У магілёўскім конкурсе сыроў перамаглі гатункі, якіх не купіць

У Магілёве прайшоў конкурс прафмайстэрства “Сырная карона”. 

Конкурс праводзіўся сярод філіялаў ААТ “Бабушкіна крынка”, якія вырабляюць сыры. 

У спаборніцтве прынялі ўдзел калектывы філіялаў “Асіповіцкі”, “Мсціслаўскі”, “Слаўгарадскі” і бялыніцкі цэх – паведамляе mogilevnews.

На дэгустацыю ў трох намінацыях і ў галасаванні на прыз сімпатый гледачоў было прадстаўлена 12 найменняў сыроў.

У намінацыі “Сыры расійскай групы”

1 месца заняў сыр “Рускі экстра” 42% (Асіповічы). 2 месца – сыр “Дон Леон” з водарам топленага сыру 50% (Мсціслаў),

3 месца падзялілі сыры “Tilsiter” (Слаўгарад) і “Князь Уладзімір” (Бялынічы).

У намінацыі “Сыры з тэрмінам паспявання 60-90 сутак”: 1 месца – сыр “Магутны леў” (Асіповічы); 2 месца – сыр “Гройцэр” экстра (Слаўгарад); 3 месца – сыр “Грувер” (Слаўгарад).

У намінацыі “Сыры з тэрмінам паспявання больш за 90 сутак” 1 месца ўзяў сыр “Мсціслаў Вялікі” (Мсціслаў).

Гран-Пры заваяваў сыр «Пармізана дэ Люкс» (Асіповічы).

Прыз сімпатый гледачоў заваявала “Снежная каралева” з густам пламбір 45%, які вырабляе цэх па вытворчасці сыроў г. Бялынічы.

Цікава, што абсалютную большасць з гэтай прадукцыі жыхары рэгіёна не могуць набыць, бо яна абмінае гандлёвыя кропкі Магілёва і вобласці і ідзе на экспарт.

Тры крымінальныя справы за захоўванне боепрыпасаў пачалі ў Краснапольскім раёне

У 2023 годзе ў дачыненні да трох жыхароў Краснапольскага раёна распачаты крымінальныя справы. Яны па месцы жыхарства захоўвалі наразныя боепрыпасы і выбуховыя рэчывы – паведамляе “Чырвоны сцяг”. 

У іх знойдзеная агнястрэльная зброя, выбуховыя рэчывы і боепрыпасы і цяпер пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да 12 гадоў.

Фота мае ілюстрацыйны характар.

У Крычаве абвешчаны рэжым надзвычайнай сітуацыі

У сувязі з падняццем грунтавых вод і масавым затапленнем вуліц і жылых дамоў у Крычаве аб’яўлены рэжым надзвычайнага становішча. 

На дадзены момант затапіла нямала дамоў у розных раёнах горада. Аднак найбольш пацярпелі вуліцы, у тым ліку з шматпавярховай забудовай, у раёне так званага “Цэмзавода”. У сувязі са стыхіяй у горадзе ў кругласутачным рэжыме арганізавана работа гарачай лініі, куды могуць звярнуцца крычаўляне.

Як паведамляе “Крычаўскае жыццё” сітуацыя настолькі крытычная, што камунальным і ратавальным службам прыйдзецца працаваць кругласутачна, каб аказаць дапамогу ўсім пацярпелым. Для таго каб справіцца са стыхіяй, быў выдзелены дадатковы транспарт з мясцовага цэментнага завода, а таксама з Магілёва. 

Мясцовай уладай прынята рашэнне, што рэжым надзвычайнай сітуацыі будзе зняты толькі пры спрыяльных прыродных умовах. 

Прадстаўнікі водаканала, камунальных і ратавальных службаў будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме да таго моманту, пакуль не знімуць вастрыню сітуацыі ў горадзе. 

Фота ілюстрацыйнае

Вада ідзе – Друць затапіла дарогу ў Магілёўскім раёне, яна зачынена

29 сакавіка апасля абеду выявілася, што пры пад’ёме вады на рацэ Друць адбылося падтапленне ўчастка ў 10 метраў дарогі каля аўтамабільнага моста каля в. Гарадзішча Магілёўскага раёна – паведамляе абласное упраўленне надзвычайных сітуацый.

Мост размешчаны на аўтамабільнай дарозе Семукачы–Гарадзішча.

Праезд па дарозе перакрыты. Пад’езд да в. Гарадзішча ажыццяўляецца па аб’язной дарозе праз Бялыніцкі раён па трасе М-4.

Смяротная пастка ў ваннай забрала жыццё двух бабруйчанак

Два чалавекі патанулі ў Бабруйску з пачатку года ў сваіх ваннах. Гэта надзвычай многа, бо па ўсёй краіне летась такіх выпадкаў было ўсяго 10.

Старшыня бабруйскай гарадской арганізацыі Асвод Вячаслаў Краўчанка распавёў Вячэрняму Бабруйску пра трагедыі ва ўласных ванных і пра меры перасцярогі.

У Бабруйску ў студзені жанчына 1941 года нараджэння патанула ў ванным пакоі сваёй кватэры, а 27 лютага трагічны выпадак адбыўся з жанчынай 1980 года нараджэння. Абодва выпадкі не з’яўляюцца крымінальнымі. Магчыма, жанчыны заснулі, магчыма, яны захварэлі.

