На Магілёўшчыне падлеткі зрывалі ЧЗ-сцяг

Пасярод ночы маладыя жыхары магілёўскай глыбінкі сарвалі чырвона-зялёны сцяг з будынка мясцовага аддзялення банка, а потым зафарбоўвалі нешта на пешаходных пераходах. 

Здарэнне, яўна падобнае на супраціўленне афіцыёзу, у афіцыйных крыніцах апісваецца досыць мудрагеліста. На сайце Вярхоўнага суда гаворыцца пра дзяўчыну, якая на кастрычнік 2025 года, ужо дасягнула паўналецця, і якая, быццам бы, вырашыла выпрабаваць пачуцці 17-гадовага хлопца. Як піша суд, яна мела ў яго аўтарытэт і карысталася даверам. Дзяўчыне раптам захацелася мець чырвона-зялёны сцяг РБ і яна папрасіла хлопца сарваць яго ўначы з будынка банка. Што той і зрабіў, заадно зламаўшы дрэўка. 

Таксама яна прапанавала зафарбаваць дарожныя знакі фарбай, якая не была хлопцу патрэбная. Той паслухмяна зафарбаваў два знакі “Пешаходны пераход”, прычыніўшы шкоду камунальнай гаспадарцы на амаль 140 рублёў.

На судзе абодва прызналі сваю віну. Хлопец па абвінавачванні ў хуліганстве і “здзеку з дзяржсцягу” атрымаў год калоніі з адтэрміноўкай на год. А дзяўчына – тры гады і шэсць месяцаў “хатняй хіміі” за падбухторванне заведама непаўналетняга.

Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Фотаздымак ілюстрацыйны

Дрыбін: у бой ідуць штрафнікі

Дрыбінскі РАУС недальнабачна прыцягнуў да працы асоб, не занятых у эканоміцы. Ім даверылі ўборку снегу на Алеі Славы.

У разгар цыклона «Улі» праваахоўнікі з Дрыбіна заявілі, што прыцягнулі да грамадска-карыснай працы несвядомых грамадзян, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі мясцовага АУС. Не надта законапаслухмяным дрыбінцам даверылі ўборку снегу на Алеі Славы і на вуліцы Савецкай.

Тут мясцовым уладам давялося адступіць ад агульных прынцыпаў, бо на Магілёўшчыне, мяркуючы па паведамленнях дзяржаўных СМІ, да ліквідацыі наступстваў цыклона дапускаюць толькі лепшых з лепшых.

Фота раённай газеты «Савецкая вёска».

«Рэха Дрыбіна» даўно сціхла

Дрыбінская «раёнка» панастальгіравала па мясцовым радыё, закрытым у 2016 годзе з-за «адсутнасці якаснага прыёму радыёпраграм у дыяпазоне УКХ».

Да 100-годдзя беларускага радыё дрыбінская раёнка ўспомніла пра тое, як цудоўна было па паўгадзіны слухаць перадачы «Сельская гаспадарка», «Мясцовая ўлада ў дзеянні», «Жыццё Саветаў», «Сустрэча з насельніцтвам», «Наш край», «Нашы землякі» і «Віншуем».

Нягледзячы на тое, што раённае радыё было «надзейнай, даверлівай, кампетэнтнай і ўдумлівай крыніцай інфармацыі», яго закрылі не толькі ў Дрыбіне, а паўсюдна.

Прычым не з-за тэхнічных праблем з вяшчаннем, а таму што:

  • правадное радыё аджыло свой век яшчэ на дзесяць гадоў раней;
  • утрымліваць бескарысную структуру ўладам стала не па кішэні.

І нават тое, што цяпер у Беларусі зарэгістравана больш за 90 радыёстанцый, кажа не пра рост папулярнасці радыё, а хутчэй пра інертнасць уладаў.

Ды што там раённае радыё, калі цяпер адзін толковы блогер можа з поспехам замяніць увесь працоўны калектыў любой раённай газеты разам з бухгалтарам і прыбіральшчыцай.

