Выпадкі дыскрымінацыі і дамаганняў у дачыненні да жанчын назіраюцца паўсюль, дома або ў офісе.

гвалт

1714 год. Нарадзіўся Тамаш Жэброўскі

Архітэктар, матэматык, рымска-каталіцкі дзеяч. Магістр філасофіі і вольных навук. Прадстаўнік мастацтва ракако.

Быў прэфектам будаўніцтва ў рэзідэнцыі езуітаў у Бабруйску (1746), будаўніцтва ў віленскім навіцыяце, прафесарам у Крожскім, Полацкім езуіцкім калегіуме, Віленскай езуіцкай акадэміі.

Удзельнік будовы, перабудовы шэрагу касцёлаў у Бабруйску, Вільні, Смаргоні і іншых, астранамічнай абсерваторыі віленскай Акадэміі, кіраваў будаўніцтвам Полацкага езуіцкага калегіума, праектаваў палац Агінскага ў Ашмянскім павеце.

Памёр 18 сакавіка 1758 года.

Тамаш Жэброўскі

1795 год. Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае спынілі сваё існаванне. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адмовіўся ад стальца Рэчы Паспалітай на карысць расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. 

Пасля таго, як выракся стальца, жыў у Санкт-Пецярбургу.

Памёр у 1798 годзе ў Санкт-Пецярбургу, дзе і быў пахаваны. У 1938 годзе яго прах быў перанесены ў пахавальню воўчынскага касцёла Святога Станіслава, што ў цяперашнім Камянецкім раёне, у 1994 годзе ў варшаўскі кафедральны касцёл.

1908 год. нарадзіўся Анатоль Волкаў

Беларускі мастак-графік і жывапісец.

Сын Народнага мастака Валянціна Волкава, аўтара выяў герба БССР узораў 1927 і 1938 гадоў, мадыфікацыя якіх з’яўляецца цяперашнім афіцыйным гербам Беларусі.

Выкладаў выяўленчае мастацтва ў Магілёве, Мінску.

Працаваў у галіне выяўленчай сатыры, кніжнай і станковай графікі, жывапісу.

Аформіў і ілюстраваў кнігі «Дрыгва» і «Новая зямля» Я. Коласа, некаторыя з кніг А. Куляшова, М. Багдановіча, А. Пушкіна, М. Гогаля, М. Лынькова, Я. Купалы, Я. Маўра і іншых.

Сярод станковых твораў вядомы: серыі акварэлей «Мінск і яго жыхары», «Юныя мінчане».

Аўтар многіх жывапісных палоцен, сярод якіх «Янка Купала на адпачынку», «Першага верасня»,  серыі акварэляў, прысвечаных Мінску.

Памёр у 1985 годзе.

Анатоль Волкаў

1920 год. Падчас Слуцкага паўстання ў Семежаве (зараз Капыльскі раён) прайшоў парад беларускіх аддзелаў. 

Галоўным чынам былі прадстаўлены часці 2-га Грозаўскага палка 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войска Беларускай Народнай Рэспублікі. 

2-гі Грозаўскі полк фарміраваўся ў Слуцку, мястэчках Грозаве і Семежаве з беларускай міліцыі і сялян-добраахвотнікаў. Грозаўскі полк складаўся з двух батальёнаў. Камандзір палка – капітан Лукаш Сяменік, намеснік – капітан Гнароўскі, камандзіры батальёнаў – капітан Антон Самусевіч і штабс-капітан Мацэля. У палку было каля 2 тысяч чалавек.

Слуцкае паўстанне

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Казулін. Беларускі навуковец, палітык, грамадскі дзеяч. Палітзняволены, вязень сумлення.

Акадэмік Акадэміі адукацыі Беларусі, Міжнароднай акадэміі вышэйшай школы, ганаровы прафесар МДУ імя М. Ламаносава, віцэ-прэзідэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў. Кандыдат фізіка-матэматычных, доктар педагагічных навук, прафесар. Рэктар БДУ (1996-2003).