Вячаслаў Уладзіміравіч кажа, што тонуць у сваіх кватэрах не толькі пажылыя ці хворыя людзі. Зусім нядаўна ў ваннай 14-гадовы падлетак патануў каля Мінска. А ў сакавіку 22-гадовы хлопец быў знойдзены ў ваннай пакоі ў сталіцы. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, ён памёр ад электрычнага току, падключыўшы мабільны тэлефон да зарадкі. Раз пораз падобныя трагедыі адбываюцца і ў Магілёве.

Нагадваем, каб пазбегнуць трагедыі:

Прымаючы ванну, не варта доўга ляжаць у гарачай вадзе. Гэта можа так пашырыць сасуды, што чалавеку стане дрэнна. Асабліва гэта тычыцца людзей з хворым сэрцам і сасудамі. Калі пасля халоднай вуліцы прыняць гарачую ванну, то гэта можа выклікаць сардэчны прыступ!
Ні ў якім разе нельга прымаць ванну пасля ўжывання алкагольных напояў. Гарачая вада ў сумесі з алкаголем можа прывесці да ўзмацнення ціску, сардэчнага прыступу, страты свядомасці ці проста чалавек можа дрэнна кантраляваць сябе.
Лепш не прымаць ванну, калі вы вельмі стаміліся ці хочаце спаць, бо цёплая і гарачая вада расслабляе яшчэ больш, і ёсць магчымасць заснуць і захлынуцца.
Знаходзячыся ў вадзе, нельга выкарыстоўваць электрычныя прылады і ўключаць іх у разетку, нельга дакранацца да працуючай электрычнай тэхнікі мокрымі рукамі.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

У цэнтры Мсціслава з помніка архітэктуры абсыпаецца тынкоўка

Са сцен будынка былога казначэйства ў Мсціславе адвалілася частка абліцовачнай пліткі і тынкоўкі, яшчэ частку абабілі камунальнікі. 

Разбуральныя працэсы сцяны для старога будынку пакуль што некрытычныя, аднак яны ўяўлялі пэўную небяспеку для пешаходаў. Як паведамляе “Святло Кастрычніка”, мясцовыя службы правялі неабходныя работы для бяспекі гараджанаў. Плітка, якая патэнцыйна магла абсыпацца, была знята, прыбрана з пешаходнай зоны, а тэрыторыя абнесена сігнальнай стужкай.

Нагадаем, што будынак былога казначэйства канца ХІХ стагоддзя знаходзіцца на Савецкай вуліцы ў самым цэнтры горада і ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.  

Фота mstlife.by

У Быхаве легкавушку выкінула на слуп з-за непагадзі

Машыну занесла на дарозе ў Быхаве так, што яна ледзь не склалася ад удару. 28-гадовая вадзіцельніца атрымала траўмы і была шпіталізаваная. Адзначаецца, што заднія калёсы на аўтамашыне Nissan не былі прыдатнымі для язды – піша БелТА са спасылкай на ДАІ аблвыканкама.

Фота: ДАІ

Насельніцтва Магілёўшчыны стала меншым за мільён – статыстыка

На 1 студзеня 2023 года насельніцтва Магілёўскага рэгіёна склала 989 703 чалавекі – паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. У параўнанні з сітуацыяй на 1 студзеня 2022 года колькасць жыхароў вобласці скарацілася на 11 142 чалавекі. Гэта больш чым цэлы Дрыбінскі, Хоцімскі альбо Краснапольскі раён – у гэтых раёнах колькасць жыхароў не сягае і 10 000 у кожным.

У параўнанні з колькасцю жыхароў рэгіёна ў 2021 годзе, насельніцтва Магілёўшчыны скарацілася на 25 140 чалавек за два гады. Гэта можна параўнаць з тым, калі б за два гады ў рэгіёне цалкам “вымер” такі горад як Крычаў і яшчэ паўтары тысячы чалавек.

Насельніцтва горада Магілёва склала, паводле стытыстыкі, крыху больш за 354 тысячы чалавек. Бабруйска – крыху больш за 209 тысяч.

Фота з адкрытых крынц.

У Магілёве прадавалі джынсы, якія “не дыхаюць”

Партыю кітайскіх жаночых джынсаў пяці розных марак забралі з продажу ў індывідуальнага прадпрымальніка ў Магілёве спецыялісты Дзяржстандарта. Выявілася, што па такім стандарце як “паветрапранікальнасць” гэтая прадукцыя мае паказнікі ў два разы ніжэйшыя за норму. Уся партыя забраная ў прадпрымальніка, а пяці маркам жаночых джынсаў забаронены ўвоз на тэрыторыю рэгіёна і рэалізацыя – паведамляе БелТА. 

Фота ілюстрацыйнае

Чэрыкаў адрэзала стыхіяй – відэа

У сацыяльных сетках паявілася відэа з фіксацыяй таго, у што зараз ператварылася дарога і пантонная пераправа праз Сож у Чэрыкаве. Рака выйшла з берагоў, хвалі перакотваюцца праз грунтоўку, а пераправа не можа функцыянаваць у такіх умовах. Левабярэжная частка Чэрыкаўскага раёна, такім чынам, цалкам адрэзаная ад раённага цэнтра.

Відэа з сацыяльных сетак.