Падаецца, што справа тут не ў настальгіі па радыё, а ў шкадаванні пра беззваротна страчаныя часы, калі інфармацыя знаходзілася пад татальным кантролем уладаў.

Фота раённай газеты.

Пераломны момант для Дрыбіна

Дрыбінская “раёнка” апублікавала спіс вясковых клубаў, дзе пройдуць паказы спартыўнай драмы “Пераломны момант”.

Амаль месяц, згодна з планам, гледачы Дрыбінскага раёна будуць атрымліваць асалоду ад твору айчынных кінематаграфістаў – гісторыі спартоўца, які атрымаў траўму, але прадэманстраваў трываласць духу.

На жаль, але ўжо з самага пачатку паказ спартыўнай драмы выкліча ў гледача хутчэй устойлівае непрыняцце, чым цікавасць.

І справа нават не ў тым, што яе сюжэт нагадвае найгоршыя савецкія фільмы, у якіх палітычна безграматны гультай ператвараецца ў перадавіка сацыялістычнай вытворчасці праз пераломны момант у жыцці.

Такое масіраванае рэкламаванне, падаецца, скончыцца тым, што на фільм беларускіх кінематаграфістаў гледачоў будуць заганяць сілай, і гісторыя з фільмам “Класная” паўторыцца: карцінай будуць захапляцца толькі ідэолагі, для якіх захапленне, як у булгакаўскага папугая на бале ў Сатаны – звыклы стан.

Ну, а глядач, у тым ліку і дрыбінскі, проста ўздыхне і пацісне плячыма.

Фота з адкрытых крыніц.

Электрацяпло ў Дрыбіне: выгадна, але не ўсім і не ўсюды

Жыхары Дрыбінскага раёна актыўна пераходзяць на электраацяпленне — зручна, экалагічна, эканамічна. Але ёсць істотныя нюансы і іх мноства.

Пераход на электраацяпленне — дзяржаўны прыярытэт. У апошнія гады Беларусь актыўна развівае сваю энергетычную інфраструктуру, асабліва пасля запуску БелАЭС. Сёння дастаткова падключанай сістэмы і стабільнага электразабеспячэння — і сучасныя канвектары ці «цёплыя падлогі» можна кантраляваць нават праз смартфон, сцвярджае дрыбінская раённая газета “Савецкая вёска” і рэкламуе электраацяпленне, акцэнтуючы ўвагу на яго перавагах:

  • не трэба купляць дровы ці вугаль;
  • не трэба сачыць за катлом;
  • няма неабходнасці падводзіць газ.

Да гэтага дадаюцца і іншыя плюсы: бяспека, экалагічнасць, таннасць. Але не ўсё так проста: на прыкладзе Дрыбінскага раёна відавочна, што не кожны ахвотны зможа перайсці на электраацяпленне. Прычына — недахоп магутнасці на лініях і… наяўнасць магчымасці газіфікацыі.

Тым, чые дамы стаяць у зонах, дзе праходзіць, альбо можна пракласці газаправод, пераход на электраацяпленне можа абысціся значна даражэй. Такія спажыўцы не маюць права карыстацца льготнымі тарыфамі на электраэнергію і мусяць аплачваць яе па агульных, завоблачных тарыфах.

Да таго ж, не ўсюды хапае магутнасцей ліній электраперадачы для такога пераходу.

Вось як гэта выглядае ў Дрыбінскім раёне:

  • 127 абанентаў атрымалі тэхнічныя ўмовы для падключэння электраацяплення;
  • 121 дом ужо падключаны;
  • 5 жыхарам адмоўлена — з-за недастатковай магутнасці электрасеткі.

Яшчэ адна лыжка дзёгцю ў бочцы мёду электраацяплення: спецыялісты РЭС не займаюцца ўнутраным мантажом — толькі праектаванне і падключэнне да знешніх сетак. Усё астатняе — праблема самога гаспадара.

Фота: “Савецкая вёска”.