Падчас працы рэктарам БДУ выявіў сябе як рэфарматар. БДУ першым у краіне ажыццявіў пераход на шматузроўневую сістэму падрыхтоўкі адмыслоўцаў па ўзоры вядучых еўрапейскіх універсітэтаў. Па выніках прэзідэнтскіх выбараў 2001 года ў БДУ Лукашэнку падтрымала толькі пятая частка студэнтаў і супрацоўнікаў.

У 2005 годзе абраны старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, стаў заснавальнікам і каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы па стварэнні Агульнанацыянальнага руху «Воля народа», быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. На выбарах паводле афіцыйных дадзеных атрымаў 2,3 % галасоў.

25 сакавіка 2006 года быў арыштаваны падчас масавых выступаў грамадзян супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і асуджаны на 5,5 гадоў пазбаўлення свабоды. Прызнаны «Міжнароднай Амністыяй» Вязнем сумлення.

Аляксандр Казулін

1988 год. Загінула Яўгенія Янішчыц. Беларуская паэтэса, перакладчыца. “Самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтэс Беларусі” (Васіль Быкаў). 

Аўтар вершаў, зборнікаў лірыкі, выбраных твораў, паэм, літаратурна-крытычных артыкулаў, рэцэнзій.

Перакладала на беларускую мову з рускай і ўкраінскай.

Яе асобныя вершы пакладзены на музыку.

Паэтычная спадчына паэткі – адна з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя.

Цяжка і марудна папраўлялася пасля аварыі ў Магілёве ў 1976 годзе, калі атрымала мноства пераломаў і была надоўга прыкавана да бальнічнага ложка. Яна так і не здолела перамагчы фізічны боль і пакуты. Па афіцыйнай версіі, паэтка загінула трагічна: выпала з восьмага паверха аднаго з мінскіх дамоў.

Яе імя носіць школа ў в. Парэчча Пінскага раёна.

Яўгенія Янішчыц

2019 год. У афрыканскай краіне Малі загінуў Андрэй Жук. 

Беларус, французскі ваеннаслужачы, кавалер Ордэна Ганаровага легіёна пасмяротна. 

Удзельнік міжнародных антытэрарыстычных аперацый ў Аўганістане, Гвіяне, Малі.

Дзень у гісторыі. 24 лістапада. Прысуджаны да першага зняволення Алесь Бяляцкі

Хведар-студзянец (народны каляндар). 

«Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць». Звычайна ў гэты дзень – марозы і вятры.

1729 год. У Пінску ордэн езуітаў заснаваў друкарню. 

Працавала ў 1729-1746 гадах пры езуіцкім калегіуме. Друкаваліся ў асноўным рэлігійная літаратура і дапаможнікі для студэнтаў.

На тэрыторыі ВКЛ езуіты з’явіліся ў Вільні ў 1569 годзе. У 1570 годзе быў закладзены Віленскі езуіцкі калегіум, пераўтвораны ў 1579 годзе ва ўніверсітэт. У 1581 годзе адчыніўся Полацкі, 1584 – Нясвіжскі калегіумы. Да сярэдзіны ХVII стагоддзя ў ВКЛ працавала шырокая сетка навучальных устаноў ордэна. Езуіты амаль поўнасцю засяродзілі ў сваіх руках сярэднюю і вышэйшую адукацыю. 

З езуіцкіх школаў выйшаў шэраг знакамітых вучоных, грамадскіх дзеячаў і пісьменнікаў. Дзякуючы ім у Беларусі да 1820 года існавала развітая сістэма еўрапейскай адукацыі – каля 10 вышэйшых гуманітарных школаў, з іх дзве акадэміі і 7 гімназіяў. Гэтая сістэма была адхіленая пасля далучэння Беларусі да Расіі.

калегіум езуітаў Пінск

1826 год. Нарадзіўся Аляксандр Саветаў

Беларускі навуковец-аграном, глебазнавец, першы доктар сельскагаспадарчых навук (1866) Расійскай імперыі. Выхаванец і прафесар Горы-Горацкага земляробчага інстытута. 

Дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта.

Даследчык шырокага кола пытанняў земляробства, у тым ліку распрацоўкі рацыянальных спосабаў вядзення сельскай гаспадаркі, глебазнаўства, чарназёмных глеб, жывёлагадоўлі і перапрацоўцы прадуктаў сельскай гаспадаркі. 

Крытычна абагульніў рускі і еўрапейскі вопыт у галіне травасеяння і сістэм земляробства і ўпершыню ў сусветнай практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. 

Даў класіфікацыю сістэм земляробства і іх гісторыі.

Аляксандр Саветаў

1889 год. У беларускім мястэчку Мір нарадзіўся Залман Шазар (Рубашоў). 

Яўрэйскі грамадскі дзеяч, пісьменнік, паэт. Трэці прэзідэнт Ізраіля (1963-1973).

Дзверы яго прэзідэнцкай рэзідэнцыі заўсёды былі адчынены ізраільскім навукоўцам, пісьменнікам, дзеячам мастацтва і яўрэйскім інтэлектуалам з усяго свету.

Заснавальнік фонда «Амос» для садзейнічання ізраільскім навукоўцам і дзеячам мастацтва.

Пакінуў багатую літаратурную спадчыну, якая ўключае прозу, пераклады на англійскую, французскую, іспанскую і ідыш, мемуары пра лідараў сіянісцкага руху і дзеячаў яўрэйскай культуры, паэзію, публіцыстыку і навуковыя даследаванні.

Адзін з піянераў біблеістыкі на іўрыце. Зрабіў значны ўклад у вывучэнне гісторыі мовы ідыш.

Памёр 5 кастрычніка 1974 года.

Залман Шазар

1942 год. Напад партызанаў на гарнізон у Ліпені (Асіповіцкі раён)

24 лістапада 1942 года партызанскі атрад імя Сталіна разам з кавалерыйскай групай і атрадам Ліўенцава правёў буйную аперацыю супраць нямецка-паліцэйскага гарнізона ў мястэчку Ліпень Асіповіцкага раёна. У выніку бою было разбурана 5 дзотаў, забіта не менш за 27 немцаў і паліцаяў, спалены дзве аўтамашыны, а 4 немцы ўзяты ў палон, здабыты трафеі. Цалкам гарнізон не знішчылі, але гэта была адна з істотных атак партызанаў на акупацыйную інфраструктуру ў Магілёўскай вобласці.

1943 год. Загінуў у ГУЛАГу ураджэнец Бабруйска Мікалай Азбукін. 

Першы беларускі прафесійны географ, краязнавец, публіцыст, дзеяч беларускага нацыянальнага руху.

Паходзіў з сям’і патомных дваранаў.

Член камітэта Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску, дырэктар бабруйскай школы імя Янкі Купалы. Пасля вызвалення з-пад арышту савецкімі ўладамі (1921), працаваў у Навукова-тэрміналягічнай камісіі Наркамасветы БССР, у Інстытуце беларускай культуры, на кафедры геаграфіі Акадэміі навук.

Аўтар і суаўтар прац “Нашы мястэчкі”, “Географія па-заэўрапейскіх краёў”, “Населенные местности Западной Белоруссии”, “Школьная карта Беларусі”, “Паселішчы гарадскога тыпу ў БССР”.

У кнізе «Географія Эўропы» трактаваў Беларусь як самадастатковую краіну. Адзін з арганізатараў краязнаўчага руху, сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства, першы рэдактар часопіса «Наш край».

Імклівае пашырэньне краязнаўчага руху, глыбока патрыятычнага па сутнасці, выклікала занепакоенасьць камуністычных уладаў, і на краязнаўцаў абрынуліся рэпрэсіі.

Арыштаваны 21 ліпеня 1930 году, высланы у Сібір. Зноў асуджаны ў 1937 годзе. Загінуў у 1943 годзе ў лагеры (магчыма расстраляны).

Мікалай Азбукін

1965 год. Нарадзіўся Андрэй Мельнікаў

Беларускі бард і літаратар, журналіст, эсэіст, навеліст, заснавальнік фэстаў беларускай аўтарскай песні «Аршанская бітва», Талькаўскі фэст, «Гэта МЫ».

Асноўная тэма песень — Бог, Радзіма, каханне. Першым сярод музыкаў звярнуўся да постаці С.Булак-Балаховіча і падзей Слуцкага збройнага чына. У ягонай творчай скарбонцы – больш за два дзясяткі альбомаў на тэму нацыянальнага адраджэньня і жыцця ў постсавецкіх рэаліях.