Уздыманне сцягу, на ўрокі без тэлефона, замест школьнай формы пакуль – шаўрон. Што чакае школьнікаў і іх бацькоў у новым навучальным годзе

Магілёў.media знаёміць з асноўнымі новаўвядзеннямі.

Канец прамінулага ўжо навучальнага году адзначыўся шэрагам заяваў дзяржаўных службоўцаў пра новаўвядзенні ў наступным. Чыноўнікі казалі пра неабходнасць увядзення адзінай школьнай формы, паглыбленага засяроджвання ўвагі на патрыятычным выхаванні вучняў.

Што засталося ў сухой рэшце? Намесніца начальніка аддзелу па адукацыі, спорце і турызме Дрыбінскага райвыканкаму Марына Панчанка апавядае пра тое, да чаго варта рыхтавацца вучням і іх бацькам. Яна адказвае на важныя для іх пытанні мясцовай раёнцы «Савецкая вёска».

Дашкольная адукацыя

Будзе пашыраны пералік платных адукацыйных паслуг ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Для дзяцей, якія не змогуць наведваць дзіцячыя садкі па медычных паказаннях, можа быць арганізавана дашкольная адукацыя на даму.

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне з уздыманнем сцягу

Падрыхтаваны загад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае правядзенне на пастаяннай аснове ўрачыстых лінеек з абавязковым выкананнем дзяржаўнага гімна, узняццем (вынасам) дзяржаўнага сцяга ў дні дзяржаўных свят і святочныя дні Беларусі.

Такія імпрэзы будуць ладзіцца на Дзень народнага адзінства, Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл, Дзень Канстытуцыі, Дзень Перамогі, Дзень працы, Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга, Дзень Незалежнасці.

Дзеянне загадам Мінадукацыі распаўсюджваецца на ўстановы дашкольнай, агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай адукацыі, па такім прынцыпе арганізуюць работу ў летніх аздараўленчых лагерах і студэнцкіх атрадах.

У школах і гімназіях будуць выконваць гімн і падымаць сцяг перад пачаткам і напрыканцы кожнай чвэрці, падчас правядзення цырымоніі ўручэння дакументаў аб адукацыі. А ў летніх аздараўленчых лагерах і студэнцкіх атрадах – перад пачаткам і ў канцы змены.

Правілы паводзін і адзіная форма

Міністэрствам адукацыі адобраны дакумент «Школьны стандарт», у якім закладзены правілы знаходжання ва ўстановах адукацыі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Асобныя раздзелы прысвечаныя правілам і абавязкам навучэнцаў і педагогаў, а таксама правілам захоўвання мабільных тэлефонаў. Іх дзеці будуць пакідаць у спецыяльна абсталяваных месцах, а карыстацца дазволяць імі толькі ў навучальных мэтах.

Разглядаецца пытанне аб увядзенні адзінай школьнай формы з 2023 года. А ўжо з першага верасня 2022 года плануецца ўвесці адзіны элемент у адзенні для кожнага школьніка.

У Дрыбіне, да прыкладу, гэта будзе шаўрон з эмблемай школьніка Дрыбінскага раёна – адзіны для ўсіх устаноў адукацыі. Шаўрон маюць купіць бацькі. Яго кошт – 3,5 рублі.

Вучэбны план

Уводзіцца дапрофільная падрыхтоўка ў 8-9 класах, каб у вучняў было больш часу на вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, веды па якіх спатрэбяцца ім для паступлення ў навучальныя ўстановы.

Распрацаваны новы тыпавы навучальны план на 2022/2023 год, якім прадугледжана павелічэнне колькасці гадзін на вывучэнне беларускай і рускай моў.

Цэнтралізаваны эказамен

У 2023 годзе выпускнікі 11 класаў будуць здаваць цэнтралізаваны іспыт па матэматыцы і рускай ці беларускай мове на выбар. Яго вынікі пойдуць у залік як у атэстат, гэтак і ў сертыфікат для паступлення.