У рэпэртуары барда песні на вершы шматлікіх беларускіх паэтаў – ад класікаў да сучасных. Асобнае месца ў творчай біяграфіі барда займаюць песні на вершы Анатоля Сыса і Зьніча (Алега Бембеля), да жыцця і творчасьці якіх Мельнікаў неаднойчы звяртаўся ў сваіх творах.

1970 год. Памёр Яўген Цікоцкі

Беларускі кампазітар. Народны артыст БССР і СССР. Адзін з заснавальнікаў беларускай оперы і сімфоніі ў БССР. Лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і БССР.

Падчас вайны з белапалякамі, паміж баямі пры вызваленні Рагачова, Магілёва, Пухавіч, Бабруйска, у вольныя хвіліны выступаў у перасоўных вайсковых клубах як піяніст і акампаніятар. У 1920-1934 гадах творчасць звязана з Бабруйскам: піша музыку для вайсковага тэатра, працуе піяністам у кінатэатрах, дае канцэрты, стварае музычную школу (1927).

У Бабруйску блізка пазнаёміўся з М. Лыньковым, мясцовымі літаратарамі, прадстаўнікамі інтэлігенцыі.

З 1934 года працаваў ў Мінску, пісаў музыку для Беларускага радыё, выкладаў у музычнай школе, кіраваў Беларускай філармоніяй, узначальваў Саюз кампазітараў БССР. Актыўны абаронца ад руйнавання архітэктурнай спадчыны сталіцы.

Аўтар шэрагу опер, гераічных паэм, 6 сімфоній, сімфанічных паэм, канцэртаў, песень, музыкі да драматычных спектакляў і фільмаў.

Памёр 24 лістапада 1970 году ў Мінску.

Імя дзеяча прысвоена бабруйскім дзіцячай музычнай школе №1, завулку.

Яўген Цікоцкі

1991 год. Памёр Фрэдзі Меркуры (Фарух Балсара).  

Спявак парсійскага паходжання, саліст гурта Queen. 

На сцэне вылучаўся сваім экстравагантным выглядам і вакалам у дыяпазоне чатырох актаў. 

Напісаў для «Queen» мноства песень, якія сталі хітамі, у тым ліку «Bohemian Rhapsody», «Killer Queen», «Somebody to Love», «Don’t Stop Me Now», «Crazy Little Thing Called Love» і «We Are the Champions». 

Акрамя ўдзелу ў «Queen» таксама спяваў сола, стварыўшы такія хіты, як «Barcelona», «I Was Born to Love You» і «Living on My Own».

Фрэдзі Мерк'юры

1996 год. У Беларусі праведзены рэферэндум, паводле вынікаў якога зменена Канстытуцыя 15 сакавіка 1994 года. 

Праведзены па ініцыятыве А. Лукашэнкі, у выніку якога атрымаў магчымасць абнуліць тэрмін перабывання ва ўладзе. 3 ліпеня стала афіцыйным Днём незалежнасці.

канстытуцыя РБ

2011 год. Прысуджаны да турэмнага зняволення старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі

У рамках пагрому грамадскіх арганізацый у ліпені 2021 года былі абшуканы Цэнтр і памяшканні праваабаронцаў, затрыманыя амаль усе прадстаўнікі «Вясны», якія на той момант былі ў Беларусі, у тым ліку А. Бяляцкі. Арыштаваныя па справах, заведзеных па артыкулах 342 («арганізацыя і падрыхтоўка да масавых беспарадкаў») і 243 («ухіленне ад сплаты падаткаў») Крымінальнага кодэкса, актывісты, былі прызнаны палітычнымі зняволенымі. Зараз Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў турме ў Горках.

У ліпені 2021 года цэнтр быў узнагароджаны прэміяй імя Марыён Дэнхоф, а ўвосень 2022 года  лідар праваабарончага цэнтра Алесь Бяляцкі стаў Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» — няўрадавая праваабарончая арганізацыя.  Створана ў красавіку 1996 года.

Алесь Бяляцкі лаўрэат